Перым
Перым | |
---|---|
араб. كمران | |
![]() Выгляд з космасу | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 13 км² |
Насельніцтва | 221 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 17 чал./км² |
Размяшчэнне | |
12°39′41″ пн. ш. 43°24′50″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Баб-эль-Мандэбскі праліў |
Краіна | |
![]() |
Пе́рым (араб. بريم), або Ма́юн (араб. ميون) — востраў ў Баб-эль-Мандэбскім праліве каля ўзбярэжжа Емена. Плошча — каля 13 км². Насельніцтва (2004) — 221 чалавек.
Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]
Востраў Перым месціцца ў 310 км ад Саны, сталіцы Емена. Аддзелены ад Аравійскага паўвострава так званай Малой плыняй Баб-эль-Мандэбскага праліва (2,72 км). Праліў паміж Перымам і Афрыкай (20,5 км) складае так званую Вялікую плынь.
Востраў уяўляе сабою рэшткі старажытнага вулкана, што вывяргаўся ў міяцэне. Вышэйшы пункт дасягае 65 м. На паўднёвым захадзе вылучаецца шырокая натуральная гавань, якая здаўна прыцягвала да сябе мараплаўцаў.
Клімат сухі спякотны. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — каля 60 мм. На Перыме няма сталых крыніц пітной вады.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Перым быў вядомы антычным географам пад назвай Дыядора. На ім спыняліся мараплаўцы, сезонна — рыбакі і збіральнікі жэмчугу. У 1513 г. пасля няўдалага нападу на Сану на яго бераг высадзіўся Афонсу ды Албукеркі, аднак быў вымушаны хутка пакінуць з-за адсутнасці пітной вады. У 1538 г. Перым увайшоў у склад Асманскай Порты. У XVII ст. пасля выгнання асманаў з Саны і з-за частых нападаў аманскіх арабаў улада Порты стала фармальнай. У 1799 г. флот Брытанскай Ост-Індскай кампаніі выкарыстоўваў востраў для ўварвання ў Егіпет.
Зноў улады Вялікабрытаніі зацікавіліся Перымам у XIX ст. у сувязі з будаўніцтвам Суэцкага канала. У 1857 г. тут было заснавана брытанскае ваеннае паселішча. У 1861 г. пабудаваны маяк. У канцы XIX ст. Перымская гавань была істотна паглыблена, каб у ёй маглі спыняцца буйныя караблі. На востраве дзейнічала прыватная вугальная кампанія, якая забяспечвала палівам судны, што рухаліся паміж Чырвоным морам і Індыяй. Падчас I Сусветнай вайны на поўначы Перыма высаджваўся турэцкі дэсант, але спроба захапіць востраў скончылася паразай.
У 1967 г. брытанцы пакінулі Перым. Ён стаў часткай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі Емен. Тут была адчынена ваенная авіябаза, якая кантралявалася савецкімі спецыялістамі.
З 1990 г. востраў у складзе аб'яднанай Еменскай Рэспублікі. У 2015 г. Перым трапіў пад кантроль хусітаў, а потым — ваеннай кааліцыі Саўдаўскай Аравіі і ААЭ. Яны ўзнавілі дзеянне ваеннай авіябазы.