Першы Усебеларускі з’езд

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Будынак Мінскага гарадскога тэатра, у якім адбываўся І Усебеларускі з’езд

Пе́ршы Усебелару́скі з’езд, або Пе́ршы Усебелару́скі кангрэ́с — прадстаўнічы сход беларускага народа.

Быў скліканы Вялікай Беларускай Радай. Пачаўся з 18 снежня (5 снежня ст.ст.) 1917 года ў Мінску. З'езд сабраў шмат беларускіх палітычных дзеячаў (пераважна — сацыялістычнай арыентацыі) ад усіх населеных беларусамі губерняў.

Падрыхтоўка склікання[правіць | правіць зыходнік]

Думка пра скліканне агульнакраёвага сходу цыркулявала ў мясцовых арганізацыях самай рознай палітычнай накіраванасці яшчэ з вясны 1917 года[1]. На дэмакратычнай нарадзе, якая адбылася ў Маскве ў верасні 1917 года, беларускія прадстаўнікі афіцыйна заявілі аб намеры склікаць свой Беларускі ўстаноўчы сход. Аб гэтым гаварылася таксама на другой сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (ЦРБА) 17 кастрычніка, што ўскосна пацвярджаецца пісьмом І. Варонкі да членаў Вялікай беларускай рады (ВБР) Я. Дылы, С. Рак-Міхайлоўскага, А. Прушынскага, І. Дварчаніна, Я. Мамонькі і іншых ад 26 лістапада 1917 года[2].

З'езд здолеў адбыцца і быць такім прадстаўнічым менавіта таму, што бальшавіцкае цэнтральнае кіраўніцтва, а дакладней — асабіста Уладзімір Ленін і Іосіф Сталін, падтрымала яго правядзенне ў Мінску[3]: у Маскве бальшавіцкі Народны камісарыят па нацыянальных справах, якім тады кіраваў бальшавік Іосіф Сталін, даў згоду і фінансавую падтрымку на правядзенне беларускага з'езду ў Мінску[4].

У першай палове лістапада (дакладная дата невядома) была выдадзена адозва «Да ўсяго народа беларускага» выканкомаў Вялікай беларускай рады, Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, а таксама Беларускага выканкома Заходняга фронту. Адозва завяршалася заклікам прысылаць 5 снежня 1917 года дэлегатаў у Мінск на Усебеларускі з'езд[5].

Ход з’езда[правіць | правіць зыходнік]

Да 27 (14) снежня было зарэгістравана каля 1800 дэлегатаў (пераважна настаўнікі, ваенныя, чыноўнікі). Колькасць удзельнікаў не была пастаяннай. На І Усебеларускім з'ездзе прысутнічала 1872 дэлегаты, з якіх 1167 з правам рашаючага голаса. На з'ездзе не былі прадстаўлены ўсе слаі беларускага насельніцтва — цалкам адсутнічалі прадстаўнікі ад буржуазіі (сярэдніх і буйных маянткоўцаў, сярэдніх і буйных акцыянераў, прадпрымальнікаў-прамыслоўцаў і фінансістаў (банкіраў)). З грамадскіх і палітычных груповак на з'езде выявіліся наступныя: зямляцтвы (беспартыйныя) — магілёўскае, мінскае, віцебскае, смаленскае, віленскае, гродзенскае (г.зн. ад усіх беларускіх губерняў); фракцыі сацыялістычных партый: эсэраў правых і левых, сацыял-дэмакратаў (бальшавікоў, меншавікоў і інтэрнацыялістаў), Беларускай Сацыялістычнай Грамады і анархістаў; прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, такіх як земства, гарадскія самакіраванні, зямельныя камітэты, прафсаюзы, настаўніцкія аб'яднанні, ваенныя беларускія рады, бежанскія камітэты. Запрашаліся таксама і прадстаўнікі розных Саветаў. Па саслоўнай прыкмеце з'езд быў пераважна сялянскім, а па эканамічным поглядам — сацыялістычным.

З'езд абвясціў права беларускага народа на самавызначэнне і прыняцце дэмакратычнай формы ўраду. Падчас паседжання назіралася розніца ў палітычных поглядах паміж дэлегатамі ад БСГ і т.зв. «абласнікамі», якія прадстаўлялі галоўным чынам рэгіёны Усходняй Беларусі. Была абрана Рада Кангрэсу, у склад якой увайшоў 71 прадстаўнік розных палітычных партый, а таксама Выканаўчы камітэт Рады Кангрэсу.

Пасля доўгіх дыскусій у ноч з 30 (17) па 31 (18) снежня 1917 года быў прыняты першы пункт агульнай рэзалюцыі: «Першы Усебеларускі З'езд пастанаўляе: неадкладна ўтварыць з свайго складу орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх, рабочых дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіравання краем». Усебеларускi з’езд нiколi патрабаванняў незалежнасцi Беларусі не агучваў[6]. Дэлегаты з'езда прынялі рэзалюцыю, у якой прызнаюць савецкую ўладу ў Беларусі, а таксама рашэнне аб усталяванні ў Беларусі рэспубліканскага ладу, прызнавалі цэнтральны ўрад бальшавікоў у Маскве і не прызнавалі Аблвыкамзах як структуру франтавога паходжання[7].

Мясцовыя бальшавікі ў Мінску пільна сачылі за ўсім, што адбываецца на з'ездзе, да часу не перашкаджалі яму. Аднак як толькі дэлегаты пераадолелі разыходжанні і здолелі прыняць першы пункт рэзалюцыі і гэтым паставілі па-за законам мясцовую бальшавіцкую ўладу (але не цэнтральную бальшавіцкую ўладу), 17 снежня 1917 г. у Мінску будынак, у якім праходзіў кангрэс быў акружаны бальшавіцкімі атрадамі, а дэлегаты былі разагнаныя. З'езд разагналі мясцовыя бальшавікі Заходняга фронту, бо не жадалі дзяліцца ўладай з прадстаўнікамі беларускага народу[8]. Такім чынам, з'езд зрабіў спробу ўсталяваць беларускую савецкую ўладу, абмінаючы бальшавіцкі Выканаўчы камітэт Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах)[9]. І гэты разгон з'езду быў самавольствам мясцовых бальшавікоў — Мяснікова, Кнорына і Ландэра — іх пазіцыю, як слушна паказаў у сваіх публікацыях Вадзім Гігін, рэзка раскрытыкавалі ў Петраградзе, запатрабавалі правесці новы з'езд. Натуральна, што крытыка гэтая зыходзіла з падачы тых беларускіх дзеячаў, якія самі былі ўдзельнікамі Усебеларускага з'езда[10]. 31 студзеня 1918 г. паводле дэкрэта Уладзіміра Леніна у Народным камісарыяце па нацыянальных справах, якім кіраваў Іосіф Сталін, стварылі ў Петраградзе Беларускі нацыянальны камісарыят — менавіта гэты орган адыграў выключную ролю ў стварэнні беларускай савецкай дзяржаўнасці[11].

Рада Кангрэсу і яе Выканаўчы камітэт працягвалі дзейнасць у падполлі. Пазней яны адыгралі важную ролю ў абвяшчэнні БНР.

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

З'езд быў дастаткова палярызаваны. Пад час яго разгарнулася вострая барацьба паміж «радаўцамі» (прыхільнікамі Вялікай Беларускай рады і Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады ў Мінску). Радаўцы былі гатовы да адносна рашучых крокаў па стварэнні беларускай дзяржаўнасці, пад той час як «абласнікі» (прыхільнікі Беларускага абласнога камітэта ў Петраградзе), арыентаванай толькі на цесную палітычную сувязь Беларусі з Расіяй. Гэтыя погляды выявіліся ў поглядах удзельнікаў з'езда на беларускую мову. Адзін з яго дэлегатаў пазней узгадваў такі момант:

«Прыпамінаю сабе адзін факт з Усебеларускага з'езду. Калі нейкі дэлегат пачаў гаварыць прамову чыста па-беларуску, то выступіў з задніх радоў адзін маскальскага духу чалавек і, дражнячы беларускую гаворку, пачаў пытацца ў таго дэлегата, што значаць такія словы, як працаваць, жыта і г.д. Дык ці паверыце, усе дэлегаты, колькі іх было, асабліва ваенныя, так азверыліся на таго маскаля, што зала аж загудзела ад гоману.
Скуль ты прыехаў, — крычалі адны, — што не знаеш нашай мовы?
Тут з'езд не маскоўскі, а беларускі, — крычалі другія.
Вон яго, — крычалі трэція.»[12]

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

Гісторык Ігар Марзалюк лічыць: «Нельга толькi стваральнiкаў БНР лiчыць правапераемнiкамi iдэй 1–га Усебеларускага з’езда. Яшчэ больш, дэмакратычнага мандата i легiтымнай правапераемнасцi з Усебеларускiм з’ездам Рада БНР на самай справе не мела, бо Усебеларускi з’езд нiколi патрабаванняў незалежнасцi не агучваў. Легiтымным пераемнiкам i прадаўжальнiкам iдэй Усебеларускага з’езда быў Белнацкам. Ад пачатку 1918 года ў беларускiм руху iснавалi i сапернiчалi дзве плынi — "белнацкамаўцы" i "бэнээраўцы"»[13]. Ігар Марзалюк таксама дадае: «Кожная з гэтых плыняў адмаўляла іншую, абвінавачваючы ў здрадзе беларускай справе і беларускаму народу. Аб'ектыўна ж — і тыя, і другія працавалі на карысць Беларусі, імкнуліся да стварэння беларускай дзяржаўнасці. Дарэчы, і тыя, і другія былі прадстаўнікамі розных партый сацыялістычнага кірунку»[14].

Гісторык Сяргей Траццяк сцвярджае, што 1-ы Усебеларускі з'езд не прымаў рашэнне аб стварэнні незалежнай беларускай дзяржавы і што з'езд бежанцаў з Беларусі, які быў скліканы летам 1918 г. у Маскве па рашэнні Беларускага нацыянальнага камісарыята і беларускімі камуністычнымі секцыямі, быў па сутнасці быў працягам 1-га Усебеларускага з'езда: ён прыняў тыя рэзалюцыі, якія на 1-м з'ездзе прыняць не паспелі (аб вывадзе ўсіх замежных войскаў з тэрыторыі Беларусі, аб стварэнні беларускіх узброеных сіл, аб самавызначэнні Беларусі шляхам рэферэндуму, які меркавалася правесці пасля вываду іншаземных войскаў і інш.)[15]. Сяргей Траццяк дадае, што 30 снежня 1918 г. у Смаленску збіраецца 6-я паўночна-заходняя канферэнцыя расійскай кампартыі бальшавікоў, якая абвяшчае сябе 1-м з'ездам Камуністычнай партыі Беларусі і прымае рашэнне аб стварэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь (ССРБ), карані якой таксама там, у 1-м Усебеларускім з'ездзе[16].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Рудовіч, С. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 годзе / Станіслаў Рудовіч; Ін-т гісторыі НАН Беларусі. — Мн.: Тэхналогія, 2001. — 200, [1] с. — С. 167. — ISBN 985-458-001-6.
  2. Ладысеў, У. Ф. Першы Усебеларускі з'езд 1917 г. і яго наступствы / У. Ф. Ладысеў // Нарыс гісторыі беларускай дзяржаўнасці: XX стагоддзе / М. П. Касцюк, У. Ф. Ладысеў, В. М. Жук [і інш.]; Рэдкал.: А. А. Каваленя [і інш.]; НАН Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мн.: Беларуская навука, 2008. — 615 с. — С. 70. — ISBN 978-985-08-0999-5. [Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей — НАРБ). Ф. 325. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 91.]
  3. 1918-ы год для нашай дзяржаўнасці: набыткі і страты
  4. Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст. / А. Латышонак, Я. Мірановіч. — Вільня–Беласток : Інстытут беларусістыкі, Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С.148.
  5. Турук, Ф. Белорусское движение: Очерк истории национального и революционного движения белорусов: С приложением образцов белорусской нелегальной литературы, важнейших документов белорусских политических партий и национальных организаций и этнографической карты белорусского племени, сост. Е. Ф. Карским / Предисл. А. Кавки. — Б.м., 1994 (Мн.:Картогр.ф-ка Белгеодезии). — 144 с. + 1 л. карт. — С. 97—100.
  6. У газеце "Звязда" адбыўся "круглы стол" аб БНР
  7. 1918-ы год для нашай дзяржаўнасці: набыткі і страты
  8. 1918-ы год для нашай дзяржаўнасці: набыткі і страты
  9. Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст. / А. Латышонак, Я. Мірановіч. — Вільня–Беласток : Інстытут беларусістыкі, Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С.148.
  10. 1918-ы год для нашай дзяржаўнасці: набыткі і страты
  11. 1918-ы год для нашай дзяржаўнасці: набыткі і страты
  12. Станіслаў Рудовіч Рух за беларускую дзяржаўнасць і праблема грамадзянскага статуса беларускай мовы ў 1915-1918 гадах. часопіс «Край». Беларуская інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат» (10 кастрычніка 2002). Праверана 31 студзеня 2013.
  13. У газеце "Звязда" адбыўся "круглы стол" аб БНР
  14. Ігар Марзалюк: Пераемнікам ідэй Усебеларускага з'езда быў Белнацкам
  15. 1918-ы год для нашай дзяржаўнасці: набыткі і страты
  16. 1918-ы год для нашай дзяржаўнасці: набыткі і страты

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]