Першая лэдзі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бэла Качаран, Лора Буш, Людміла Пуціна і Зорка Пырванава — першыя лэдзі Арменіі, ЗША, Расіі і Балгарыі ў 2003 годзе

Першая лэдзі (англ.: First Lady) — жонка выбарнага кіраўніка дзяржавы.

Першапачаткова тэрмін First Lady выкарыстоўваўся для абазначэння жонкі прэзідэнта ЗША, аднак у далейшым перайшоў і ў іншыя мовы і зараз выкарыстоўваецца для абазначэння жонкі кіраўніка любой дзяржавы з рэспубліканскай формай праўлення. У парламенцкіх рэспубліках і з канстытуцыйнай манархіяй тэрмін звычайна ўжываецца да жонкі прэм'ер-міністра дзяржавы. У некаторых краінах тэрмiн перакладаюць на дзяржаўную мову, так, напрыклад, у Лацінскай Амерыцы кажуць аб Primera Dama, у Францыі - Première Dame.

У ЗША тэрмін быў упершыню выкарыстаны ў 1849 годзе, калі прэзідэнт Закары Тэйлар назваў так жонку 4-га прэзідэнта Джэймса Мэдзісана, Долі Мэдзісан, у сваім панегірыку на яе дзяржаўным пахаванні. Аднак першай жанчынай, якую пачалі называць «першай лэдзі», стала Хэрыет Лэйн - пляменніца 15-га прэзідэнта ЗША, Джэймса Б'юкенена (Б'юкенен быў адзіным халастым прэзідэнтам ЗША, і ролю гаспадыні ў Белым доме грала пляменніца кіраўніка дзяржавы). Але ўсеагульнае прызнанне гэтае паняцце атрымала толькі ў 1877 годзе. Тады Мэры Эймс ў сваім газетным рэпартажы аб інаўгурацыі прэзідэнта Рутэрфорд Хейза, выкарыстоўвала тэрмін «першая лэдзі» для абазначэння яго жонкі Люсі Уэб Хейз, вельмі папулярнай у ЗША жанчыны.

Першыя лэдзі звычайна падтрымліваюць дыпламатычныя адносіны з жонкамі і сем'ямі кіраўнікоў іншых дзяржаў, у час афіцыйных візітаў кіраўніка дзяржавы часта ўладкоўваюць так званыя «жаночыя праграмы». Некаторыя першыя лэдзі актыўна ўмешваюцца ў палітычныя справы краіны, найбольш вядомыя прыклады - Элеанора Рузвельт і Эва Перон. Хілары Клінтан вылучыла сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта ад Дэмакратычнай партыі падчас выбараў 2008 года, аднак прайграла на праймерыз іншаму кандыдату ад дэмакратаў Бараку Абаме. Дзве першыя лэдзі Аргенціны - Ісабель Марцінес дэ Перон і Крысціна Фернандэс дэ Кіршнер змянілі на пасадзе прэзідэнта Аргенціны сваіх мужоў (Хуана Перона і Нестара Кіршнера). Пры гэтым Ісабель Перон стала першай жанчынай-прэзідэнтам у свеце.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]