Перайсці да зместу

Прыназоўнік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Прыназо́ўнік — службовая часціна мовы, якая ўдакладняе значэнне ўскосных склонаў і выражае адносіны паміж галоўнымі і залежнымі кампанентамі словазлучэння[1].

Прыназоўнікі марфалагічна нязменныя, не маюць самастойнага лексічнага і граматычнага значэння, не з’яўляюцца членамі сказа. Ужываюцца з паўназначнымі словамі, дапаўняюць іх[2].

Значэнне прыназоўнікаў выяўляецца ў словазлучэнні, дзе яны выражаюць розныя граматычныя адносіны[2]:

  • прасторавыя: лунаць над борам;
  • часавыя: працаваць у жніво;
  • аб’ектныя: зачапіцца за галіну;
  • колькасныя: вады да пояса;
  • размеркавальныя: разламаць на дзве часткі;
  • прычынныя: крычаць ад роспачы;
  • мэтавыя: купіць падарунак да свята;
  • параўнальныя: вышынёй з паўдома;
  • спосабу дзеяння: убачыць скрозь сон;
  • меры і ступені: працаваць да поту;
  • азначальныя: дрэва з купчастай вершалінай;
  • умоўныя: зазірнуць у слоўнік пры неабходнасці і інш.

Паводле марфалагічнай будовы і паходжання прыназоўнікі падзяляюцца на[1]:

  • невытворныя: з, пры;
  • вытворныя: збоку, наконт.

Паводле структуры прыназоўнікі падзяляюцца на[1]:

  • простыя: ад, замест;
  • складаныя: з-за, па-над;
  • састаўныя: у адносінах да, у сувязі з.

Удакладняючы значэнне ўскосных склонаў, прыназоўнікі могуць ужывацца з адным склонам (каля, праз), двума (аб, пад) і трыма (у, па)[2].

Асаблівасці ўжывання

[правіць | правіць зыходнік]

У сучаснай беларускай мове ў функцыі прыназоўніка ўжываюцца прыслоўна-прыназоўнікавыя канструкцыі (асобна ад, згодна з). Пры перадачы аднолькавых ці блізкіх граматычных значэнняў часта выкарыстоўваюцца розныя прыназоўнікі, якія ў такіх выпадках выступаюць як сінонімы (пад лесам — каля лесу, з радасці — ад радасці)[2].

  1. 1 2 3 Прыназоўнік // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2015. — Т. 6. — С. 230. — 486 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0889-9.
  2. 1 2 3 4 Прыназоўнік // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 74. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).