Помнік Якубу Коласу (Мікалаеўшчына)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Помнік
Помнік Якубу Коласу
Помнік Якубу Коласу (Мікалаеўшчына).jpg
53°24′12″ пн. ш. 26°49′59″ у. д.HGЯO
Краіна Flag of Belarus.svg Беларусь
Вёска Мікалаеўшчына
Скульптар Аляксей Канстанцінавіч Глебаў, Ігар Краўчанка
Архітэктар Леў Міцкевіч
Дата пабудовы 1972 год
Стан добры

По́мнік Яку́бу Ко́ласу — помнік народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, пастаўлены ў гонар яго 90-годдзя.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ушанаванне памяці Народнага паэта Беларусі, карані якога паходзяць з Мікалаеўшчыны, пачалося адразу пасля смерці літаратара ў 1956 годзе, што было зацверджана пастановай Савета Міністраў БССР[1]. На той час ужо быў падрыхтаваны праект помніка аўтарства Міхаіла Бакланава ў выглядзе бюста, пастаўленага на абліцаваны пастамент з надпісам «Якуб Колас (1882—1956)»[2].

Рэалізацыя праекта ажыццяўлялася на працягу 16 гадоў, у выніку чаго канчатковы варыянт атрымаўся адрозным ад першапачатковага (спрошчаны пастамент, зменены формы бюста). Адкрыццё помніка адбылося ў межах святкавання 90-годдзя з дня нараджэння паэта[3].

Помнік з’яўляецца традыцыйным месцам адзначэння юбілеяў Якуба Коласа. Падчас святкавання 130-годдзя з дня нараджэння пісьменніка да мемарыяла ўсклаў кветкі тагачасны міністр культуры Павел Латушка[4].

На сённяшні дзень гэта адзінае ўвасабленне памяці паэта ў скульптуры на яго малой радзіме. Неаднаразова выказваліся прапановы аб усталяванні падобнага манумента ў Стоўбцах[5]. Працы па яго ўзвядзенні ўжо пачаліся[6].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Помнік размешчаны на невялікай пляцоўцы каля будынка адміністрацыі Мікалаеўшчынскага сельсавета, ад яго да вуліцы Школьнай пракладзена асфальтаваная сцежка, уладкаваны невялікі сквер. Прасторавая кампазіцыя помніка вельмі кампактная[7].

Скульптары — народны мастак БССР Аляксей Глебаў і Ігар Краўчанка, архітэктар — Леў Міцкевіч[3]. Помнік складаецца з прамавугольнага пастамента, на які пастаўлены бюст паэта. Аснова выканана з бетона, абліцаванага лабрадарытам, бюст — бронзавы. Вышыня бюста — 1,1 метра, агульная вышыня разам з пастаментам — 3,6 метраў. У рысах твару Коласа падкрэсленыя такія рысы яго характару, як дабрыня, дасціпнасць і сардэчнасць[7].

На прымацаванай да манумента дошцы маецца цытата з верша паэта «Песняй вітаю я вас», напісанага ў 1936 годзе.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Дмитрий Исайчук. Дата в истории: 58 лет назад на карте города увековечено имя Якуба Коласа (руск.) . Минск-новости (16 жніўня 2014). Праверана 20 ліпеня 2020.
  2. Міхаіл Бакланаў. Ушанаванне Якуба Коласа сучаснікамі і нашчадкамі: праект (рэалізаваны) помніка Я. Коласу ў вёсцы Мікалаеўшчына. (бел.) . Архівы Беларусі (1956). Праверана 20 ліпеня 2020.
  3. 3,0 3,1 Генадзь Тумаш. Родны бераг песняра. — Мінск: «Полымя», 1982. — С. 25. — 30 с. — 3 000, экз.
  4. На малой родине Якуба Коласа прошёл праздник поэзии (руск.) . Агульнанацыянальнае тэлебачанне (27 кастрычніка 2012). Праверана 20 ліпеня 2020.
  5. Алена Анісім прапануе паставіць у Стоўбцах помнік Коласу і адкрыць беларускую гімназію (бел.) . Наша ніва (4 лістапада 2016). Праверана 20 ліпеня 2020.
  6. Алена Пашкевіч. Выведуць на творчую арбіту — якім будзе помнік Якубу Коласу ў Стоўбцах (бел.) . Стаўбцоўская раённая газета «Прамень» (26 студзеня 2020). Праверана 20 ліпеня 2020.
  7. 7,0 7,1 Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, зтнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ, 1987,— 308 с.: іл. — С. 241

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]