Прахо́джанне Вене́ры па ды́ску Со́нца — разнавіднасць астранамічнага праходжання або транзіту; адбываецца тады, калі планетаВенера знаходзіцца дакладна паміж Сонцам і Зямлёй, засланяючы сабой невялічкую частку сонечнага дыска. Пры гэтым планета выглядае з Зямлі як маленькая чорная плямка, якая перамяшчаецца па Сонцы. Па сваёй сутнасці праходжанні падобныя на сонечныя зацьменні, калі Месяц засланяе Сонца, але хоць дыяметр Венеры амаль у 4 разы большы чым у Месяца, падчас праходжання яна выглядае прыкладна ў 30 разоў меншай за Сонца, бо знаходзіцца на значным аддаленні ад Зямлі. Да наступлення эпохі пакарэння космасу назіранні гэтай з’явы дазволілі астраномам вылічыць адлегласць ад Зямлі да Сонца метадам паралакса.
Працягласць праходжання Венеры па дыску Сонца звычайна складае некалькі гадзін (у 2004 годзе яно доўжылася 6 гадзін). У той жа час, гэта адна з самых рэдкіх прадказальных астранамічных з’яў. Кожныя 243 гады паўтараюцца 4 праходжанні: два ў снежні (з розніцай у 8 гадоў), затым прамежак працягласцю 121,5 года, яшчэ два ў чэрвені (зноў з розніцай у 8 гадоў) і прамежак працягласцю 105,5 года[1]. Апошнія снежаньскія праходжанні адбыліся 9 снежня1874 года і 6 снежня1882 года, а чэрвеньскія — 8 чэрвеня2004 года і 6 чэрвеня2012[2]. Наступныя праходжанні адбудуцца ў 2117 і 2125 гадах, зноў у снежні[2].
Полозова Н.Г., Румянцева Л.И. 350 лет наблюдениям прохождения Венеры по диску Солнца (руск.) // Астрономический календарь на 1989 год. — Москва: Наука, 1988. — В. 92. — С. 244—253.