Пошукі Максіма Мархалюка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Аперацыя па пошуку 10-гадовага Максіма Мархалюка, які прапаў у Белавежскай пушчы, стала самай маштабнай пошукавай аперацыяй у незалежнай Беларусі. Жыхар вёскі Новы Двор Свіслацкага раёна Максім Мархалюк знік 16 верасня 2017 года.[1] У рамках крымінальнай справы разглядаюцца дзве асноўныя версіі — няшчасны выпадак і крымінал. Праверана больш за 5 тысяч падазраваных і сведкаў, пры дачы паказанняў выкарыстоўваўся паліграф.[2] Першыя дні пасля знікнення хлопчыка шукалі з удзелам да пяці соцень валанцёраў штодзённа, агулам у пошуках прынялі ўдзел прыблізна 3 тысячы асобаў. Нягледзячы на намаганні, пошукі так і не прынеслі выніку.[3] Зніклага Максіма Мархалюка аб’явілі ў міжнародны вышук.[4][5]

Ход падзей[правіць | правіць зыходнік]

Валанцёры, якія выстраіліся ў ланцуг падчас пошукаў 26 верасня 2017 года (Белавежская пушча).

Першыя паведамленні пра знікненне 10-гадовага Максіма Мархалюка з’явіліся 18 верасня 2017 года. У аператыўнай зводцы адзначана, што ў міліцыю звярнулася маці 10-гадовага хлопчыка і паведаміла, што каля 20.00 увечары 16 верасня ён паехаў на ровары ў бок лесу каля сваёй вёскі і знік. Ужо а 22 гадзіне ў гэты ж дзень Максіма пачалі шукаць — бацькі, аднавяскоўцы, супрацоўнікі міліцыі і МНС. У лесе знайшлі ровар хлопчыка, пакет з грыбамі, але болей ніякіх слядоў. Паводле міліцэйскай зводкі, хлопчык выглядае на 8—9 гадоў, быў у сініх спартовых штанах, карычневым швэдры з капюшонам, вішнёвай безрукаўцы.

Праз 10 дзён пасля знікнення Максіма Мархалюка Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле часткі 2 артыкула 167 КПК.[6] Асноўная версія, якой на працягу дзесяці дзён прытрымліваліся ў пошукавым штабе, — хлопчык заблукаў у лесе. Тэрыторыя лесу была разбітая на квадраты, кожны з іх правяраўся. Таксама правяраліся хутары і закінутыя хаты. Шукальнікі прайшлі да той максімальнай адлегласці, якую мог пераадолець хлопчык за час знікнення. У пошуку задзейнічаныя верталёты і беспілотнікі з цеплавізарамі. У першыя дні, як хлопчык знік, бацькі звярнуліся да варажбітак і экстрасэнсаў.

Каля сельскага савету быў створаны штаб пошукаў, дзе размешчана глабальная карта мясцовасці, арганізавана харчаванне валанцёраў і паркоўка для машын.[7] Паводле каардынатара шукальніцка-ратавальнага атраду «Анёл» Крысціны Басавай, якая двойчы выязджала ў Новы Двор шукаць Максіма Мархалюка, самае небяспечнае для хлопчыка — дзікія жывёлы, непраходныя балоты і само надвор’е. Мясцовыя жыхары цвердзяць, што хлопчык падрыхтаваны і знікнуць у лесе так проста не мог. У інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што Максім Мархалюк мог уцячы ў Польшчу, але польскі бок не пацвердзіў гэтую інфармацыю.[8]

Праз тыдзень пасля знікнення Максіма ў Беларусі быў абвешчаны збор усіх шукальніцка-ратавальных атрадаў. У выходныя 2324 верасня 2017 года ў пошуках хлопчыка бралі ўдзел больш за тысячу чалавек. Акрамя супрацоўнікаў міліцыі, вайскоўцаў, памежнікаў, супрацоўнікаў МНС, у Новы Двор прыехалі шукальнікі з усяе Беларусі, валанцёры са Смаленскай вобласці і Літвы. Пасля 13 дзён безвыніковых пошукаў зніклага ў Белавежскай пушчы Максіма Мархалюка пошукі хлопчыка будуць працягвацца толькі спецыяльна падрыхтаванымі групамі, без валанцёраў.[9]

Зноскі

  1. Пошукі Максіма Мархалюка працягнуць адмыслоўцы. Радыё Свабода (29 верасня 2017). Праверана 3 ліпеня 2018.
  2. Пошукі Максіма Мархалюка: у рамках крымінальнай вэрсіі апытана некалькі тысяч чалавек. Радыё Свабода (22 снежня 2017). Праверана 3 ліпеня 2018.
  3. Максіма Мархалюка пакуль не знайшлі(недаступная спасылка). Белтэлерадыёкампанія (21 верасня 2017). Архівавана з першакрыніцы 22 верасня 2020. Праверана 3 ліпеня 2018.
  4. Пошукі Максіма Мархалюка ў Белавежскай пушчы працягваюцца. Звязда (19 лютага 2018). Праверана 3 ліпеня 2018.
  5. Максім Мархалюк абвешчаны ў міжнародны вышук(недаступная спасылка). Радыё Рацыя (5 кастрычніка 2017). Архівавана з першакрыніцы 27 лістапада 2020. Праверана 3 ліпеня 2018.
  6. Міліцыя паведаміла, што пошукі Максіма Мархалюка ў пушчы працягнуцца. euroradio.fm (22 снежня 2017). Праверана 3 ліпеня 2018.
  7. Пошукі Максіма Мархалюка ў Белавежскай пушчы працягваюцца. БелСат (17 верасня 2017). Праверана 3 ліпеня 2018.
  8. Што адбылося за тры месяцы пошукаў Максіма Мархалюка. Хартыя'97 (27 снежня 2017). Праверана 3 ліпеня 2018.
  9. Пошукі Максіма Мархалюка ў Белавежскай пушчы знялі з дрона. euroradio.fm (25 верасня 2017). Праверана 3 ліпеня 2018.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]