Першая чвэрць

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Месяц у першай чвэрці.
Лічбай 3 на схеме абазначана першая чвэрць.

Першая чвэрць або першая квадра (народная назва — сход[1]) — фаза Месяца, пры якой асветлена роўна палова бачнай яе часткі, прычым, у адрозненне ад апошняй квадры, доля асветленай часткі ў гэты момант павялічваецца (гэта значыць Месяц рухаецца ад маладзіка да поўніка). У гэтай фазе Месяц знаходзіцца ва ўсходняй квадратуры, г. зн. вуглавая адлегласць Месяца ад Сонца роўная 90°. Пры гэтым Месяц знаходзіцца на ўсход ад Сонца, і асветлена заходняя частка бачнага боку Месяца.

Паблізу экватара Зямлі Месяц у першай чвэрці ўзыходзіць прыкладна апоўдні, а заходзіць прыкладна апоўначы; ў іншых частках зямнога шара моманты усходу і заходу Месяца залежаць ад пары года, але ва ўсіх выпадках Месяц у першай квадры ўзыходзіць прыблізна праз 6 гадзін пасля ўзыходу Сонца і заходзіць прыкладна праз 6 гадзін пасля заходу Сонца; такім чынам, Месяц у першай чвэрці бачны вечарам і ў пачатку ночы[2]. Верхняя кульмінацыя Месяца ў першай чвэрці адбываецца каля 18 гадзін па мясцовым часе, ніжняя кульмінацыя — каля 6 гадзін раніцы. Месяц у першай чвэрці ўзыходзіць і заходзіць асветленым (заходнім) паўшар'ем наперад. Тэрмінатар для зямнога назіральніка ў час першай і апошняй квадры прадстаўляецца прамой лініяй, якая дыяметральна падзяляе дыск Месяца.

Для назіральніка, які знаходзіцца ў Паўночным паўшар'і Зямлі, у першай квадры асветлена правая палова Месяца, а ў Паўднёвым — левая. Бачная зорная велічыня Месяца пры гэтым роўная -9m (гэта ярчэй, чым у апошняй чвэрці, бо ў заходняй палове Месяца менш мораў, чым ва ўсходняй, калі не ўлічваць рэфракцыю). Асветленасці, якую дае Месяц у першай чвэрці, ужо дастаткова, каб прадметы на Зямлі адкідвалі цені, але гэтыя цені невыразныя.

У рымскім календары на дзень першай квадры Месяца першапачаткова прыпадалі Ноны дадзенага месяца (5 ці 7 дзень пасля календ).

Амплітуды прыліваў і адліваў ў моманты першай і апошняй чвэрці мінімальная (квадратурныя прылівы), бо прыліўныя хвалі ад Месяца і Сонца ў гэты час знаходзяцца ў проціфазе.

Падчас першай квадры Месяц рухаецца за Зямлёй ў арбітальным руху пары Зямля-Месяц па арбіце вакол Сонца, адстаючы прыкладна на 400 тыс. км (радыус месяцовай арбіты)[3]. У гэты час для назіральніка, які знаходзіцца на Месяцы, Зямля будзе бачна ў апошняй чвэрці, бо фазы планеты і спадарожніка заўсёды супрацьлеглыя (маладзік адпавядае «поўні» для Зямлі і г. д.)[3].

Зноскі

  1. Болсун А.І., Рапановіч Я.Н. Слоўнік фізічных і астранамічных тэрмінаў. Мн., 1979.
  2. Аднак у каляпалярных абласцях Зямлі Месяц на працягу сутак можа быць не бачны наогул альбо бачны ўвесь час, у залежнасці ад пары года.
  3. 3,0 3,1 Е. Б. Гусев. Качественные задачи по астрономии. — Рязанский государственный педагогический университет им. С. А. Есенина, 1996. — 2.7. Луна.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]