Прамова Мялешкі
| Прамова Мялешкі | |
|---|---|
| Жанр | сатыра і памфлет |
| Аўтар | мерк. Іван Мялешка і мерк. Цыпрыян Камуняка[d] |
| Мова арыгінала | старабеларуская мова |
| Дата напісання | 1-я палова XVII ст. |
| Дата першай публікацыі | 1819 |
«Прамова Мялешкі» (поўная назва «Прамова Івана Мялешкі, кашталяна смаленскага, на Варшаўскім сойме ў прысутнасці караля Жыгімонта III Вазы ў 1589 годзе») — помнік беларускай літаратуры першай паловы XVII стагоддзя. Належыць да гумарыстычна-парадыйных і сатырычных твораў аратарскай прозы. Створана ў форме прамовы на сойме, прыпісанай мсціслаўскаму, а пазней смаленскаму кашталяну Івану Мялешку (каля 1552—1622)[1].
У творы намаляваны сатырычны абразок старасвецкага жыцця беларуска-ўкраінскай шляхты[2].
Аўтарства і паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Твор напісаны невядомым аўтарам, які, як вынікае з тэксту, належаў да шляхецкага стану. Некаторыя даследчыкі (асабліва ў XIX ст.) лічылі твор гістарычным дакументам, які фіксуе рэальную прамову шляхціца Мялешкі са Слонімшчыны. Аднак большасць вучоных (Мікалай Сумцоў, Яўхім Карскі, Зміцер Даўгяла і іншыя) прызнае «Прамову Мялешкі» літаратурным творам, хоць і дапускае магчымасць падобнага рэальнага выступлення Мялешкі на сойме[2].
Сучасны беларускі мовазнавец Л. М. Вардамацкі адзначае, што само прозвішча «Мялешка» магло быць выдуманым літаратурным псеўданімам іранічнага характару (ад дыялектнага слова «мялешка» — пустамеля, балбатун), на што ў свой час звяртаў увагу М. Сумцоў. Вардамацкі таксама падкрэслівае, што ў Смаленску нібыта ніколі не было кашталяна з такім прозвішчам, што, на яго думку, пацвярджае версію пра літаратурную містыфікацыю[3].
Аднак гэта супярэчыць наяўным гістарычным крыніцам. Пра тое, што Іван Мялешка заняў пасаду смаленскага кашталяна ў пачатку 1615 года, вядома з намінацыі яго наступніка на пасаду кашталяна берасцейскага, якую Мялешка займаў да таго часу. Пасаду смаленскага кашталяна Мялешка трымаў да канца жыцця — да 13 мая 1622 года, пра што сведчыць намінацыя на гэтую пасаду яго наступніка[4].
На грунце тэксталагічнага аналізу Зміцер Даўгяла выказаў гіпотэзу, што аўтарам «Прамовы», як і «Ліста да Абуховіча», быў шляхціц Цыпрыян Камуняка[5].
Ёсць розныя версіі даціроўкі твора ці часу імавернага выступлення: Міхал Вішнеўскі датаваў яго 1589 годам, Багдан Струмінскі — 1615—1618 гадамі, Пётр Крапівін — 1622—1632 гадамі, а Зміцер Даўгяла — перыядам каля 1630 года[2].
Змест і ідэі
[правіць | правіць зыходнік]Твор напісаны жывой, трапнай і вобразнай старабеларускай мовай, з багатымі фальклорнымі рысамі і мноствам побытавых дэталяў. Большасць інтэрпрэтатараў XX ст. бачаць у творы палітычны памфлет, накіраваны супраць кіруючых вярхоў, польскай культурнай экспансіі і нацыянальнага нігілізму апалячанай шляхты[2].
Вобраз галоўнага героя
[правіць | правіць зыходнік]Ацэнкі вобраза Івана Мялешкі ў літаратуразнаўстве неадназначныя. Так, на думку Івана Саверчанкі, пісьменнік праз свайго героя сфармуляваў ідэю непарушнасці беларускіх сямейных і побытавых традыцый, адзначыў іх высокую каштоўнасць. Праз ухваленне мінуўшчыны аўтар даказваў, што праўда, сумленнасць і ахвярнасць дзеля Бацькаўшчыны — найвышэйшыя каштоўнасці[6].
У той жа час Ігар Клімаў адзначае, што галоўнаму персанажу, апроч патрыятызму, уласціва ксенафобія, сквапнасць, зайздрослівасць, кансерватызм у побыце і поглядах, часам аж да гратэскава падкрэсленага абскурантызму. Ён замілаваны даўніною і патрыярхальным ладам жыцця, востра не прымае новага, хоць і вымушаны прыстасоўвацца да яго[2].
Сацыяльна-палітычная праблематыка
[правіць | правіць зыходнік]У «Прамове Мялешкі» ўздымаецца балючая тэма аслаблення дзяржавы. Аўтар пісаў пра перыяд княжання Жыгімонта Старога (1506—1548), як пра «залаты час Літвы». Заняпад краіны звязваецца з часамі Жыгімонта Аўгуста (1548—1572), які, паводле аўтара, забыўся пра інтарэсы Княства, падпаў пад «ляшскі» ўплыў і перадаў Польшчы Валынь з Падляшшам. Галоўная прычына крызісу бачыцца ў здрадзе магнатаў і вышэйшых саноўнікаў, якія выракаюцца сваіх традыцый дзеля ўласных амбіцый і пыхі[7].
У творы, бадай, упершыню ў беларускім пісьменстве прагучала думка пра небяспеку страты беларускім народам уласных нацыянальных каштоўнасцей — маральных, эстэтычных, грамадскіх і дзяржаўных[6]. Аўтар дакарае шляхту за згодніцтва і маўчанне перад «баламутнымі раднымі панамі»[8].
Крытыка чужаземнага ўплыву
[правіць | правіць зыходнік]У «Прамове Мялешкі» асуджалася паланізацыя краю. Аўтар крытыкаваў норавы наезджых іншаземцаў — «ляхаў» і «немчыкаў». У творы высмейваецца малпаванне чужых нораваў, мудрагелістасць вопраткі, ненатуральнасць і манернасць паводзін. Адмаўленне ад традыцыйнай маралі, народнай этыкі і эстэтыкі, паводле высновы аўтара, стала адной з прычын грамадскага заняпаду і распуснасці[8].
Гісторыя публікацый
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню «Прамова Мялешкі» была апублікавана ў 1819 годзе Юльянам Нямцэвічам у перакладзе на польскую мову[2][9]. Пазней з’явіліся публікацыі, што грунтаваліся на розных беларускіх рукапісах, у прыватнасці выданні Міхала Вішнеўскага (1851) і Вацлава Ластоўскага (1926). Асобна вылучаецца публікацыя Мікалая Кастамарава ў «Актах, якія адносяцца да гісторыі Паўднёвай і Заходняй Расіі» (1865), тэкстуальна блізкая да варыянта Вішнеўскага, але ўкраінізаваная ў мове; крыніца гэтай публікацыі застаецца невядомай[2].
Л. М. Вардамацкі на падставе супастаўляльнага аналізу польскай версіі М. Вішнеўскага (1851) і кірылічнай версіі з «Актаў…» (1865) прыходзіць да высновы, што першапачатковы тэкст быў напісаны менавіта кірыліцай на старабеларускай мове. На карысць гэтага сведчаць сляды рэдактарскай праўкі ў кірылічным варыянце (напрыклад, напісанне «Найясней(шiй)», дзе канчатак узяты ў дужкі), у той час як у польскім варыянце фраза ўжо падаецца ў выпраўленым выглядзе. Такім чынам, версію 1865 года даследчык лічыць бліжэйшай да арыгінала, чым варыянт Вішнеўскага[10].
У XX ст. твор шматкроць перавыдаваўся. Спробу крытычнага выдання разам з рэканструкцыяй архетыпу паводле 6 рукапісаў XVIII ст. зрабіў Багдан Струмінскі (1984)[2][11].
У 2011 годзе часопіс «ПрайдзіСвет» апублікаваў «Прамову Мялешкі» на трасянцы у перакладзе Анкі Упалы[12].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Чамярыцкі 2001, с. 5.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 Клімаў 2005, с. 462.
- ↑ Вардамацкі 2022, с. 161.
- ↑ Urzędnicy WKL 2003, p. 88.
- ↑ Даўгяла 1927.
- 1 2 Саверчанка 2010, с. 571.
- ↑ Саверчанка 2010, с. 571-572.
- 1 2 Саверчанка 2010, с. 572.
- ↑ Niemcewicz J. U. Zbiór pamiętników historycznych o dawnej Polsce. — Warszawa, 1819. — T. 2. — S. 341—344.
- ↑ Вардамацкі 2022, с. 162.
- ↑ Bohdan A. Struminsky. Pseudo-Meleško: A Ukrainian Apocryphal Parliamentary Speech of 1615-1618 : a Study. Harvard University Press, 1984.
- ↑ Рэч Мялешкі, кашталяна Смаленскага, на засяданіі правіцельства ў Варшаве ў 1589 гаду (Прамова Мялешки, каштэляна Смаленскага, на сойме у Варшаве у 1589 годзе) - па-беларуску | Часопіс "ПрайдзіСвет"(недаступная спасылка). Праверана 23 снежня 2025.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- І. Клімаў. «Прамова Мялешкі» // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 462. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- В. А. Чамярыцкі. «Прамова Мялешкі» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
- Вардомацкий Л. М. «Речь Ивана Мелешки…»: проблемные места в текстах двух публикаций XIX века // Наука — образованию, производству, экономике : материалы 74-й Региональной научно-практической конференции преподавателей, научных сотрудников и аспирантов. — Віцебск: ВДУ імя П. М. Машэрава, 2022. — С. 160—162.
- Даўгяла 3. І. З беларускага пісьменства XVII ст.: Творы Цыпрыяна Камунякі «Ліст да Абуховіча» і «Прамова Мялешкі». — Мн., 1927.
- Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. — Мн., 1980.
- Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / укладанне, прадмова і каментар І. Саверчанкі. — Мінск: Кнігазбор, 2010. — 605 с. — (Беларускі кнігазбор : БК / Інстытут літаратуры імя Я. Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ; т. 36. Серыя 1, Мастацкая літаратура). — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6824-43-5.
- Крапивин П. К вопросу о времени появления «Речи Ивана Мелешки» и ее авторства. — Мн.: Изв. АН БССР, 1955.
- Прашкович Н. «Прамова Мялешкі» и «Ліст да Абуховіча» — новый этап в истории белорусской литературы. — Л.: Тр. Отдела древнерусской литературы, 1969. — Т. 24.
- Struminsky B. Pseudo-Meleško: A Ukrainian Apocryphal Parliamentary Speech of 1615—1618. — Cambridge (Mass.), 1984.
- Kasztelan smoleński // Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy (польск.) / pod redakcją Andrzeja Rachuby. — Warszawa: Instytut Historii Polskiej Akademii Nauk, 2003. — Tom IV: Ziemia smoleńska i województwo smoleńskie. XIV—XVIII wiek.