Прыват-дацэнт
Прыват-дацэнт (ням.: Privatdozent, ад лац.: privatim docens — «які навучае прыватным чынам») — пасада ў вышэйшых навучальных установах Германіі і шэрагу іншых еўрапейскіх краін, чыя адукацыйная сістэма была ўладкованая па нямецкім ўзоры.
Кар'ера акадэмічнага вучонага ў рамках гэтай сістэмы пачынаецца з абароны доктарскай дысертацыі. Пасля гэтага суіскальнік, які атрымаў ступень доктара, можа прадставіць яшчэ адну - хабілітацыйную працу, якая дае права асобе заняць пасаду прафесара ў вышэйшай навучальнай установе. Стаць прафесарам у тым жа універсітэце, дзе адбылася хабілітацыя, нельга, неабходна шукаць магчымасць атрымаць званне прафесара ў іншых універсітэтах. Аднак колькасць прафесараў ў канкрэтнай навучальнай установе па дадзенай спецыяльнасці строга абмежавана, і адразу знайсці месца цяжка. Суіскальнік без прафесарскага месца можа часова стаць у любым універсітэце прыват-дацэнтам, выконваючы некаторыя функцыі прафесара (чытанне лекцый, вядзенне семінараў, прыём экзаменаў і г.д.) без адпаведнай зарплаты (па-за штатам), захоўваючы права прэтэндаваць на званне прафесара.
Сэнс гэтага парадку ў тым, што прафесар у германскай сістэме і аналагічных ёй — не толькі званне, але і пасада, якая ўзнікае толькі тады, калі для гэтага вызваляецца стаўка (у выніку звальнення ці смерці папярэдняга прафесара або пры адкрыцці новай вакансіі — напрыклад, па новай спецыяльнасці, якая ўпершыню з'яўляецца ў гэтай навучальнай установе і раней не выкладалася). Наадварот, у паўночнаамерыканскай сістэме прафесар — гэта выключна званне, і дасведчаны высокакваліфікаваны выкладчык з часам абавязкова атрымлівае яго незалежна ад таго, колькі іншых прафесараў маецца ў дадзенай навучальнай установе. Таму ў амерыканскай сістэме пасады прыват-дацэнта не існуе, бо амаль усе жадаючыя адразу атрымліваюць званне прафесара.
Традыцыйная мадэль вышэйшай адукацыі ў апошнія гады падвяргаецца ў Германіі пэўнай рэвізіі, падчас якой прадпрымаліся спробы скасаваць хабілітацыю і такім чынам і пасаду прыват-дацэнта. Гэтыя спробы выклікалі неадназначную рэакцыю ў акадэмічным асяроддзі, так што ў цяперашні час пасада прыват-дацэнта ў вышэйшай адукацыі Германіі захоўваецца, аднак магчымасці яе абмінуць паступова павялічваюцца.