Царкоўнае брацтва

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Царкоўнае брацтва — грамадскае або рэлігійна-культурнае аб'яднанне. Брацтвы на ўзор рамесніцкіх цэхаў ўзніклі у гарадах Рэчы Паспалітай ў 16-17 ст.. Звычайна арганізоўваліся пры цэрквах (касцёлах) і манастырах, ад іх часта і атрымоўвалі свае назвы. Існавалі праваслаўныя, а пазней каталіцкія і уніяцкія брацтвы. Паступова спынілі сваю дзейнасць у 18 ст. ва ўмовах эканамічнага і грамадскага крызісу ў Рэчы Паспалітай.

Брацтвы адстойвалі інтарэсы сваіх цэркваў і манастыроў, а таксама агульнаканфесіянальныя і карпарацыйныя інтарэсы. Кожнае брацтва мела статут, скарбонку, пэўнае месца сходаў. На сходах братчыкі абмяркоўвалі пытанні дзейнасці брацтва, прымалі абавязковыя для ўсіх братчыкаў пастановы, размяркоўвалі грашовыя сродкі. У склад брацтва ўваходзізі мяшчане (рамеснікі, купцы), духоўныя асобы, а таксама шляхта і ўраднікі, часам нават сяляне. Брацтвы займаліся дабрачыннай дзейнасцю — будавалі і ўтрымлівалі шпіталі, прытулкі для хворых і жабракоў, наймалі лекараў. Таксама займаліся культурна-асветніцкай дзейнасцю, амаль пры ўсіх брацтвах меліся пачатковыя школы куды запрашаліся настаўнікі, набывалі падручнікі, папера, абсталяванне і інш., брацтвы таксама прычыніліся да развіцця пісьменства, літаратуры і кнігадруку, мелі свае скрыпторыі і друкарні, дзе рэдагавалі і выпускалі слоўнікі, буквары, богаслужбовыя кнігі, палемічную літаратуру, творы айцоў царквы, павучальныя і гістарычныя зборнікі.

Першыя праваслаўныя брацтвы на Беларусі ўзніклі ў 2-й палове 16 ст. На пачатку 17 ст. існавалі ва ўсіх значных гарадах. Брацтвы будавалі цэрквы, дамы прытулку, дапамагалі збяднелым «братчыкам», сіротам. 3 канца 16 ст. актыўна змагаліся супраць паланізацыі, акаталічвання, уніі, супраць нацыянальнага прыгнёту, абаранялі беларускую мову, культуру беларускага народа. Вялі культурна-асветніцкую дзейнасдь, адкрывалі брацкія школы і брацкія друкарні, адыгралі значную ролю ў пашырэнні і дэмакратызацыі адукацыі, літаратуры, мастацтва, кнігадрукавання, школьнага тэатра.

Каталіцкія брацтвы спрыялі пашырэнню ў беларускіх гарадах польскай культуры, утрымлівалі прытулкі, багадзельні і шпіталі, старым і хворым «братам», іх удовам і сіротам выдаваліся пенсіі і інш.

Галоўнай мэтай уніяцкіх брацтваў (узніклі пасля Брэсцкай уніі 1596) была таксама рэлігійная дабрачынная і асветніцкая дзейнасць; яны зрабілі значны ўклад y развіццё беларускай нацыянальнай культуры.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кізіма С. А., Лянцэвіч В. М., Самахвалаў Дз. С. Гісторыя Беларусі: Курс лекцый. — Мн.: Выд-ва МІК, 2003. — 91 с.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).