Перайсці да зместу

Прастол

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Прастол у царкве Святой Сафіі ў Варшаве.

Прасто́л[1] (праз руск.: престол ад ст.-слав: прѣстолъ[1], утварылася ад прѣ- і столъ — «лава, услон»[1]; грэч. Αγία Τράπεζα — «Святы Стол») — чатырохвугольны стол, які знаходзіцца ў сярэдзіне алтара ў праваслаўных і грэка-каталіцкіх храмах (візантыйскага абраду). Ён асвячаецца архірэем для здзяйснення на ім таінства Еўхарыстыі. У каталіцкіх храмах яму адпавядае каталіцкі алтар.

У старажытнасці прастолы вырабляліся з дрэва або каменя і былі партатыўнымі. У катакомбах ролю прастолаў выконвалі каменныя грабніцы мучанікаў. З IV стагоддзя, калі іх месца ў храме канчаткова вызначылася, прастолы пачалі рабіць з каменя ў выглядзе невысокага століка на чатырох ножках, які ўсталёўваўся перад алтарнай апсідай. Бакавыя сценкі каменных прастолаў часта ўпрыгожваліся свяшчэннымі выявамі і надпісамі. З часам замест чатырох ножак прастолы пачалі ўсталёўваць альбо на адной ножцы, альбо на каменным падмурку. Пачынаючы з X стагоддзя прастолы ўладкоўваюцца ў глыбіні алтарнай апсіды[2][3].

З XV—XVI стагоддзяў прастолы робяць альбо ў выглядзе каменных маналітаў, альбо з дрэва, у форме рамы з вечкам зверху, якую пакрываюць звонку аблачэннем з тканіны. Аблачэнне ўяўляе сабой чахол з дарагой парчовай тканіны, які апранаюць на прастол. Колер аблачэння прастола часта адпавядае богаслужэбнаму колеру царкоўнага свята, аднак гэта не з'яўляецца абавязковым. Аблачэнні могуць быць не толькі з тканіны, але і ўяўляць сабой багата ўпрыгожаны золатам і камянямі металічны футарал. Напрыклад, прастол храма Святой Сафіі ў Канстанцінопалі быў зроблены з золата і каштоўных камянёў[2].

Ужо ў ранняй Царкве з'явілася традыцыя ўкладання мошчаў пад прастоламі. Гэта пайшло ад звычаю ранніх хрысціян служыць літургію на магілах мучанікаў, што сімвалізавала заснаванне Царквы на Крыві Хрыстовай, а праз Яго і на крыві мучанікаў. З VIII стагоддзя (згодна з 7-м правілам Сёмага Усяленскага сабору) ўкладанне мошчаў стала абавязковай часткай чыну асвячэння храма. Мошчы ўкладаліся альбо ў аснову прастола, альбо ў спецыяльную адтуліну пад ім[2][3].

Прастол у галоўным алтары Троіцкай царквы Іосіфаўскага манастыра.

Прастол робіцца з дрэва або каменя і мае вышыню каля аднаго метра. Ён пакрываецца двума аблачэннямі. Ніжняе, ільняное, называецца катасаркій або сарочыца (сімвалізуе пахавальныя пялёны Ісуса Хрыстаплашчаніцу), якое абвіваецца вяроўкай. Верхняе, парчовае аблачэнне называецца індытыя (або індытыён) і нагадвае пра ўрачыстае адзенне Госпада як Цара славы[2][3].

У прастол у асаблівай скрыначцы (каўчэжцы) ўкладаецца часцінка святых мошчаў мучанікаў. На паверхні прастола заўсёды знаходзяцца антымінс, Евангелле, напрастольны крыж (часам два), даразахавальніца і лампада. У саборах і іншых вялікіх цэрквах над прастолам усталёўваецца балдахін, які называецца ківорый. Паміж богаслужэннямі ўсе прадметы на прастоле пакрываюцца спецыяльнай пялёнкай[3].

Драўляныя прастолы могуць узводзіцца на адным слупе, што сімвалізуе Адзінага ў Сутнасці Сваёй Бога. Яны таксама могуць мець бакавыя сценкі, якія часта афармляюцца ўпрыгожанымі акладамі з выявамі свяшчэнных падзей і надпісамі. У такім выпадку адзенне на прастол не апранаецца, паколькі сам аклад замяняе індытыю. Аднак пры любых відах будовы прастол захоўвае сваю чатырохвугольную форму і сімвалічныя значэнні[3].

Сімвалічнае значэнне

[правіць | правіць зыходнік]
Прастол у алтары храма Спаса на Крыві (Санкт-Пецярбург).

Прастол з'яўляецца месцам таямнічай прысутнасці Ісуса Хрыста. Ён знамянуе сабой нематэрыяльны Прастол Прасвятой Тройцы, Бога — Тварца і Прамысліцеля ўсяго існага. Паколькі прастол сімвалізуе адзінага Бога Уседзяржыцеля, які з'яўляецца цэнтрам усялякага створанага быцця, ён павінен размяшчацца толькі ў цэнтры алтарнай прасторы, асобна ад усяго. Прыхіленне прастола да сцяны (калі гэта не выклікана вельмі малымі памерамі алтара) азначала б змяшэнне і зліццё Бога з Яго стварэннем, што скажае вучэнне аб Богу[3].

Сімвалічнае значэнне маюць наступныя элементы прастола:

  • Чатыры бакі: адпавядаюць чатыром бакам свету, чатыром порам года, перыядам сутак і чатыром ступеням вобласці зямнога быцця (нежывая прырода, раслінны свет, жывёльны свет, чалавечы род). Яны таксама адпавядаюць чатыром уласцівасцям Ісуса Хрыста і чатыром таямнічым істотам (тэтраморфам), якіх бачыў Іаан Багаслоў (цялец, леў, чалавек і арол), і якія ў хрысціянскай традыцыі сталі сімваламі чатырох евангелістаў[2][3].
  • Чатырохвугольная форма: азначае Чацвёраевангелле, якое змяшчае ўсю паўняту вучэння Збавіцеля. Гэта таксама сімвалізуе, што ўсе людзі з усіх бакоў свету заклікаюцца да зносін з Богам у Святых Тайнах[2][3].
  • Гроб Гасподні: прастол знамянуе сабой Гроб Гасподні, у якім спачывала Цела Хрыста да моманту Уваскрасення, а таксама Самога Госпада[3].

Такім чынам, прастол аб'ядноўвае ў сабе ўяўленні пра смерць Хрыста дзеля выратавання людзей і пра яго царскую славу. Калі над прастолам усталёўваецца засень (ківорый), яна сімвалізуе неба, а сам прастол — зямлю, на якой пацярпеў Хрыстос. У цэнтры ківорыя часта змяшчаюць фігурку голуба, які сімвалізуе сыходжанне Святога Духа[2][3].

Успаміны пра Майсееву скінію і Саламонаў храм у малітвах на асвячэнне храма і прастола пакліканы засведчыць духоўнае выкананне ў Новым Запавеце старазапаветных правобразаў і богаўстаноўленасць свяшчэнных прадметаў храма[3].

Царкоўны ўстаў

[правіць | правіць зыходнік]

Толькі на прастоле павінна здзяйсняцца Еўхарыстыя, хіратонія і асвячэнне міра. Праваслаўная і каталіцкая цэрквы лічаць прастол святым, таму станавіцца перад ім, а таксама дакранацца да яго і да прадметаў на ім дазваляецца толькі епіскапам, святарам і дыяканам. Гэта тычыцца і падрыхтоўкі ды прыбірання прастола. Падчас ўваходу ў алтар свяшчэннаслужыцелі абавязкова цалуюць святы прастол, у той час як міранам забаронена яго кранаць[2]. Прастора ад царскіх варот да прастола знамянуе ўваходы і выхады Самога Госпада, таму перасякаць яе дазваляецца толькі па меры богаслужэбнай неабходнасці. Прастол абыходзяць з усходняга боку, каля Горняга месца[3].

  1. 1 2 3 Прастол // Этымалагічны слоўнік беларускай мовы / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі,. — Мінск: Навука і тэхніка, 1978―.
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 Барсов Н. И. Престол(руск.) // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). — СПб.: 1890—1907.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 Настольная книга священнослужителя, Раздел 13 (руск.). azbyka.ru. Праверана 20 лістапада 2018.
  • Тафт Р. Византийский церковный обряд. СПб., 2000.
  • Braun J. Der christliche Altar. — München, 1924.
  • The Oxford Dictionary of Byzantium / Ed. by A. Kazhdan et al.. — N. Y. — Oxford, 1991. — Т. 1. — С. 70.
  • Krautheimer R. Early Christian and Bizantine Arhitecture. — 1986.
  • Mathews T. The Early Churches of Constantinople: Architecture and Liturgy. — The Pennsylvania State University Press, 1980.