Плацыд Янкоўскі
| Плацыд Янкоўскі | |
|---|---|
| польск.: Placyd Jankowski | |
| | |
| Асабістыя звесткі | |
| Псеўданімы | John of Dycalp |
| Дата нараджэння | 20 верасня (2 кастрычніка) 1810[1][2] |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 28 лютага (11 сакавіка) 1872[2] (61 год) |
| Месца смерці | |
| Грамадзянства | |
| Альма-матар | |
| Месца працы | |
| Прафесійная дзейнасць | |
| Род дзейнасці | пісьменнік, перакладчык, паэт, протаіерэй, асэсар, настаўнік, праваслаўны святар |
| Мова твораў | польская[2] |
| Узнагароды | |
| Подпіс |
|
Плакід (Плацыд) Янкоўскі (20 верасня 1810, в. Войская, цяпер Камянецкі раён — 11 сакавіка 1872, Жыровічы; Псеўданімы: Віталіс; John of Dycalp) — святар, празаік, паэт, публіцыст і перакладчык. Пісаў на польскай і рускай мовах. Магістр тэалогіі.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сям’і ўніяцкага святара. Яго бацька Габрыэль — удзельнік паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі, паходзіў з беднай шляхецкай сям’і, пазней стаў уніяцкім святаром. Маці Плакіда Янкоўскага звалі Ганнай, паходзіла з роду Лыткоўскіх. У іх было чацвёра дзяцей: Ян — 1803 года нараджэння, Ганна, Кацярына і самы меншы Плакід. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома, з 8 да 14 гадоў навучаўся спачатку ў Свіслацкай гімназіі, а затым (з 1818) у базыльянскай школе ў Брэсце.
У 1826 годзе пачаў навучанне ў Галоўнай семінарыі ў Вільні, якая была пры Віленскім універсітэце на правах багаслоўскага факультэта. Быў прыняты на вучобу за казённы кошт. У Віленскім універсітэце вучыўся таксама родны брат Плакіда Ян Янкоўскі. Ян удзельнічаў у тайным студэнцкім таварыстве філаматаў, за процізаконную дзейнасць быў высланы ў Волагду, дзе і памёр. У 1830 Плакід Янкоўскі з адзнакай скончыў Віленскі ўніверсітэт і Галоўную семінарыю пры ім.
У 1831 годзе ажаніўся з дачкой старшыні Літоўскай кансісторыі Гэленай Тупальскай, з якой пражыў 35 гадоў, меў трох сыноў і двух дачок. Пазней святар узяў на выхаванне яшчэ шасцёра дзяцей роднай сястры Ганны, якая была замужам за Іпалітам Гамаліцкім, рэктарам Літоўскай духоўнай семінарыі і памерла ў 1846.
20 жніўня 1833 года Плакід Янкоўскі высвячаны на ўніяцкага святара, потым стаў праваслаўным святаром, протаіерэем. Магістр тэалогіі, прафесар дагматычнай тэалогіі і лацінскай мовы ў Літоўскай духоўнай семінарыі. Віцэ-старшыня Літоўскай кансісторыі. Падпісаў акт аб ліквідацыі Уніяцкай Царквы ў 1839. Протаіерэй Плакід Янкоўскі быў узнагароджаны нагрудным залатым крыжам, ордэнамі Святой Ганны 2-ой і 3-яй ступені.
З пераносам у 1845 годзе з Жыровічаў у Вільню Літоўскай духоўнай кансісторыі і семінарыі жыў у Вільні, з’яўляўся настаяцелем віленскай саборнай царквы Свяціцеля і Цудатворцы Мікалая. Паводле ўласнага жадання ў 1846 пакінуў Вільню. З’яўляўся благачынным, жыў у в. Бялавічы Слонімскага ўезда. З 1858 года перабраўся ў Жыровічы, дзе пражыў апошнія 14 гадоў жыцця. Памёр 28 лютага (11 сакавіка) 1872. Яго труна была змешчана ў могілкавай царкве Св. Юрыя ў Жыровічах побач з жонкай.
Пасля смерці яго архіў доўгія гады захоўваўся ў Варшаве ў яго дачкі Тэафіліі (у замужжы Васілевай). Там знаходзіліся лісты да Ю. Крашэўскага, А. Плуга, М. Баброўскага, Генрыка Жавускага.
Валодаў замежнымі мовамі: англійскай, французскай, нямецкай, італьянскай, чэшскай, свабодна карыстаўся рускай, польскай, лацінскай, старажытна-яўрэйскай. З сялянамі размаўляў на беларускай мове, заняткі ў семінарыі праводзіў на рускай, польскай, лацінскай.
У 1842—1847 гадах спрабаваў выступіць каардынатарам стварэння альбома «Літвіны» — ілюстраванага збору нарысаў «фізіялагічных» тыпаў зыходзячай старой Літвы, на ўзор «фізіялагічных альманахаў», якія былі вельмі папулярнымі ў тагачасных Францыі, Англіі, Расіі і іншых краінах. Меркавалася, што ў напісанні нарысаў возьмуць удзел самыя вядомыя польскамоўныя літаратары Літвы, Беларусі, Украіны, перадусім прадстаўнікі гэтак званай Пецярбургскай катэрыі. Папярэдне, свой удзел абяцалі Юзаф Крашэўскі, Генрык Жавускі, Юзаф Працлаўскі, і іншыя, а ілюстратарам планаваўся Артур Бартэльс. Аднак, гэты праект не быў рэалізаваны, а некаторыя напісаныя для яго нарысы яго меркаваныя ўдзельнікі выкарысталі потым у іншых выданнях.
Жавускі называў Янкоўскага «літоўскім Стэрнам», параўноўваючы яго з англійскім пісьменнікам 18 ст. Лоўрэнсам Стэрнам, аўтарам сатырычнага рамана «Трыстрам Шэндзі»: абодва былі прыходскімі святарамі і літаратарамі з сатырычнай «жылкай». У дадатак Янкоўскі быў перакананым «англаманам», гэткім вытанчаным «лонданскім дэндзі», самым прыкметным паслядоўнікам усяго англійскага на ўсіх тагачасных прасторах былой Рэчы Паспалітай. Гэта ў яго парадаксальным чынам спалучалася з ідэнтычнасцю літвіна і актыўным саўдзелам у сямашкаўскай ліквідацыі Уніі. Па інерцыі, некалькі гадоў пасля 1839-га, ён спрабаваў жыць так, як быццам бы нічога не здарылася. Што ягоны пераход у праваслаўе не азначае нічога асаблівага, што можна быць адначасова і праваслаўным папом і адносна папулярным польскамоўным літаратарам, зубаскалам і «літвінам»-англаманам. Далейшыя жыццёвыя і грамадскія падзеі паступова абдзіралі з яго гэтае шалупінне, але на пачатку 1840-х ён акурат перабываў на піку гэтай сваёй парадаксальнай «мультыкультурнасці». Янкоўскі ўзору 1860-х ужо не будзе ўспамінаць ані пра англаманію, ані пра польскамоўны літаратурны працэс, ані пра сваё гарэзлівае «літвінства», а стане звычайным прапагандыстам рускага праваслаўнага «благалепія», ані на крок не адступаючы ад свяшчэннай трыяды Праваслаўя, Самадзяржаўя і Народнасці.
Аўтар аповесцей, апавяданняў, гумарэсак (вядомы больш за 20 твораў) і краязнаўчых, біяграфічных і іншых нарысаў, якія былі папулярнымі ў Беларусі і Літве. Выдаў кнігі прозы на польскай мове «Засценак» (1841), «Хвілінка» (1842), «Апавяданні» (1843), «Складзеная аповесць» (1843, разам з Юзафам Крашэўскім), «Універсітэцкія ўспаміны» (1849), «Крыніцы» (1853), «Адась» (1856), «Фанаберыя пана старосты Канеўскага» (1873), камедыю «Прадчуванне» (1842) і іншыя. Аўтабіяграфічны нарыс «Пасхальныя кулічы» раскрывае пастырскае служэнне протаіерэя Плакіда Янкоўскага ў Бялавічах. Пераклаў на польскую мову асобныя творы Шэкспіра, Гётэ і інш. На рускай мове (у «Літоўскіх епархіяльных ведамасцях») з 1864 года друкаваў апавяданні, нарысы, жыццяпісы, успаміны.
Псеўданім Янкоўскага — John of Dycalp. Прачытаўшы Dycalp справа налева, атрымаем імя пісьменніка, а John (Ян) — выводзіцца з яго прозвішча — Янкоўскі. Яшчэ адзін літаратурны псеўданім — Віталіс Камаед паходзіць з першага твора Янкоўскага «Хаос, тры пальцы фіміяму, расказаныя рыфмаплётам ад Віталіса Камаеда», выдадзенага ў Вільні ў 1835 годзе.
У 2006 годзе ў Беларусі ўпершыню выдадзены «Записки сельского священника» Плакіда Янкоўскага, дзе сабраныя нарысы і ўспаміны з апошняга перыяду жыцця, напісаныя пераважна па-руску.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Placyd Jankowski // CERL Thesaurus — Consortium of European Research Libraries. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б в г д е ё ж Янковский, Плакид Гаврилович // Русский биографический словарь — СПб.: 1913. — Т. 25. — С. 141–143.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Мальдзіс А. Літаратурная Камянеччына // «Голас Радзімы», 11 жн. 2005;
- Календарыюм // «Czasopis» № 09/2005;
- Алісіёнак В. Тэматыка і праблематыка польскамоўнае творчасці Плацыда Янкоўскага // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры БДУ. Вып. 1. — Мн., 2001.
- Charkiewicz W. Placyd Jankowski (John of Dycalp): Zycie i tworczosc. Wilno, 1928.
- В. Н. Киселев Птенец гнезда Иосифова Архівавана 14 сакавіка 2008.
- протый. Аляксандр Пачопка Плакід Янкоўскі — пісьменнік і святар
- Список начальствующих, преподавателей и других лиц, служивших в Литовской Духовной Семинарии в 1828—1878 годах
- Старонка Плацыда Янкоўскага Архівавана 8 ліпеня 2013. // на pawet.net
- Нарадзіліся 2 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1810 годзе
- Нарадзіліся ў Брэсцкім павеце
- Памерлі 11 сакавіка
- Памерлі ў 1872 годзе
- Памерлі ў Слонімскім павеце (Расійская імперыя)
- Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта
- Выкладчыкі Віленскай духоўнай семінарыі
- Кавалеры ордэна Святой Ганны 2 ступені
- Кавалеры ордэна Святой Ганны 3 ступені
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Нарадзіліся 20 верасня
- Нарадзіліся ў Камянецкім раёне
- Памерлі ў Жыровічах
- Пісьменнікі Беларусі
- Пісьменнікі Польшчы
- Рускамоўныя пісьменнікі
- Польскамоўныя пісьменнікі