Прымусовыя пакаянныя відэа ў Беларусі
Прымусовыя «пакаянныя» відэа ў Беларусі пачалі з’яўляцца ў праўладных Telegram-каналах і дзяржаўных СМІ пасля пачатку пратэстаў у жніўні 2020 года. Іх сутнасць заключаецца ў гвалтоўным «раскаянні» чалавека на камеру аб нібы ўчыненых ім злачынствах. У роліках людзі падвяргаюцца аутынгу, фэтшэймінгу, стыгматызацыі сваіх асаблівасцяў і іншым прыніжэнням. Да стварэння відэа мае дачыненне Упраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязей (ВІГС) МУС РБ. Прымус людзей да здымкаў у «пакаяльных» відэа парушае нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама парушае прэзумпцыю невінаватасці.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]«Пакаянныя» відэа, на якіх затрыманыя беларусы нібыта раскайваюцца ў здзяйсненні супрацьпраўных дзеянняў і абяцаюць іх больш не паўтараць, сталі адной з асаблівасцяў сістэмы падаўлення беларускімі ўладамі іх палітычных апанентаў. Шырокі распаўсюд у праўладных Telegram-каналах і дзяржаўных СМІ з’ява атрымала пасля пачатку пратэстаў з нагоды прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года[1]. З канца 2022 года сюжэты з «пакаяннымі» відэа пачалі з’яўляцца ў дзяржаўных медыя[2].
Прымусовыя пакаянні таксама паявіліся ў рэгіянальных выданнях. Так, напрыклад, у лістападзе 2022 года газета «Авангард» Буда-Кашалёўскага райвыканкама апублікавала відэа з дзвюма настаўніцамі сельскай школы, якія былі вымушаныя прызнавацца ў падпісцы на «экстрэмісцкія» рэсурсы і заклікаць ад іх адпісвацца[2][3]. У лютым 2023 года з-за ўцечкі з праўладнага Telegram-канала стала вядома, што да публікацыі відэа з прымусовымі прызнаннямі датычна Упраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў (ВІГС) МУС РБ[4]. У сакавіку 2023 года сюжэты з гвалтоўным пакаяннем пачалі транслявацца ў выпусках навін на дзяржаўных тэлеканалах[2][5]. У гэтым жа месяцы праўладныя Telegram-каналы апублікавалі 40 «пакаянных відэа» з удзелам работнікаў чыгункі[6]. Пазней да ўдзелу ў сюжэтах пачалі прымушаць спартсменаў, якія падпісалі ліст з патрабаваннем сумленных выбараў у 2020 годзе[2]. У маі 2023 года ў Інстаграме юрыдычнага факультэта БДУ з’явілася «пакаяннае» відэа, у якім студэнт установы быў вымушаны казаць аб распаўсюджванні звестак са свайго боку, якія ачарняюць адміністрацыю факультэта і БРСМ[7].
Змест відэа
[правіць | правіць зыходнік]Нярэдка на відэа затрыманыя называюць свае асабістыя звесткі і месца працы. Пры гэтым людзей часта называюць «экстрэмістамі» і «радыкаламі», ставячы ім у віну наяўнасць падпіскі на забароненыя ў Беларусі недзяржаўныя медыя[2]. Агульны пасыл відэа зводзіцца да дэманстрацыі раскаяння, абяцання пакоры і прыняцця ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Асноўныя паведамленні ў сюжэтаў падобныя: прызнанне ўласнай няспеласці і некампетэнтнасці, дэманстрацыя прасвятлення і раскаяння, сцвярджэнні пра не зацікаўленасць у палітыцы і росквіт краіны. Значны аб’ём гвалтоўных інтэрв’ю прысвечаны дыскрэдытацыі незалежных СМІ[8].
З часам прыніжэнні сталі больш бесчалавечнымі. Геяў пачалі прымушаць да аутынгу, а таксама называць на камеру імёны сваіх партнёраў. Людзі, якія ходзяць да псіхіятра, сталі вымушаныя называць свае дыягназы. Прадстаўнікам апазіцыі пачалі ляпіць на лоб бел-чырвона-белыя налепкі. Публікуючы відэа бок пачаў акцэнтаваць увагу на любых стыгматызаваных асаблівасцях чалавека, займацца фэтшэймінгам, а таксама ўказваць на няроўнае сацыяльнае становішча гледачоў і ўдзельнікаў відэа. Частым прыёмам у відэа з’яўляецца дэманстрацыя сэкс-цацак, якія былі знойдзеныя пры ператрусе кватэр затрыманых[9].
Працэс здымкі
[правіць | правіць зыходнік]Беларускі Твітар-блогер Міхаіл Цыганкоў ва ўспамінах аб сваім «пакаянні» расказваў, што выбару ўдзельнічаць у здымках у яго не было. Ад яго адказу быў залежны толькі стан, у якім ён будзе на відэа. Відэа здымалася на бюджэтны тэлефон, з выкарыстаннем зялёнага фону. Пры гэтым кадры шмат разоў перазапісваліся, калі сілавікам у іх нешта не падабалася[1].
Парушэнне міжнародных і канстытуцыйных норм
[правіць | правіць зыходнік]Працэс здымання і выкарыстання падобных відэа парушаюць некалькі норм Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Парушаецца комплекс правоў чалавека, які праходзіць затрыманым па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства. Прымушэнне да ўдзелу ў роліках парушае свабоду выказвання меркаванняў, якое таксама дае права адмаўляцца выказваць меркаванне аб тых ці іншых пытаннях грамадска-палітычнага характару. ⁇ Каранёвыя ⁇ відэа парушаюць права чалавека не падвяргацца бесчалавечаму, жорсткаму і пагардліваму абыходжанню або катаванняў[10].
Прымус да ўдзелу ў такіх відэа парушае прэзумпцыю невінаватасці, бо чалавек змушаны ў непрацэсуальнай форме альбо прызнацца ў здзяйсненні злачынства, альбо абгаварыць самаго сябе[11].
Ацэнкі
[правіць | правіць зыходнік]Экс-загадчыца кафедры факультэта журналістыкі БДУ і доктар філалагічных навук Ірына Сідорская зазначыла, што такія відэа не маюць ніякага дачынення да журналістыкі. Яны з’яўляюцца інструментам маніпуляцыі пачуццямі людзей, спосабам уздзеяння на грамадскую думку і прыладай дзяржаўнага гвалту[8].
Псіхіятр Сяргей Папоў сцвярджае, што відэа з гвалтоўным пакаяннем фарміруюць «траўму сведкі» і ў першую чаргу накіраваныя на аўдыторыю, а не на самога затрыманага[8]. Прымушаны да здымкі чалавек адчувае страх быць забітым, пакалечаным, знішчаным. Гэта змушае яго казаць загадзя падрыхтаваныя словы[12].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Татьяна Гаргалык. Как в РБ записывают "покаянные" видео с оппозиционерами (руск.). Deutsche Welle (7 ліпеня 2022). Архівавана з першакрыніцы 14 верасня 2023. Праверана 7 снежня 2023.
- ↑ а б в г д Ирина Сидорская. «Покаянные» сюжеты как новый формат провластной журналистики. Часть 1 (руск.). MediaIQ (16 жніўня 2023). Архівавана з першакрыніцы 10 кастрычніка 2023. Праверана 7 снежня 2023.
- ↑ Андрей Печинин. «Покаянные видео» из-за подписок — теперь и в районках. Госорганы подключились к борьбе против подписок на негосударственные ресурсы (руск.). MediaIQ (2 снежня 2022). Архівавана з першакрыніцы 28 мая 2023. Праверана 7 снежня 2023.
- ↑ Дмитрий Мирош. Телеграм-канал с «покаянными видео» администрируют в МВД (руск.). Белсат (4 лютага 2023). Архівавана з першакрыніцы 8 снежня 2023. Праверана 8 снежня 2023.
- ↑ Андрей Печинин. Принудительные покаяния появились в теленовостях. Контент неофициальных Телеграм-каналов силовиков перекочевал на госТВ (руск.). MediaIQ (16 сакавіка 2023). Архівавана з першакрыніцы 22 красавіка 2023. Праверана 7 снежня 2023.
- ↑ Белорусские провластные телеграм-каналы опубликовали около 40 "покаянных видео" задержанных железнодорожников (руск.). Настоящее Время (31 сакавіка 2022). Архівавана з першакрыніцы 21 кастрычніка 2023. Праверана 8 снежня 2023.
- ↑ Юристка Колесова-Гудилина обвиняет юрфак БГУ в нарушении прав человека (руск.). Еврорадио (24 мая 2023). Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2023. Праверана 8 снежня 2023.
- ↑ а б в Ирина Сидорская. «Покаяния» как новый формат провластной журналистики. Часть 2 (руск.). MediaIQ (23 жніўня 2023). Архівавана з першакрыніцы 8 снежня 2023. Праверана 7 снежня 2023.
- ↑ Евгения Бровкина. «Наряди змагара». Как эволюционировал жанр извинений перед камерой (руск.). Медиазона Беларусь (11 кастрычніка 2021). Архівавана з першакрыніцы 3 чэрвеня 2023. Праверана 8 снежня 2023.
- ↑ "Покаянные" видео: что они нарушают и как воздействуют на человека (руск.). Праваабарончы цэнтр «Вясна» (26 верасня 2022). Архівавана з першакрыніцы 2 снежня 2022. Праверана 8 снежня 2023.
- ↑ Государственное агентство БЕЛТА по примеру телеграм-каналов силовиков начало публиковать «покаянные» видео задержанных за «экстремизм» (руск.). Зеркало (10 сакавіка 2023). Архівавана з першакрыніцы 24 сакавіка 2023. Праверана 8 снежня 2023.
- ↑ Зачем силовикам «покаянные» видео и почему люди соглашаются их записывать? Мнение (руск.). Зеркало (8 верасня 2022). Архівавана з першакрыніцы 27 лістапада 2023. Праверана 7 снежня 2023.