Першы Таруньскі мір
Таруньскі мір 1411 года | |
---|---|
Тып дагавора | Міжнародны дагавор |
Дата падпісання | 1 лютага 1411 |
Месца падпісання | Торунь |
Бакі |
Тэўтонскі ордэн Каралеўства Польскае Вялікае Княства Літоўскае |
Месца захоўвання | Warszawa, Archiwum Glowne Akt Dawnych, Zbior dokumentow pergaminowych, sygn. 4487. |
Мова | лацінская |
Тару́ньскі мір 1411 года, або Першы Тару́ньскі мір — мірнае пагадненне, якое фармальна завяршыла «Вялікую вайну» 1409—1411 гадоў паміж саюзам Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага з аднаго боку, і Крыжацкім ордэнам з другога, падпісанае 1 лютага 1411 года ў Торуні (ням.: Thorn), у адным з самых паўднёвых гарадоў Манаскай дзяржавы крыжацкіх рыцараў. У гістарыяграфіі гэта пагадненне часта лічыцца дыпламатычнай няўдачай Польшчы і Літвы з-за іх няздольнасці выгадна скарыстаць разгромнае паражэнне крыжакоў у Грунвальдскай бітве. Крыжакі аддалі Добжынскую зямлю, захопленую ў Польшчы падчас вайны, і зрабілі толькі часовыя тэрытарыяльныя саступкі ў Жамойці, якая пераходзіла да Літвы толькі на час кіравання польскага караля Уладзіслава II Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта. Таруньскі мір 1411 года быў нестабільным. Спатрэбіліся яшчэ дзве вайны, Галодная вайна ў 1414 і Голубская вайна ў 1422, каб падпісаць Мельнскі мір, які вырашыў усе тэрытарыяльныя спрэчкі. Тым не менш, вялікія памеры ваенных рэпарацый былі значным фінансавым цяжарам для крыжакоў, які спарадзіў унутраныя канфлікты і эканамічны спад. Крыжацкі ордэн так і не здолеў аднавіць сваю былую моц.
Гістарычны кантэкст
[правіць | правіць зыходнік]У маі 1409 года ў Жамойці, якая паводле Рацёнжскага дагавора знаходзілася ў руках Ордэна[1], выбухнула паўстанне. Вялікі князь літоўскі Вітаўт падтрымаў паўстанне. Польшча, якая з 1386 года была ў асабістай уніі з Літвой, таксама абвясціла падтрымку жамойцкіх паўстанцаў. Такім чынам лакальнае паўстанне вылілася ў сапраўдную вайну. Спачатку тэўтонскія рыцары ўварваліся ў Польшчу, знянацку захопліваючы палякаў у палон і заваёўваючы Добжынскую зямлю без значнага супраціўлення[2]. Аднак ні адзін ваюючы бок не быў гатовы да паўнацэннай вайны. У кастрычніку 1409 года пры пасрэдніцтве імператара рымскага і чэшскага караля Вацлава IV было заключана перамір'е. Калі ў чэрвені 1410 года тэрмін перамір'я скончыўся, саюзныя польска-літоўскія войскі ўварваліся ў Прусію і сустрэлі войска крыжакоў у Грунвальдскай бітве. Крыжакі былі разгромлены, большасць іх камандавання былі забіты. Пасля бітвы большасць крыжацкіх крэпасцей здаліся без супраціўлення. Крыжацкі Ордэн застаўся толькі з васьмю падкантрольнымі замкамі[3]. Аднак саюзныя польска-літоўскія войскі памарудзілі з аблогай Марыенбурга, даючы крыжакам дастаткова часу, каб арганізаваць абарону. Саюзным войскам, якія цярпелі нястачу амуніцыі і баявога духу, не ўдалося захапіць сталіцу Тэўтонскага ордэна, і яны вярнуліся дамоў у верасні 1410 года[4]. Крыжакі хутка адваявалі свае захопленыя палякамі крэпасці[5]. Польскі кароль Ягайла падняў новае войска і нанёс чарговае паражэнне крыжакам у бітве пад Карановам ў кастрычніку 1410 года. Генрых фон Плаўэн, новы тэўтонскі вялікі магістр хацеў працягнуць змаганне і ўжо збіраўся набіраць новых крыжакоў, але, нягледзячы на гэта, галава Тэўтонскага ордэна схіляўся да міру, і абодва бакі дамовіліся аб перамір'і з 10 снежня 1410 года па 11 студзеня 1411 года[6]. Трохдзённыя перагаворы ў Рацёнжы паміж Ягайлам і фон Плаўэнам праваліліся, і тэўтонскія рыцары ўварваліся ў Добжынскую зямлю ізноў[6]. Чарговае крыжацкае нашэсце вылілася ў новы этап перамоў, якія завяршыліся Таруньскім пагадненнем.
Умовы пагаднення
[правіць | правіць зыходнік]Межы дзяржаў вярталіся на даваенны (да 1409 года) стан, за выключэннем Жамойці[7]. Ордэн пакінуў свае прэтэнзіі на Жамойць, але толькі часова — пасля смерці польскага караля Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта Жамойць павінна была вярнуцца ў межы Ордэна. У гэты час абодва кіраўнікі ўжо былі мужчынамі ва ўзросце[8]. На поўдні Добжынская зямля, захопленая падчас вайны крыжакамі, адыходзіла да Польшчы. Такім чынам, Тэўтонскі ордэн фактычна не пацярпеў аніякіх тэрытарыяльных страт, што, відавочна, было вялікім дыпламатычным дасягненнем пасля разгромнага паражэння ў Грунвальдскай бітве[7][9]. Усе бакі дамовіліся, што ўсе будучыя тэрытарыяльныя спрэчкі або непагадненні па вызначаных межах вырашацьмуцца шляхам міжнароднага пасрэдніцтва. Межы былі адчынены для міжнароднага гандлю, што было карысным больш для прускіх гарадоў[8]. Ягайла і Вітаўт таксама абяцалі ахрысціць усіх застаўшыхся паганцаў на Літве і Жаймоці, якія не былі дагэтуль афіцыйна ахрышчаныя[7].
Пасля Грунвальдскай бітвы Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае трымалі каля 14 000 ваеннапалонных[10]. Большасць непрывілеяваных салдат і наймітаў былі вызвалены адразу пасля бітвы з умовай рэгістрацыі ў Кракаве 11 лістапада 1410[11]. Заставаліся ў зняволенні толькі тыя, хто быў здольны заплаціць за сябе выкуп. Былі адзначаныя істотныя выкупы; напрыклад, найміт Хольбрахт фон Лойм мусіў заплаціць «шэсцьдзясят разоў суму ў 150 пражскіх грошай», або больш за 30 кілаграм срэбрам[12]. Таруньскі мір урэгуляваў выкупы супольна: польскі кароль вызваліў усіх палонных узамен на плату ў «шэсцьдзясят разоў сумай 100 000 пражскіх грошай», што раўняецца прыблізна 20 000 кілаграмам срэбра, якія выплачваліся чатырма гадавымі ўзносамі[8]. У выпадку нявыплаты аднаго з гадавых унёскаў плацельшчык мусіў выплаціць дадатковую кампенсацыю ў памеры 720 000 пражскіх грошай. У цэлым выкуп раўняўся £850 000 — дзесяцікратнаму гадавому даходу караля Англіі[13].
Наступствы
[правіць | правіць зыходнік]Дзеля таго, каб сабраць дастатковую для выкупу суму, вялікі магістр Генрых фон Плаўэн быў вымушаны павысіць падаткі. Ён сабраў савет прадстаўнікоў з кожнага прускага горада, каб прыняць увядзенне адмысловага падаткаабкладання. Данцыг (Гданьск) і Торн (Торунь) паўсталі супраць новага падатку, але былі падаўлены[7]. Крыжакі таксама канфіскавалі царкоўнае срэбра і золата і ўзялі значныя пазыкі за мяжой. Першыя дзве выплаты былі своечасова аплачаныя ў поўным памеры. Аднак для далейшых выплат было складана сабраць грошы, бо крыжакі вычарпалі сваю казну на рэстаўрацыю сваіх замкаў і пераўладкаванне свайго войска, якое ў вялікай ступені залежала ад аплачваемых наймітаў[7]. Яны таксама паслалі дарагія падарункі Папе Рымскаму і імператару Свяшчэннай Рымскай імперыі Жыгімонту, каб упэўніцца ў працягу іх падтрымкі крыжацкай справы[14]. Падаткавыя запісы паказалі, што ўраджай у тыя гады быў нязначным і што многія абшчыны адставалі ад тэмпу выплаты падаткаў на тры гады[15].
Неўзабаве пасля мірнага пагаднення ўзніклі нязгоднасці наконт кепска вызначаных межаў Жамойці. Вітаўт сцвярджаў, што ўся тэрыторыя на поўнач ад Нёмана, уключаючы порт Мемель (Клайпеда) была часткай Жаймойці і тым самым павінна адысці Вялікаму Княству Літоўскаму[16]. У сакавіку 1412 года імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Жыгімонт пагадзіўся пасрэднічаць у змяншэнні памераў трэцяй гадавой выплаты, дэмаркацыі жамойцкай граніцы і іншых пытаннях. Дэлегацыі сустрэліся ў Будзе (Офен), рэзідэнцыі Жыгімонта, дзе былі арганізаваны шчодрыя баляванні, паляванні і спаборніцтвы. Святкаванне прыпала на шлюбавіны Кімбаркі мазавецкай, пляменніцы Ягайлы, і аўстрыйскага герцага Эрнеста[17]. У жніўні 1412 года Жыгімонт абвясціў, што Таруньскі мір з'яўляўся дзейным і справядлівым[18], і прызначыў Бенедыкта Макра расследаваць памежныя спрэчкі. Гадавыя рэпарацыйныя выплаты не былі зніжаны, і апошняя своечасовая выплата была зроблена ў студзені 1413 года[19]. Марка абвясціў сваё рашэнне ў маі 1413, цалкам саступаючы паўночны бераг Нёмана, разам з Мемелем, Вялікаму Княству Літоўскаму[20]. Крыжакі адмовіліся прымаць гэта рашэнне, і безвыніковая Галодная вайна распачалася ў 1414 годзе. Перамовы працягваліся на Канстанцкім саборы, і спрэчныя пытанні не былі вырашаны да Мельнскага міру 1422 года.
Агулам, Таруньскі мір пагоршыў становішча Прусіі на доўгі час. К 1419 году 20% крыжацкіх зямель сталі занядбанымі, і тэўтонскія грошы былі псаваныя (нізкай якасці), каб пакрыць расходы[21]. Павышаныя падаткі і эканамічны спад выкрыў унутраную палітычную барацьбу паміж біскупамі, свецкімі рыцарамі і мяшчанамі[22]. Гэтыя палітычныя разломы з далейшымі войнамі супраць Літвы і Польшчы толькі ўзмацніліся і ўрэшце выліліся ў стварэнне антытэўтонскай Прускай канфедэрацыі і грамадзянскую вайну, якая разваліла Прусію на дзве часткі.
Апісанне дакумента
[правіць | правіць зыходнік]Дакумент на лацінскай мове на аркушы пергаменту памерам 570x496+45 мм. Пячатка вялікага князя літоўскага Вітаўта — адбітак на чырвоным воску дыяметрам 50 мм на палосцы пергаменту. Дзесяць палосак пергаменту без пячатак[23].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Turnbull 2003, С. 20
- ↑ Ivinskis 1978, С. 336
- ↑ Ivinskis 1978, С. 342
- ↑ Turnbull 2003, С. 75
- ↑ Urban 2003, С. 166
- ↑ а б Turnbull 2003, С. 77
- ↑ а б в г д Turnbull 2003, С. 78
- ↑ а б в Urban 2003, С. 175
- ↑ Davies 2005, С. 98
- ↑ Turnbull 2003, С. 68
- ↑ Turnbull 2003, С. 69
- ↑ Pelech 1987, С. 105—107
- ↑ Christiansen 1997, С. 228
- ↑ Urban 2003, С. 176, 189
- ↑ Urban 2003, С. 188
- ↑ Ivinskis 1978, С. 345
- ↑ Urban 2003, С. 191
- ↑ Urban 2003, С. 192
- ↑ Urban 2003, С. 193
- ↑ Ivinskis 1978, С. 346—347
- ↑ Stone 2001, С. 17
- ↑ Christiansen 1997, С. 230
- ↑ Janusz Grabowski. Апісанне дагавора Архівавана 16 сакавіка 2008. // Polska.pl (польск.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сагановіч Г. Та́рунскі мір 1411 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 507. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Публікацыі дагавора
- Codex epistolaris saeculi decimi quinti, t. 2, wyd. A. Lewicki, Kraków 1891, nr 35;
- Lites ac res gestae inter Polonos Ordinemque Cruciferorum, ed. altera, t. 2, Posnaniae 1892, nr 65, s. 457—461;
- Weise E., Die Staatsverträge des Deutschen Ordens in Preussen im 15. Jahrhundert, t. 1 (1398—1437), Königsberg 1939, nr 83, s. 85.
- Бібліяграфія
- Christiansen, Eric (1997), The Northern Crusades (2nd ed.), Penguin Books, ISBN 0-14-026653-4 (англ.)
- Ivinskis, Zenonas (1978), Lietuvos istorija iki Vytauto Didžiojo mirties, Rome: Lietuvių katalikų mokslo akademija, LCC 79346776 (літ.)
- Pelech, Markian (1987), «W sprawie okupu za jeńców krzyżackich z Wielkiej Wojny (1409—1411)» Архівавана 28 верасня 2011., Zapiski Historyczne 2 (52) (польск.)
- Stone, Daniel (2001), The Polish-Lithuanian state, 1386—1795, University of Washington Press, ISBN 978-0-295-98093-5 (англ.)
- Turnbull, Stephen (2003), Tannenberg 1410: Disaster for the Teutonic Knights, Campaign Series, 122, London: Osprey Publishing, ISBN 978-1-84176-561-7 (англ.)
- Urban, William (2003), Tannenberg and After: Lithuania, Poland and the Teutonic Order in Search of Immortality (Revised ed.), Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, ISBN 0-929700-25-2 (англ.)
- Дадатковая літаратура
- Biskup M., Labuda G., Dzieje zakonu krzyżackiego w Prusach, Gdańsk 1986;
- Biskup M., Wojny Polski z zakonem krzyżackim (1308—1521), Gdańsk 1993;
- Gąsiorowski A., Formularz dokumentów traktatowych polsko-krzyżackich z XIV—XV w wieku, «Archeion», t. 46, 1978, s. 171—184;
- Krzyżaniakowa J., Kancelaria królewska Władysława Jagiełły, Poznań 1972;
- Kuczyński S. M., Pierwszy pokój toruński (1 lutego 1411), «Zapiski Historyczne», t. 20, 1955, nr 1-4, s. 139—165;
- Kuczyński S. M., Wielka Wojna z zakonem krzyżackim 1409—1411, Warszawa 1980 (wyd. IV);
- Sułkowska-Kurasiowa I., Dokumenty królewskie i ich funkcja w państwie polskim za Andegawenów i pierwszych Jagiellonów 1370—1444, Warszawa 1977.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Высокаякасныя выявы дагавора Архівавана 16 сакавіка 2008. // Polska.pl
- Janusz Grabowski. Апісанне дагавора Архівавана 16 сакавіка 2008. // Polska.pl (польск.)
- Першы Таруньскі мір // Torunski Serwis Turidtyczny (польск.)