Перайсці да зместу

Правы чалавека ў Азербайджане

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Палітыка
Азербайджан

Артыкул — частка серыі:
Палітычная сістэма
Азербайджана


Выканаўчая ўлада

  • Міністэрства:

Заканадаўчая ўлада


Адміністрацыйная сістэма


Выбары і палітычная сістэма


Хоць Азербайджан і з’яўляецца членам такіх арганізацый, як Савет па правах чалавека і Савета Еўропы, шэраг незалежных арганізацый, такіх як Human Rights Watch неаднаразова крытыкавалі ўрад Азербайджана з-за парушэнняў правоў чалавека[1]. Таксама ўлады Азербайджана абвінавачваюцца ў фабрыкацыі ілжывых крымінальных абвінавачванняў супраць крытыкаў уладаў, жорсткіх пабоях[2], катаваннях і гвалтоўных знікненнях.

Нягледзячы на існаванне незалежных навінавых агенцтваў, журналісты, якія крытыкуюць урад, часта падвяргаліся зняволенню ў турму, а таксама фізічнаму гвалту. У 2013—2014 гадах у індэксе свабоды прэсы, апублікаваны Рэпарцёрамі без межаў, Азербайджан заняў 160 месца з 180. Прэзідэнт Ільхам Аліеў атрымаў у спадчыну ўладу ад свайго нябожчыка бацькі Гейдара Аліева, які падтрымліваў шырокі культ асобы. Ільхам Аліеў часта падвяргаўся крытыцы з-за правалу ў паляпшэнні становішча ў галіне грамадзянскіх свабод.

Публічныя дэманстрацыі супраць кіруючага рэжыму не дапускаюцца, і ўлады часта выкарыстоўваюць гвалтоўныя меры для разгону дэманстрантаў. З моманту прыходу сям’і Аліевых да ўлады ў 1993 годзе Азербайджан не правёў ні адных выбараў, якія лічыліся «свабоднымі і справядлівымі» міжнароднымі назіральнікамі[3].

Згодна з распараджэннем аб амністыі ад 16 сакавіка 2019 года[4], 51 вязень, чые імёны лічыліся ў дакладах НДА і спісах праваабаронцаў як палітычныя зняволеныя, былі вызваленыя ад пакінутай часткі турэмнага пакарання[5][6].

Карупцыя лічыцца эндэмічнай ва ўсіх сферах палітыкі Азербайджана. Кіруючая сям’я не раз выклікала падазрэнні з боку розных незалежных СМІ з-за іх вялізнага багацця, пра што сведчыць набыццё шырокай нерухомасці за некалькі мільёнаў долараў у Дубаі.

Затрыманні і арышты

[правіць | правіць зыходнік]

Згодна з законам Азербайджана асобам, затрыманым, арыштаваным або абвінавачаным у здзяйсненні злачынства, павінна быць пададзена належная працэдура, у тым ліку неадкладнае інфармаванне аб іх правах і прычыне іх арышту. Ва ўсіх выпадках затрымання, якія былі палічаныя як палітычна матываваныя, не праходзіла належнае судовае разбіральніцтва, і абвінавачаныя асобы былі асуджаныя па розных падробленых крымінальных абвінавачваннях. Акрамя гэта па законе затрыманыя павінны паўстаць перад суддзёй на працягу 48 гадзін пасля арышту, і суддзя можа выдаць ордэр на змяшчэнне затрыманага пад варту да суда, змяшчэнне затрыманага пад хатні арышт або вызваленне затрыманага. Аднак на практыцы ўлады часам затрымлівалі асоб на тэрмін больш за 48 гадзін без ордэра на арышт[7].

Улады часта здяйснялі арышты на падставе ілжывых абвінавачванняў, такіх як супраціў паліцыі, незаконнае захоўванне наркотыкаў або зброі, ухіленне ад выплаты падаткаў, незаконнае прадпрымальніцтва, злоўжыванне ўладай або падбухторванне да грамадскіх беспарадкаў. Мясцовыя арганізацыі і міжнародныя групы, такія як Amnesty International і Human Rights Watch, раскрытыкавалі Азербайджанскі ўрад за такія арышты, і адзначалі што ўлады сфабрыкавалі супраць іх абвінавачванні. Паліцыя рэгулярна затрымлівала апазіцыйных і іншых актывістаў па абвінавачванні ў «супраціве паліцыі» або «дробным хуліганстве», а затым дастаўляла іх у мясцовыя суды, дзе суддзі прыгаворвалі іх да адміністрацыйнага затрымання ад 10 да 30 дзён. Праваабаронцы сцвярджалі, што гэтыя арышты былі адным з метадаў, якія ўлады выкарыстоўвалі для запалохвання актывістаў і адгаворвання іншых ад удзелу ў актывісцкай дзейнасці. Напрыклад, па меншай меры пяць членаў апазіцыйнай партыі Народнага фронту былі арыштаваныя і прысуджаныя да адміністрацыйнага затрымання на тыдні, які папярэднічаў спробе несанкцыянаванага публічнага мітынгу 19 кастрычніка. Актывісты заявілі, што арышты павінны перашкаджаць правядзенню мітынгаў і сходаў. 22 жніўня Інстытут дэмакратычных ініцыятыў паведаміў, што прынамсі 78 адміністрацыйных затрыманняў у 2018 годзе былі палітычна матываванымі[7].

Нягледзячы на тое, што канстытуцыя Азербайджана прадугледжвае незалежную судовую сістэму, суддзі не функцыянуюць незалежна ад выканаўчай улады. Згодна з дакладам Дзярждэпартамента ЗША ад 13 сакавіка 2020 года, азербайджанская судовая ўлада заставалася ў значнай ступені карумпаванай і неэфектыўнай. Многія прысуды былі юрыдычна непрымальнымі і ў значнай ступені не маюць доказаў. Вынікі часта аказваліся загадзя вядомымі. Акрамя гэтага суды на адрэз адмаўляюцца разглядаць заявы аб катаваннях і бесчалавечным абыходжанні з затрыманымі, якія знаходзяцца пад вартай у паліцыі. Як адзначаецца ў дакладзе існуюць дакладныя звесткі, якія сведчаць аб тым, што суддзі і пракуроры атрымлівалі ўказанні ад адміністрацыі прэзідэнта і Міністэрства юстыцыі, асабліва па палітычна адчувальных справах. Былі таксама пэўныя абвінавачванні ў тым, што суддзі рэгулярна бралі хабары[7].

Палітзняволеныя

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля вызвалення 16 сакавіка 52 чалавек, прызнаных палітычнымі зняволенымі, няўрадавыя ацэнкі палітычных зняволеных і затрыманых на канец года вар’іраваліся ад 112 да 135 чалавек. Сярод іх былі журналісты і блогеры, палітычныя і грамадскія дзеячы, рэлігійныя актывісты, асобы, арыштаваныя ў сувязі з гянджынскай справай, а таксама сваякі актывіста, які знаходзіцца ў выгнанні. Палітвязні і затрыманыя сутыкаліся з рознымі абмежаваннямі і прыгнятаннямі іх законных правоў. Былыя палітвязні заявілі, што турэмныя чыноўнікі абмяжоўвалі іх доступ да матэрыялаў для чытання і зносін са сваімі сем’ямі[7].

Пераслед за мяжой

[правіць | правіць зыходнік]

Як адзначаецца ў штогадовым дакладзе Дзярждэпу ЗША, маюцца звесткі, што азербайджанскі ўрад у спробах затрымаць актывістаў злоўжываў міжнароднымі праваахоўнымі інструментамі, такімі як Інтэрпол. Так урадавыя ўлады сцвярджалі, што праваабаронца Аўтандзіл Мамедаў, які, па паведамленнях, збег з краіны з-за палітычных пераследаў, быў вінаваты ў махлярстве, з прычыны чаго запыт аб яго затрыманні быў накіраваны ў Інтэрпол. Адвакат Мамедава сцвярджаў, што ўсе абвінавачванні супраць Мамедава насілі палітычны характар[7].

Гвалт, санкцыянаваны дзяржавай

[правіць | правіць зыходнік]

У Азербайджане распаўсюджаны катаванні, жорсткае абыходжанне з боку паліцыі, а таксама празмернае прымяненне сілы. Падсудныя часта падвяргаюцца жорсткаму збіццю, каб прымусіць прызнацца. Удары токам, пагрозы згвалтавання, а таксама пагрозы ў дачыненні да членаў сям’і падсуднага таксама выкарыстоўваюцца ў якасці катаванняў. Урад не прымае ніякіх мер супраць катаванняў, або ў дачыненні да службовых асоб, якія прымаюць удзел у катаваннях.

У ліпені 2018 года камітэт Савета Еўропы па папярэджанні катаванняў (КПП) апублікаваў справаздачы аб шасці паездках у Азербайджан у перыяд з 2004 па 2017 гады. У дакладах камітэта паказвалася, што катаванні і іншыя формы жорсткага фізічнага абыходжання з боку паліцыі і праваахоўных органаў, разам з беспакаранасцю і карупцыяй ва ўсёй праваахоўнай сістэме, з’яўляліся складовай часткай працы праваахоўнікаў. Падчас свайго візіту ў 2017 годзе дэлегацыя Камітэта паведаміла аб атрыманні шматлікіх доказаў аб жорсткім фізічным гвалце, якія могуць разглядацца як катаванне. Напрыклад, ўдары дубінкай па ступнях ног і нанясенне ўдару токам. Характэрна, што ў адрозненне ад папярэдніх наведванняў, падчас візіту 2017 года дэлегацыя КПП акрамя ўсяго іншага таксама паведаміла і аб атрыманні звестак аб катаваннях з боку Дзяржаўнага мытнага камітэта і Дзяржаўнай памежнай службы[7].

Аб катаваннях і выбіванні прызнанняў з ужываннем току далі паказанні палітвязні. Так падчас судовых слуханняў пра гэта заявілі пяць прыхільнікаў апазіцыйнай партыі Народны фронт — Салех Рустамаў, Агіль Махарамаў, Бабек Гасанаў, Руслан Насірлі і Валех Рустамлі. У сваю чаргу сустаршыня камітэта па абароне правоў вернікаў у турмах Эльданіз Гуліеў, заявіў, што рэлігійных палітычных зняволеных «збівалі гумовымі дубінкамі, катавалі электрычным токам, білі па пятах і падвешвалі. … Аднаго зняволенага збілі і павесілі на ногі толькі за тое, што ён папрасіў у наглядчыка лекі». Як адзначаюць праваабаронцы, з мэтай дачы ілжывых паказанняў, паліцыя і іншыя службовыя асобы катавалі падазраваных у замаху на мэра Гянджы. Катаванні ўключалі ў сябе: ўдары дубінкамі па ступнях ног; паражэнне электрычным токам, у некаторых выпадках ток падаваўся да геніталій; катаванні агнём. Па словах членаў сям’і і назіральнікаў, кіраваў катаваннямі Архан Бабаеў з Генеральнай пракуратуры. Пра сваё збіццё заяўляў Мехман Гусейнаў, які быў затрыманы пасля таго як у адзіночным пікеце выйшаў на вуліцу ў падтрымку арыштаванага ў цэнтры Баку рэпера. Па словах Гусейнава, яго засунулі ў машыну без апазнавальных знакаў з пяццю паліцэйскімі ў цывільным, якія збілі яго. Вывезшы яго ў прыгарад, афіцэры нацягнулі яго кашулю яму на галаву і працягвалі збіваць яго рукамі і нагамі яшчэ хвілін дзесяць. Усё гэта суправаджалася пагрозамі згвалтавання паліцэйскай дубінкай[7].

Улады Азербайджана наклалі забарону на правядзенне незалежных судова-медыцынскіх экспертыз затрыманых, якія сцвярджалі, што падвергліся жорсткаму абыходжанню. Акрамя гэтага ўлады адцягвалі магчымасць затрыманых выкарыстоўваць сваё права на зносіны з адвакатам. Па сцвярджэнні апазіцыйных дзеячаў і іншых актывістаў, гэтая акалічнасць шмат у чым спрыяла беспакаранаму жорсткаму абыходжанню з затрыманымі. Так, у некаторых выпадках, медыцынская экспертыза, якая магла б зняць пабоі і калецтвы, выкліканыя жорсткім абыходжаннем і катаваннямі, была адкладзеная на цэлы год пасля іх арышту[7].

У дакладзе дзярждэпартамента ЗША гаворыцца, што маюцца паведамленні пра забойствы ўчыненыя урадам або яго агентамі. Акрамя гэтага адзначаецца, што працягнуліся забойствы людзей, якія знаходзяцца пад вартай[7].

У ліпені і жніўні 2018 года ўрадавыя СМІ заявілі, пры аказанні супраціву пры арышце былі забітыя пяць чалавек. У сваю чаргу, праваабаронцы сцвярджалі, што людзі не аказалі супраціву пры арышце, і што паліцыя і службы дзяржаўнай бяспекі загадзя спланавалі забойствы, каб версія аб планаванні замаху на мэра Гянджы выглядала праўдападобнай. літаральна ў наступным месяцы, у верасні 2018 года ў Газахскім паліцэйскім участку, на допыце быў забіты Эльмір Ахундаў. Супрацоўніка, дзеянні якога пацягнулі за сабой смерць чалавека, суд асудзіў па артыкулу «перавышэнне лужбовых паўнамоцтваў» і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады 10 месяцаў[7].

11 мая 2019 года ў паліцыі памёр Галіб Мамедаў, якога выклікалі на допыт. Сілавікі паведамілі што адбылося самагубства, ва што сваякі катэгарычна адмаўляюцца верыць, заявіўшы той быў збіты да смерці[7].

Незаконныя высяленні

[правіць | правіць зыходнік]

Згодна Human Rights Watch, пачынаючы з 2008 года ў рамках кампаніі па абнаўленні гарадоў у Баку тысячы домаўладальнікаў былі выселеныя са сваіх дамоў у многіх частках горада, каб вызваліць месца для паркаў, бізнес-цэнтраў і элітных жылых раёнаў. Працэс быў распрацаваны мэрыяй Баку і часта ажыццяўляецца без належнага папярэджання. Кампенсацыі, прапанаваныя жыхарам, часта былі значна ніжэй рынкавага кошту. Жыхары таксама сцвярджалі, што яны маюць мала магчымасцяў, каб выйграць справу ў судзе. У некаторых выпадках знос працягваўся незалежна ад распараджэнняў суда забароны рабіць гэта. Прымусовыя высяленні пачасціліся ў 2011 годзе пасля таго, як Азербайджан выйграў у 2011 годзе конкурс Еўрабачанне, а разам з ім права на правядзенне яго ў 2012 годзе. Гэтыя высяленні раззлавалі многіх людзей і былі добра асветлены ў прэсе пасля таго, як сотні людзей былі выгнаныя для пабудовы Крышталь Хол.

Па словах кіраўніка Інстытута міру і дэмакратыі Лэйла Юнус, 60 000 чалавек былі пазбаўленыя ўласнасці насуперак канстытуцыі Азербайджана ў перыяд з 2009 па 2012 год. Яна выказала сумневы, што дадзеная праблема ніколі не вырашыцца, як быццам «мафія» стаіць за ўсёй гэтай дзейнасцю. На яе думку, колькасць выпадкаў незаконнага пазбаўлення ўласнасці настолькі высокая, што грамадзянскія асобы не могуць ісці ў нагу з запісамі, і гэты працэс, хутчэй за ўсё, падобны да мадэлі 1920-х гадоў савецкай палітыкі нацыяналізацыі[8].

Рэзалюцыя Еўрапейскага Парламента

[правіць | правіць зыходнік]

12 мая 2011 года Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю, якая асуджае Азербайджан за «парушэнне правоў чалавека» і «прыгнёт апазіцыйных сіл»[9]. У рэзалюцыі згадваецца занепакоенасць аб становішчы Эйнула Фатулаева і Джабара Савалана і іншых зняволеных названых па імені, а таксама агульная занепакоенасць з нагоды «расту ліку выпадкаў пераследу, нападаў і гвалту ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці і актывістаў сацыяльных сетак і журналістаў у Азербайджане»[9].

Сітуацыя ў Нахічэване

[правіць | правіць зыходнік]

Правы чалавека ў азербайджанскім анклаве Нахічэвань лічацца асабліва праблемнымі, з-за чаго анклаў атрымаў назву «Азербайджанская Паўночная Карэя» на Радыё Свабодная Еўропа.[10] Выказвалася занепакоенасць у дачыненні да жорсткасці паліцыі і яе беспакаранасці, шырокіх абмежаванняў на грамадзянскія свабоды і карупцыі[11][12][13].

Нахічэвань быў апісаны як «лабараторыя рэпрэсій», у якой праводзяцца выпрабаванні рэпрэсіўных метадаў і затым прымяняюцца ў вялікіх маштабах у астатняй частцы Азербайджана[14].

Амбудсмен Азербайджана

[правіць | правіць зыходнік]

28 снежня 2001 года заснавана пасада амбудсмэна Азербайджана. Амбудсменам з’яўляецца Сабіна Аліева.

Зноскі

  1. TIGHTENING THE SCREWS. Azerbaijan’s Crackdown on Civil Society and Dissent 2013. Архівавана з першакрыніцы 13 сакавіка 2017.
  2. Shaun Walker (22 March 2012), "Azerbaijan warms up for Eurovision by torturing musicians", The Independent, Праверана 5 August 2012 Архіўная копія. Архівавана з першакрыніцы 14 чэрвеня 2012. Праверана 15 красавіка 2023.
  3. Nohlen, D, Grotz, F & Hartmann, C (2001) Elections in Asia: A data handbook, Volume I, p357 ISBN 0-19-924958-X
  4. Официальный сайт президента Азербайджанской Республики - ДОКУМЕНТЫ » Распоряжения (руск.). ru.president.az. Архівавана з першакрыніцы 30 кастрычніка 2020. Праверана 18 сакавіка 2019.
  5. Statement by the Spokesperson on the pardoning of prisoners in Azerbaijan to mark Novruz Holiday (англ.). EEAS - European External Action Service - European Commission. Архівавана з першакрыніцы 20 сакавіка 2019. Праверана 18 сакавіка 2019.
  6. EU Welcomes Pardonings In Azerbaijan, Wants More Activists, Political Opponents Released. www.rferl.org. Архівавана з першакрыніцы 18 сакавіка 2019. Праверана 18 сакавіка 2019.
  7. а б в г д е ё ж з і к 2019 Country Reports on Human Rights Practices: Azerbaijan. state.gov (11 сакавіка 2020). Архівавана з першакрыніцы 14 красавіка 2020. Праверана 11 сакавіка 2020.
  8. «Более 60 тысяч граждан Азербайджана незаконно лишены своей собственности». Echo. 7 February 2012
  9. а б European Parliament resolution of 12 May 2011 on Azerbaijan. European Parliament (12 мая 2011). Архівавана з першакрыніцы 29 мая 2012. Праверана 15 мая 2011.
  10. In 'Azerbaijan's North Korea,' Journalist Crackdown Continues. Radio Free Europe/Radio Liberty (7 снежня 2007). Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2013. Праверана 10 сакавіка 2013.
  11. Azerbaijan's Dark Island: Human Rights Violations in Nakhchivan(недаступная спасылка). Norwegian Helsinki Committee (1 лютага 2010). Архівавана з першакрыніцы 19 ліпеня 2012. Праверана 10 сакавіка 2013.
  12. Jailed For Not Paying A Bribe (8 ліпеня 2008). Архівавана з першакрыніцы 16 лістапада 2011. Праверана 10 сакавіка 2013.
  13. Impunity for torture in Nakhchivan. Human Rights house (25 снежня 2011). Архівавана з першакрыніцы 3 красавіка 2015. Праверана 10 сакавіка 2013.
  14. Journalist beaten unconscious in Azerbaijani exclave - Reporters Without Borders (англ.). Архівавана з першакрыніцы 18 сакавіка 2015. Праверана 6 сакавіка 2015.