Перайсці да зместу

Правадное вяшчанне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Правадное вяшчанне — сістэма аднанакіраванай перадачы сігналаў гукавога вяшчання ад цэнтральнай вяшчальнай станцыі да многіх слухачоў па правадах (кабелях). Перавагі праваднога вяшчання — адносна высокая якасць гучання з мінімумам перашкодаў пры прастаце і таннасці абаненцкіх прыёмнікаў, энерганезалежнасць, высокая надзейнасць за кошт прастаты прылады і дублявання многіх элементаў сістэмы, больш высокая абароненасць пры радыёпадаўленні у параўнанні з бесправадным радыёвяшчаннем. Недахопы — неабходнасць пракладкі разгалінаваных вяшчальных сетак, магчымасць выкарыстання толькі стацыянарных прыёмнікаў, абмежаваны выбар праграм для праслухоўвання.

Важную ролю адыгрывае сістэма праваднога вяшчання ў грамадзянскай абароне на выпадак надзвычайных здарэнняў, сістэма прадугледжвае ўключэнне гучнагаварыцеляў вулічнага апавяшчэння і сірэн апавяшчэння па камандзе дыспетчара.

Стваральнікам праваднога радыё лічыцца псіхолаг, філосаф, публіцыст і вынаходнік польскага паходжання Юліан Ахаровіч, які вызначыўся ў такіх галінах, як электратэхніка, тэлебачанне, фотатэхніка і хімія, вынайшаў двухмембранны электрамагнітны тэлефон. У 1880 гучнагаварыцель яго вынаходкі выкарыстоўваўся ў першым агучванні опернага спектакля ў Парыжы.

У 1928 г. была распрацавана першая ў свеце ўстаноўка сінхроннага перакладу для VI кангрэсу Камінтэрна ў Маскве, якая выкарыстоўвала правадное вяшчанне. Сістэма абслугоўвала каля 1000 дэлегатаў, пераклад вёўся на пяці мовах.

Правадное вяшчанне ў СССР

[правіць | правіць зыходнік]
Вілка ВПВ-1 з разеткай РПВ-1 для абаненцкай радыёкропкі

Найбольшае развіццё правадное вяшчанне атрымала ў СССР. Пачатак быў пакладзены ўжо ў 1921 г. З 1925 прыёмнікі праваднога вяшчання сталі ўстанаўлівацца ў жылых дамах. У 1937 годзе на тысячу жыхароў прыходзілася прыкладна 25 радыёкропак.

У гады Вялікай Айчыннай вайны правадное вяшчанне шырока выкарыстоўвалася для апавяшчэння насельніцтва аб налёце варожай авіяцыі. У той час як звычайныя эфірныя радыёпрыёмнікі на час вайны былі ў насельніцтва канфіскаваныя, правадное вяшчанне заставалася практычна адзінай крыніцай інфармацыі.

З 1962 г. пачалося ўкараненне сістэмы трохпраграмнага праваднога вяшчання. У сакавіку 1964 была прынята пастанова Савета Міністраў РСФСР (былі таксама аналагічныя пастановы ў іншых саюзных рэспубліках) аб абавязковай наяўнасці радыётрансляцыйнай сеткі ва ўсіх новых жылых дамах. Да пачатку XI пяцігодкі ў краіне было 81 600 000 абаненцкіх прылад.

Па сетцы праваднога вяшчання трансляваліся: на гукавых частотах Першая праграма Усесаюзнага радыё, на частаце 78 кГц — Другая праграма Усесаюзнага радыё («Маяк») і на частаце 120 кГц — Трэцяя праграма Усесаюзнага радыё.

Падчас адключэння трансляцыі (звычайна а 00:06 па мясцовым часе) у пачатку 90-х гадоў правадныя сеткі часта выкарыстоўваліся пірацкімі станцыямі.

У сувязі з распаўсюджваннем хатніх радыёкропак спынілася трансляцыя радыёпраграм праз вулічныя гучнагаварыцелі. Частка іх магла быць выкарыстана для экстраннага апавяшчэння насельніцтва.

Найбольшага развіцця правадное вяшчанне дасягнула ў другой палове 80-х гадоў. Радыётрансляцыйныя разеткі (радыёкропкі) ўсталёўваліся ва ўсіх жылых памяшканнях, была створана развітая сетка, кошт паслуг быў нізкі, прамысловасць масава выпускала танныя адно- і трохпраграмныя прыёмнікі. Многія магнітафоны, што вырабляліся ў СССР, забяспечваліся асобным гняздом для запісу з радыёкропкі. Правадное радыёвяшчанне стала адным з найважнейшых сродкаў масавай інфармацыі разам з тэлебачаннем, эфірным вяшчаннем і перыядычнымі выданнямі.

Прынцыповая будова класічнай правадной сеткі

[правіць | правіць зыходнік]

Правадная радыёсетка складаецца з будынка радыёвузла, адкуль радыёсігнал паступае на размеркавальныя сеткі. Намінальнае (рабочае) напружанне ў гэтых сетках рознае: звычайна 960 В — у магістральных фідэрных лініях, 240 В — у размеркавальных фідэрных лініях, 30 В — у абаненцкіх лініях. Усе ўзмацняльныя станцыі і трансфарматарныя падстанцыі буйных вузлоў правадной сеткі аўтаматызаваны і кіруюцца дыстанцыйна з цэнтральнай ўзмацняльнай станцыі. У малых гарадах і населеных пунктах гарадскога тыпу вузел праваднога вяшчання структурна можа быць абмежаваны 3, 2 ці 1 звяном. Высокая надзейнасць работы вузлоў праваднога вяшчання забяспечваецца рэзерваваннем узмацняльнікаў і сілкаваннем трансфарматарных падстанцый двума фідэрамі — ад розных апорных узмацняльных станцый, а таксама сістэмай лакалізацыі пашкоджанняў ў сетцы. Вяшчальная праграма паступае на ўзмацняльную станцыю ў раённым цэнтры з міжгародняга вяшчальнага канала або прымаецца радыёпрыёмнікам, усталяваным на самой станцыі. Акрамя размеркавальнай сеткі фідэрных ліній раённага цэнтра, да станцыі падключаны доўгія (да 40 км) фідэрныя лініі, якія ідуць у суседнія населеныя пункты. Надзейнасць гэтых ліній і якасць гучання праграм, якія перадаюцца, некалькі паніжаны. Таму ў тых месцах, дзе забяспечаны ўстойлівы радыёпрыём на УКХ, часта ўстанаўліваюць сельскія аўтаматызаваныя вузлы праваднога вяшчання. Вяшчальныя праграмы паступаюць на станцыі такіх вузлоў з бліжэйшай перадаючай радыёстанцыі. Уключэнне і выключэнне вузла ажыццяўляецца аўтаматычна па кадзіраваным камандам, якія перадаюцца той жа радыёстанцыяй. Размеркавальныя сеткі праваднога вяшчання ў гарадах, як правіла, паветраныя. Яны выконваюцца з стальных або біметалічных правадоў. У сельскай мясцовасці ўжываюць як паветраныя правадныя сеткі, так і падземныя кабельныя (пераважна з алюмініевымі токаправоднымі жыламі).

Нетрадыцыйныя сістэмы праваднога вяшчання

[правіць | правіць зыходнік]

Трохпраграмнае правадное вяшчанне

[правіць | правіць зыходнік]

У сістэме трохпраграмнага праваднога вяшчання, створанай у СССР, першая праграма перадаецца на гукавых частотах і яе можна слухаць уткнуўшы ў радыёразетку звычайны дынамік. Другая і трэцяя праграмы перадаюцца ў высокачастотным дыяпазоне з выкарыстаннем амплітуднай мадуляцыі (частата апорнай складае адпаведна 78 і 120 кГц). Паколькі на ультрагукавых частотах згасанне сігналу ў лініі даволі вялікае, трохпраграмны абаненцкі прыёмнік павінен ўключаць у сябе ўзмацняльнік. У СССР быў наладжаны выпуск адносна простых і надзейных трохпраграмных прыёмнікаў, якія ўключаліся ў радыётрансляцыйную сетку і ў электраасвятляльную сетку. У абсалютнай большасці з іх была прадугледжана магчымасць праслухоўвання першай праграмы без падключэння прыёмніка да электраасвятляльнай сеткі, што захоўвала для абанентаў найважнейшую з добрых якасцяў сістэмы вяшчання — яе энерганезалежнасць, але толькі на адзінай, першай, праграме.

У 1990 годзе было анансавана ўвядзенне чатырохпраграмнага праваднога вяшчання, на частаце 52 кГц, але па прычыне распаду СССР і, імклівай страце цікавасці да праваднога вяшчання, увядзенне 4-й праграмы не адбылося.

Вяшчанне праз тэлефонную сетку

[правіць | правіць зыходнік]

У шэрагу еўрапейскіх краін атрымала распаўсюджванне правадное вяшчанне па звычайнай тэлефоннай сетцы. Гукавыя частоты выкарыстоўваюцца для тэлефоннай сувязі, а шматканальнае вяшчанне вядзецца на ультрагукавых частотах 150…300 кГц. Такое рашэнне асабліва папулярна, напрыклад, у горных раёнах, дзе не прымаюцца радыёстанцыі УКХ ЧМ (а якасць радыёперадач АМ значна ніжэй, чым у праваднога вяшчання).

Сучасны стан праваднога радыёвяшчання

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля распаду СССР у былых саюзных рэспубліках пачаўся заняпад сетак праваднога вяшчання праз страту папулярнасці дадзенага віду радыёвяшчання.

У 2011 годзе прыблізна 30–40 % жыхароў Беларусі слухалі правадное радыёвяшчанне. [1] Да канца 2014 правадное радыёвяшчанне было адключана ва ўсіх вёсках і раёнах, за выключэннем абласных цэнтраў. 1 жніўня 2016 года правадное вяшчанне было адключана ў Брэсце, Віцебску, Гомелі і Гродне[2], 1 кастрычніка 2016 — у Магілёве і Мінску.[3]

Колькасць радыёкропак ва Украіне ў 2011 годзе складала 2,7 мільёна і працягвала скарачацца. У 1991 годзе гэтая колькасць раўнялася 19 мільёнаў, па дадзеных Нацсавета па тэле- і радыёвяшчанню. [4]

Радыёсетка цалкам не працуе ва многіх гарадах Казахстана. Але сама сетка не дэмантуецца і працягвае абслугоўвацца АТ «Казахтэлекам».

У Расіі па стане на канец 2014 ўсё яшчэ працуе трохпраграмная сістэма ў Маскве. На першай праграме транслюецца Радыё Расіі, на другой — Маяк, на трэцяй — Гаворыць Масква (з 26 лютага 2014 г. перайменавана ў «Радыё Масквы»).

Зноскі