Печы (Барысаў)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Ваенны гарадок Печы горада Барысава (звычайна больш вядомы як «Печы») ўяўляе сабой частку горада, дзе жывуць афіцэры беларускай арміі і знаходзяцца вайсковыя казармы 72 аб'яднанага вучэбнага цэнтра (АВЦ) узброеных сіл РБ. Пад словам «Печы» могуць мець на ўвазе, як увесь ваенны гарадок (у тым ліку жылыя дамы, грамадзянскую інфраструктуру і сярэднюю школу) так і ўласна АВЦ-72. У розны час Печы былі закрытым і адкрытым ваенным гарадком. У цяперашні час яго існаванне як ваеннага гарадка ўмоўнае, бо практычна ўся інфраструктура перададзена на баланс горада Барысава.

Практычна ўсе шматкватэрныя дамы гэтага месца адносяцца да адной вуліцы — гвардыі сяржанта Сярэбрэнікава — і хаатычна раскіданы па тэрыторыі гарадка, а прыватны сектар адносіцца да вул. Падлеснай. Аднак на тэрыторыі Пячэй ёсць вуліцы братоў Вайнрубаў і Тухачэўскага. На 2014 год колькасць дамоў па вул. Сярэбрэнікава павялічылася да 45. Пэўны час тэрыторыя ваеннага гарадка была закрытым аб'ектам аб чым сведчыць наяўнасць бетоннага плоту і кантрольна-прапускных пунктаў (якія зараз не дзейнічаюць) вакол яго тэрыторыі.

Адна з праблем даследавання гэтага ваеннага гарадка — недахоп дакладнай інфармацыі па яго гісторыі з апублікаваных манаграфій, архіўных дакументаў і спецыялізаваных артыкулаў. Пераважна пра Печы пісалі ў сувязі з вайсковым вучэбным цэнтрам ці разведшколай Абвера. Большая частка дадзеных шырокага доступу пабудавана на публікацыях успамінаў і фотаграфій сродкаў масавай інфармацыі і блогасферы.

Гісторыя ваеннага гарадка Печы[правіць | правіць зыходнік]

Першыя дакументальныя ўспаміны[правіць | правіць зыходнік]

На вул. Сярэбрэнікава ёсць некалькі дамоў з пазначанымі гадамі забудовы: 1934, 1935 і 1936. Таксама афіцыйна пацверджана, што мясцовая школа (цяпер № 7 г. Барысава) была заснавана ў 1936 г. Але дакументальныя звесткі пра ваенны гарадок адносяцца да больш позняга часу:

«Загадам Наркама абароны № 0195 ад 24.08.40 г. (Мінскае кавалерыйскае) вучылішча перайменавана ў Барысаўскае кавалерыйскае вучылішча.

17.09.40 г. вучылішча загадам ЗахАВА № 11700 ад 5.08.40 г. пераведзена ў Нова-Барысаў, у ваенны гарадок Печы. З 14.02.41 г. згодна загаду НКА № 060 перафарміруецца ў бранятанкавае вучылішча[1]».

Падчас Вялікай Айчыннай вайны Печы ўзгадваюцца ў сувязі з дзейнасцю на тэрыторыі гарадка школы Абвера «Сатурн», якая рыхтавала дыверсантаў для савецкага тыла.

Пасляваенныя крыніцы амаль нічога не сведчаць пра ваенны гарадок Печы за выключэннем асобных салдацкіх успамінаў. Але не менш чым адна праца даследчыка ВАВ і крымінальнай гісторыі Беларусі А. Цісецкага прысвечана ўдзелу Печынскага гарнізона ў барацьбе з пасляваенным бандытызмам у Барысаве і яго ваколіцах у 1947-50 гг[2].

1920-70-я гг. ва ўспамінах мясцовага гісторыка У. Іванова[правіць | правіць зыходнік]

Гісторык СШ № 7 і загадчык школьнага музея 6-й стралковай гвардзейскай дывізіі Уладзімір Іваноў, грунтуючыся на ўласных успамінах і тым, што яму паведаміў яго бацька Валянцін Іваноў, старажыл гарадка, двойчы паведамляў пра гісторыю ваеннага гарадка наступнае:

«1928-29 гг. недалёк ад цяперашніх Пячэй, дакладней у раёне Зялёнага гарадка, з'явіліся першыя вайсковыя часткі Чырвонай Арміі. На беразе ракі Пліса стаяла вёска Печы (ад яе засталіся цяпер толькі фундаменты дамоў) Ад назвы вёскі ўзнікла паштовае аддзяленне, якім карысталіся вайскоўцы — „п/а Печы“.

У 1934-36 гг. на тэрыторыі сучасных Пячэй пачалася гарадская забудова пад патрэбы пераехаўшай сюды 19-й кавалерыйскай дывізіі. Пасля аперацыі па далучэнню Заходняй Беларусі да СССР у верасні 1939 г. 19-я дывізія была пераведзена ў З. Беларусь, а на яе месца пераехала кавалерыйскае вучылішча. У 1940 г. гэта вучылішча пераўтварылі ў танкавае (начальнік — ген. Обухаў, а з 1941 г — ген. Сусайкоў).

У ліпені 1941 г. выкладчыкі і навучэнцы вучылішча тры дні абаранялі ад Вермахта падыход да Барысава, і потым адступілі на ўсход. (Пры гэтым іх сем'і ўжо вывезлі ў эвакуацыю).

У Пячах падчас акупацыі стаяў моцны нямецкі гарнізон і знаходзіўся адзін з карпусоў разведшколы „Сатурн“ Абвера. Мясоцвае насельніцтва добра ставілася да немцаў, некаторыя сяляне насілі ў гарнізон малако.

Пасля таго як вярнулася савецкая ўлада, у 1945-47 гг. у Пячах стаяла стралковая дывізія генерала Хрусталёва. Многія будынкі былі ў руінах і афіцэры жылі ў вывезеных з Германіі часовых бараках.

Галоўны праезд будучай вуліцы Сярэбрэнікава масцілі аэрадромнымі плітамі, якія прывозілі на армейскіх „студэбекерах“. Пазней паверх тых пліт паклалі асфальт.

У 1950-х гг. гарадок абнеслі драўляным плотам, які ў 1970-х замянілі бетонным.

Да 1972 ці 1973 г у пасёлак хадзіў барысаўскі аўтобус № 10. Ён спыняўся на кожным КПП гарадка і на ім ездзілі на работу афіцэры. Потым прыпынак аўтобуса вынеслі за прыкладна 100 м ад цэнтральнага КПП (ён і цяпер там), і праезд транспартных сродкаў у гарадок стаў магчымы па спецыяльным дазволам.

Прыкладна ў 1974 г. назва „п/а Печы“ змянілася вуліцай Сярэбрэнікава. Але тэрмін „ДАС“ — дом афіцэраў саставу, — якім адрознівалі многакватэрныя дамы ад прыватных хат, так і захаваўся на многія дзясяцігоддзі[3][4]».

1980-я −2010-я гг.[правіць | правіць зыходнік]

За азначаны перыяд ідзе працэс паступовай дэмілітарызацыі гарадка. У канцы 1980-х гарадок меў праблемы з вывазам смецця і пастаўкай харчавання, але ў 1990-я гг. гэтыя праблемы былі вырашаны[5]. У гэты ж час дазволі свабодны доступ аўтаранспарту ў гарадок. У 2000-х пайшла актыўная дэмілітарызацыя: засяленне новых дамоў грамадзянскымі грамадзянамі, перадача пэўных гандлёвых аб'ектаў камерцыйным структурам, паступовая ліквідацыя інжынернай паласы на тэрыторыі гарадка і пераўтварэнне Дома афіцэраў у Печынскі дом культуры[6].

з 1996 г. дзейнічае праваслаўны прыход; у 2000-х за плотам у 50 м ад цэнтральнага КПП была пабудавана праваслаўная царква ў гонар Дзмітрыя Данскога, якая дзейнічае з 2006 г[7][8][9].

На выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў 26-га склікання ў красавіку 2010 года адным з кандыдатаў быў начальнік 72-га АВЦ Валерый Гнілазуб[10], якому супрацьстаяла кандыдатка ад кампаніі «Гавары праўду» Тамара Каважэнка. Ёсць звесткі, што на закрытых участках у вайсковых часцях 72-га АВЦ Гнілазуб, паводле афіцыйных даных, атрымаў практычна стопрацэнтную перамогу, але на грамадзянскіх участках большасць галасоў была ў кандыдата ад «Гавары праўду». У выніку, перамогу на выбарах атрымаў Валерый Гнілазуб[11].

У 2013 г. жыхары гарадка складалі скаргу ўладам горада Барысава ў сувязі з парушэннямі, якія мелі месца падчас будаўніцтва на тэрыторыі Пячэй і якія былі апісаны на рэсурсах Інтэрнэту[12][13]. У адказ на скаргі чыноўнікі горада сустрэліся з печынскімі актывістамі ў мясцовым доме культуры і выслухалі іх прапановы[14]. Падобная сустрэча была і ў адказ на масавыя скаргі жыхароў гарадка на праблемы з атапленнем шматкватэрных дамоў і стыхійны мітынг у 2003 г[15].

У 2014 г.злева ад стэлы з зоркай на ўваходзе ў гарадок паставілі бюст сяржанту Сярэбрэнікаву, у гонар якога раней назвалі вуліцу. Саму стэлу з зоркай перафарбавалі ў верасні 2014 г[3].

У 2017-2018 гг. розныя СМІ Беларусі сталі пісаць пра Печы ў сувязі з расследаваннем смерці салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ў АВЦ-72[16][17][18]. Гэта быў далёка не першы, але адзін з самых рэзанансных выпадкаў гібелі вайскоўца ў Пячах.

Славутасці гарадка[правіць | правіць зыходнік]

Ваенны гарадок Печы мае свае славутасці. Сярод іх — некалькі ваенных помнікаў, частка з якіях знаходзіцца ў аварыйным стане[19]. Таксама на тэрыторыі гарадка захаваліся некалькіх жылых дамоў-«сталінак», пабудаваных у 1934-36 гг. Але найбольшую адметнасць уяўляюць СШ № 7, праваслаўны храм ім. Дзмітрыя Данскога і Дом культуры. У 1990-91 гг. выдавалася газета «Печинские новости».

Дом культуры і школа Абвера «Сатурн»[правіць | правіць зыходнік]

Будынак Печынскага дома культуры ўзвялі ў 1937 г. Ёсць неправераныя звесткі, што падчас нямецкай акупацыі там была рэзідэнцыя нямецкай разведшколы «Сатурн[20]». Тым не меньш, факт знаходжання нямецкай разведшколы ў Пячах пацверджаны дакументальна:

«У ваенным гарадку Печы Барысаўскага раёна размешчана школа нямецкіх разведвальных органаў, якая рэгулярна кожныя 2-3 месяцы выпускае шпіёнаў у наш савецкі тыл, партызанскія атрады і брыгады.

Школа мае 2 аддзяленні: радыстаў і разведчыкаў.

Матэрыяламі следства па справе Каленчанкі Фёдара Лявонцьевіча, які скончыў гэту школу, устаноўлена, што нач. гэтай школы з'яўляецца капітан Утаў, нач. бюро дакументацыі — рускі палкоўнік Пятроў, выкладчыкі — ст. лейтэнант Лебядзеў Мікалай Пятровіч, астатнія — немцы.

Паводле даным агентуры выяўлена, што прыкладна ў снежні 1943 г. ці студзені 1944 г. чакаецца выпуск 250 шпіёнаў, якія павінны быць засланы ў партызанскія атрады БССР[21]».

Падобныя звесткі прыводзяцца ў спецыялізаваным артыкуле пра нямецкія разведвальныя школы часоў ВАВ:

«Барысаўская школа была арганізавана ў жніўні 1941 г. Абверкамандай-103 і першы час размяшчалася ў вёсцы Печы, у былым ваенным гарадку (6 км на поўдзень ад г. Барысава па дарозе на Мінск). Узначальваў школу капітан Юнг, затым капітан Ганс Утгофф. Сярод выкладчыкаў школы значыліся: унтэр-афіцэр Піч, эстонец, інструктар па радыёсправе, былы ваенны інжынер 1-га рангу Чырвонай Арміі І. І. Мацюшын — выкладчык радыёсправы, былы ваенны пагранічных войскаў Н. П. Лонкін — выкладчык агентурнай разведкі, А. Д. Казлоў — выкладчык разведкі, былы лейтэнант Чырвонай Арміі Сімавін, былы палкоўнік Чырвонай Арміі Д. З. Шынкарэнка і інш.

У лютым 1942 года школа была пераведзена ў вёску Катынь (23 км на захад ад Смаленска).

У мястэчку Печы было пакінута падрыхтоўчае аддзяленне, дзе агентура праходзіла праверку і папярэднюю падрыхтоўку, а потым накіроўвалася ў Катынь, для навучання разведсправе (у красавіку 1943 г. школа была пераведзена назад у Печы). Пры залічэнні ў школу кожнаму „вучню“ прысвойвалася мянушка. Катэгарычна забаранялася называць сваё прозвішча і распытваць пра гэта іншых.

Школа рыхтавала агентаў-разведчыкаў і радыстаў. У ёй адначасова навучалася каля 150 чалавек, з іх 50-60 радыстаў. Тэрмін навучання разведчыкаў складаў 1-2 месяцы, радыстаў — 2-4 месяцы.

Падрыхтаваныя агенты перакідваліся ў тыл Чырвонай Арміі па 2-3 чалавекі (адзін радыст) і ў адзіночку, галоўным чынам на цэнтральных участках фронту, а таксама ў Маскоўскую, Калінінскую, Разанскую і Тульскую вобласці. Частка агентаў мела заданне прабрацца ў Маскву і застацца там.

Акрамя таго, навучаныя ў школе агенты засылаліся ў партызанскія атрады для выяўлення іх дыслакацыі і месцазнаходжання баз.

Перакідка ажыццяўлялася самалётамі з мінскага аэрадрома і пешым парадкам з населеных пунктаў Петрыкаў, Магілёў, Пінск, Лунінец.

У верасні 1943 года школа была эвакуіравана на тэрыторыю Усходняй Прусіі ў вёску Розенштейн (100 км на поўдзень ад Кенігсберга) і размясцілася ў бараках былога лагера французскіх ваеннапалонных. У снежні 1943 г. яна была перадыслакавана ў мястэчка Малет, у жніўні 1944 г. у горад Меве (65 км на поўдзень ад Данцыга), а ў пачатку 1945 года, у сувязі з надыходам Чырвонай Арміі — у горад Бісмарк, дзе ў красавіку 1945 года была расфарміравана. Частка асабовага складу школы сышла ў горад Арэнбург (на р. Эльбе), а некаторыя агенты, пераапрануўшыся ў цывільнае адзенне, перайшлі на тэрыторыю, занятую савецкімі войскамі[22]».

Апісанню дзейнасці школы «Сатурн» прысвечана мастацкае апавяданне І. С. Барысава "«Сатурн» на далоні", дзе прыводзяцца некаторыя дадатковыя падрабязнасці пра школу[23]. Але форма апавядання не праводзіць мяжы паміж мастацкімі элементамі і гістарычнымі фактамі.

Пасля вайны Дом афіцэраў вярнуўся ў стары будынак. На працягу сваёй савецкай і постсавецкай гісторыі ён выкарыстоўваўся не толькі для правядзення афіцэрскіх сходаў і культурных мерапрыемстваў. Прыкладна ў 1967 г., згодна ўспамінаў журналіста газеты "Віцебскі кур'ер", які тады праходзіў тэрміновую службу ў Пячах, у Доме афіцэраў праводзіўся паказальны суд над 3-мя салдатамі-дэзерцірамі, на якім прысутнічалі некаторыя іх саслужыўцы і афіцэры[24]. У 2011 г. будынак быў перададзены на баланс гарадскіх структур і стаў Печынскім домам культуры. Дом афіцэраў пераехаў на тэрыторыю казарм. На Печынскім доме культуры захаваліся сляды знаходжання і савецкіх, і нямецкіх ваенных[25].

Школа № 7 г. Барысава[правіць | правіць зыходнік]

Школа № 7 г. Барысава таксама з'яўляецца старым будынкам — пабудавана ў 1936 г., — але значна мадэрнізаваным. На яе сайце гаворыцца, што да 1931 г. ўся тэрыторыя ваеннага гарадка Печы была лесам ля вёскі Печы[26]. Школа была заснавана ў 1936 г. як вясковая школа і толькі праз многія дзясяцігоддзі стала гарадской СШ№ 7. У школе дзейнічае ваенна-патрыятычны клас (з 1996 г.) і тры музеі: музей гісторыі школы, музей 6-й Ровенскай дывізіі і музей дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Вытокі».

Выбітныя людзі школы[правіць | правіць зыходнік]

Адносіны да СШ № 7 Асоба
выкладала англійскую мову паэтэса С. А. Сідарэнка
вучыліся артысты Андрэй Галыгін і Аляксандр Веркуноў[27]

«Сябрына»[правіць | правіць зыходнік]

29 мая 1991 г. ў Пячах пачала дзейнічаць культурная арганізацыя «Сябрына», як аддзяленне Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. «Сябрына» праводзіла адкрытыя сустрэчы ў 101 кабінеце СШ №7 апошнюю сераду кожнага месяца для вывучэння беларускай мовы, гісторыі і культуры[28][29].

Газета «Печинские новости»[правіць | правіць зыходнік]

У 1990-91 гг. выйшлі тры нумары газеты «Печинские новости» (№1, серада 7 лістапада 1990 г; №2, чацвер 31 студзеня 1991 г і №3, чацвер 26 снежня 1991 г[30].). Газета была рускамоўнай, выходзіла тыражом 1000 экз і складалася з чатырох старонак. Большасць артыкулаў былі ананімнымі. Пераважная тэматыка: праблема самакіравання гарадка Печы і службовых злоўжыванняў вышэйшага афіцэрскага саставу гарадка. Газета выдавалася на прынцыпах самаакупнасці і адсутнасць самаакупнасці магла стаць прычынай яе знікнення.

Камітэт грамадскага самакіравання гарадка Печы[правіць | правіць зыходнік]

Рух за стварэнне Камітэта грамадскага самакіравання гарадка (КГС) на чале з афіцэрам Юрыям Мамцавым заявіў пра сябе на старонках газеты «Печинские новости» 7 лістапада 1990 г[31]. У канцы 1990 г. Камітэт быў зарэгістраваны. У пачатку лістапада 1990 г. у Доме Афіцэраў (цяпер гэта Печынскі дом культуры) ініцыятары КГС арганізавалі сустрэчу жыхароў гарадка з некалькімі народнымі дэпутатамі і старшынёй БЗВ М. Статкевічам. На сустрэчы спрабавалі падняць пытанне аб правядзенні рэферэндуму аб самакіраванні гарадка і заслухаць справаздачу дэпутата Мінаблсавета Ігнаценкі аб правядзенні партыйнай наменклатурай незаконнай прыватызацыі пэўнай маёмасці, але адзін з камандзіраў Печынскага гарнізона і дэпутат гарадскога савета Барысава Новік не далі гэта зрабіць[32]. Пасля гэтай падзеі маёр М. Варанец, адзін з арганізатараў сустрэчы, удзельінк КГС і член БЗВ быў звольнены з Узброеных сіл СССР[33].

Звесткі аб далейшай дзейнасці КГС у 1990-х гг. не захаваліся.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Борисовское кавалерийское училище // Сайт „РККА“
  2. А. Тисецкий. Ликвидация по-борисовски (Блог Bramaby) Таксама апублікавана ў часопісе "Милиция Беларуси" май 2016 г., № 2 (62)
  3. Ізноў у Печы па ўспаміны // Блог Андрэя Берастоўскага
  4. „О БОЯХ-ПОЖАРИЩАХ, О ДРУЗЬЯХ-ТОВАРИЩАХ…“, Елена Романова // Белорусская военная газета — Во славу Родины, 14.01.2015, вып. № 5
  5. Печы: гісторыя, ўспаміны і сучаснасць. Вандроўка з сынам // Блог Андрэя Берастоўскага
  6. Печы: гісторыя, ўспаміны і сучаснасць. Вандроўка з сынам // Блог Андрэя Берастоўскага
  7. [1]
  8. [2]
  9. Іншыя рэлігійныя аб'яднанні, якія маюць свае суполкі ў Пячах прадстаўлены Сведкамі Іеговы і Адвентыстамі 7-га дня.
  10. РПГА «Беларускі хельсінкскі камітэт» — Барысаў: сустрэча з кандыдатамі на «закрытым» участку
  11. Беларускі партызан — Чем напугал власти лозунг «Говори правду!»
  12. Возмущенные жители военного городка: Чиновники решили превратить Печи в Лас-Вегас! // Сайт express.by
  13. Лесоповал в Печах: «Тут, что-то, вероятно, нечистое…» Видео // Сайт express.by
  14. Надежды борисовских вертикальщиков не оправдались // Сайт express.by<
  15. Борисов город протестов (фото)// Сайт Govorim.by
  16. «Хлопца зламалі ў казарме». У Пячах загінуў «срочнік» — сябры ўпэўнены, што ен стаў ахвярай дзедаўшчыны // Белсат
  17. Что мы знаем о Печах, где погиб солдат Александр Коржич // TUT.BY
  18. Катерина Борисевич "Ни один солдат не пришел и не пожаловался на дедовщину". СК рассказал о трагедии в Печах // TUT.BY
  19. Печы: гісторыя, ўспаміны і сучаснасць. Вандроўка з сынам // Блог Андрэя Берастоўскага
  20. Удзельнік УКантакце Пётр Пятроў аправяргаў сцвярджэнне Печынскага дома культуры пра тое, што «Сатурн» сапраўды быў у гэтым будынку і заявіў, што насамрэч там было толькі казіно, а сама школа знаходзілася ў казармах аўтабата на тэрыторыі АВЦ-72. Ён спасылаўся ў якасці доказа на фільмы "Путь в Сатурн" і "Сатурн ещё не виден". Гл.: Чат старонкі Печынскага дома культуры Укантакце.
  21. Помощнику начальника центрального штаба партизанского движения майору госбезопасности тов. Формашеву (секретно) РГАСПИ. Ф. 69. ОП. 1. Д. 862. Л. 78-82 (Об.) цыт. па: Попов А. Ю. Диверсанты Сталина, приложение
  22. Разведывательно-диверсионные школы фашистской Германии, Александр ОКОРОКОВ, доктор исторических наук // Чекист.ru
  23. Борисов И. С. «Сатурн» на ладони: о разведке и разведчиках — Мн.: Беларусь, 1994—270 с., сс. 28, 68
  24. Воинский призыв: за и против, тогда и теперь, Вл. Иванов // Витебский курьер 22.11.2015
  25. Ізноў у Печы па ўспаміны // Блог Андрэя Берастоўскага
  26. Наша школа // Афіцыйны сайт СШ № 7 г. Барысава
  27. Згодна дадзеным музея гісторыі школы
  28. "Сябрына" приглашает всех // Печинские новости 26.12.1991, № 3, с. 4
  29. Газета "Печинские новости" // Блог Андрэя Берастоўскага
  30. Гэтыя нумары знаходзяцца ў сховішчы НБРБ. Гл. таксама: Газета "Печинские новости" // Блог Андрэя Берастоўскага
  31. Ю. Мамцев. Успех в общих усилиях // Печинские новости 7.11.1990, № 1, с. 1
  32. М. Воронец. А слушать все-таки придется // Печинские новости 26.12.1991, № 3, с. 1
  33. Знакомьтесь, майор Воронец // Печинские новости 26.12.1991, № 3, с. 2

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Інфармацыйныя рэсурсы[правіць | правіць зыходнік]

Даследаванні, мастацкая літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Карты, фотаграфіі і ўспаміны[правіць | правіць зыходнік]

Старонкі і групы ў сацыяльных сетках, якія маюць дачыненне да Пячэй[правіць | правіць зыходнік]