Прастыр (балота)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Прастыр — буйное нізіннае пойменнае балота ў міжрэччы Прыпяці, Прастыра і Стыры. Гэта апошні з тыповых старых куткоў старога Заходняга Палесся, які захаваўся сярод пераўтвораных ландшафтаў. Да нашага часу з прычыны адсутнасці мастоў праз Прыпяць і Прастыр тут не пракладзена ніводнай дарогі.

Ландшафт[правіць | правіць зыходнік]

На гэтым участку поймы чаргуюцца забалочаныя лугі, нізінныя адкрытыя асаковыя балоты, лазнякі і трысняговыя зараснікі. Сярод забалочаных абшараў, пранізаных сеткай невялікіх азёраў і старыц, раскіданы невялікія ўзвышэнні (астравы). Лясоў практычна няма, за выключэннем невялікіх алешнікаў уздоўж рэк.

Гідралагічная сетка прадстаўлена рэкамі Прыпяць, Прастыр, Гнілая Прыпяць, Варацец, а таксама шматлікімі пратокамі, каналамі і старычнымі азёрамі. Меліярацыйная сістэма ў межах угоддзя страціла сваё функцыянальнае значэнне. Грунтовыя воды залягаюць на глыбіні 0,1—0,9 м, а на затарфаваных участках выходзяць на паверхню. У сувязі з тым што тэрыторыя мае нізкі і плоскі рэльеф, паводка часта затрымліваецца тут на тэрмін да 4 месяцаў, таму мясцовасць моцна забалочана і практычна пазбаўлена лясоў.

Флора і фаўна[правіць | правіць зыходнік]

Нізіннае балота, якое знаходзіцца ў межах ўгоддзя, з'яўляецца паляўнічай тэрыторыяй глабальна пагражаемага віду птушак — вялікага арляца (Aquila clanga). Усяго тут адзначана 113 відаў птушак, 92 з якіх гняздуецца. Тэрыторыя мае важнае значэнне для захавання папуляцый такіх відаў, як вяртлявая чаротаўка (Acrocephalus paludicola), драч (Crex crex), дупель (Gallinago media), малы арлец (Aquila pomarina), вялікі бугай (Botaurus stellaris), пугач (Bubo bubo), малы пагоніч (Porzana parva). У межах угоддзя знаходзіцца дзве калоніі вялікай белай чаплі (Ardea alba) з агульнай колькасцю каля 30 пар.

Жывёльны свет характэрны для пойменных супольніцтваў Палесся. У міжрэччы Прыпяць і Прастыра, а таксама ў поймах рэк Гнілая Прыпяць і Стыр канцэнтруецца лось. Тэрыторыя заказніка з'яўляецца месцам летняга прытулку самак з маладняком. Зараз у сувязі з браканьерствам колькасць лася моцна знізілася.

Іхтыяфаўна налічвае 23 віды. Аднак асноўная каштоўнасць пойменных угоддзяў заключаецца ў тым, што тут знаходзяцца адны з самых буйных у Палескім рэгіёне нерасцілішчы рыб. Герпетафаўна адносна бедная. З амфібій тут адзначаны сажалкавая (Rana lessonae), азёрная (Rana ridibunda) і вастрамордая (Rana terrestris) жабы, а таксама часночніца звычайная (Pelobates fuscus). Паўзуны прадстаўлены порсткай яшчаркай (Lacerta agilis) і звычайным вужом (Natrix natrix).

У фларыстычных адносінах тэрыторыя вывучана слаба. Тым не менш, у межах угоддзя выяўлена 3 віды раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: сальвінія плаваючая (Salvinia natans), гарлачык белы (Nymphaea alba) і касач сібірскі (Iris sibirica).

Іншае[правіць | правіць зыходнік]

Буйнамаштабная гаспадарчая дзейнасць у межах тэрыторыі не вядзецца. Частка ўгоддзя выкошваецца, у меншай меры тут практыкуецца выпас жывёлы. Тэрыторыя таксама выкарыстоўваецца для палявання, а рэкі, старыцы і пойменныя азёры — для аматарскай рыбнай лоўлі. У заказнік можна трапіць толькі на лодцы, а ў паводку гэтая тэрыторыя практычна недаступная.

Неспрыяльныя фактары[правіць | правіць зыходнік]

Вялікія балоты Беларусі
  • Парушэнне гідралагічнага рэжыму. У выніку абвалавання поймы паводкі сталі больш працяглымі і высокімі, што прыводзіць да змены відавога складу флоры і фаўны.
  • Веснавое выпальванне расліннасці ў пойме, асабліва ў гады адсутнасці паводак, аказвае моцнае негатыўнае ўздзеянне на раслінны і жывёльны свет.
  • Змяненне гаспадарчай дзейнасці. У апошнія дзесяцігоддзі значна зменшылася выкарыстанне пойменных участкаў для нарыхтоўкі сена, у выніку чаго адкрытыя пойменныя лугі і балоты хутка зарастаюць лазнякамі.
  • Негатыўны ўплыў аказвае і браканьерства, якое прыводзіць да зніжэння шчыльнасці найбольш значных паляўнічых відаў млекакормячых — лася, дзіка і казулі.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  • Скарбы прыроды Беларусі — Treasures of Belarusian Nature: Тэрыторыі, якія маюць міжнар. значэнне для захавання біял разнастайнасці /аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш]. — 2-ое выд., перапрац., дап. — Мн.: Беларусь, 2005. — 215 с. — Паводле эл. рэсурса ptushki.org

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]