Прафесар-эмерыт

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Прафесар-эмерыт (ад лац.: emeritus «заслужаны, які адслужыў, стары») — тытульнае абазначэнне для прафесараў, якія ў сувязі з паважным узростам вызваленыя ад большасці сваіх службовых абавязкаў, але працягваюць выконваць некаторыя з іх.

Статус эмерыта не раўназначны статусу пенсіянера. Калі прафесар, які выйшаў на пенсію, цалкам спыняе выкананне прафесійных функцый, то прафесар-эмерыт працягвае часткова выконваць свае функцыі, напрыклад выконваючы ролю навуковага кіраўніка або кансультанта, з'яўляючыся старшынёй або сябрам савета па абароне дысертацый і інш. Пасля атрымання такога статусу грашовае ўтрыманне асобы, як правіла, значна вышэй звычайнай пенсіі і прыблізна адпавядае апошняй зарплаце. Прафесар-эмерыт звычайна ўжо не ажыццяўляе паўнавартаснай выкладчыцкай дзейнасці і не займае адміністрацыйныя пасады (напрыклад, прафесар-эмерыт ужо не можа ўзначальваць кафедру або факультэт), але працягвае ажыццяўляць навуковыя даследаванні, кіраваць навуковымі працамі маладых навукоўцаў (у тым ліку дыпломнымі, магістарскімі і доктарскімі дысертацыямі), быць членам экзаменацыйных камісій, выконваць экспертныя функцыі для дзяржаўных органаў і інш.

Аналагічны статус могуць атрымліваць акрамя прафесароў таксама і царкоўныя іерархі. Напрыклад, Бенедыкт XVI пасля свайго адрачэння атрымаў тытул «Папа-эмерыт» (лац.: Papa Emeritus), а Уладзіслаў Блін — тытул біскупа-эмерыта.