Праект 100 000

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Праект 100 000 — праграма Міністэрства абароны ЗША перыяду вайны ў В’етнаме, якая прадугледжвала камплектаванне ўзброеных сіл прызыўнікамі, што фармальным чынам не ўпісваліся ў вайсковыя патрабаванні з-за сваіх праблем з фізічным або разумовым развіццём. Вайскоўцы з такіх катэгорый афіцыйна называліся «людзьмі новага стандарту» (англ.: New Standards Men, NSM)[1], у той час як у шырокім ужытку яны, з прычыны нізкіх інтэлектуальных здольнасцяў, вядомыя як «дэбілы Макнамары» (англ.: McNamara’s Morons, таксама дурні, ідыёты і няўдачнікі) або «корпус дэбілаў» (англ.: Moron Corps)[2][3].

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Яшчэ ў 1964 годзе пачаліся першыя пілотныя праекты па прыняцці ў шэрагі Узброеных сіл ЗША невялікіх груп асоб, адпрэчаных прызыўнымі камісіямі. Гэтыя людзі павінны былі даць згоду на добраахвотную рэабілітацыю падчас трэніровачнага працэсу. У сілу іх нязначнай колькасці іх уплыў на сацыяльны склад арміі быў вельмі малым. Аднак у 1965 годзе пачалося нарошчванне амерыканскай ваеннай прысутнасці ў В’етнаме, і колькасць навабранцаў на службу радыкальна ўзрасла. Ваеннае ведамства было вымушана адпаведным чынам змякчыць строгасць прызыўных стандартаў, і, не імкнучыся да якіх-небудзь сацыяльных зменаў, амерыканскія вайскоўцы пачалі прымаць у свае шэрагі ўсё больш і больш тых навабранцаў, якія мелі нізкія вынікі пры праходжанні псіхалагічных тэстаў на інтэлект[4]. Таксама рэзка павялічыўся ўзровень страт, што ў сваю чаргу прывяло да зніжэння ў насельніцтва жадання служыць і да недабору прызыўнікоў[5].

Тагачасны міністр абароны Роберт Макнамара прааналізаваў справаздачу, у якой было адзначана, што 600 тыс. маладых мужчын штогод вызваляюцца ад службы, бо не праходзяць кваліфікацыйны тэст. Пасля прачытання матэрыялу міністр акрэсліў галоўную прычыну недабору прызыўнікоў: адсяванне прызыўнікоў, чый каэфіцыент інтэлекту (IQ) быў ніжэйшым за 85, у той час як нормай лічыцца IQ 90—110[5]. Гэтая ініцыятыва, на яго думку, павінна была даць прызыўнікам магчымасць прайсці ў арміі дадатковае навучанне, асвоіць сацыяльныя навыкі і такім чынам аздаравіць сацыяльную мабільнасць самых бедных слаёў амерыканскага грамадства, асабліва яго чарнаскурай часткі[6].

У чэрвені 1966 года падчас сваёй нью-ёркскай прамовы Макнамара афіцыйна анансаваў зніжэнне інтэлектуальных і фізічных патрабаванняў. Кангрэс ЗША адмовіўся фінансаваць гэта пачынанне, і як следства, неабходныя грашовыя сродкі давялося выдзяляць з бюджэту Пентагона[7][8].

Рэалізацыя[правіць | правіць зыходнік]

Прызыў[правіць | правіць зыходнік]

Колькасць завербаваных толькі за першы год функцыянавання праекта склала 149 000 чалавек. Усяго ў прамежак паміж кастрычнікам 1966 і чэрвенем 1969 года па лініі праекта «100 000» прайшло каля 246 000 навабранцаў NSM. 92 % з гэтага ліку было прынята менавіта дзякуючы зніжэнню патрабаванняў да разумовага развіцця кандыдатаў. Палова агульнай колькасці набрана ў паўднёвых штатах, у той час як колькасць звычайных прызыўнікоў з паўднёвых штатаў складала каля 28 %. Каля 40 % навабранцаў NSM былі чарнаскурымі, у той час як у сярэднім па ўзброеных сілах ЗША доля афраамерыканцаў складала каля 9,1 %. Большая частка рэкрутаў «100 000» з’яўляліся выхадцамі з неўладкаваных сем’яў з нетрадыцыйным размеркаваннем сямейных роляў. Каля 70 % мелі нізкі ўзровень асабістага даходу, 60 % — выраслі ў сям’і з адзіным бацькам, 80 % — кінулі вучобу ў школе, 40 % — мелі здольнасць да чытання ніжэй за ўзровень шостага класа сярэдняй школы (а 15 % — ніжэй чацвёртага класа), палова мела IQ ніжэй 85[7][9]. Гэтыя людскія рэсурсы размяркоўваліся па ўзброеных сілах у наступных прапорцыях: 25 % NSM — у сухапутныя сілы, 18 % — у корпус марской пяхоты, 15 % — у ваенна-марскі флот і 15 % — у ваенна-паветраныя сілы[7]. Астатнія 27 % — невядома.

Тым не менш, першыя цяжкасці з «байцамі новага стандарту» выявіліся ўжо на прызыўных пунктах. Хэмілтан Грэгары, удзельнік вайны ў В’етнаме, у сваёй кнізе «Дурасць Макнамары» пісаў, што перад адпраўкай у Форт-Бенінг, буйную ваенную базу на тэрыторыі штатаў Джорджыя і Алабама, адзін з сяржантаў папрасіў яго дапамагчы прызыўніку запоўніць дакументы, бо той не ўмеў чытаць і пісаць. Як успамінаў Грэгары[6]:

" Я спрабаваў пагаварыць з ім, але даведаўся толькі тое, што ён быў з індзейцаў апалачаў Усходняга Тэнесі. Ён не разумеў, навошта яму базавае навучанне, і не ведаў, што Амерыка ваюе. Я паспрабаваў растлумачыць, што адбываецца, але мне гэта не ўдалося. "

Армейская падрыхтоўка[правіць | правіць зыходнік]

У амерыканскай літаратуры нярэдка казалася, што прызыўнікі NSM нібыта не атрымлівалі ніякага навучання, акрамя непасрэднага баявога трэнінгу[4][10]. Аднак вядома, што ўсе яны праходзілі курсы базавай падрыхтоўкі, а 17 000 чалавек скарысталіся карэкцыйнымі курсамі па навучанні чытанню для таго, каб давесці свае здольнасці хоць бы да ўзроўню пятага—шостага класа. Аднак пасля шасцітыднёвай вучобы выявілася, што 17 % гэтых людзей усё яшчэ не валодалі здольнасцю чытаць на ўзроўні пятага класа. Нягледзячы на тое, што гэта не адпавядала нават мінімальным армейскім стандартам пісьменнасці, іх не вярнулі на паўторнае перанавучанне, а адправілі на праходжанне курсаў базавай баявой падрыхтоўкі або ў спецыяльныя дысцыплінарныя падраздзяленні. У далейшым выявіліся іншыя складанасці. Напрыклад, аказалася, што прысутнасць такіх навучэнцаў на многіх абавязковых курсах моцна зніжала акадэмічную паспяховасць усіх навучальных калектываў у цэлым. Інструктары дакладвалі, што NSM мелі патрэбу ў значна большай увазе, чым астатнія байцы, і ім патрабавалася больш часу на засваенне вучэбнага матэрыялу[7].

Падпалкоўнік амерыканскай марской пяхоты Д. Эванс заўважыў, што «дасягненні» NSM ніяк нельга назваць ні здавальняючымі, ні аб’ектыўнымі. На яго думку, яны ўдвая часцей правальвалі базавае навучанне і ўдвая часцей траплялі на лаву падсудных ваеннага трыбунала. Нягледзячы на тое, што праект 100 000 значна пашырыў колькасць асоб, даступных для прызыву, ён таксама запатрабаваў рэзкага павелічэння рэсурсаў, якія ўкладаюцца ў навучанне[11]. Паступова станавілася зразумела, што гэтая ініцыятыва становіцца ўсё больш затратнай і неэфектыўнай[7].

Як успамінаў прызыўнік Х. Грэгары, у трэніровачным лагеры яму кожную раніцу даводзілася засцілаць койку і шнураваць чаравікі аднаму з NSM, пакуль салдат не навучыўся гэта рабіць сам. Праблемы таксама ўзнікалі падчас арыентавання «права-лева», страявой падрыхтоўкі і навучання валодання зброяй[12].

Да красавіка 1968 года высветлілася, што не больш за 68 % NSM дасягнулі гатоўнасці да праходжання прасунутых курсаў індывідуальнай падрыхтоўкі (англ.: Advanced Individual Training), пры гэтым вялікая частка з іх не была здольная развіваць свае навыкі або набыць тэхнічную спецыяльнасць. Аднак гэта не перашкодзіла пасля заканчэння падрыхтоўкі каля 40 % з «100 000» набыць прызначэнне, звязанае з баявымі задачамі, а 37 % — быць адпраўленымі для праходжання службы ў В’етнам[7]. Нягледзячы на тое, што значная частка з іх атрымала накіраванне ў артылерыйскія і пяхотныя часці на пасады кухараў, вадзіцеляў, дробных клеркаў і г. д., тым не менш, пераважнай большасці былі прысвоены ваенна-ўліковыя спецыяльнасці, звязаныя з непасрэдным вядзеннем баявых дзеянняў.

Вайна ў В’етнаме[правіць | правіць зыходнік]

Непасрэдна ў зоне баявых дзеянняў у В’етнаме сітуацыя з «байцамі новага стандарту» была значна горшай, чым на навучальных базах. Прызваныя ў рамках праекта адмаўляліся падпарадкоўвацца камандзірам, груба парушалі дысцыпліну і дэзерціравалі[6]. З нізкімі маральна-псіхалагічнымі якасцямі гэтага віду вайскоўцаў часам звязваюць шырокае распаўсюджванне ў арміі ЗША так званага «фрэгінга» — наўмыснага забойства вышэйстаячага камандзіра ў працэсе баявога сутыкнення з праціўнікам[2].

Прызыўнікі праекта гінулі ў пяць разоў часцей за іншых вайскоўцаў. Некаторыя камандзіры, разумеючы безнадзейнасць такіх салдат, спецыяльна пакідалі іх займацца рознай дзейнасцю на базах, імкнучыся радзей далучаць іх да баявых аперацый[12].

На працягу першых 18 месяцаў службы каля 10 % з NSM былі забіты, паранены або з ганьбай пакінулі вайсковыя шэрагі[7]. Разам з тым вялікая колькасць чарнаскурых, накіраваных у В’етнам у ліку NSM, прывяла да таго, што баявыя страты сярод афраамерыканцаў выраслі да непрапарцыйных велічынь. Калі з 1961 па 1966 год сярод амерыканскага насельніцтва негры складалі каля 11 %, сярод вайскоўцаў — 8 %, то сярод забітых іх апынулася ў сярэднім каля 16 %. У 1965 годзе 23,5 % усіх забітых амерыканскіх вайскоўцаў былі чарнаскурымі. З 1965 па 1971 год чорныя складалі 9,3 % служачых і 12,6 % забітых у В’етнаме, а смяротнасць сярод чарнаскурых перавышала смяротнасць астатніх вайскоўцаў на 35,5 %[7].

Вынікі і наступствы[правіць | правіць зыходнік]

У 1968 годзе Роберт Макнамара пакінуў пасаду міністра абароны. У сакавіку 1971 года ў мэтах поўнай адмовы ад вайсковай павіннасці пачалося паступовае згортванне праекта 100 000[9], пакуль ён не быў канчаткова прыпынены ў сувязі з высокім коштам, зніжэннем патрэбы ў людзях і дээскалацыяй узброенай барацьбы ў В’етнаме[7].

Акрамя таго, вялікія страты ў іх шэрагах толькі пагоршылі сацыяльна-палітычнае становішча ў ЗША, выклікаўшы яшчэ больш катэгарычныя і маштабныя пратэсты. Пасля заканчэння вайсковай службы байцоў «100 000» армейскія навыкі не змаглі дадаць сваім уладальнікам асаблівай каштоўнасці на рынку працы грамадзянскай супольнасці[9]. Многія з іх вярнуліся да жыцця ў няшчасным асяроддзі, а некаторыя нават сышлі ў злачыннасць. Ідэя даць ім адукацыю таксама не дайшла да ўвасаблення ў жыццё, бо толькі 7,5 % NSM змаглі асвоіць адукацыйныя працэдуры і трэніровачны працэс ва Узброеных сілах[7].

Лічыцца, што ініцыятыва «100 000» адыграла значную ролю ў палітычнай кар’еры прэзідэнта ЗША Ліндана Джонсана, які з яе дапамогай змог пашырыць аб’ём прызыўнога матэрыялу для адпраўкі ў В’етнам без прымусовага набору ў войска студэнтаў каледжаў[7]. Такі ход даў магчымасць пазбегнуць абвастрэння адносін са шматлікімі выбаршчыкамі амерыканскага сярэдняга класа[2]. Аднак пазней і студэнтаў давялося адпраўляць у В’етнам, што прывяло да новай хвалі пратэстаў і сур’ёзнага падзення аўтарытэту ўладаў у грамадстве[6].

Агульная выніковасць праекта 100 000 была прызнана катастрафічнай, а масавае запаўненне воінскіх шэрагаў «дэбіламі Макнамары» разбуральным чынам адбівалася на дысцыпліне, маральна-псіхалагічным стане і стандартах навучання як усіх астатніх навабранцаў, так і больш дасведчанага персаналу[13].

У культуры[правіць | правіць зыходнік]

Галоўны герой фільма «Форэст Гамп» (1994) рэжысёра Роберта Земекіса, знятага паводле аднайменнага рамана Уінстана Грума, з’яўляецца разумова адсталым. Яго ролю выканаў Том Хэнкс. Частка карціны апавядае аб ваеннай службе, калі герой трапляе ў В’етнам[14][15].

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Hamilton Gregory. Murder in Vietnam // Military History. — 2018. — July (vol. 35, no. 2).
  • Bill McCloud. What Should We Tell Our Children about Vietnam?. — University of Oklahoma Press, 1989. — ISBN 0-8061-2229-3.
  • Christian G. Appy. The draft and the making of a working class military // Working-class War: American Combat Soldiers and Vietnam. — University of North Carolina Press, 1993. — 365 p. — (History). — ISBN 0-8078-4391-1.
  • Lisa Hsiao. Project 100,000: The Great Society's Answer to Military Manpower Needs in Vietnam (англ.) // Vietnam Generation : журнал. — 1989. — Т. 1, № 2. — С. 14—37.
  • Edward J. Drea. Conscripts and Volunteers: Lower Standards, Greater Inequality // McNamara, Clifford, and the Burdens of Vietnam 1965—1969. — Washington, D.C.: Office of the Secretary of Defence, 2011. — Vol. VI. — (Secretaries of Defense Historical Series). — ISBN 978-01-16-088135-0.
  • Michael S. Foley. The Draft as a Political Issue // Confronting the War Machine. Draft Resistance during the Vietnam War. — Chapel Hill and London: The University of North Carolina Press, 2003. — ISBN 0-8078-2767-3.
  • Thomas G. Sticht. Project 100,000 // Test Policy in Defense: Lessons from the Military for Education, Training, and Employment. — Springer Science + Business Media, 1992. — 270 p. — ISBN 978-94-010-5319-8. — doi:10.1007/978-94-011-2970-1.
  • Anni Baker. The Perfect Soldier (Sailor, Airman, Marine) // Life in the U.S. Armed Forces (not) Just Another Job. — Westport, London: Praeger Security International, 2008. — ISBN 978-0-275-98982-8.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Зачем в армию США набирали умственно отсталых? Таких как Форрест Гамп во Вьетнам поехало 170 тысяч
  2. а б в Gregory 2018, p. 22.
  3. Myra MacPherson. McNamara’s “Moron Corps” (руск.). https://www.salon.com (30 мая 2002). Праверана 18 чэрвеня 2017.
  4. а б Appy 1993, pp. 30–32.
  5. а б Корпус глупцов. История проекта 100.000 — американской программы по призыву в армию людей с низким IQ // Олег Шама, Інтерфакс-Україна, 19 мая 2019
  6. а б в г Почему провалился «Проект Макнамары» по отправке во Вьетнам солдат с низким IQ
  7. а б в г д е ё ж з і к Hsiao 1989, pp. 14–37.
  8. Drea 2011, p. 265.
  9. а б в Drea 2011, p. 268.
  10. Foley 2003, p. 56.
  11. Sticht 1992, pp. 20–21.
  12. а б Зачем В Армию США Набирали Дебилов? // Diodand (канал на Youtube), 7 августа 2019
  13. Baker 2008, pp. 18–19.
  14. http://movakino.kinakong.by/%D1%84%D0%BE%D1%80%D1%8D%D1%81%D1%82-%D0%B3%D0%B0%D0%BC%D0%BF/ Архівавана 9 лістапада 2016.
  15. «Форэст Гамп» па-беларуску (nashaniva.by)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]