Пра наіўную і сентыментальную паэзію

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Пра наіўную і сентыментальную паэзію (ням.: Über naive und sentimentalische Dichtung) — тэарэтычны артыкул Фрыдрыха Шылера па эстэтыцы, у якім у сістэматычнай форме разгледжана пытанне аб істотных прыкметах мастацтва новага часу, зроблена спроба абгрунтаваць сувязь эстэтычных праблем з развіццём грамадства і спецыфічнымі асаблівасцямі культуры на розных этапах яе развіцця. У гэтым артыкуле Шылер распрацоўвае ідэю гістарычнага развіцця мастацтва і абгрунтоўвае сваё вучэнне пра «сентыментальную паэзію» як пра спецыфічную форму паэзіі буржуазнага грамадства, у адрозненне ад «наіўнай», антычнай паэзіі[1].

Погляды[правіць | правіць зыходнік]

Шылер даследуе асаблівасці антычнага і сучаснага мастацтва і прыходзіць да высновы, што першае было наіўным, а другое — сентыментальным. Агульнай уласцівасцю наіўных паэтаў Шылер лічыць аб’ектыўны характар іх творчасці, тое, што яны не выпінаюць сваю асобу, а хаваюцца за сваімі творамі і адасоблена ставяцца да падзей, якія апісваюцца. Акрамя антычных паэтаў, аўтар прылічае да наіўных і тых паэтаў новага часу, якія падыходзяць да наіўных па духу (напрыклад, Уільям Шэкспір). Наадварот, навейшыя паэты ўкладваюць у свае творы сваё сэрца, сваю асобу, сваё стаўленне да падзей, якія апісваюць. Таму характэрнай рысай наіўнага паэта неабходна лічыць аб’ектыўнасць і неперадузятасць, новага ж паэта — суб’ектыўнасць і чуллівасць (сентыментальнасць)[1].

Шылер вызначае антычную паэзію як мастацтва, якое ўзнікла ва ўмовах наіўнага адзінства ідэала і рэчаіснасці, у той час як паэзія новага часу развіваецца ў зусім іншых абставінах, калі існуе разрыў паміж рэчаіснасцю і ідэалам паэта. Шылер выводзіць і абгрунтоўвае тры паэтычныя роды ў паэзіі новага (буржуазнага) часу (сатыра, элегія і ідылія) і наіўнай паэзіі (эпас, лірыка, драма)[2]. Апошні раздзел артыкула прысвечаны характарыстыцы двух тыпаў мастакоў — рэаліста і ідэаліста.

Артыкул «Пра наіўную і сентыментальную паэзію» быў апошняй сістэматычнай працай Шылера па пытаннях эстэтыкі.

Зноскі

  1. а б Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 220—221.
  2. Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 223—224.