Полк КАП «Сноў»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Полк Корпуса аховы памежжа «Сноў»
Pułk KOP „Snów”
Служачыя палка каля штаба — колішняга палаца Рдултоўскіх, 1930-я гг.
Гады існавання люты 1937 — верасень1939
Краіна  Польшча
Падпарадкаванне Корпус аховы памежжа
Тып воінскае фарміраванне
Складаецца з камандавання, трох памежных батальёнаў, двух кавалерыйскіх эскадронаў, артылерыйскай батарэі, роты сапёраў, станцыі паштовых галубоў
Дыслакацыя Сноў
Войны Польская абарончая вайна (1939)
Удзел у
Камандзіры
Вядомыя камандзіры падпалкоўнік Тадэвуш Пушчыньскі
падпалкоўнік Анджэй Багач
падпалкоўнік Яцэк Юра

Полк Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Сноў» (польск.: Pułk KOP «Snów») — пяхотнае падраздзяленне Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, якое размяшчалася ў Снове ў 1937—1939 гадах і прымала ўдзел у Польскай абарончай вайне, а таксама ў абароне дзяржаўных межаў падчас паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Загадам камандавання ад 23 лютага 1937 года была распачата першая фаза рэканструкцыі Корпуса аховы памежжа «R.3»[1]. Адным з яе вынікаў стала расфармаванне брыгады «Навагрудак», а замест яе стварэнне палка «Сноў». У яго склад увайшлі батальёны «Клецк», «Стоўбцы» і «Сноў», кавалерыйскія эскадроны «Клецк» і «Стоўбцы», рота сапёраў у Стоўбцах, а таксама станцыя паштовых галубоў «Баранавічы». У верасні 1937 года была ўтворана артылерыйская батарэя «Клецк», якая таксама стала падпарадкоўвацца палку «Сноў»[2].

Дзейнасць палка была дакладна вызначана адрэзкамі дзяржаўнай мяжы, якія ён мусіў ахоўваць. Паўночная мяжа знаходзілася на адрэзку, які адносіўся да стражніцы «Барздзі» пятай памежнай роты «Стасеўшчына» батальёна «Стоўбцы». Паўднёвая мяжа была вызначана на памежнай лініі каля стражніцы «Геленава» другой памежнай роты «Вароніна» батальёна «Клецк».

У сакавіку 1939 года памежны полк «Сноў» мабілізаваў першы пяхотны полк Корпуса аховы памежжа (таксама вядомы як пяхотны полк «Сноў»), які быў перамешчаны ў раён Жыўца і стаў падпарадкоўвацца арміі «Кракаў»  (англ.). У тым жа месяцы была мілітарызавана рота сапёраў «Стоўбцы», якая была перагрупавана ва ўзвод сапёраў «Стоўбцы» і ўвайшла ў склад арміі «Лодзь»  (англ.). Такі лёс чакаў у красавіку і артылерыйскую батарэю «Клецк», перадыслакаваную ў раён Аўгустава і падпарадкаваную самадзейнай аператыўнай групе «Нараў»  (польск.).

У сувязі з пачаткам Польскай абарончай вайны ў верасні 1939 г. памежнае падраздзяленне ў Снове сфармавала 96-ы рэзервовы пяхотны полк у складзе батальёнаў «Стоўбцы», «Клецк» і «Людвікова» (з брыгады «Палессе»). Камандзірам 96-га пяхотнага палка стаў падпалкоўнік Анджэй Багач, колішні кіраўнік палка «Сноў». Некаторыя адзінкі палка, такія як кавалерыйскія эскадроны «Клецк» і «Стоўбцы», былі ўключаны ў склад 38-й рэзервовай дывізіі пяхоты, дзе працягнулі выконваць свае функцыі.

Пасля заканчэння ўсеагульнай мабілізацыі полк быў адноўлены ў складзе двух батальёнаў і працягнуў ахову дзяржаўнай савецка-польскай мяжы даўжынёй 132.640 км[3].

Напад на полк[правіць | правіць зыходнік]

Полк «Сноў», які ахоўваў дзяржаўную мяжу з дапамогай двух батальёнаў у паўднёвай Навагрудчыне пад камандаваннем падпалкоўніка Яцэка Юры, 17 верасня 1939 года быў атакаваны падраздзяленнямі Дзяржынскай конна-механізаванай групы пад правадырствам Івана Болдзіна, чацвёртай арміяй Васіля Чуйкова і 16-м, а таксама 17-м аддзеламі памежных войскаў НКУС[4].

На шляху абароны батальёна «Стоўбцы» савецкія войскі згуртавалі каля 20 батальёнаў пяхоты, 12 палкоў кавалерыі і прыкладна 920—930 адзінак баявой тэхнікі. Першымі атаку пачалі памежнікі з 16-га аддзела аховы памежжа НКУС і рэгулярныя войскі Чырвонай Арміі. Польскія жаўнеры аказвалі непрацяглы супраціў. Да 5.00 раніцы былі захоплены стражніцы «Барздзі» і «Марозавічы», а пасля былі ўзяты ў палон 30 жаўнераў астатніх застаў. Памежнікі стражніцы «Коласава» пасля бою, у якім была ўжыта артылерыя, змаглі адступіць, у выніку ранення на стражніцы загінуў савецкі капітан Ярмакоў. Застава «Смалярня» была закідана гранатамі і згарэла, пры гэтым загінулі некалькі яе служачых, а восем чалавек трапілі ў палон. Пакуль іншыя памежныя адзінкі яшчэ аказвалі супраціў, стражніца ў вёсцы Сверынава ўжо была захоплена а 6.00 раніцы, у савецкі палон здаліся 18 жаўнераў. У цэлым савецкія войскі згубілі шэсць чалавек у баях з батальёнам «Стоўбцы»[5].

У цяжкую сітуацыю трапіў таксама батальён «Клецк» пад камандаваннем капітана Станіслава Звойшчыка. Адрэзак даверанай яму мяжы быў атакаваны 8-й і 143-й стралковымі дывізіямі, а таксама памежнікамі з 17-га аддзела аховы памежжа НКУС. З савецкага боку былі падрыхтаваны 12 батальёнаў і каля 220 баявых адзінак тэхнікі. Атакуючы мяжу на поўдні ад Браткава, чырвонаармейцы да 7.35 захапілі стражніцы «Каранеўшчына», «Балвань Вялікая», «Цецеравец», «Геленава», «Палаўковічы» і памежную роту «Любянец». Сутыкненні на гэтых аб’ектах не былі вельмі стратнымі: напрыклад, штат стражніцы «Цецеравец», напалоханы атакай і згубіўшы аднаго забітага памежніка і аднаго параненага, здаўся без бою. Аднак, нягледзячы на вялікую розніцу ў сілах бакоў, батальён «Клецк» не быў цалкам знішчаны[6].

Улічваючы колькасную перавагу праціўніка і беспаспяховую спробу абароны стражніцаў, полк раніцай 17 верасня адышоў у заходнім кірунку[7]. Батальён «Стоўбцы», адступаючы ў бок Навагрудка, трапляў у бітвы з атакуючымі яго падраздзяленнямі 11-й кавалерыйскай стралковай дывізіі пад камандаваннем Андрэя Нікіціна[8]. Каля 11.00 частка батальёна ў Жукавым Барку ўступіла ў бой супраць 145-га кавалерыйскага палка маёра Карпенкі. Сутыкненне працягвалася некалькі гадзін, за гэты час абавязкі камандуючага ў чырвонаармейцаў пераняў камкор Ярэменка. Толькі пасля прыцягвання артылерыйскага палка польскае падраздзяленне было разбіта, хаця савецкі бок таксама панёс страты: загінулі камандзір аддзялення Сцяпан Гаймакін і некалькі салдат, а старшы лейтэнант Васіль Дулкін быў смяротна паранены[9].

Верагодна, што частка батальёна «Стоўбцы» (або «Івянец») беспаспяхова змагалася ў бітве з браняваным падраздзяленнем камісара Багамолава пад вёскай Бакшты. Іншае падраздзяленне ў складзе 40 чалавек з батальёна «Стоўбцы» было акружана савецкімі танкамі ў сядзібе Храптовічаў у Шчорсах, але з-за адсутнасці супрацьтанкавай зброі было вымушана здацца. Неўзабаве памежнікі былі забіты мясцовымі камуністамі пры патуранні чырвонаармейцаў[9].

У выніку хуткага прасоўвання савецкіх войскаў у заходнім напрамку рэшткі батальённых войскаў былі акружаны 20 верасня ў Міры і захоплены ў палон часткамі 6-й стралковай дывізіі 10-й арміі[8].

Батальён «Клецк» адышоў спачатку да Крывошына, а потым — да Лунінца. Падчас адступлення ён згубіў большую частку рыштунку, але 19 верасня ўсё ж дайшоў да горада. У гэты час выйшаў загад камандзіра Корпуса аховы памежжа Вільгельма Орліка-Рукемана аб падпарадкаванні батальёна брыгадзе «Палессе», таму ён хутка быў рэарганізаваны і аб’яднаны з батальёнам «Людвікова». Камандзірам утворанага падраздзялення стаў падпалкоўнік Яцэк Юра, пад кіраўніцтвам якога батальёны рушылі да месца канцэнтрацыі войскаў Корпуса аховы памежжа на захад ад ракі Стыр[8].

З-за адступлення войскаў, на колішнюю тэрыторыю іх размяшчэння пачалі наступ падраздзяленні чацвёртай арміі камдыва Чуйкова, якія паскорылі тэмп і 19 верасня занялі Пружаны, а на наступны дзень — Кобрын[8].

Структура[правіць | правіць зыходнік]

  • Камандаванне палка
  • Кавалерыйскі эскадрон «Стоўбцы»
  • Кавалерыйскі эскадрон «Клецк»
  • Артылерыйская батарэя «Клецк»
  • Рота сапёраў «Стоўбцы»
  • Станцыя паштовых галубоў «Баранавічы»
  • 9-ы памежны батальён «Клецк»
    • Камандаванне батальёнам
    • Кулямётная рота
    • Узвод сувязі
    • 1 памежная рота «Любянец»
    • 2 памежная рота «Хомінка»
    • 3 памежная рота «Смолічы»[11]

Кіраўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Камандзіры палка[правіць | правіць зыходнік]

  • 1 лютага 1937 — 28 лістапада 1938 — палкоўнік дыпламаваны Тадэвуш Пушчынскі
  • 28 лістапада 1938 — верасень 1939 — падпалкоўнік Анджэй Багач
  • верасень 1939 — падпалкоўнік Яцэк Юра[3]

Штат палка ў чэрвені 1939 года[правіць | правіць зыходнік]

  • Камандзір — падпалкоўнік Анджэй Багач
  • Намеснік камандзіра — падпалкоўнік Войцех Станіслаў Войцык
  • Ад’ютант — капітан Януш Віктар Уладзіслаў Карытка
  • Камандзір сувязі — капітан Ян Рох Леановіч
  • Камандзір роты сапёраў «Стоўбцы» — капітан Мар’ян Уладзіслаў Манікоўскі
  • Камандзір кавалерыйскага эскадрона «Стоўбцы» — ротмістр Станіслаў Наканечнікаў
  • Камандзір кавалерыйскага эскадрона «Клецк» — ротмістр Станіслаў Нэйман
  • Камандзір артылерыйскай батарэі «Клецк» — капітан Збігнеў Юзаф Навакоўскі[13]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Zarządzenie dowódcy KOP w sprawie reorganizacji Korpusu Ochrony Pogranicza („R.3” I Faza) nr L.500/Tjn.Og.Org/37 z 23 lutego 1937 roku. — 1937.
  • Багуслаў Поляк, Ежы Прохвіч, Марэк Яблонаўскі, Уладзімір Янкоўскі. O niepodległą i granice. Korpus Ochrony Pogranicza 1924-1939. Wybór dokumentów. — ВаршаваПултуск: Wyższa Szkoła Humanistyczna w Pułtusku. Wydział Dziennikarstwa i Nauk Politycznych Uniwersytetu Warszawskiego, 2001. — ISBN 83-88067-47-8.
  • Віктар Крыштаф Цыган. Kresy we krwi. Obrona północno-wschodniej Polski we wrześniu 1939. — Варшава: Espadon Publishing, 2006. — ISBN 978-83-60786-00-0.
  • Ежы Прохвіч. Korpus Ochrony Pogranicza w przededniu wojny, Część II. Przemiany organizacyjne i przygotowania wojenne KOP w 1939 roku. — «Wojskowy Przegląd Historyczny», №4 (150)/1994. — Варшава: Czasopisma Wojskowe, 1994. — С. 148—160. — ISBN 0043-7182.
  • Ежы Прохвіч. Formacje Korpusu Ochrony Pogranicza w 1939 roku. — Варшава: Wydawnictwo Neriton, 2003. — ISBN 83-88973-58-4.