Полацкае Евангелле
| ||
Полацкае Евангелле. XII — XIII стагоддзе | ||
Матэрыял | пергамент | |
---|---|---|
Тэхніка | рукапіс | |
Расійская нацыянальная бібліятэка, фрагмент - Расійская дзяржаўная бібліятэка, Санкт-Пецярбург, Масква |
Полацкае Евангелле — помнік пісьмова-кніжнай культуры, рукапіснае Евангелле-апракас, створанае ў канцы XII — пачатку XIII стагоддзя[1]. Захавалася 172 аркушы.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Евангелле створанае, верагодна, у Полацку. Паводле легенды, стварыла яго святая Еўфрасіння Полацкая, што аднак малаверагодна.
Паводле некаторых звестак, Евангелле выкарыстоўвалася як напрастольнае ў полацкім Траецкім манастыры. Пасля захопу горада ў Лівонскую вайну Іванам Грозным Полацкае Евангелле магло быць вывезена з Полацка. Звесткі пра яго месцазнаходжанне да XIX стагоддзя адсутнічаюць.
У 1852 годзе 170 захаваных аркушаў разам з некаторымі іншымі рарытэтамі са збораў Міхаіла Пагодзіна набыла Імператарская публічная бібліятэка (цяпер — Расійская нацыянальная бібліятэка, Санкт-Пецярбург), дзе яны захоўваюцца і цяпер. Яшчэ два аркушы, што захоўваліся ў збіральніка даўніны Вукола Ундольскага, трапілі ў бібліятэку Румянцаўскага музея і цяпер захоўваюцца ў Аддзеле рукапісаў Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі ў Маскве.
Апісанне[правіць | правіць зыходнік]
Рукапіс напісаны на пергаменце уставам, почыркам двух пісцоў, у два слупкі. Арнамент ініцыялаў адносяць да старавізантыйскага тыпу. Мова рукапісу змяшчае рысы, уласцівыя мясцоваму дыялекту крывічоў. Разметка лінеек здзейсненая вострым пісалам. Дзіркі ў пергаменце (частая з'ява ў вырабленых скурах жывёл, месцы ўкусаў аваднёў) акуратна заштопаныя.
Рукапіс змяшчае 2 застаўкі (ілюстрацыі), якія, аднак, блага захаваліся з-за выкарыстання серабра, якое з цягам часу акісляецца. Выкарыстанне срэбра не характэрнае для славянска-візантыйскіх рукапісаў, аднак шырока ўжывалася ў Германіі.
Вялікую цікавасць складаюць маргіналіі на палях, датаваныя XIII—XIV стагоддзямі, напісаныя тагачаснай беларускай мовай[2].
Полацкае Евангелле — найранейшы са створаных на тэрыторыі Беларусі рукапісаў, які захаваўся ў такім аб'ёме (170 аркушаў). Больш старажытнае Тураўскае Евангелле мае ўсяго 11 аркушаў.
Выданне[правіць | правіць зыходнік]
Доўгі час рукапіс быў недасяжны і не выдаваўся. У 2010 годзе скончылася рэстаўрацыя Евангелля, якая каштавала 42 тысячы еўра. У 2012 годзе, 4 снежня ў Мінску пачаўся друк факсімільнага выдання[2], якое пабачыла свет у 2013 годзе разам з матэрыяламі навуковых даследаванняў і ўзноўленым тэкстам помніка.
Зноскі
- ↑ Суша А. Полацкае Евангелле як сімвал беларускай культуры // Святое Евангелие [из града Полоцка]: исторический и лингвистический комментарий, воспроизведенный текст. — Минск, 2012. — С. IX—XII.
- ↑ 2,0 2,1 Распачатае друкаванне факсыміле Полацкага Евангелля канца XII — пачатку XIII ст.. Наша Ніва (4 снежня 2012). Праверана 5 снежня 2012.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- К.А. Адкрыцці Полацкага Евангелля. 170 лістоў пра XII стагоддзе // Культура. — 13-19.02.2010. — № 7 (927).
|