Плябанскія млыны

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Клебанскі млын, Майсей Сляпян, 1925

Плябанскія млыны — комплекс вадзяных млыноў на рацэ Свіслач у Мінску.

Пачаткова левабярэжны млын належаў мінскаму дамініканскаму кляштару, правабярэжны — уніяцкай царкве. Пазней першы млын перайшоў у валоданне касцёла Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы, другі — да праваслаўнага Архірэйскага двара.

З боку Траецкай Гары да млыноў ішла аднайменная вуліца (у 1866 годзе перайменавана ў Шырокую, цяпер Куйбышава).

Гісторыя з Плябанскімі млынамі[правіць | правіць зыходнік]

У 1893 годзе месцічы, якія жылі каля млыноў пачалі скардзіцца на вялікую шкоду Плябанскай плаціны. Збудаванне стрымлівала вольную пратоку вады, што вяло да забалочвання мясцовасці і паводак. Апроч таго, маларухомая вада збірала брудныя сцёкі з суседніх рынку і бальніцы і такім чынам рабілася крыніцай эпідэмічных захворванняў.

Пасля абследавання стану мясцовасці гарадскі санітарны камітэт вырашыў, што плаціну мэтазгодна зруйнаваць. Тады ж гарадская ўправа пачала перамовы з канторай архірэйскага дома і плябаніяй касцёла Святой Тройцы. Праваслаўныя згадзіліся знесці млын за 12,6 тыс. рублёў, каталікі — за 10 тыс. Але такіх грошаў у горада не знайшлося, а хадайніцтва на атрыманне ўрадавай пазыкі засталося безвыніковым.

Справа пра выкуп млыноў разглядалася ў Свяцейшым Сінодзе — найвышэйшай духоўнай інстанцыі Расійскай імперыі. У сакавіку 1900 года той дазволіў прадаць архірэйскі млын, але толькі на знос без права на прылеглую зямлю. Такая ўмова не задаволіла гарадскія ўлады, якія жадалі выкупіць млын разам з зямлёй. У сваю чаргу архірэйскі дом, каб яшчэ раз падкрэсліць свае ўласніцкія правы, пачаў рамантаваць млын і сваю частку плаціны. У 1901 годзе ўлады спрабавалі зруйнаваць млын судовым парадкам, але беспаспяхова.

Пасля вялікай вясновай паводкі 1906 года, якая амаль разбурыла плаціну, зноў паўстала пытанне пра выкуп. Праз некалькі гадоў горад купіў у Свята-Траецкага касцёла яго млын разам з прылеглай зямлёй за першапачатковую суму. Управа спадзявалася распаўсюдзіць свае правы і на астатнюю частку плаціны. У 1909 годзе падчас вясновага крыгаходу гарадскі галава Стэфановіч загадаў зняць усе засаўкі каб пазбегнуць паводкі. Аднак архіепіскап Міхаіл за парушэнне правоў уласнасці прыцягнуў увесь склад гарадской управы да судовай адказнасці. Пан Стэфановіч страціў пасаду.

Рака Свіслач каля Замчышча (Плябанскія млыны знаходзіліся ніжэй па цячэнні), малюнак Я. Драздовіча

У 1911 годзе ўправа аднавіла перамовы наконт выкупу плаціны і млына. Аднак пры падпісанні канчатковых дакументаў высветлілася, што места заплаціўшы значна большую суму (17 тыс. рублёў) так і не набыло правоў на зямлю пад плацінай. Тым часам жыхары прыбярэжных раёнаў па-ранейшаму цярпелі ад частых паводак і пілі ваду, зусім не прыдатную да ўжывання (у ёй, у прыватнасці, ішло гніенне трупаў жывёл, затрыманых плацінай).

У маі 1913 года тэрмін арэнды архірэйскага млына скончыўся. Але гарадской управе так і не ўдалося дамовіцца наконт выкупу, таму арэнда працягнулася на новае дзесяцігоддзе. Плаціна не была знесена.

Такім чынам, непахіснасць палажэнняў закону аб прыватнай уласнасці і бязглуздыя амбіцыі Рускай праваслаўнай царквы перамаглі першачарговую неабходнасць паляпшэння санітарнага стану Мінска.[1]

Зноскі

  1. Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 114

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994.— 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 2-я. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 714 с.: іл. ISBN 985-6302-46-3.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]