Першая Усебеларуская канферэнцыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Першая Усебеларуская канферэнцыя, Першая Усебеларуская палітычная канферэнцыя, або Нацыянальна-палітычная нарада — сход прадстаўнікоў беларускіх арганізацый і партый Заходняй Беларусі, Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Чэхаславакіі. Адбылася 25—28 верасня (паводле іншых крыніц 26—29 верасня) 1921 года ў Празе.

У яе рабоце ўдзельнічалі 37 чалавек. Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў прадстаўлялі Сяргей Баран, Клаўдзій Душэўскі (Дуж-Душэўскі), Лявон Заяц, Аляксандр Карабач, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Мамонька, Мікола Шыла; Вера Маслоўская, Васіль Русак, Аляксандр Галавінскі і іншыя, Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў — Васіль Захарка, Канстанцін Езавітаў, Пятро Крачэўскі, Аляксандр Цвікевіч; Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю — Браніслаў Тарашкевіч; Беларускі нацыянальны камітэт у Варшаве — Лявон Дубейкаўскі. Дэлегатамі былі, таксама, прадстаўнікі сялян, што вялі партызанскую барацьбу ў Заходняй Беларусі.

Канферэнцыя прыняла рэзалюцыю пра Слуцкае паўстанне 1920 года, у якой перасцерагала беларускі народ ад непажаданага праліцця крыві. У рэзалюцыі пра дзейнасць Барыса Савінкава адзначалася, што ён «Беларускім Нацыянальным Штандарам прыкрывае авантуры польскай і расійскай рэакцыі», «не мае ніякай сувязі з беларускімі палітычнымі і нацыянальнымі арганізацыямі і з’яўляецца правакатарам беларускай дзяржаўнасці і ворагам беларускага народа». У рэзалюцыі пра дзейнасць Станіслава Булак-Балаховіча сцвярджалася, што ён не мае ніякай падтрымкі з боку беларускіх нацыянальных палітычных арганізацый і з’яўляецца «ўзурпатарам і авантурнікам». Асобная рэзалюцыя датычылася Рыжскага мірнага дагавора 1921 года. У ёй канферэнцыя пацвярджала вернасць Трэцяй Устаўнай грамаце Рады БНР. У рэзалюцыі пра дзяржаўнае будаўніцтва Беларусі канферэнцыя абвяшчала, што Беларусь — край працоўнага сялянства, рабочых і працоўнай інтэлігенцыі, а таму павінна быць «дзяржавай працоўнага народа»; пацвярджаўся прынцып незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. Канферэнцыя заявіла, што адзіным заканадаўчым органам Беларусі з’яўляецца Рада Беларускай Народнай Рэспублікі.

Рэзалюцыі з асуджэннем Рыжскага дагавора і пра становішча беларускага народа пад акупантамі былі накіраваны ў роўнай ступені і супраць палякаў, і супраць Савецкай Расіі. Напрыклад, дэлегат Клаўдзій Душэўскі адзначаў: «І Жэліговія, і Савецкая Беларусь — нежыццяздольныя і штучныя фарміраванні». Яго падтрымаў Язэп Мамонька, прадстаўнік Рады БНР, які вярнуўся з паездкі па БССР. Ён заявіў, што савецкая рэспубліка створана маскоўскімі камуністамі і «кіруюць там не беларусы». Антыпольскі ўхіл не задавальняў некаторых беларускіх нацыянал-дэмакратаў, якія выбралі шлях супрацоўніцтва з палітычнымі і ваеннымі структурамі Польшчы. Так, Арсен Паўлюкевіч выказаў падзяку польскім уладам за падтрымку Слуцкага паўстання 1920 года і выступіў рашуча супраць першай часткі лозунга «ні польскіх паноў, ні маскоўскіх камуністаў». Павел Аляксюк, хаця і прызнаў недахопы ў палітыцы Варшавы, усё ж настойваў на больш сур’ёзнай пагрозе, якая ішла з Усходу, а не з Захаду: «І таму Беларусь павінна шукаць сабе падтрымку і дапамогу на Захадзе, у Польшчы і Антанты», — падкрэсліў ён.

Супярэчнасці ва ўрадзе БНР па пытанні пра стаўленне да БССР прывялі да правядзення Другой Усебеларускай канферэнцыі (Берлін, 1925).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]