Перайсці да зместу

Праведнасць

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Праведнасць — тэалагічнае паняцце, якое характарызуе якасць або стан быць маральна правым або апраўданым з пункту гледжання рэлігійнага закону. Шырэй паняцце павязана з маральнасцю, справядлівасцю і дабрадзейнасцю, каштоўнасцямі і ўнутранымі арыенцірамі, якія накіроўваюць паводзіны і рашэнні чалавека.

Таксама праведнасць апісваецца як уласцівасць праведнага чалавека — верніка, які прытрымліваецца ўсіх рэлігійных правіл і вядзе "правільнае" (праведнае) жыццё[1].

У розных рэлігіях

[правіць | правіць зыходнік]

Праведнасць у хрысціянстве — гэта адпаведнасць закону Хрыста, выкладзенаму ў Евангеллі, якая пацвярджаецца жыццём чалавека і ягонымі паводзінамі. Характарызуецца поўнай адданасцю чалавека служэнню Богу і людзям. Лічыцца, што Бог, з'яўляючыся праведным, заклікае да праведнасці і людзей[2]. Сцвярджаецца, што чалавек пры стварэнні атрымаў праведнасць ад Бога, але быў спакушаны сатаною, злоўжыў сваёй свабодай і згубіў праведнасць. Менавіта таму сілы чалавечай натуры аслабленыя, яна знаходзіцца пад уладаю няведання, цярпенняў і схільная да граху[3].

У ісламе праведныя людзі не надаюць вялікай увагі часовым каштоўнасцям зямнога жыцця, а імкнуцца заслужыць любоў і блаславенне Алаха. Гэта робіцца не напаказ, а сціпла, з верай. Такія паводзіны з’яўляюцца прыкладам для іншых[4].

У іўдаізме праведнасць азначае выкананне ўсіх законаў і абавязкаў, ускладзеных на яўрэя Торай і Вусным Законам. Праведнасць патрабуе ўстрымання ад злых учынкаў, а таксама пастаяннага імкнення да справядлівасці і здзяйснення добрых учынкаў. Не з'яўляецца прыроджанай якасцю, чалавек павінен здабываць яе цвёрдым выкананнем абавязкаў. Пры гэтым чалавеку не дадзена дасягнуць абсалютнай праведнасці[5]. З гэтым паняццем таксама звязана званне "Праведнік народаў свету".

У канфуцыянстве паняцце праведнасці носіць этычны характар, гэта, перадусім правільная пабудова жыцця і адносін з іншымі, гэта тое, чым людзі могуць авалодаць свядома[6].

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 Т. 12: Палікрат – Праметэй / Рэдкал.: Г.П.Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 2001 – 560 с.: іл. ISBN 985-11-0198-2 (т.12)
  2. Праведность - православная энциклопедия «Азбука веры» (руск.). azbyka.ru. Праверана 26 мая 2025.
  3. Catholic.by - Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі(нявызн.). old.catholic.by. Праверана 26 мая 2025.
  4. 4 качества, способные привести в Рай. islam-today.ru. Праверана 26 мая 2025.
  5. Праведность // Электронная еврейская энциклопедия — eleven.co.il
  6. Конфуцианское понимание праведности (руск.). Праверана 26 мая 2025.