Пердыта (спадарожнік Урана)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Пердыта (англ.: Perdita) — спадарожнік планеты Уран.

Першыя фатаграфіі Пердыты былі зробленыя апаратам «Вояджэр-2» у 1986 годзе, але яна не была выяўлена на гэтых здымках адразу. Толькі праз трынаццаць гадоў, у 1999 годзе, яе выявіў Эрых Каркошка падчас працы з архівам здымкаў «Вояджэра-2». Новы спадарожнік атрымаў часовае абазначэнне S/1986 U 10.

Аднак пацвярджальных назіранняў доўгі час выканаць не ўдавалася. Па гэтай прычыне ў 2001 годзе Міжнародны астранамічны саюз афіцыйна выключыў аб'ект S/1986 U 10 са спісу спадарожнікаў Урана.

Нарэшце, у 2003 годзе здымкі, зробленыя касмічным тэлескопам «Хабл», дазволілі распазнаць касмічнае цела ў тым месцы, дзе павінна была быць Пердыта, пацвердзіўшы такім чынам яе існаванне.

Уласную назву Пердыта атрымала ад імя персанажа п'есы Шэкспіра «Зімовая казка». Таксама пазначаецца як Уран XXV.

Арбіта Пердыты пралягае паміж арбітамі Белінды і Пака. Назіранні "Хабла" паказваюць, што Пердыта рухаецца вакол Урана не строга па законах Кеплера, а відавочна знаходзіцца ў арбітальным рэзанансе 43:44 з Беліндай. Таксама рух Пердыты блізкі да арбітальнага рэзанансу 8:7 з Разаліндай.

Пердыта належыць да групы Порцыі, якая таксама ўключае ў сябе Б'янку, Крэсіду, Дэздэмону, Джульету, Порцыю, Разалінду, Купідона і Белінду. У гэтых спадарожнікаў падобныя арбіты і фотаметрычныя ўласцівасці. За выключэннем арбіты, радыуса ў 15 км і геаметрычнага альбеда 0,08, пра Пердыту практычна нічога не вядома.