Перайсці да зместу

Прасніца

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Прасніцы першай паловы XX стагоддзя. Музей старажытнабеларускай культуры

Пра́сніца, прасліца, потась[1] — драўляная прылада для трымання кудзелі пад час прадзення воўны, льна, пянькі.

Кудзеля мацавалася на прасніцы, якую звычайна рабілі са смалістай дошкі. Уяўляла сабой стойку (ножка, капыл), у верхняй частцы якой знаходзілася лопасць («пяро»)[1]. Вышыня стойкі складала ад 90 см да 1 м, часам трохі болей. Капыл мацаваўся да донца («дно», «садно», «днішча», «дэнчышча», «крывулька») — дошкі даўжынёй 55-60 см. На донца садзілася жанчына пад час прадзення[1].

Вядомыя чатыры асноўныя тыпы: лапатападобная, прасніца-грэбень, прасніца-вілы, прасніца-кій. На Беларусі найбольш пашыраныя лапатападобная і прасніца-грэбень (Прыпяцкае Палессе). Сустракаліся таксама веслападобныя (Лідскі раён), мечападобныя (Брэсцкая вобласць), прасніца-дошчачка, якая мацавалася да калаўрота, і інш.

Прасніцу аздаблялі рознымі відамі разьбы — фігурнай апрацоўкай ножак, выпілоўкай краёў лопасці, ступеньчатымі выпіламі на днішчы ў месцы злучэння з лопасцю і да т.п. Арнаментальныя матывы — геаметрычныя, раслінныя, салярныя, зааморфныя і складаныя. Асаблівым багаццем і разнастайнасцю разнога дэкору вызначаюцца прасніцы з Брэсцкай вобласці.

Зноскі

  1. 1 2 3 Лён 2009, с. 8.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. 10 000 экз. ISBN 985-11-0141-9.
  • Лён (руск.) / сост. Л. В. Ловчая; под общ. ред. И. А. Голуба; худож. В. В. Котович. — Минск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2009.  168 с.: ил..