Петралогія
Комплексная навука • Геалогія | |
Петралогія | |
Прадмет вывучэння |
Горная парода |
Перыяд зараджэння |
канец XIX стагоддзя |
Асноўныя кірункі |
Навука аб горных пародах |
Петралогія (ад грэч. πέτρος — камень) — навука, якая вывучае магматычныя і метамарфічныя горныя пароды, іх фізіка-хімічныя ўмовы ўтварэння, ступень змянення пад уплывам розных фактараў, заканамернасці размеркавання ў зямной кары, мантыі Зямлі і касмічным рэчыве. Сумежнай з петралогіяй навукай, накіраванай на вывучэнне структурна-тэкстурных асаблівасцей горных парод, іх класіфікацыі, мінеральнага складу і інш., з’яўляецца петраграфія.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Развіццё петралогіі на Беларусі цесна перапляталася з літалагічнымі і мінералагічнымі даследаваннямі; найчасцей яны праводзіліся ў комплексе.
У пачатку XX ст. П. М. Чырвінскі праводзіў мінералага-петраграфічнае вывучэнне метэарытаў, знойдзеных на Беларусі. У 1920-я гг. з больш інтэнсіўным вывучэннем нетраў расшырыліся звесткі пра састаў асадкавых тоўшчаў, але іх петраграфічныя даследаванні абмяжоўваліся ў асноўным макра- і мікраскапічным апісаннем структурна-тэкстурных асаблівасцей парод і мінералаў. Звесткі пра мінеральна-петралагічны і хімічны састаў антрапагенавых, мелавых і дэвонскіх глін, балотных руд, цэментавай сыравіны, фасфарытаў змешчаны ў працах М. Ф. Бліадухо, Н. Ф. Дзенісюка, А. М. Жырмунскага, В. І. Маеўскага, С. С. Малярэвіча, Г. Ф. Мірчынка, А. М. Розіна, Б. К. Тарлецкага і іншых, а пра петраграфічныя асаблівасці мінеральных саставаў асобных тыпаў парод крышталічнага фундаменту — у Дз. М. Собалева.
У пасляваенныя гады падоўжаны і паглыблены петраграфічныя даследаванні асадкавых, магматычных і метамарфічных парод платформавага чахла і крышталічнага фундаменту.
У 1950—1952 Я. М. Махлін зрабіў дэталёвае петраграфічнае апісанне парод крышталічнага фундаменту, ускрытых свідравінамі ў Мінску, Пінску, Глушкавічах, Смілавічах. Сістэматычнае комплекснае мінералага-петраграфічнае даследаванне геалагічных аб’ектаў пачалося з утварэннем у 1955 лабараторыі літалогіі ў Інстытуце геалагічных навук Акадэміі Навук Беларусі (з 1970 Беларускі навукова-даследчы геолагаразведачны інстытут Упраўлення геалогіі СМ БССР). Пад кіраўніцтвам А. С. Махнача ў лабараторыі дэталёва даследаваны пароды дэвонскага і каменавугальнага ўзросту з мэтай ацэнкі іх перспектыўнасці на нафту і каменны вугаль, дэвонскія асадкавыя і вулканагенныя адклады, пароды крышталічнага фундаменту. У 1957 пры Упраўленні СМ БССР створана мінералага-петраграфічная лабараторыя для аператыўнай апрацоўкі матэрыялаў геолага-здымачных і пошукава-разведачных экспедыцый і партый. З 1965 ва Упраўленні геалогіі пачаты тэматычныя мінералага-петраграфічныя даследаванні, звязаныя з праблемай нафтагазаноснасці тэрыторыі Беларусі і вызначэннем перспектыў крышталічнага фундаменту і платформавага чахла на металёва карысныя выкапні.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Артыкул «Петралогія» на wiki.web.ru(недаступная спасылка)