Полацкі залаты скарб

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Полацкі залаты скарб — скарб залатых упрыгажэнняў IX-першай паловы XI стст., выпадкова знойдзены 10 красавіка 1984 года на тэрыторыі Полацкага Ніжняга замка (сучасны стадыён «Спартак») падчас уборкі футбольнага поля пасля культывацыі. Скарб з'яўляецца адзіным комплексам ювелірных вырабаў X ст.

Уяўляе сабой некалькі фрагментаў залатых ювелірных упрыгажэнняў эпохі вікінгаў. Навукоўцы мяркуюць, што ўпрыгажэнні былі зроблены ў Паўночнай Еўропе, ― гэта пацвярджае меркаванне аб гандлёвых сувязях з ёй беларускіх зямель. Вырабы вялікай каштоўнасці належалі прадстаўнікам мясцовай эліты, магчыма, звязанай з княскім акружэннем. Знаходка адразу ставіць Полацк у адзін шэраг з буйнейшымі гарадамі Паўночнай Еўропы. Падобныя рэчы, відаць, служылі ў асноўным для грашовых разлікаў.

Даволі масіўныя ўпрыгажэнні (бранзалеты і шыйныя грыўны) агульнай вагай 334.36 г выкананы з золата 958 пробы, у тэхніцы кавання, ліцця, пляцення і скручвання[1].

Полацкі рэчавы скарб складаецца з 6 прадметаў:

  • бранзалет дротавы, чатырохгранны ў сячэнні, сэрцападобнай канфігурацыі з разамкнутымі, паступова звужанымі, абрубленымі канцамі;
  • бранзалет з двух фрагментаў ў выглядзе няправільнага авала, кругладротавы са звужанымі разамкнутымі канцамі. Адносіцца да тыпу бранзалетаў з завязанымі канцамі, але канцы разагнутыя: адзін з іх закручаны ў выглядзе пятлі, другі закручаны, але не завязаны;
  • бранзалет у выглядзе няправільнага авала кругладротавы, разамкнуты, з коса абрубленымі канцамі;
  • грыўня (фрагмент), плеценая з чатырох круглых у папярочным сячэнні дротаў з паступовым звужэннем к канцу;
  • бранзалет (фрагмент) альбо грыўня (фрагмент) плецены з чатырох шмат-гранных у папярочным сячэнні дротаў, з паступовым звужэннем к канцу;
  • бранзалет віты з двух шматгранных у папярочным сячэнні дротаў, паступова звужаны к канцам. Адзін з дротаў мае кроплепадобнае заканчэнне. Канцы бранзалета абрубленыя.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).
  • Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мн., «Беларуская энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі.- 1993.- С. 511
  • Еремеев И. И. Полоцкая земля / Русь в ІХ-Х веках: археологическая панорама// Институт археологии РАН; отв. Ред. Н. А. Макаров. — М.,2012 — с.279-300.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]