Пратэсты ў Казахстане (2022)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Пратэсты ў Казахстане
Дата 2 − 11 студзеня 2022
Месца Flag of Kazakhstan.svg Казахстан
Прычыны  · раптоўнае рэзкае павышэнне коштаў на газ
 · абвінавачванне ўрада ў карупцыі
 · паліцэйская жорсткасць
Мэты  · Зніжэнне цаны на газ
 · Адстаўка прэзідэнта Такаева
 · Адстаўка ўрада і прэм'ер-міністра Маміна
 · Сыход з палітыкі Нурсултана Назарбаева
Статус скончыліся
Бакі канфлікту
Flag of Kazakhstan.svg Улады Казахстана:

Flag of the President of Kazakhstan.svg Прэзідэнт Казахстана

пры падтрымцы:

Flag of Kazakhstan.svg Казахская апазіцыя

Flag of Kazakhstan.svg Грамадзянскія пратэстоўцы

Ключавыя фігуры
Flag of the President of Kazakhstan.svg Касым-Жамарт Такаеў

Flag of Kazakhstan.svg Нурсултан Назарбаеў (да 5 студзеня)

Flag of the Collective Security Treaty Organization.svg Андрэй Сердзюкоў (з 6 студзеня)

дэцэнтралізаваны пратэст

Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня 2022 года пасля раптоўнага рэзкага павышэння цэн на звадкаваны газ. Пачаўшыся ў Жанаазене на захадзе краіны, яны хутка распаўсюдзіліся на іншыя гарады: Алматы, Актау, Актабэ, Караганда, Нур-Султан, Шымкент, Какшэтаў, Уральск. Удзельнікі пратэстаў перайшлі ад эканамічных патрабаванняў да палітычных. Найбольш драматычныя падзеі разгортваліся ў Алматы, дзе адбыліся вулічныя баі паміж удзельнікамі пратэстаў і вайскоўцамі. Як паведаміла Генпракуратура Казахстана, за час беспарадкаў загінула 225 чалавек, сярод загінуўшых — 19 паліцыянтаў і вайскоўцаў.

Пратэстоўцы дамагліся зніжэння цэнаў на паліва, адстаўкі ўраду і сыходу Нурсултана Назарбаева з пасады кіраўніка Савет бяспекі Казахстана.

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

Жанаазен, нафтаздабыўны горад у Мангістаўскай вобласці, сутыкнуўся з серыяй забастовак і дэманстрацый рабочых у 2011 годзе ў сувязі з 20-й гадавінай Дня незалежнасці. Тады ў горадзе ўспыхнулі беспарадкі, у выніку якіх, паводле афіцыйных звестак, загінула 16 чалавек і было паранена 100 чалавек, паколькі сілы бяспекі Казахстана адкрылі агонь па дэманстрантах, што патрабавалі паляпшэння ўмоў працы.

У той час цана на звадкаваны прыродны газ (СПГ) складала каля 30-35 тэнге, і затым яна неаднаразова павышалася. На думку ўрада Казахстана гэта было выклікана высокім попытам.

У студзені 2020 года ў Жанаазене прайшла акцыя пратэсту, на якой жыхары горада патрабавалі зніжэння цаны на газ, якая ўзнялася з 55 да 65 тэнге[1], а ў студзені 2022 года вырасла да 120 тэнге[2].

Кіраўнік фонду Liberty Галым Агелеулаў падкрэсліваў, што за рэзкім павышэннем цэнаў на газ стаяць інтарэсы кіроўных эліт Казахстана, перш за ўсё сям’і першага прэзідэнта краіны Нурсултана Назарбаева. Аднак стомленыя двухгадовым «ковідным» эканамічным крызісам спажыўцы не могуць і не жадаюць плаціць за газ больш (у Казахстане ён выкарыстоўваецца не толькі для апалу, але і ў аўтамабілях)[3].

Ход падзей[правіць | правіць зыходнік]

Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаазене пасля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі знізіць цану.

4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі: «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).

Пратэсты ў Актабэ, 4 студзеня

Падчас сутычак сілавікі ўжывалі святлашумавыя гранаты, слезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.

Ранкам 5 студзеня прэзідэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.

Надзвычайнае становішча ўвялі ў сталіцы краіны Нур-Султане, Алмацінскай і Мангістаўскай абласцях да 19 студзеня. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласці ўвялі каменданцкі час з 23:00 да 7:00.

5 студзеня пратэстоўцы захапілі акімат Алматы, былую прэзідэнцкую рэзідэнцыю ў Алматы, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур Атан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзідэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі будынак тэлеканала «Мир24», але не выходзілі ў эфір. Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы. Па горадзе шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.

Ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, блакавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчанне буйныя тэлеканалы Казахстана.

Пачаліся забастоўкі. Спынілі вытворчасць металургічныя заводы ў горадзе Балхаш, а таксама нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангістаўскай вобласці.

5 студзеня Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што ўзначаліць Савет бяспекі Казахстана замест Нурсултана Назарбаева і паабяцаў дзейнічаць «максімальна жорстка». Ад пачатку масавых пратэстаў ні афіцыйныя ўлады, ні дзяржаўныя тэлеканалы і СМІ не ўзгадваюць імя Назарбаева, а таксама не паведамляюць, дзе ён і што з ім.

Пратэсты закранулі амаль усю краіну, у тым ліку буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актабэ, а таксама многія іншыя гарады і пасёлкі. Марадзёры скарысталіся хваляй пратэсту, захапілі зброю, чынілі пагромы, рабаванні і крадзяжы.

У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву. Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў звярнуўся па дапамогу да АДКБ для пераадолення «тэрарыстычнай пагрозы». АДКБ згадзілася, 6 студзеня распачалася аперацыя АДКБ у Казахстане.

На 6 студзеня казахскія СМІ паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў[4], больш за тысячу пацярпелых чалавек, з іх 400 параненых у шпіталях. МУС Казахстана паведаміла больш як пра 2 тысячы затрыманых.

Улады Казахстана ўзялі пад кантроль усе дзяржаўныя будынкі ў Алматы. Па людзях, якія стаялі на плошчы, адкрылі агонь з аўтаматаў, з’явіліся забітыя і параненыя. Міністэрства ўнутраных справаў Казахстана паведаміла, што падчас «зачысткі» ў Алматы загінулі 26 «узброеных злачынцаў».

Раніцай 7 студзеня Касім-Жамарт Такаеў заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны». Аператыўны штаб МУС Казахстана 9 студзеня паведаміў аб затрыманні 5969 чалавек[5].

10 студзеня абвясцілі агульнанацыянальную жалобу.

Зноскі