Прамысловыя заняткі беларусаў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Прамысловыя заняткі беларусаў (як і рамёствы) з'яўляюцца дапаможным заняткам да земляробства, якое ў сельскай мясцовасці было адзінай крыніцай здабывання сродкаў для існавання і адным з важнейшым аспектаў народнай культуры і вытворчай дзейнасці беларусаў.

Промыслы развіваліся паралельна з рамяством, пачатковымі формамі якіх былі збіральніцтва, паляўніцтва, рыбалоўства, бортніцтва. У далейшым з развіццём вытворчасці сфера прамысловых заняткаў пашыралася і ўжо ўключала ў сябе выраб жалеза, шкла, паташу, нарыхтоўку лубу, лазы, смалы, вугалю і іншай сыравіны, а таксама выраб з яе гатовай прадукцыі.

З аддзяленнем рамяства ад сельскай гаспадаркі і з’яўленнем рамесна-прамысловых вырабаў на заказ і на рынак адбылося збліжэнне промыслаў з рамёствамі. Побач з інтэграцыяй назіралася і дыферэнцыяцыя промыслаў і рамёстваў. Многія з былых хатніх рамёстваў ператварыліся ў адыходныя промыслы.

Промыслы беларусаў, маючы старажытныя вытокі, адлюстроўваюць гісторыю развіцця прадукцыйных сіл. Здабыванне прыродных рэсурсаў складае першасную форму гаспадарчых заняткаў і аб’ядноўвае цэлую групу т. зв. здабыўных промыслаў — збіральніцтва, паляўніцтва, рыбалоўства, бортніцтва, лясныя промыслы і інш.

Арганічна дапаўняючы земляробства і жывёлагадоўлю, промыслы былі зарыентаваны пераважна на асенне-зімовы сезон, свабодны ад сельскагаспадарчых работ. Летам і восенню сяляне, апрача земляробства, часцей займаліся здабыўнымі промысламі — нарыхтоўкай ягад, грыбоў, лекавых траў, здабычай лыка, вязаннем венікаў, а таксама пчалярствам і рыбалоўствам.

Збіральніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Збіральніцтва — адна з форм гаспадарчай дзейнасці чалавека, збіранне дароў прыроды, у асноўным — прадметаў харчавання і лекавых раслін. Пры першабытнаабшчынным ладзе збіральніцтва існавала побач з паляўніцтвам і рыбалоўствам, займала важнае месца ў спажывецкай гаспадарцы і падрыхтавала ўмовы для вытворчай гаспадаркі. З пераходам да земляробства і жывёлагадоўлі набыло характар падсобнага (здабыўнага) промыслу. Збіральніцтва выконвала больш прыкметную ролю і больш працяглы час захоўвалася ў лясных мясцовасцях. Сярод розных відаў збіральніцтва для жыхароў Беларусі былі ўласцівы збіранне траў і караняплодаў, ягад і пладоў дзікарослых дрэў, грыбоў, мёду дзікіх пчол, здабыванне раслінных сокаў і інш. Кожны з відаў збіральніцтва адпавядаў мясцовым умовам жыццядзейнасці, патрабаваў пэўных працоўных навыкаў і ўменняў, звязаных з веданнем флоры, харчовых і лекавых якасцей пэўных раслін, аптымальных спосабаў і прыёмаў іх здабывання, пярвічнай апрацоўкі і захавання. Травяністыя расліны (лісце шчаўя, крапівы, лебяды) збіралі да іх цвіцення, складвалі ў макітры, перасыпалі соллю, квасілі. З іх гатавалі страву. Шчаўе, кісліцу, цыбулю лугавую, маладыя пабегі аеру ўжывалі і свежымі. З іван-чаю, чабару, святаянніку, кветак ліпы рыхтавалі адвары. Мноства лекавых раслін сушылі. Пашырана было збіранне ягад, грыбоў, арэхаў, жалудоў.

Як ніводны від гаспадарчага занятку чалавека, збіральніцтва не патрабавала нейкіх асаблівых прылад працы: грыбы зразалі любым нажом; ягады збіралі грэбенем — драўляным коўшыкам з 8—12 прарэзанымі ў корпусе ці стальнымі зубамі; пры збіранні лекавых зёлак бралі часам з сабою рыдлёўку або серп.

Збіральніцтва са старажытных часоў рэгламентавалася звычаёвым правам, якое вызначала агульны парадак, спосаб і час збірання. Парушэнне агульнапрынятых правілаў асуджалася грамадскай думкай, аўтарытэт якой быў надзвычай высокім. Паводле статутаў ВКЛ XVI ст., сяляне захоўвалі права «ўступу» (зямельныя сервітуты) у дзяржаўныя і панскія лясы з мэтай збору грыбоў, ягад, мёду дзікіх пчол і інш. Пазней са змяншэннем сервітутаў яны паступова страчвалі такое права, і павінны былі плаціць уладальнікам некалькі дзён у годзе за права карыстацца ляснымі ўгоддзямі.

Збіральніцтва — адзін з нямногіх старажытных промыслаў, які ва ўмовах урбанізацыі і прамысловай рэвалюцыі захаваў сваю архаічную форму і індывідуальны характар ручной працы. У наш час збіральніцтва часцей мае форму аматарскага занятку, актыўнага адпачынку на ўлонні прыроды.

Рыбалоўства[правіць | правіць зыходнік]

Занятак рыбнай лоўляй вядомы на Беларусі з часоў палеаліту. Пра гэта сведчаць крышталікі вачэй рыб, якія знаходзяць археолагі сярод культурных рэшткаў стаянак першабытных людзей, а таксама выявы рыб на касцяных рэчах бытавога і культавага прызначэння.

Рыбная лоўля да распаўсюджвання земляробства на тэрыторыі сучаснай Беларусі была адной з найважнейшых крыніц існавання мясцовага насельніцтва. З развіццём земляробства і жывёлагадоўлі роля яе ў народнай гаспадарцы паступова памяншалася, яна станавілася дадатковым заняткам.

У феадальны перыяд лоўля рыбы на Беларусі набыла таварны характар. Таварам было і сеткавае палатно. Але нягледзячы на такія новыя з’явы ў развіцці рыбалоўнага занятку, прамысловае рыбалоўства мела абмежаваны характар. Асноўная маса здабытай рыбы па-ранейшаму ішла на задавальненне патрэб саміх рыбакоў і іх сем’яў. Прыгонныя рыбаловы пастаўлялі рыбу памешчыкам.

Найбольшага развіцця прамысловае рыбалоўства дасягнула ў паслярэформенны перыяд. З ростам гарадскога насельніцтва пасля адмены прыгоннага права павялічылася патрэба ў харчовых прадуктах, у т. л. і рыбных. Увод у эксплуатацыю чыгуначных ліній даваў магчымасць не толькі транспарціраваць рыбу ў гарады і мястэчкі беларускіх губерняў, але і вывозіць яе ў іншыя губерні Расійскай імперыі і за мяжу.

У другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. вадаёмамі ў Беларусі валодалі казна, памешчыкі, манастыры і сялянская грамада. Лоўля рыбы на продаж, а тым больш для ўласнага спажывання практыкавалася на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Найбольшае распаўсюджванне занятак рыбнай лоўляй меў на Палессі і ў паўночна-заходнім Паазер’і: тут было шмат рэк і азёр, а малаўрадлівасць зямель прымушала сялян шукаць дапаможныя крыніцы існавання, адной з якіх з’яўлялася рыбная лоўля.

Некаторыя памешчыкі мелі рыбаводныя гаспадаркі, якія спецыялізаваліся на развядзенні карпаў і стронгі. Напрыклад, такія гаспадаркі меліся ў маёнтку Альба князя Радзівіла ў Мінскай губерні, у маёнтку Пескі памешчыка Паслаўскага ў Гродзенскай губерні.

Хоць прамысловае рыбалоўства было шырокавядомым заняткам на Беларусі, аднак людзей, для якіх рыбалоўства з’яўлялася асноўнай крыніцай існавання, было мала. Як правіла, жыхары прыбярэжных населеных пунктаў займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй.

Для лоўлі рыбы невадамі стваралі арцелі, якія арганізоўваліся на паявых умовах: кожны рыбак уносіў сваю частку сеткавага палатна або пэўную суму грошай для яго куплі, удзельнічаў у пашыве невада, яго рамонце і лоўлі рыбы, якая збывалася скупшчыкам.

Дзеці і падлеткі з прыбярэжных вёсак і мястэчак займаліся лоўляй ракаў, промысел якіх атрымаў шырокае распаўсюджванне ў Беларусі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. Гэта было абумоўлена іх знікненнем на вадаёмах Заходняй Еўропы ў выніку эпідэміі ракавай чумы. Беларусь яна абышла. Ракаў з беларускіх губерняў адпраўлялі ў Польшчу, Аўстрыю, Германію і Францыю. Іх перавозілі жывымі ў скрынках з імхом.

Асаблівасцю рыбалоўства на Беларусі ў ХІХ — пачатку ХХ ст. з’яўлялася нерэгуляваная здабыча рыбы, адсутнасць правілаў лоўлі, што вяло да распаўсюджвання драпежніцкіх спосабаў — лоўлі ў час нерасту і г. д. Вынікам гэтага было скарачэнне запасаў рыбы ў вадаёмах.

Адметнай рысай рыбалоўнага занятку з’яўляецца шматлікая колькасць разнастайных прылад працы, дапаможных прыстасаванняў і спосабаў лоўлі. У рыбалоўным арсенале, што выкарыстоўваўся ў пачатку ХХ ст., меліся амаль усе прылады (выключэннем з’яўляецца гарпун), якімі на тэрыторыі Беларусі карысталіся рыбаловы ў дагістарычныя часы. Сярод іх былі такія прымітыўныя, як драўляныя кручкі, дубіны для глушэння рыбы на тонкім лёдзе, розныя плеценыя з лазы пасткі, восці. Змены ў рыбалоўнай тэхніцы да пачатку ХХ ст. насілі больш колькасны, чым якасны характар. Таму ў традыцыйных прыладах і спосабах рыбалоўства можна прасачыць нямала этнічных рыс.

Па прынцыпу дзеяння і спосабу лоўлі традыцыйныя прылады рыбалоўства можна падзяліць на пяць груп: сеткі-невады, стаўныя пасткі, рухомыя пасткі, кручковыя снасці і ўдарныя прылады.

Для рыбалоўнага промыслу насельніцтва Палесся здаўна была характэрна здабыча ўюноў. Іх у вялікай колькасці вылоўлівалі зімой для ўласнага спажывання і на продаж.

Да найстаражытнейшых рыбалоўных прылад належаць і рухомыя лавушкі.

З прынадных кручковых прылад беларускія рыбаловы карысталіся навяснымі, доннымі, напраўнымі і якарнымі вудамі, старожнямі, перамётамі, снасцямі для лоўлі самоў «клочаннем».

Меншай разнастайнасцю характарызаваліся ўдарныя прылады. Гэту групу складалі прылады глушэння і колючыя прылады. Глушылі рыбу па тонкім восеньскім лёдзе дубінамі, цурбанамі з ручкамі, драўлянымі молатамі, абухамі сякер. З колючых прылад шырока выкарыстоўваліся восці — шост з жалезным наканечнікам, на якім было ад 2 да 10 зубоў з завусеніцамі. Значна менш, чым восці, быў распаўсюджаны багор.

Аб’ектам промыслу і аматарскага рыбалоўства на вадаёмах Беларусі з’яўляюцца 33 віды рыб. Асноўнымі прамысловымі рыбамі з’яўляюцца лешч, судак, шчупак, плотка, карась, акунь, вугор, карп.

Бортніцтва і пчалярства[правіць | правіць зыходнік]

Пра занятак пчалярствам насельніцтва тэрыторый, на якіх пазней пасяліліся плямёны ўсходніх славян, пісаў яшчэ ў V ст. да н. э. славуты Герадот. Шматлікія згадкі пра мёд і воск мы знаходзім і ў нашых летапісах.

Пчалярства прайшло ў сваім развіцці тры асноўныя стадыі:

Бортніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Бортніцтва — першапачатковая форма культурнага пчалярства, заснаванага на ўтрыманні і развядзенні пчол у «жывых вуллях» — натуральных або штучных дуплах такіх дрэў, як сасна, дуб, ліпа, радзей — асіна.

У сваю чаргу бортніцтва развілося з «дзікага пчалярства», калі з выпадкова знойдзенага ў лесе, а то і проста на зямлі пчалінага гнязда чалавек забіраў мёд, але перш спальваў рой, што знайшло адлюстраванне ў прымаўцы:

«Не пагнётшы пчолаў, мёду не ядуць»

Пазней пошук дзікіх раёў набыў свядомы характар: чалавек ужо ішоў у лес па мёд, як на паляванне.

З пераходам да аселага жыцця адбылося пераўтварэнне збіральнікаў мёду ў свядомых пчаляроў-бортнікаў.

Калі не лічыць перыяду «дзікага пчалярства», бортніцтва прайшло тры этапы развіцця:

  • ахова і догляд дзікіх пчол у знойдзеных дуплах;
  • утрыманне свядома заселенага рою ў прыстасаваных пад борці натуральных дуплах;
  • развядзенне і ўтрыманне пчол у адмыслова зробленых борцях.

Паступова выпрацавалася тэхніка вырабу борцяў, спосабы прываблівання і догляду пчол, узніклі і ўдасканаліліся борцевыя прылады працы, на аснове вопыту склалася сістэма практычных і тэарэтычных ведаў пра пчалярства, сфарміраваліся традыцыі — узнік новы від промыслу. Адбылося гэта на землях сучаснай Беларусі 2—3 тыс. гадоў таму назад. Развіццю бортніцтва як самастойнага і шырока распаўсюджанага промыслу спрыяла наяўнасць вялікіх масіваў змешаных лясоў і пушчаў, парослых верасам, чарнічнікам, маліннікам і іншымі раслінамі.

Бортніцтвам займаліся паўсюль. В. Концкі, аўтар выдадзенай у 1614 г. кніжкі «Навука аб пчолах», першай тэарэтычна-практычнай работы пра пчалярства, пісаў, што Белая Русь славутая мноствам розных багаццяў, у тым ліку «і пчоламі, шчодрымі на мёд, не абдзелена». Гэта пацвярджаецца і данымі тапанімікі. Назвы вёсак Бортнікі, Бортнавічы, Борці распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Да нашага часу захаваліся некаторыя старажытныя адзінкі вымярэння мёду і назвы посуду для яго захоўвання: «кадоўб», «кадоўбчык», «ліпечня» і інш.

Па меры распаўсюджвання і ўдасканальвання бортніцтва складалася і бортнае права — спачатку звычаёвае, а затым і пісанае, дзяржаўнае.

У XVI—XVIII ст. дзейнічалі цэхі і брацтвы бортнікаў. Пры паступленні ў цэх прыносілася прысяга бортніка, якая патрабавала адданасці і паслухмянства кіраўніцтву цэха, яго суду і юрысдыкцыі, захаванне «ўдзень і ўноч» прафесійных сакрэтаў, неадкладнага выкрыцця парушальнікаў цэхавай дысцыпліны. На чале цэха стаялі выбраныя на агульным сходзе бортны стараста, падсудак і пісар. Пазней у адміністрацыю цэха ўвайшлі два лаўнікі, а падсудка замяніў суддзя. Бортныя цэхі мелі свой статут, сцяг і пячатку.

Бортнікі плацілі падатак, выконвалі павіннасці і карысталіся пэўнымі льготамі і правамі. Кантроль за работай бортнікаў ажыццяўлялі прызначаныя з ліку сялян наглядчыкі — палазнікі. Яны вызначалі колькасць сабранага мёду і памер падаткаў.

Прафесія бортніка звычайна перадавалася ад бацькоў. Хадзіць ля пчол вучыліся з дзяцінства, спакваля спасцігаючы таямніцы пчалярства. Найбольш важныя з іх, у т. л. чарадзейныя дзеянні і замовы, бацькі перадавалі сынам перад смерцю. Такі звычай, паводле І. А. Сербава, бытаваў на Палессі яшчэ ў пачатку ХХ ст.

У бортніцтве, як і ва ўсіх іншых гаспадарчых занятках, чалавек выпрацоўваў адмысловыя прылады і прыстасаванні. Яны без істотных змен, але пад іншымі назвамі вядомы на ўсёй тэрыторыі Беларусі: «лязіва», «барта» (невялікая сякера) з шырокім лязом, «медарэз», «рэзічка» (нож для падрэзвання сотаў), «пешня» з прамым і сагнутым «лыжачкай» лязом на доўгім пяхоўі.

Новыя борці выдзёўбваліся задоўга да раення. Гэты працэс займаў два тыдні. Камера борці падзялялася на тры часткі:

  • галава (шапка), дзе знаходзіўся рой;
  • сярэдзіна, дзе размяшчаліся соты;
  • дно (подак, под), куды ападалі мёртвыя пчолы, рознае смецце, а пры неабходнасці ставілася падкормка — сыта ў драўлянай ці глінянай місачцы.

Прыналежнасць борці вызначалася адмысловымі знакамі (знамя, кляймо). У аснове іх кампазіцыі ляжалі геаметрычныя матывы.

Для прываблівання рою ў новую борць рабілі т. зв. тварбу: борць націралі мелісай, апырсквалі духмяным настоем з кветак і травы, акурвалі верасам, клалі ў сярэдзіну кавалачак старых сотаў або галінку алешыны з маладымі лісцікамі. І калі скалям — пчаліным разведчыкам — спадабалася борць, яны прыводзілі малады рой, і праца бортніка прыносіла восенню добры плён.

Асадзіўшы ў новай борці рой, бортнік павінен быў паклапаціцца пра яго ахову. Вялікую шкоду бортніцтву прыносілі мядзведзі.

Падглядаць пчол пачыналі ў канцы лета. Лічылася, што да Спаса (19 жніўня, 6 жніўня па ст. ст.) нельга браць мёд, бо прападуць пчолы. Пры добрым цвіценні верасу з адной борці атрымлівалі да трох пудоў мёду.

Калоднае пчалярства[правіць | правіць зыходнік]

У канцы XV ст. поруч са спрадвечнымі борцямі пачалі выкарыстоўваць калоды — вуллі, выдзеўбаныя ў адпілаваным кавалку дрэва. Па традыцыі калоды ўсцягвалі на дрэвы і ставілі на падкурах.

Па пераемнасці калоднае пчалярства ўспрыняло ранейшую назву і таксама называлася бортніцтвам. Выкарыстанне калоднага вулля, выпілаванага з бортнага дрэва, не змяніла на першым часе пчалярства, якое яшчэ доўга заставалася лясным. Выцясніўшы паступова бортніцтва ў яго чыстым выглядзе, калоднае пчалярства стала пануючай формай.

У перыяд калоднага пчалярства ў асобных раёнах Беларусі атрымалі распаўсюджанне плеценыя вуллі — саламянікі і лазавікі.

Рамачнае пчалярства[правіць | правіць зыходнік]

Першыя спробы пераабсталявання калод фіксуюцца ў першай чвэрці XIX ст., што сведчыла аб прызнанні беларускімі пчалярамі новага вулля — рамачнага. Аднак у цэлым рамачны вулей марудна пракладваў сабе дарогу. Беларускія пчаляры, якіх на долю сялян прыпадала 80 %, былі настолькі прывязаны да традыцыйнай, пераважна лясной формы пчалярства, што з недаверам і насцярожанасцю ставіліся да новага. Распаўсюджанне новага вулля стрымлівала і адсутнасць папулярызацыі. Вядучай формай пчалярства на працягу ўсяго ХІХ ст. па-ранейшаму заставалася калоднае.

Да 1830-х гг. рамачны вулей канчаткова заваяваў усеагульнае прызнанне і паўсюдна, выключаючы некаторыя раёны Усходняга Палесся, выцясніў калоду, якая праіснавала больш за тысячагоддзе. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны пчалярства як дапаможная, але самастойная галіна гаспадаркі, было зруйнавана дашчэнту і адноўлена пасля вайны. Цяпер беларускае пчалярства перажывае цяжкі перыяд. А між тым неабходнасць развіцця і павелічэння прадукцыйнасці пчалярства вымагаецца самім жыццём. Акрамя мёду, каштоўным прадуктам з’яўляецца воск, які выкарыстоўваецца больш чым у 40 галінах прамысловасці.

Дзякуючы пчолам адбываецца апыленне сельскагаспадарчых культур, таму пчалярская гаспадарка Беларусі мае ў асноўным апыляльна-мядовы характар. Аднак у рэспубліцы вядзецца і племянная работа: у Брэсцкім пчолагадавальніку разводзяць мясцовых пчол, у Баранавіцкім — краінак, у Гродзенскім — карпатак.

Паляўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

На Беларусі паляўніцтва вядома каля 40 тыс. гадоў, з моманту засялення яе тэрыторыі першабытнымі плямёнамі, якія палявалі на мамантаў і касматых насарогаў. На працягу тысячагоддзяў паляванне забяспечвала ежай (мяса, тлушч), адзеннем (скура, футра, поўсць), матэрыяламі для вырабу разнастайных прылад працы, зброі, упрыгожанняў, амулетаў; косці шырока выкарыстоўваліся як паліва і будаўнічы матэрыял.

Як паказваюць археалагічныя, пісьмовыя, іканаграфічныя матэрыялы, для палявання выкарыстоўвалі ўсе віды наступальнай і абарончай баявой зброі: лукі, самастрэлы, коп’і, дзіды, дроцікі, рагаціны, сякеры, чаканы, шаблі, нажы, нават паліцы і кісцені. Спецыфічна паляўнічымі прыладамі і прыстасаваннямі, якімі пераважна карыстаўся «паспаліты» люд, былі разнастайныя па канструкцыі, матэрыяле і прызначэнні самаловы: пасткі, сеткі, лоўчыя ямы і загароддзі, а таксама лоўчыя петлі.

У канцы Ранняга Сярэднявечча ў асяроддзі феадалаў стала папулярным паляванне з сабакамі і сокаламі. Сакалінае паляванне было выключна прэрагатывай караля і магнатаў. Выдрэсіраваны сокал каштаваў столькі, колькі два кані або тры добра адкормленыя валы.

Буйных капытных жывёл акрамя аблаўнага палявання здабывалі пры дапамозе разнастайных загарадак. Найбольш пашыраным і ўлоўным відам лоўчай загарадкі быў т. зв. двухсценак — рублены з бярвенняў прагонак з двух паралельных тынаў даўжынёй у некалькі кіламетраў і мноствам пастак — тупіковых адгалінаванняў. Як толькі звер заходзіў у адзін з іх, пастку перакрывалі клямкамі-засаўкамі з тоўстых брусоў, схаваных у проразях двухсценка.

Першыя прыкметы фауністычнага крызісу выявіліся ўжо ў XII—XIV ст. Пазней, у XVI—XVIII ст. у сувязі з інтэнсіўным антрапагенным уздзеяннем на прыроду (развіццё хімічных промыслаў, нарыхтоўка таварнага лесу, павелічэнне плошчаў ворнай зямлі, непамернае паляванне, а ў ХІХ ст. — пракладка чыгуначных ліній) узмацніўся адмоўны ўплыў на прамысловую жывёлу, што прывяло да скарачэння арэалаў яе існавання. Зніклі цэлыя папуляцыі звяроў: у 1627 г. быў знішчаны апошні еўрапейскі тур, у сярэдзіне XVIII ст. — тарпаны, у пачатку ХІХ ст. — высакародныя алені мясцовай папуляцыі. Звяліся собалі, мядзведзі-мурашкаеды, расамахі, чорныя зайцы, лясныя каты, дрофы. У 1919 г. (па- водле іншых звестак — у 1921 г.) быў знішчаны апошні зубр.

Паляўніцтва з даўніх часоў рэгулявалася нормамі звычаёвага, пазней санкцыяніраванага дзяржавай паляўнічага права. Першыя крокі ў агульнадзяржаўным маштабе са свядомай мэтай забеспячэння штогадовага біялагічнага ўзнаўлення пагалоўя ляснога статка ажыццявіў у 1420 г. вялікі князь ВКЛ Ягайла. З комплексу прадугледжаных мерапрыемстваў істотнае значэнне мела ўстанаўленне акрэсленага тэрміну палявання: восенню пасля заканчэння палявых работ і да 7 красавіка (ст. ст.). Прыкладна з таго часу на Беларусі ўсталявана адпаведнасць пэўных паляўнічых угоддзяў, створаны адмысловы інстытут лясной аховы. Больш паглыбленае развіццё паляўнічае права як юрыдычная сістэма мерапрыемстваў і норм паляўніцтва атрымала ў Статуце ВКЛ, які дзейнічаў з 1529 па 1840 гг. У 1559 г. па загадзе Жыгімонта ІІ Аўгуста стараста Мсцібогаўскі Р. Б. Валовіч склаў «Рэвізію пушчаў і пераходаў звярыных» — грунтоўнае апісанне 39-ці найбольшых пушчаў ВКЛ. Для кожнай пушчы ён вызначыў межы, даў агульную характарыстыку, адзначыў звярыныя пераходы. У канцы XVI — пачатку XVII ст. галоўная ўвага звярталася на захаванне натуральных умоў існавання звяроў.

Аднак у саслоўна-феадальнай дзяржаве не ўсе былі роўныя перад законам. Прыродаахоўнае права не распаўсюджвалася на прыватную ўласнасць — у яе межах гаспадары палявалі без усялякага абмежавання. Часта імі наладжваліся такія паляванні, якія нагадвалі масавае знішчэнне ляснога жыхарства без меры і сэнсу.

Велікакняжацкія і магнацкія ловы рыхтавалі прафесіяналы: аб’ездчыкі, стральцы, асочнікі, пташнікі, сакольнікі, сетнікі, якіх узначальваў лоўчы са сваімі памочнікамі — падлоўчымі. У Радзівілаў, напрыклад, лоўчыя былі амаль у кожным маёнтку. У час ловаў на дапамогу прыцягваліся сяляне з навакольных вёсак.

Паляванне было распаўсюджана і сярод простага люду. Палявалі не толькі леснікі, але і жыхары гарадоў і мястэчак. Сеткамі, пасткамі, сіламі і петлямі яны вылоўлівалі значную колькасць лісіц, барсукоў, куніц, норак, тхароў, цецерукоў, качак, курапатак, зайцаў. Пры нагодзе сяляне не абыходзілі і лася, дзіка, ваўка, асабліва пасля з’яўлення агнястрэльнай зброі.

Агнястрэльная зброя пачала выкарыстоўвацца ў паляўніцтве дзесьці ў канцы XV — пачатку XVI ст. і спачатку была даступна толькі буйной шляхце. На Беларусі паляўнічыя карысталіся стрэльбамі разнастайных сістэм і калібраў, пачынаючы ад замежных і канчаючы самаробнымі або пераробленымі з вайсковых ружжаў. Асабліва шмат зброі асела ў насельніцтва ў 1812 г.

У другой палове ХІХ ст. атрымалі распаўсюджанне дубальтоўкі. Паляванне, як ніводны занятак чалавека, абрасло тоўстым пластам забабонаў і прымхаў. Зменлівае паляўнічае шчасце звязвалася з воляй звышнатуральных сіл, нябачных і ўсемагутных духаў. Яшчэ ў старажытнасці стараліся задобрыць іх імітацыяй галасоў звяроў, ахвярамі, пратыканнем чучалаў і малюнкаў звяроў коп’ямі.

Найбольш дзейсным сродкам дасягнення поспеху лічыліся замовы — адмысловыя па форме і змесце слоўныя формулы, пры дапамозе якіх імкнуліся пераўтварыць жаданае ў рэальнасць: каб дзічына сама выходзіла на паляўнічага, каб стрэльба «маху не давала, кожнага звера на месцы клала».

Аналагічную мэту мелі розныя магічныя дзеянні: калі збіраліся на паляванне, прамаўлялі шэптам, з хаты выходзілі прыцемкамі, у лес заходзілі задам наперад, маўляў, ужо дадому вяртаюся. Усё рабілі наадварот: думалі адно, гаварылі другое. Адсюль сучаснае пажаданне:

«Ні пуха, ні пяра!»

У канцы ХІХ ст. паляванне са стрэльбай набыло сярод прывілеяваных колаў насельніцтва спартыўна-аматарскі характар, і толькі ў сялян, местачкоўцаў і некаторых жыхароў вялікіх гарадоў яно захавала ролю дапаможнага занятку, які прыносіў пабочны прыбытак. Паляванне самаловамі шляхта, чыноўнікі, інтэлігенцыя ўспрымалі як абразлівы занятак. У сялян жа гэты від лоўлі карыстаўся папулярнасцю па дзвюх прычынах:

  • акупляліся працоўныя выдаткі;
  • не патрабавала непасрэднай прысутнасці чалавека: самаловы самі затрымлівалі або забівалі звера.

Самаловы падзяляліся на рухомыя і нерухомыя. Першыя пераносіліся з месца на месца пры змяненні паляўнічай сітуацыі. Другія рабілі з бярвенняў, колаў, жэрдак і плашчакоў непасрэдна на месцах лову.

Вядомыя яшчэ ў першабытным грамадстве, лоўчыя ямы для лоўлі ваўкоў, мядзведзяў, дзікоў, ласёў і іншых звяроў дайшлі да нашага часу амаль без істотных змен. Ямы капалі ля вадапояў, на звярыных пераходах і ў іншых месцах, якія наведвалі звяры.

Да самалоўных прылад блізка стаяць здаўна распаўсюджаныя на Беларусі разнастайныя па канструкцыі, дзеянні і прызначэнні лоўчыя сеткі. Гэты від здабычы дзічыны, а карані яго ўзыходзяць да палеаліту, узгадваецца пад 1091 г. у Лаўрэнцьеўскім летапісе. Па спосабе лоўлі і прынцыпе дзеяння сеткі падзяляліся на самалоўныя, у якіх звяры і птушкі заблытваліся самі, і падрыўныя, якія патрабавалі прысутнасці паляўнічага. Апошнія накрывалі здабычу зверху, калі чалавек тузаў за шнур.

Добрага, амаль музычнага слыху і здольнасці пераймаць галасы звяроў патрабаваў такі спосаб палявання, як ваба (вабенне). Ласёў-рагачоў прываблівалі на выстрал у час гону, імітуючы голас самкі пры дапамозе хваёвага ці берастовага вабіка — конуснай руркі даўжынёй 30—35 см.

Да індывідуальных відаў палявання належаць падпільноўванне звяроў каля логава, на зімовых воўчых пераходах, каля конскіх могілак, а таксама паляванне на ваўка скрадам.

Вялікія страты панёс жывёльны свет Беларусі падчас Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. Работа па ўзнаўленні паляўнічай гаспадаркі пачалася ў 1920-х гг. Для ўпарадкавання паляўніцтва ў 1921 г. створаны Усебеларускі саюз паляўнічых. У 1927 г. — часопіс «Паляўнічы Беларусі». Тады ж была праведзена інвентарызацыя фаўны.

Пасля Другой сусветнай вайны многае давялося распачынаць літаральна з нуля. Аднак мэтанакіраваная праца дала свой плён. Быў адноўлены белавежскі статак зуброў амаль да трохсот галоў. У рэспубліцы з’явіліся невядомыя раней прадстаўнікі фаўны іншых краін: андатра, амерыканская норка, янот-паласкун, янотападобны сабака. Пушныя звяркі паспяхова акліматызаваліся, і паляванне на іх вядзецца ў вызначаныя тэрміны.

Эфектыўнай формай захавання відавога складу жывёл і іх біятыпаў займаюцца запаведнікі — участкі тэрыторыі або акваторыі, у межах якіх зберагаецца ў натуральным выглядзе прыродны комплекс у цэлым, і заказнікі — тэрыторыі, дзе ахоўваюцца асобныя элементы прыроднага комплексу. На Беларусі створаны чатыры нацыянальныя паркі: Нарачанскі, Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Прыпяцкі. Функцыяніруюць Бярэзінскі біясферны і Целяханскі запаведнікі, 41 заказнік.

Аднак над жывёльным светам Беларусі ўзнікла новая і, магчыма, больш спусташальная пагроза, чым браканьерства. Генафонду беларускай фаўны пагражае не паляўніцтва, а з кожным годам усё большае антрапагеннае ўздзеянне на прыроду. Неабдуманыя меліярацыя, механізацыя і хімізацыя сельскай гаспадаркі, згубная высечка лясоў ужо паставілі на мяжу знікнення больш за 80 відаў беларускай фаўны. Неаднаўляльны на працягу тысячагоддзя ўдар нанесла чарнобыльская катастрофа. Неабходны дзейсныя, рашучыя і тэрміновыя меры па выратаванні ўжо не асобных відаў жывёл, а ўсёй прыроды ў цэлым, новыя падыходы, новая ўсеабдымная праграма аховы навакольнага асяроддзя.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  • Т. А. Навагродскі [і інш.] Этналогія Беларусі: традыцыйная культура насельніцтва ў гістарычнай перспектыве. Вучэб.-метад. дапам. — Мінск, БДУ, 2009. — 335 с. іл. ISBN 978-985-518-121-8

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларусы. Мінск, 1995. Т. 1 : Прамысловыя і рамесныя заняткi.
  • Браiм, I. М. Рыбалоўства ў Беларусi / I. М. Браiм. Мінск, 1976.
  • Гуркоў, У. С. Бортнiцтва ў Беларусi / У. С. Гуркоў, С. Ф. Цярохiн. Мінск, 1980.
  • Пилипенко, М. Ф. Этнография Белоруссии / М. Ф. Пилипенко. Минск, 1981.
  • Терехин, С. Ф. Охота в Белоруссии / С. Ф. Терехин. Минск, 1986.
  • Этнаграфiя Беларусi : энцыклапедыя / рэдкал. : І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск, 1989.