Перайсці да зместу

Правадырства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Правады́рства (англ.: chiefdom, укр.: вождівство) — дадзяржаўная палітычная структура, якая аб’ядноўвала шэраг супольнасцей і складаецца з некалькіх паралельных адзінак. Статус лідараў у іерархіі палітычных роляў прыкметна вышэйшы за статус іншых членаў грамадства. Класічнае вызначэнне паняцця правадырства (chiefdom) належыць Роберту Л. Карнэйра і гучыць так: правадырства ёсць «аўтаномнай палітычнай адзінкай, што аб’ядноўвае некалькі паселішч або абшчын пад пастаянным кантролем вярхоўнага правадыра» (Carneiro 1981: стар. 45).

Паміж племянным і дзяржаўным ладам была асобая стадыя, яе прынята называць англійскім словам chiefdom (ад chief — правадыр), што звычайна перакладаюць на беларускую як «правадырства». Вылучаюць простыя і складаныя правадырствы. Галоўнае адрозненне племя ад правадырства ў тым, што племя эгалітарнае — у ім ёсць старэйшыны, але яны не спадчынная знаць. Правадырства іерархічнае — у ім ёсць знатныя роды, у першую чаргу род правадыра. У славянскіх правадырствах VІІ—Х стст. фіксуецца спадчынная ўлада правадыроў — князёў. У візантыйскіх крыніцах з’ява абазначалася паняццем «славінія».

На беларускіх землях правадырствы адпавядаюць старажытнабеларускім этнапалітычным аб’яднанням крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, якія праіснавалі да другой паловы Х ст. і саступілі раннефеадальным дзяржаўным утварэнням (Полацкая дзяржава, Кіеўская дзяржава). Ва ўсходнеславянскай гістарыяграфіі такія дадзяржаўныя аб’яднанні дагэтуль традыцыйна называюць саюзамі плямён. Аднак ужыванне гэтага паняцця лічаць анахранізмам, бо супольнасці перыяду правадырстваў грунтаваліся не на родапляменнай структуры, а на тэрытарыяльнай.

  • Говард Майкл. Сучасная культурная антрапалогія. — Мінск: Тэхналогія, 1995.
  • Горский Антон. Средневековая Русь. О чем говорят источники. — Москва: Ломоносовъ, 2016.
  • Carneiro Robert. The Chiefdom: Precursor of the State // The Transition to Statehood in the New World. — Cambridge, 1981.