Першае Балгарскае царства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычная дзяржава
Першае Балгарскае царства
балг.: Първo българско царство
Балгарыя падчас кіравання Сімяона Вялікага
Балгарыя падчас кіравання Сімяона Вялікага
< 
< 
< 
 >
 >
681 — 1018

Сталіца Пліска
(681—893)
Праслаў
(893—968/972)
Скоп’е
(972—992)
Охрыд
(992—1018)
Мова(ы) Булгарская мова і паўднёваславянскія мовы нароўні з візантыйскай [1][2][3][4][5]
(680—893)
Стараславянская мова
(893—1018)
Афіцыйная мова булгарская мова[d], стараславянская мова і візантыйская мова[d]
Рэлігія Тэнгрыянства і славянская міфалогія
(680—864)
Праваслаўе
(864—1018)
Форма кіравання Манархія
Хан, Цар
 • 680—700 Аспарух (першы)
 • 1018 Прэсіян II (апошні)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Сцяг Балгарыі Гісторыя Балгарыі

Даславянская Балгарыя
Адрыскае царства
Рымская Фракія
Балгарскае ханства
Першае Балгарскае царства
Заходне-Балгарскае царства
Візантыйская Балгарыя
Другое Балгарскае царства
Дабруджанскае княства
Відзінскае царства
Асманская Балгарыя
Княства Балгарыя
Іліндэнскае паўстанне
Трэцяе Балгарскае царства
Балканскія войны
Першая сусветная вайна
Другая сусветная вайна
Народная Рэспубліка Балгарыя
Рэспубліка Балгарыя

Партал «Балгарыя»

Першае Балгарскае царства (6811018) — сярэдневяковая дзяржава.

У 679 годзе булгарскія плямёны ўцігураў перайшлі Дунай і на адваяваных у Візантыі землях заснавалі сваю дзяржаву. У 7—8 ст. булгары вялі бесперапынныя войны супраць суседніх славянскіх плямёнаў і Візантыі. Некаторыя славянскія плямёны былі змушаны міграваць у Малую Азію. Спрабуючы ўмацаваць свае межы, імператары Візантыі пасялілі на Балканах значныя групы армян і сірыйцаў.

У 681 г. візантыйскі імператар Канстанцін IV Паганат, пераможаны войскамі хана Аспаруха (680700) недалёка ад вусця Дуная, падпісаў дагавор, паводле якога быў вымушаны плаціць штогадовую даніну булгарскаму хану. Гэты факт з'яўляецца афіцыйным прызнаннем існавання новай булгарскай дзяржавы — Першага Балгарскага царства. Пераемнік Канстанціна IV, Юстыніян II (685695, 705711) спрабаваў навязаць булгарам візантыйскае панаванне, але гэтыя спробы не мелі поспеху.

Першай сталіцай гэтай дзяржавы стала Пліска. Тэрыторыя царства ахоплівала сённяшнюю паўноча-ўсходнюю частку Балгарыі. На ўсходзе яна выходзіла да Чорнага мора, на поўдні — да горнага ланцуга Старая Планіна, на захадзе — да ракі Іскыр, а пазней да ракі Цімак, на поўначы яе мяжой быў Дунай.

Балгарская дзяржава пры хане Аспаруху і хане Тэрвеле

Ваенная няўдача Юстыніяна II выклікала незадаволенасць у Канстанцінопалі, яго кінулі ў турму, але неўзабаве ён уцёк. Пры дапамозе «булгарскіх і славянскіх» сіл у асобе пераемніка Аспаруха, Тэрвеля (700721), Юстыніян нанёс паражэнне сваім ворагам і вярнуў імператарскі сталец. У знак падзякі ён падараваў Тэрвелю шэраг тэрыторый і стаў звяртацца да яго як «да цэзара», прызнаўшы тым самым незалежны статус булгарскай дзяржавы. Пасля Візантыя аднавіла спробы заваяваць булгар, але Тэрвель выйшаў з гэтай барацьбы пераможцам і ў 716 годзе быў заключаны мірны дагавор, які пацвердзіў незалежнасць булгарскага царства.

Да 9 ст. булгары падпарадкавалі колькасна большае за іх мясцовае славянскае насельніцтва і паступова ўспрынялі славянскую мову і культуру. У выніку змешвання абодвух элементаў сфарміравалася новая этнічная супольнасць, за якой замацавалася назва балгары. Працэс этнагенезу канчаткова завяршыўся толькі ў 10 ст. Стаўшы славянскай этнічнай групай, балгары перанялі ад славян сельскую грамаду, а ад цюркаў — ваенную арганізацыю. У балгарскім грамадстве панавала ваенная арыстакратыя, якая падзялялася на вышэйшую (байлы, баляры) і ніжэйшую (багаіны).

Падчас валадарства хана Крума (803814), пасля таго як ён разграміў авараў на захадзе і візантыйцаў на поўдні, межы дзяржавы пашырыліся. У 809 ён захапіў Сердыку (сучас. Сафія). Асабліва знамянальная яго перамога над імператарам Візантыі Нікіфарам I (802811), які спачатку меў перавагу і абрабаваў і падпаліў балгарскую сталіцу Пліску. Але адразу пасля гэтага Крум бліскучай атакай у адной з цяснін Старой Планіны знішчыў войска Нікіфара — сам імператар загінуў у гэтым баі. У 813 балгарамі ўзяты горад Адрыянопаль (сучас. Эдзірне). З прычыны гэтых пераможных войнаў, балгарская дзяржава пашырыла свае межы да ракі Ціса, за якой нахадзіліся мадзьяры, і да ракі Днестр, якая служыла натуральнай мяжой з печанегамі на ўсходзе. На поўдні балгары дасягнулі гор Рыла і Радоны. Падчас кіравання хана Амуртага (814831) быў падпісаны 30-гадовы мірны дагавор з Візантыяй. Гэтая эпоха (8-9 ст.) пакінула выдатныя архітэктурныя і скульптурныя помнікі ў Плісцы і Мадары.

Цар Барыс I (852889) уладарыў Балгарыяй у перыяд найважных падзей. Адна з іх — стварэнне славянскага алфавіта ў 863 годзе салунскімі святарамі, братамі Кірылам і Мяфодзіем. У 865 годзе Барыс I прыняў хрысціянства з мэтай павышэння міжнароднага прэстыжу, пасля чаго хрысціянства было абвешчана дзяржаўнай рэлігіяй. Спачатку Барыс звярнуўся да Папы рымскага, каб той прызнаў самастойнасць балгарскага патрыярхата і перадаў вышэйшыя духоўныя пасады балгарам. Аднак у 870 годзе незалежнасць балгарскай царквы прызнаў візантыйскі імператар, што ўмацавала супрацоўніцтва паміж царкоўнымі іерархамі Візантыі і Балгарыі. Пазіцыі хрысціянства асабліва ўмацаваліся пасля прыбыцця ў Балгарыю Клімента і Навума, вучняў славянскіх асветнікаў Кірыла і Мяфодзія, якія перавялі асноўныя часткі тэксту Бібліі і візантыйскіх рэлігійных твораў на старабалгарскую мову і заклалі асновы славянскай літаратуры. З тых часоў Балгарыя стала калыскай славянскай культуры і пісьменнасці.

Сын Барыса Уладзімір (889893) беспаспяхова спрабаваў забараніць хрысціянства. Тады Барыс пакінуў манастыр, у якім жадаў правесці астатак жыцця, пазбавіў Уладзіміра стальца і ўзвёў на яго іншага сына — Сімяона.

Валадарства Барыса падрыхтавала бліскучыя часы, якая былі пасля яго — так званае залатое стагоддзе балгарскай літаратуры. Адбылося гэта, калі на прастол узышоў цар Сімяон Вялікі (893—927), які атрымаў адукацыю ў Канстанцінопалі і лічыцца найвялікшым з балгарскіх валадароў. Ён усё жыццё імкнуўся заваяваць Канстанцінопаль і ваяваў з візантыйскімі войскамі ў 894, 896, 904, 913 і 920-924 гг. Падчас яго валадарства Першае Балгарскае царства дасягнула апагея сваёй палітычнай і тэрытарыяльнай магутнасці. Пасля бліскучай перамогі над візантыйцамі каля ракі Ахелой (917) Сімяон пашырыў свой уплыў да паўвострава Галіпалі ў Грэцыі, захапіў Македонію і, выкарыстоўваючы ў якасці саюзніка Сербію, прыняў яе пад свае заступніцтва і кіраванне.

Сімяон стварыў у міжрэччы Ліма і Ібара залежную ад яго дзяржаву сербаў, якая праз некалькі гадоў пасля яго смерці аддзялілася ад Балгарыі. У 895 г. улады Візантыі стварылі саюз з венграмі, спрабуючы аслабіць растучую моц Балгарскай дзяржавы. У 927 Сімяон абвясціў сябе «царом балгараў і грэкаў» і павысіў балгарскае архіепіскапства да ўзроўню патрыярхата. У перыяд яго валадарства Сафія ператварылася ў буйны цэнтр асветы і калыску славянскай літаратуры. Пры Сімяоне шматлікія візантыйскія кнігі па праве і тэалогіі перакладаліся на старабалгарскую мову, быў складзены першы збор славянскіх судовых законаў.

Пасля смерці Сімяона Балгарская дзяржава стала хутка распадацца. Сын Сімяона Пётр (927970) не валодаў не славалюбствам, не талентам палкаводца. Краіну знутры падточваў ерэтычны рух багамілаў, якія прапаведавалі міралюбнасць і раўнапраўе, але адначасова заклікалі да непадпарадкавання ўладам і асуджалі паразітычны лад жыцця ваеннай і царкоўнай арыстакратыі. Адмаўляючы значнасць духоўнай і грамадзянскай улады (параўноўваючы заможных з прадстаўнікамі Сатаны), багамілы з'яўляліся пагрозай для пануючага стана. І яны былі падвергнуты праследаванням і катаванням. Іх ідэі распаўсюджваліся апакрыфічнай літаратурай. Гэтыя прадвеснікі еўрапейскага рэфарматарскага руху знайшлі шматлікіх паслядоўнікаў за межамі Балгарыі. Іх прапаведнікі распаўсюджвалі ерэтычнае вучэнне ў многія раёны Міжземнамор'я і Малой Азіі. Патарынцы і катары ў Паўночнай Італіі, альбігойцы ў Паўднёвай Францыі і бугры (bougre — bulgare) створаць пазней (у 12-13 ст.) шматлікія багамільскія секты разнастайнага зместу, абумоўленага мясцовымі ўмовамі.

Македонскія славяне не раз паднімалі паўстанні, і сербскаму правіцелю Чэславу ўдалася выгнаць балгараў з Рашкі (Сербія).

У 968 г. Вялікі князь кіеўскі Святаслаў, саюзнік візантыйскага імператара Нікіфара II Фокі, заняў поўначна-ўсходнюю Балгарыю. Але неўзабаве Святаслаў перайшоў на бок балгарскага цара Барыса II (969971), атрымаўшы ў спадчыну сталец за Пятром I. Візантыйскае войска здолела выцясніць русаў і атрымала перамогу над балгарамі. Захапіўшы ў палон Барыса, які застаўся заложнікам у Канстанцінопалі, імператар Візантыі захапіў шматлікія балгарскія тэрыторыі паміж Дунаем, Чорным морам і Старай Планінай. Іаан Цымісхій абвясціў Балгарыю візантыйскай правінцыяй, скасаваў балгарскі патрыярхат і размясціў візантыйскія гарнізоны па краіне.

Візантыя здолела замацавацца толькі ва ўсходняй частцы Балгарыі. На захадзе Балгарскае царства (з часовымі сталіцамі Прэсна і Ахрыд) здолела пратрымацца паўстагоддзя (969—1018). У 1014 годзе войска імператара Васіля II заспела знянацку войскі балгарскага цара Самуіла і разбіла яго ў бітве пры Беласіцы. Імператар загадаў асляпіць усіх палонных і вярнуць іх балгарскаму цару (было захоплена 15 тыс. чал. — 99 са 100 палонных былі аслеплены). Калі верыць Манасіевай хроніцы, пабачыўшы тысячы сляпых балгарскі валадар не вытрымаў жаху гэтага відовішча і памёр. Імператар Васіль быў празваны за гэта «Балгарабойца». У 1018 г. візантыйскія войскі занялі Ахрыд. У 1021 захапілі Срэм — апошні аплот незалежнасці балгараў. Такі быў канец Першага Балгарскага царства.

Заняволенне Балгарыі Візантыяй (10181185) — перыяд цяжкіх выпрабаванняў для балгарскага народа. Балгарыяй кіраваў намеснік візантыйскага імператара, які мала ўмешваўся ў мясцовыя справы. Аднак, калі візантыйскія феадальныя адносіны пачалі распаўсюджвацца на тэрыторыі Балгарыі, а яе паўночныя межы аказаліся адкрытымі для ўварванняў, становішча балгарскага народа пагоршылася да такой ступені, што двойчы паднімаліся масавыя паўстанні. Да прыгнёту візантыйцаў дадаліся сістэматычныя разрабаванні краіны печанегамі, а таксама і крыжакамі падчас іх паходаў у 1096 і 1147 гг. У гэты жа час рух багамілаў стаў разрастацца. У Канстанцінопалі, сталіцы Візантыі, быў спалены на вогнішчы Васіль, адзін з самых актыўных распаўсюджвальнікаў ідэй багамільства.

Зноскі

  1. Fletcher, Richard A. The barbarian conversion: from paganism to Christianity. — University of California Press, 1999. — P. 388. — ISBN 0-520-21859-0.
  2. Adrados, Francisco Rodriguez. A history of the Greek language: from its origins to the present. — BRILL, 2005. — P. 265. — ISBN 90-04-12835-2.
  3. Greek East and Latin West: the church, AD 681—1071. — St Vladimir’s Seminary Press,, 2007. — P. 180. — ISBN 0-88141-320-8.
  4. Antwerp Fine, John Van. The early medieval Balkans: a critical survey from the sixth to the late twelfth century. — University of Michigan Press, 1991. — P. 106. — ISBN 0-472-08149-7.
  5. Curta, Florin; Kovalev, Roman. The other Europe in the Middle Ages: Avars, Bulgars, Khazars, and Cumans. — BRILL, 2008. — P. 350—351. — ISBN 90-04-16389-1.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Oxford Dictionary of Byzantium, 3 vols (ed. A. Kazhdan. Oxford University Press, 1996).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]