Перайсці да зместу

Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі (2008)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі — збор правіл беларускай мовы, зацверджаных Законам «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» ад 23 ліпеня 2008 года (увайшоў у сілу 1 верасня 2010 года)[1][2][3]. Да гэтага апошні раз правілы беларускага правапісу афіцыйна зацвярджаліся пастановаю Савета Міністраў БССР у 1957 годзе[4].

Папярэдняя рэдакцыя правіл беларускай арфаграфіі дзейнічала ў Беларусі з 1958 года. Аднак і яна не ахоплівала ўсіх спрэчных і няясных выпадкаў, таму праца па ўдасканаленні правілаў беларускай арфаграфіі працягнулася.

Са зменай палітычнай сітуацыі ў канцы 1980-х гадоў, калі Беларусь стала незалежнай, суверэннай дзяржавай, калі сталі пашырацца сферы выкарыстання беларускай мовы, павялічвацца кола яе носьбітаў, пытанні аб новым удакладненні і ўдасканаленні правапісу зноў сталі на парадак дня. На старонках перыядычных выданняў разгарнулася арфаграфічная дыскусія, у ходзе якой выказваліся прапановы перагледзець усё тое, што было зроблена ў 1933 годзе. Некаторыя дыскутанты наогул прапаноўвалі вярнуцца да правапісу 1920-х гадоў. Асобныя газеты і часопісы пачалі змяшчаць матэрыялы, надрукаваныя паводле правапісу Браніслава Тарашкевіча[5].

З мэтай абмеркавання стану беларускага правапісу ў цэлым і аналізу тых канкрэтных пытанняў, якія найбольш часта былі аб’ектам дыскусіі ў перыядычным друку (гэта абазначэнне на пісьме асімілятыўнай мяккасці зычных, правапіс не/ня і без/бяз, правапіс і/й, правапіс іншамоўных слоў і іншае), Інстытутам мовазнаўства АН Беларусі сумесна з Міністэрствам адукацыі, Саюзам пісьменнікаў, Таварыствам беларускай мовы імя Ф. Скарыны была арганізавана рэспубліканская навуковая канферэнцыя «Праблемы беларускага правапісу». Яна праходзіла 19—20 лістапада 1992 года ў Мінску. Канферэнцыя прыняла пастанову, у якой адзначаецца, што ўдзельнікі канферэнцыі лічаць пастанову СНК «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» фактам палітычнага ўмяшання ў моўны працэс. Азначаецца таксама мэтазгодным стварыць рабочую камісію, якая павінна падрыхтаваць праект удакладненняў правапісу[5].

17 жніўня 1993 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову «Аб удасканаленні правапісу беларускай літаратурнай мовы», у адпаведнасці з якой была створана Дзяржаўная камісія па ўдакладненню правапісу беларускай літаратурнай мовы на чале з Нілам Гілевічам[6]. У верасні 1994 года былі апублікаваны «Высновы Дзяржаўнай камісіі па ўдакладненню правапісу беларускай літаратурнай мовы»[7]. Камісія прызнала, што існуючыя правілы беларускага правапісу ў цэлым забяспечваюць функцыянаванне пісьмовай мовы ва ўсіх сферах выкарыстання, не патрабуюць кардынальных змен[8], і рэкамендавала Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць да выдання новую рэдакцыю «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», дзе былі б улічаны выказаныя прапановы, а таксама патрэбы моўнай практыкі. У прыватнасці, было рэкамендавана[9]:

  • пашырыць фанетычны прынцып пісьма як у лексіцы спрадвечна беларускай (напісанне мяккага знака для перадачы асіміляцыйнай мяккасці, падпарадкаванне правілу якання слоў тыпу дзевяты, дзесяты, семнаццаць, васемнаццаць), так і ў словах іншамоўнага паходжання (перадача канцавых спалучэнняў -эл(ь), -эр у ненаціскным становішчы праз -ал(ь), -ар);
  • напісанне ў у выпадках тыпу ва ўніверсітэце, правесці ўніфікацыю;
  • пашырыць напісанне мяккага знака: сьведчыць, астраханьскі, разьюшаны;
  • на канцы запазычаных слоў пісаць -іё (-ыё): трыё, Антоніё, Рыё-дэ-Жанейра;
  • ва ўсіх выпадках у прыметніках спалучэнне -кс- на стыку кораня і суфікса перадаваць праз ц: узбецкі, таджыцкі, калмыцкі, а -стн- — праз -сн-: баласны, кантрасны;
  • спалучэнне сч, якое паходзіць з ск, перадаваць праз шч: пяшчаны, брушчатка і інш.

У 1997 годзе быў створаны калектыў па распрацоўцы правіл арфаграфіі і пунктуацыі (А. Падлужны, А. Крывіцкі, А. Міхневіч, А. Цясевіч, П. Шуба, М. Яўневіч), які на працягу 1997—1998 гадоў падрыхтаваў «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі: (Праект новай рэдакцыі)». Аднак праца была ў цэлым негатыўна ацэнена грамадскасцю (артыкулы А. Каўруса, Д. Паўлаўца, П. Сцяцко, водгукі кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ і інш.)[10]. У 2003 годзе закончаны адрэдагаваны праект новых правіл быў перададзены на разгляд у Адміністрацыю Прэзідэнта і затым стаў асноваю новага закона.

Канчатковы варыянт новай рэдакцыі «Правіл» распрацавала рабочая група пад кіраўніцтвам Віктара Іўчанкава і Аляксандра Лукашанца, якая была створана ў студзені 2006 года Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Вынікам стала падпісанне Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 23 ліпеня 2008 года Закона «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», які ўступіў у дзеянне з 1 верасня 2010 года[11].

Асноўны змены

[правіць | правіць зыходнік]

Галоўныя адрозненні ў правілах беларускай мовы 2008 года ад правіл 1957 года[12][13][14][15]:

  • Пашыраны прынцып перадачы акання ў словах іншамоўнага паходжання замест напісання гэтых слоў з о на канцы: адажыа, трыа, сальфеджыа, Токіа замест адажыо, трыо, сальфеджыо, Токіо.
  • У словах іншамоўнага паходжання, акрамя імён уласных, канцы асноў -эр і -эль замяняюцца на -ар і -аль: камп’ютар, пэйджар, шніцаль замест камп’ютэр, пэйджэр, шніцэль, але Ландэр, Одэр, Пітэр, Юпітэр.
  • Напісанне літары я замест е ў словах дзявяты, дзясяты, сямнаццаць і васямнаццаць (да ўвядзення новых правіл пісалі дзевяты, дзесяты, семнаццаць і васемнаццаць).
  • Напісанне літары а замест о ў складанаскарочаных словах, як у адпаведных поўных словах: гаркам, газпрам замест гарком, газпром.
  • Пашырэнне напісання э замест е ў адпаведнасці з фанетычным прынцыпам: экзэмпляр, тунэль, сэрвіс, рэзюмэ замест экземпляр, тунель, сервіс, рэзюме.
  • Уніфікацыя напісання прыметнікаў на -скі, утвораных ад уласных імён, усе яны пішуцца без змякчэння. Напрыклад, калі паводле старых правіл пісалася чаньчуньскі і цяньшаньскі з мяккім знакам перад -ск, а любанскі і астраханскі — без мяккага знака, то па новых правілах усе яны пішуцца без мяккага знака.
  • Пашырэнне напісання ў на словы іншамоўнага паходжання: па ўніверсітэце, для ўніята, раўнд, клоўн замест па універсітэце, для уніята, раунд, клоун, але траур.
  • Напісанне літары ё замест спалучэння літар йо ў пачатку і сярэдзіне іншамоўных слоў: Нью-Ёрк замест Нью-Йорк.
  • Напісанне першай часткі ста- ў складаных словах: стагадовы, стаметроўка.
  • Напісанне літары ы пасля прыставак суб-, дэз-: субынспектар, дэзынтэгратар.
  • Спрашчэнне групы зычных стн да сн у запазычаннях: кантрасны, кампосны, фарпосны.
  • Пашырэнне ўжывання суфікса -ава- (-ява-) у дзеясловах і адпаведных аддзеяслоўных назоўніках: анатаваць, забетанаваць, рэтушаваць.
  • Упарадкаванне напісання вялікай і малой літар у назвах органаў улады, арганізацый, тытулаў, званняў, пасад. З вялікай літары пішуцца Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі і інш.
  • Пашырэнне ўжывання вялікай літары ў назвах знамянальных падзей і дат: Нараджэнне Хрыстова, Дзяды.
  • Напісанне з вялікай літары імён божастваў і вытворных ад іх, а таксама падобных па сэнсе слоў: Бог, Яхве, Усявышні, Уладыка Нябесны, Святая Тройца.
  • Спрашчэнне правіл пераносу. Пры збегу зычных унутры слова пераносіць можна ў любым месцы: правілы 1959 года дапускалі перанос ся-стра, сяс-тра і сяст-ра, але толькі рас-крыць, двац-цаць, сол-лю; правілы 2008 года таксама дапускаюць перанос ра-скрыць, раск-рыць, два-ццаць, со-ллю.

Законам быў устаноўлены двухгадовы перыяд, на працягу якога старыя і новыя правілы ўжываліся паралельна, а ўжо ў верасні 2010 года адбыўся канчатковы пераход на новыя правілы.

Зацверджаныя правілы крытыкавалі за неадназначнасці ў розных пунктах. Напрыклад[16][17][18]:

  • унтэр (§ 14:7) пішацца праз літару э, што супярэчыць правапісу ненаціскной фіналі -эр у запазычаннях (§ 4:6);
  • Ёфе (§ 16:3), Яхве (§ 26:1) пішуцца з літарай е, што супярэчыць правілу напісання літар е, э на канцы слоў (§ 3:2);
  • Тао Юаньмінь (§ 25:1) пішацца праз літару о, што супярэчыць правілу напісання літары о толькі пад націскам (§ 2:1);
  • Пі Маў Нін (§ 25:1) пішацца з літарай ў, што супярэчыць правапісу у на канцы запазычаных слоў (§ 15:1);
  • Дзі Віторыё (§ 25:2) пішацца з літарай ё, што супярэчыць правілу напісання ненаціскной літары ё (§ 2:2). У § 9 не апісваецца, як перадаецца спалучэнне іо на канцы слова, таму ў правілах сустракаюцца розныя варыянты: Токіа (§ 2:1), Рыа-Грандэ (§ 27:1), Рыа-дэ-Жанэйра (§ 27:2), Сант-Эліё (§ 25:1), радыё (§ 41:3);
  • Кароль Іярданіі (§ 29) пішацца з літарай я, што супярэчыць правілу напісання спалучэння іо ў пачатку слова не пад націскам (§ 9:1);
  • шэсцьдзясят (§§ 18:4, 37:1, 61:1) пішацца праз я ў другім складзе, але шэсцьдзесят (§ 61:14) — праз е;
  • пляяда (§ 9:6) пішацца праз я ў першым складзе, хоць у акадэмічных слоўніках фіксуецца без якання: плеяда[19][20];
  • розныя напісанні Булонь-сэр-Мэр (§ 27:2) і Булонь-сюр-Мэр (§ 35:3).

Зноскі

  1. Закон Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 года № 420-З «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі»
  2. Новая беларуская арфаграфія замахнецца на… «Газпром» Архівавана 5 сакавіка 2016.
  3. Через два года белорусы начинают писать по закону Архівавана 6 лютага 2017.
  4. Гісторыя зьменаў беларускага правапісу — Радыё Свабода © 2010
  5. 1 2 Рэформа беларускага правапісу 1933 года // Беларуская мова : энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча. Мн.: БелЭн, 1994. — С. 467. — 654 с. 10 000 экз. ISBN 5-85700-126-9.
  6. Пастанова Савета Міністраў “Аб удасканаленні правапісу беларускай літаратурнай мовы”. Беларуская палічка.
  7. Высновы Дзяржаўнай камісіі па ўдакладненню правапісу беларускай літаратурнай мовы. Беларуская палічка.
  8. З гісторыі беларускага правапісу Архівавана 22 мая 2014.
  9. Ад Дзяржаўнай камісіі па ўдакладненню правапісу беларускай літаратурнай мовы. Беларуская палічка.
  10. Беларускі правапіс 2010, p. 18.
  11. Беларускі правапіс 2010, p. 18—19.
  12. Сямнаццаць істотных зьмен у новай рэдакцыі правілаў — Радыё Свабода © 2010
  13. Pravapis.org — Belarusian language — Reform? Архівавана 19 ліпеня 2008.
  14. З. Ф. Саўка. Правілы левапісу Архівавана 17 чэрвеня 2008.
  15. Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі
  16. Зміцер Саўка. Невукі ўсіх школ, яднайцеся! або Што мяняе ў афіцыйным правапісе Закон-2008. Беларуская палічка.
  17. Мовазнаўцы: Ад такога закона аб правапісе настаўнікі і дзеці хапаюцца за галаву. Беларуская палічка.
  18. Прафесар Іўчанкаў: У законе аб правапісе памылак няма - толькі адрукоўкі. Беларуская палічка.
  19. Граматычны слоўнік назоўніка 2013: плеяда. Slounik.org.
  20. Слоўнік беларускай мовы: плеяда. Slounik.org.