Полацкае жаночае епархіяльнае вучылішча (Віцебск)
Полацкае жаночае епархіяльнае вучылішча | |
---|---|
Заснаваны | канец 1863 |
Тып | духоўнае вучылішча |
Адрас | г. Віцебск |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Полацкае жаночае епархіяльнае вучылішча — былая рэлігійная адукацыйная ўстанова ў Віцебску. Існавала ў 1864—1918 гадах на Духаўскай гары.
Названа Полацкім з-за таго, што з'яўлялася асноўнай духоўнай навучальнай установай для дзяўчат у Полацкай (Полацка-Віцебскай) епархіі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вучылішча было заснавана ў канцы 1863 года. Спачатку змяшчалася ў арэндаванай кватэры[1], пазней у арэндаваным доме.
Вучылішча было адкрыта 2 красавіка 1864 года. У 1872 годзе «вучылішча дзяўчат духоўнага звання» перавялі ў будынак былога Свята-Духава манастыра, які спецыяльна перабудавалі для гэтага. У 1898—1901 на месцы былога кляштара для вучылішча быў пабудаваны новы трохпавярховы будынак па праекце А. Паўлоўскага і П. Вінаградава. Адкрыццё новага будынка адбылося ў 1902 годзе. Будынак злучаўся пераходам з вучэльнай царквой Святога Духа.
Спачатку складалася пад заступніцтвам імператрыцы Марыі Аляксандраўны, затым — імператрыцы Марыі Фёдараўны. Вучылішчы, якія знаходзіліся пад заступніцтвам імператрыцы мелі больш шырокую адукацыйную праграму ў параўнанні з іншымі вучылішчамі духоўнага ведамства Расійскай імперыі. З-за больш высокага ўзроўню выкладання і, адпаведна, прэстыжу ў Полацкім вучылішчы навучаліся дачкі святароў, а ў Свята-Еўфрасіннеўскім духоўным вучылішчы ў Полацку дачкі дзячкоў і дзякаў.
Першапачаткова вучылішча было трохласным з шасцігадовым тэрмінам навучання. Дзяўчатам выкладалі Закон Божы, чытанне і пісьмо на рускай і славянскай мовах, рускую і славянскую граматыку, чыстапісанне, арыфметыку, маляванне, ўсеагульную і рускую гісторыю, геаграфію, рукадзелле, царкоўныя спевы, прывучалі да вядзення хатняй гаспадаркі, працы ў садзе і агародзе. Старшакласніцы атрымлівалі веды і ўменні аб выхаванні і доглядзе дзяцей, аб доглядзе хворых, пра ўжыванне розных лекавых раслін.
У 1868 году імператар Аляксандр II зацвердзіў «Статут дыяцэзіяльных жаночых вучылішчаў». Вучылішчы духоўнага ведамства сталі перакладаць на праграмы дыяцэзіяльных жаночых вучылішч, паколькі выхаванкі апошніх маглі прэтэндаваць на званне хатніх настаўніц па асобных прадметах. У ходзе гэтага пераўтварэння быў пашыраны круг выкладаемых прадметаў. Да ранейшых дадаліся славеснасць, гісторыя рускай літаратуры, геаметрыя, фізіка.
Полацкае вучылішча было першым з жаночых духоўных вучылішчаў на тэрыторыі Беларусі, выхаванкі якога атрымалі права на званне хатніх настаўніц па прадметах, у якіх яны дасягнулі добрых поспехаў. Адбылося гэта 12 лістапада 1871 года.
З 1901/02 года вучылішча было паступова пераўтворана ў шасцікласнае. Аднак, аб'ём ведаў, які атрымлівалі ў духоўных жаночых вучылішчах усё роўна быў менш, чым у жаночых гімназіях. Але пасля заканчэння вучылішча дзяўчыны маглі паступіць у жаночую гімназію, папярэдне здаўшы ўступныя экзамены па ўсіх прадметах (акрамя Закона Божага).
У 1912 годзе ў вучылішчы быў адкрыты дадатковы сёмы педагагічны клас.
У 1918 годзе вучылішча было зачынена.
Будынак
[правіць | правіць зыходнік]Мураваны трохпавярховы Е-падобны ў плане будынак. Галоўны фасад вылучаны цэнтральным рызалітам з балконам актавай залы на другім паверсе, які падтрымліваюць чатыры слупы.
Начальніцы вучылішча
[правіць | правіць зыходнік]Першай начальніцай стала баранэса Марыя Аляксандраўна Бадэ. З 1889 года і на працягу больш за 20 гадоў начальніцай вучылішча была дваранка Марыя Васільеўна Самочэрнава. Яна прыпадала стрыечнай сястрой рускаму кампазітару, піяністу і дырыжору, які стаяў на чале «Магутнай купкі » Мілію Балакіраву.
Зноскі
- ↑ Вестник Юго-Западной и Западной России (историко-литературный журнал, издаваемый К. Говорским). Год второй. Том III. — Киев, 1864.