Перайсці да зместу

Пратоптар

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пратоптар

Буры протоптар (Protopterus annectens)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Protopterus Owen, 1839

Арэал

выява


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  161044
NCBI  7885
FW  91688

Пратоптар (Protopterus) — род афрыканскіх дваякадыхальных рыб.

Цела выцягнутае, вугрападобнае. Род уключае 4 віды. Самы буйны — вялікі пратоптар — можа дасягаць 2 метраў у даўжыню, а малы пратоптар звычайна не перавышае 50 см.

Грудныя і брушныя плаўнікі маюць выгляд тонкіх жгуцікаў або нітак. Яны служаць не толькі для плавання, але і для «хаджэння» па дне. Луска дробная, цыклоідная, глыбока пагружаная ў скуру.

У пратоптараў ёсць як жабры, так і прымітыўныя лёгкія. Яны могуць засвойваць кісларод з вады і непасрэдна з атмасфернага паветра, што жыццёва важна ў заглееных вадаёмах з нізкім утрыманнем кіслароду. Калі вадаём перасыхае, рыба зарываецца ў грунт і стварае вакол сябе спецыяльны кокан са слізі. У такім стане яны могуць знаходзіцца ад паўгода да 4 гадоў, чакаючы вяртання вады.

Арэал ахоплівае тэрыторыі ад Заходняй Афрыкі (Сенегал, Гамбія) да Усходняй (Кенія) і на поўдзень да басейна ракі Замбезі. Яны сустракаюцца ў басейнах такіх буйных рэк, як Ніл, Конга, Замбезі, Нігер і Вольта. Таксама жывуць у Вялікіх Афрыканскіх азёрах — Вікторыя, Танганьіка і Альберт. Протаптары аддаюць перавагу стаячым або марудным водам, зарослым расліннасцю. Часовыя вадаёмы — гэта іх галоўная экалагічная ніша. Яны засяляюць поймы рэк і балоты, якія цалкам перасыхаюць у сезон засухі.

Асаблівасці біялогіі

[правіць | правіць зыходнік]

Гэта актыўныя драпежнікі, якія палююць пераважна ўначы. Іх рацыён даволі разнастайны і залежыць ад памеру рыбы і канкрэтнага месца пражывання. Дзякуючы моцным зубам, якія зліты ў суцэльныя касцяныя пласціны, яны лёгка разгрызаюць ракавіны малюскаў. Дробныя крабы і ракі таксама складаюць значную частку рацыёну. Насякомыя і іх лічынкі асабліва важныя для маладых асобін. Пратоптары палююць на дробную рыбу, якая жыве ў тых жа заіленых вадаёмах, могуць есці жаб, а часам і апалонікаў.

Калі ўзровень вады ў вадаёме зніжаецца да 5-10 см, рыба пачынае рыць грунт. Пратоптар захоплівае глеістую глебу ротам, здрабняе яе і выкідвае вонкі праз жаберныя шчыліны. Гэта дазваляе яму паступова паглыбляцца ў дно. Рыба выкопвае вертыкальны ход, які заканчваецца пашырэннем — камерай. Глыбіня такой норы звычайна складае ад 30 да 50 см.

Рыба забіраецца ў камеру і прымае характэрную позу: складваецца напалам, рылам (носам) уверх. Яна падплывае да паверхні, каб зрабіць апошнія глыткі паветра, пакуль вада яшчэ ёсць, а потым канчаткова апускаецца ў нару. Калі вада цалкам знікае, скура рыбы пачынае выдзяляць вялікую колькасць слізі. Гэтая слізь змешваецца з грунтам і застывае, утвараючы тонкую, але трывалую і непранікальную абалонку — кокан. У верхняй частцы нары застаецца невялікая адтуліна («корак» з порыстай глебы), праз якую рыба можа дыхаць атмасферным паветрам падчас шматгадовай спячкі.

Хуткасць абмену рэчываў падае ў 10-15 разоў. Сэрца б’ецца вельмі рэдка, а дыханне становіцца павярхоўным і марудным. Рыба не есць, таму арганізм пачынае павольна «спальваць» уласныя запасы. Спачатку ідзе тлушч, а потым — цягліцавая тканка. За час доўгай спячкі пратоптар можа страціць да 20 % сваёй масы. Арганізм ператварае аміяк у мачавіну. Як толькі пачынаецца сезон дажджоў і вада размывае кокан, метабалізм аднаўляецца вельмі хутка — літаральна за некалькі гадзін рыба прыходзіць у норму і пачынае шукаць ежу.

Размнажэнне протаптараў пачынаецца з прыходам сезону дажджоў. Самец выкопвае ў глеістым дне сярод густой расліннасці спецыяльную нару або яму. Гняздо можа мець некалькі ўваходаў. Самка адкладае ў гэтае гняздо да некалькіх тысяч ікрынак. Пасля гэтага яна пакідае гняздо. Самец не толькі ахоўвае гняздо ад ворагаў, але і пастаянна ўзбівае ваду сваімі ніткападобнымі плаўнікамі, што неабходна, каб ікра атрымлівала дастаткова кіслароду. Калі з ікры выходзяць лічынкі, іх вонкавыя жабры (як у апалонікаў або аксалотляў) маюць спецыяльны орган-прысоску, якім яны мацуюцца да сценак гнязда, пакуль не навучацца плаваць. Праз некаторы час вонкавыя жабры знікаюць, і маладыя протаптары пачынаюць дыхаць лёгкімі, падымаючыся да паверхні за паветрам.

У дзікай прыродзе сярэдні тэрмін жыцця складае ад 20 да 30 гадоў. Аднак з-за засух і драпежнікаў многія асобіны гінуць раней. У акварыумах і заапарках пры добрым даглядзе яны жывуць значна даўжэй, вядомы выпадак, калі пратоптар пражыў у няволі больш за 50 гадоў.

Лоўля протаптара ў лужыне, Замбія, даліна р. Луангва.

Пратоптары займаюць важнае месца ў рацыёне жыхароў многіх рэгіёнаў Афрыкі, асабліва там, дзе іншай рыбы ў засушлівы сезон проста няма. Мясцовыя жыхары знаходзяць паветраныя адтуліны ў сухім грунце і выкопваюць рыбу разам з коканам. Мяса пратоптара мае моцны пах і прысмак ціны, яно даволі тлустае, рыхлай кансістэнцыі. Спосабы прыгатавання: вяленне і сушка, вэнджанне, тушэнне з гароднінай.