Перац Смаленскі
Перац Смаленскі | |
---|---|
![]() | |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 25 лютага 1842 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1 лютага 1885[1] (42 гады) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | журналіст, пісьменнік |
![]() |
Перац Майсеевіч Смаленскі, Перац бэн-Машэ Смаленскін (8 сакавіка 1840 ці 1842, Манастыршчына Мсціслаўскага павета — 20 студзеня 1885, Меран) — яўрэйскі пісьменнік, мысліцель, публіцыст, выдавец. Пісаў на іўрыце. Родам з Беларусі.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Бацька меў уяўленне пра свецкія навукі, ведаў творы яўрэйскіх сярэднявечных філосафаў, клапаціўся, каб сын у дадатак да Талмуда вывучаў таксама Танах і старажытнаяўрэйскую граматыку. Рана застаўшыся без бацькі, Перац гараваў і ў 10 год пайшоў пехатой у Шклоў, паступіў у ешыбот, дзе тады вучыўся яго брат Лявон. Дзякуючы сваім здольнасцям, Перац трапіў у старэйшае аддзяленне, нягледзячы на малы ўзрост. Як большасць бедных ешыботнікаў, ён атрымліваў дармовыя абеды ў жыхароў горада, у кожнага па 1 дні і ў тыдзень, звычай называўся «есці дні». У гэты час па загадзе ўрада ў ешыбоце пачаліся ўрокі рускай мовы. На іх збіралася зусім мала вучняў, у тым ліку і Смаленскі. Пад уплывам мясцовага вальнадумца Ідаля, якога празвалі апікойрэс (ерэтык), Смаленскі знаёміцца з сучаснай яўрэйскай літаратурай. Уночы, засвяціўшы агарак свечкі, ён чытаў пазнавальныя кнігі. Знаёмства з «ерэтыком» і чытанне свецкай літаратуры настроілі супраць яго ешыбот. Пачаліся ганенні, у яго адабралі грошы. Ён мусіў пакінуць Шклоў і пайшоў у Любавічы з рэкамендацыйным лістом да цадзіка рэб Мэндэле, жыў у Віцебску, служыў тры гады ў сваякоў цадзіка. Хасідскі асяродак выклікаў вялікую агіду ў Смаленскага, ён выехаў у Магілёў, дзе быў памочнікам кантара, гаварыў казанні ў бэйс-мідрашы сінагогі.
Ён перасяліўся ў Адэсу — галоўны культурны цэнтр яўрэяў, — па дарозе спыняўся ў мястэчках, дзе гаварыў казанні, каб зарабіць грошы. Працаваў настаўнікам іўрыта. Вучыў розныя мовы. Ужо тады пачаў адмоўна ставіцца да асіміляцыйных ідэй. Тут ён упершыню выступіў у друку, у дадатку да газеты «Га-меліц» Аляксандра Цэдэрбаума, які Цэдэрбаум выдаваў па яго прапанове (1867). Смаленскі адразу звярнуў на сябе ўвагу стылем, баявым пачуццём, незалежнай думкай. Ён рашыў заснаваць уласны часопіс, але на магчымасць выдання ў Расійскай імперыі не спадзяваўся.
У 1868 пасяліўся ў Вене і стаў выдаваць штомесячны часопіс «Га-шахар». Змяшчаў у ім свае артыкулы і мастацкія раманы. Асуджаў цёмныя бакі яўрэйскага жыцця, не прымаў хасідызму і кабалы, горача змагаўся супраць асіміляцыі. Крытыкаваў германскіх рэфарматараў. Выказаў ідэю нацыянальнай самабытнасці. У спрэчку са Смаленскім уступілі старыя асветнікі-маскілы, якія раслі на ідэях «берлінскай асветы». Моладзь, наадварот, ён захапіў. Але часопіс пры ўсёй папулярнасці не даваў прыбытку. У 1869 наведаў Германію, Францыю, Англію, Швецыю і Нарвегію, дзе шукаў грошы на выданне. Сустрэўся з выдатнымі грамадскімі дзеячамі і вучонымі. Супрацоўнік «Alliance Israelite», па заданні якога наведаў у 1874 г. Румынію, апісаў становішча там яўрэяў. У 1878 пачаў выдаваць штотыднёвую газету «Га-мабіт». У параўнанні з часопісам, больш памяркоўную. У 1880 адчувае брак грошай, бо расійская цэнзура забараніла ўвозіць у імперыю новае выданне яго рамана. Смаленскі тады імкне ў Пецярбург і дабіваецца скасавання гэтай забароны. Вандроўка задаволіла яго. Прыехаўшы ў Расійскую імперыю на пачатку 1881 года, ён убачыў пашырэнне сваіх ідэй. Студэнты ўрачыста сустрэлі яго і падарылі залатое пяро з іўрыцкім надпісам. У тым жа годзе пачаліся пагромы, арганізаваныя расійскім царызмам. Пачынаецца эміграцыя. Смаленскі горача падтрымлівае ідэю яўрэйскай каланізацыі Палесціны, вядзе перапіску і перамовы для гэтай мэты. Дазнаўшыся, што «Alliance Israelite» накіроўвае эмігрантаў у Амерыку, а не Палесціну, ён абвінаваціў арганізацыю ў здрадзе.
У 1883 у яго з’явіліся першыя сімптомы туберкулёзу гартані. У 1884 ён паехаў лячыцца ў Меран (на поўначы Італіі). У апошнія дні жыцця ён паспеў завяршыць новы раман.
Лічыцца творцам яўрэйскай (іўрыцкай) публіцыстыкі і крытыкі. Класік іўрыцкай літаратуры. Яго творы мелі вялікі ўплыў на моладзь, і пры яго жыцці, і ў пачатку XX стагоддзя.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Perez Smolenskin // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Record #124433758 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 1 студзеня 2015.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Перац Смаленскі на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»