Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі (2020)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
< 2015  Беларусь  2025 >
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі
9 жніўня 2020
Andrey Dmitriev.jpg Анна Канопацкая 12.02.2015.jpg Alexander Lukashenko crop.jpeg
Кандыдат: Андрэй Дзмітрыеў Ганна Канапацкая Аляксандр Лукашэнка
Партыя: беспартыйны беспартыйная беспартыйны
Sviatlana Cichanowskaja Vitebsk 01.jpg Черечень Сергей Владимирович.jpg
Кандыдат: Святлана Ціханоўская Сяргей Чэрачэнь
Партыя: беспартыйная БСДГ

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі 2020 года — 6-я прэзідэнцкія выбары, якія маюць адбыцца ў Беларусі 9 жніўня 2020 года. Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала 5 кандыдатаў. Упершыню ў гісторыі прэзідэнцкіх кампаній у Беларусі ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі кандыдату (Віктару Бабарыку), які сабраў неабходную колькасць прызнаных подпісаў выбаршчыкаў у сваю падтрымку.

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Выбары адбываліся паводле двойчы змененай праз рэферэндумы Канстытуцыі 1994 года. У выніку першага ў 1996 годзе адбылося пашырэнне паўнамоцтваў прэзідэнта і ператварэнне парламента ў двухпалатны. У выніку другога ў 2004 годзе знялі абмежаванне на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў. Ад часу ўвядзення ў 1994 пасады прэзідэнта Беларусі яе займаў Аляксандр Лукашэнка. Форма кіравання дае Прэзідэнту права на: роспуск абедзвюх палат парламента; выданне дэкрэтаў, якія маюць сілу закона; прызначэнне 6 з 12 суддзяў, уключна са старшынёй, і здыманне ўсіх суддзяў Канстытуцыйнага суда; прызначэнне і здыманне ўсіх суддзяў астатніх судоў Беларусі, у тым ліку Вярхоўнага суда і інш.[1]

Ніводныя прэзідэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.

Умовы правядзення[правіць | правіць зыходнік]

Агітацыйны плакат.
Агітацыйная інсталяцыя.

Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь абіраецца тэрмінам на 5 гадоў і ўступае ў пасаду пасля прынясення прысягі. Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь не пазней чым за пяць месяцаў і праводзяцца ў нядзелю не пазней чым за два месяцы да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў дзеючага Прэзідэнта. Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнню, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш дзесяці гадоў непасрэдна перад выбарамі. Кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь не мае права быць грамадзянін, які мае судзімасць.

Удзельнікі незалежнай кампаніі па назіранні за выбарамі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» накіравалі 29 красавіка 2020 года ў Цэнтрвыбаркам, Палату прадстаўнікоў і Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь шэраг прапаноў па правядзенні прэзідэнцкіх выбараў ва ўмовах пандэмііі COVID-19. Праваабаронцы канстатантавалі наяўнасць патэнцыйнай небяспекі для жыцця і здароўя грамадзян ва ўсіх працэдурах выбарчага працэсу, якія прадугледжваюць кантакт людзей, а тым больш, знаходжанне людзей у адным месцы як у памяшканні, так і на адкрытым паветры. Яны мяркуюць, што ўспрыманне гэтай небяспекі будзе перашкодай для свабоднага ўдзелу грамадзян і палітычных суб’ектаў у выбарчым працэсе, прывядзе да зніжэння легітымнасці выбараў і можа стаць сур’ёзным бар’ерам для рэалізацыі найважнейшых правоў выбаршчыкаў і актыўных удзельнікаў выбарчага працэсу. На падставе гэтага праваабаронцы прапанавалі зацікаўленым органам заканадаўчай і выканаўчай улады Беларусі распрацаваць і прыняць комплекс заканадаўчых і арганізацыйных мер, якія забяспечаць бяспечнае ажыццяўленне ўсіх без выключэння выбарчых правоў грамадзян без іх непрапарцыйнага абмежавання ва ўмовах пандэміі і кампенсуюць суразмерныя абмежаванні прадастаўленнем новых магчымасцяў, адначасова выказваючы гатоўнасць прыняць удзел у выпрацоўцы такіх мер[2]. 7 мая Цэнтравыбаркам адхіліў прапановы праваабаронцаў што да правядзення выбараў ва ўмовах пандэміі[3].

8 мая 2020 года Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прызначыла выбары на на 9 жніўня, спісы ініцыятыўных груп падаюцца да 15 мая.

Партыя БНФ выдала заяву сойму 10 мая, паводле якой правядзенне выбарчай кампаніі ва ўмовах пандэміі каранавірусу — «гранічна безадказнае і небяспечнае» і адмовілася ўдзельнічаць у выбарах. Партыя «Справядлівы свет» ацаніла правядзенне выбараў ва ўмовах пандэміі як «безадказнае і злачыннае» і заявіла аб немагчымасці свайго ўдзелу ў кампаніі. 11 мая Беларуская партыя «Зялёныя» таксама заявіла, што не будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі адзначыўшы, што дата выбараў зрушыла першую частку выбарчай кампаніі на пік пандэміі каранавірусу, а таксама «стварыла няроўныя ўмовы для кандыдатаў»[4].

Паводле слоў дзеючага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі выбарчая кампанія праходзіла ў складаны перыяд, калі разам сышліся чатыры «пандэміі» — у ахове здароўя, эканоміцы, палітыцы і на інфармацыйным полі[5].

Беларускія праваабарончыя арганізацыі ў перадвыбарчы перыяд неаднаразова выказваліся з нагоды пераследу актывістаў і ўдзельнікаў электаральнай кампаніі і парушэнняў правоў чалавека і патрабавалі спыніць ціск і запалохванне людзей у сувязі з іх удзелам у выбарчай кампаніі[6]. Адзначалася, што выбарчая кампанія праходзіць на фоне рэзкага пагаршэння агульнай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, у сітуацыі няспынных рэпрэсій у дачыненні да грамадзян, у тым ліку непасрэдных удзельнікаў выбарчага працэсу, што падтрымлівае атмасферу страху ў грамадстве[7].

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі, разважаючы пра афіцыйныя наратывы і феномен перадвыбарчых пратэстаў, выказаў меркаванне, што ўлады раздзімаюць тэорыю змовы, але «гэта проста Беларусь прачынаецца»[8].

25 чэрвеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ацаніў сітуацыю як вельмі складаную, заявіў, што за яго імавернымі праціўнікамі на выбарах стаяць «лялькаводы»[9]: «Яны і з аднаго, і з іншага боку. І ў Польшчы жывуць, і з Расіі падкідаюць». Заяву беларускага лідара аператыўна пракаментаваў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, заявіўшы, што Расія ніколі не ўмешвалася і не плануе ўмешвацца ў электаральны працэс у Беларусі[9].

Пасля запрашэння, зробленага 15 ліпеня парламентам Беларусі ў ПАСЕ, накіраваць дэлегацыю для назірання за прэзідэнцкімі выбарамі 9 жніўня ў Беларусі, прэзідэнт ПАСЕ Рык Даемс сказаў, што, улічваючы абмежаваны час да выбараў, адсутнасць прыймальных партнёрскіх арганізацый, у прыватнасці БДІПЧ, пастаянна зменлівую сітуацыю са здароўем, звязаную з COVID-19 і адпаведнымі абмежаваннямі на паездкі членаў Асамблеі, не ўяўляецца магчымым накіраваць дэлегацыю для назірання за выбарамі[10].

Цэнтрвыбаркам Расіі прыняў рашэнне не накіроўваць для ўдзелу ў назіранні за выбарамі сваіх назіральнікаў, каб не ставіць пад пагрозу іх здароўе і асабістую бяспеку з-за пагрозы заражэння каранавіруснай інфекцыяй. Таксама ЦВК РФ не палічыў магчымым накіраваць у Беларусь сваіх прадстаўнікоў і ў складзе назіральнай місіі СНД[11][12].

Каляндарны план[правіць | правіць зыходнік]

Шэрым колерам пазначаны бягучы этап плана.

Каляндарны план выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь[13]
Дата Пункт плана
Не пазней за 20 мая Стварэнне тэрытарыяльных камісій
Не пазней за 7 чэрвеня Стварэнне ўчасткаў для галасавання
Не пазней за 24 чэрвеня Стварэнне ўчастковых камісій
21 мая — 19 чэрвеня Вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты (збор подпісаў)
20 чэрвеня — 4 ліпеня Прадстаўленне ў Цэнтрвыбаркам дакументаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты
5 — 14 ліпеня Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты
14 ліпеня — 8 жніўня Перадвыбарная агітацыя
4 — 8 жніўня Датэрміновае галасаванне
8 жніўня Дзень цішыні
9 жніўня Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Не пазней за 19 жніўня Устанаўленне Цэнтрвыбаркамам вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Не пазней за 23 жніўня Правядзенне другога тура галасавання (пры неабходнасці)

Патэнцыйныя кандыдаты[правіць | правіць зыходнік]

Праймерыз для вызначэння адзінага кандыдата ад правацэнтрысцкай апазіцыі[правіць | правіць зыходнік]

27 студзеня пяцёра лідараў апазіцыйных палітычных партый (Ю. Губарэвіч ад «Руха за свабоду», М. Казлоў ад АГП, В. Кавалькова і П. Севярынец ад БХД, А. Янукевіч ад БНФ) абвясцілі пра працэдуру абрання адзінага кандыдата[14]. Праз некаторы час яна была спынена.

Удзельнікамі праймерыз для вызначэння адзінага кандыдата ад правацэнтрысцкай апазіцыі з’яўляліся 5 чалавек:

Ганна Канапацкая, экс-дэпутат Палаты Прадстаўнікоў, падавала заяўку на праймерыз, але яе не зарэгістравалі.

Падчас працэдуры праймерыз адбываўся аб’езд рэгіёнаў, дзе ладзіліся сустрэчы з выбаршчыкамі і галасаванні.

16 сакавіка 2020 года Павел Севярынец заявіў, што здымаецца з праймерыз па вылучэнні адзінага дэмакратычнага кандыдата. Рашэнне было прынятае пасля нарады з удзелам партый, што ўваходзяць у праймерыз, а таксама кандыдатаў [15]. Аб здыманні сваёй кандыдатуры з праймерыз таксама заявіў Аляксей Янукевіч. Севярынец адзначыў, што ва ўмовах каранавіруса немагчымая далей працэдура праймерыз. Другой праблемай стаў удзел у перадвыбарах вялікай колькасці райвыканкамаўскіх чыноўнікаў, якія галасуюць за Губарэвіча.[16]

БХД афіцыйна не выйшла з працэдуры праймерыз. Севярынец на час выхаду лідзіраваў у праймерыз (339 галасоў), Юрый Губарэвіч адставаў (201 голас).[17] На апошніх галасаваннях Севярынец прайграў Юрыю Губарэвічу ў Століне (17 супраць 31 голаса), Пінску (45 супраць 48) і Дарагічыне (13 супраць 24), хоць да таго перамагаў з істотным адрывам (перад гэтымі гарадамі меў 264 галасы супраць 98 у Губарэвіча, 67 сумарна ў іншых трох кандыдатаў).

Рада кампаніі народнага галасавання вырашыла прыпыніць праз пандэмію каранавіруса рэгіянальныя паездкі кандыдатаў ад 18 сакавіка да 2 красавіка. Апошнія перад каранцінам праймерыз па выбарах кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі прайшлі ў Баранавічах 17 сакавіка 2020 года.[18] Вынікі іх наступныя:

Праймерыз
Кандыдат Колькасць
Губарэвіч 47
Кавалькова 8
Казлоў 14
нядзейсныя бюлетэні 5

З 23 сакавіка пачалося інтэрнэт-галасаванне за выбар адзінага кандыдата ад апазіцыі[19].

10 мая астатнія ўдзельнікі праймерыз адмовіліся ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах[20].

Рэгістрацыя ініцыятыўных груп[правіць | правіць зыходнік]

На этапе падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп была зарэгістравана беспрэцэдэнтная колькасць прэтэндэнтаў — 55 чалавек. Ранейшы рэкорд быў пастаўлены ў 2001 годзе, тады падалі заяўкі на рэгістрацыю груп 27 прэтэндэнтаў. Большая частка прэтэндэнтаў — «кандыдаты пратэсту» Міколы Статкевіча, якія не выказвалі намеру збіраць подпісы, а мелі выкарыстаць магчымасці рэгістрацыі адно для палітычнай агітацыі[21].

З 55 пададзеных у ЦВК заяў адразу адхілілі 10, у тым ліку блогера Сяргея Ціханоўскага і 8 «кандыдатаў пратэсту». Святлана Ціханоўская, жонка Сяргея Ціханоўскага, падала дакументы, калі ЦВК вырашыла, што блогер няправільна аформіў заяву (там не было ягонага подпісу, сам ён адбываў у гэты час пакаранне — 15 сутак арышту)[22].

Ініцыятыўная група лідара Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада Міколы Статкевіча, які мае непагашаную судзімасць і таму не мае права ўдзельнічаць у выбарах, не была зарэгістравана. Адмовілі таксама ягонай жонцы і іншым паплечнікам. Наконт «кандыдатаў пратэсту» старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адзначыла, што магчыма, члены іх ініцыятыўных груп давалі згоду камусьці з трох дзясяткаў патэнцыйных кандыдатаў, але прэтэндэнты абменьваліся звесткамі людзей без іхняй згоды і не інфармавалі іх пра ўключэнне ў свае ініцыятыўныя групы.

Як заўважыў палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч, ЦВК на пачатковым этапе адсекла радыкальную частку апанентаў рэжыму[23].

Для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах у выніку было зарэгістравана 15 ініцыятыўных груп. Звесткі аб асобах, чые ініцыятыўныя групы былі зарэгістраваныя.

Збор подпісаў[правіць | правіць зыходнік]

26 мая Алег Гайдукевіч заявіў што здымаецца з выбараў на карысць Аляксандра Лукашэнкі. 15 чэрвеня з выбараў знялася Наталля Кісель[25].

18 чэрвеня супрацоўнікамі ДФР КДК Рэспублікі Беларусь быў затрыманы Віктар Бабарыка, а таксама ягоны сын, кіраўнік ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка. У гэтай сувязі стала немагчыма падаць подпісы з тых раёнаў, дзе штаб не меў каардынатараў, у раённыя выбарчыя камісіі[26].

19 чэрвеня Алесь Таболіч прызнаў, што не сабраў 100 тысяч подпісаў і здымаецца з выбараў[27]. Аб выхадзе з прэзідэнцкай выбарчай кампаніі заявіў і Юрый Губарэвіч. Яго каманда, выкарыстоўваючы легальную магчымасць, праводзіла пікеты дзеля таго, каб казаць пра небяспеку выбараў у абстаноўцы распаўсюджання каранавіруса — як для здароўя грамадзян, так і для іх правоў як выбаршчыкаў[28].

7 чалавек здалі сабраныя подпісы на праверку ў Цэнтрвыбаркам. Гэта Віктар Бабарыка, Андрэй Дзмітрыеў, Ганна Канапацкая, Аляксандр Лукашэнка, Валерый Цапкала, Святлана Ціханоўская і Сяргей Чэрачэнь[29].

Фарміраванне выбарчых камісій[правіць | правіць зыходнік]

23 чэрвеня раённыя адміністрацыі пачалі разглядаць звароты на ўдзел у выбарчых камісіях. Пад маркай каранавіруса гледачоў да чыноўнікаў не дапусцілі, але былі арганізаваныя трансляцыі на Ютубе. 2009-м вылучэнцам ад ініцыятывы «Сумленныя людзі» было ў масавым парадку адмоўлена ў рэгістрацыі[30], зарэгістраваны былі толькі 2 чалавекі[31]. Ад палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў больш за ўсё месцаў ва ўчастковых камісіях атрымалі члены прапрэзідэнцкіх Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў, «Белай Русі», Беларускага саюза жанчын і БРСМ[32].

Глава ЦВК Лідзія Ярмошына, каментуючы прэтэнзіі да фарміравання выбарчых камісій, заявіла, што «ў чужы манастыр са сваім статутам не ходзяць»[32].

Рэгістрацыя кандыдатаў[правіць | правіць зыходнік]

Цэнтральная выбарчая камісія паведаміла наступныя звесткі аб тым, колькі подпісаў здалі і колькі прынялі ў ініцыятыўных груп для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты:

Такім чынам В. Цапкала не была залічана колькасць подпісаў, неабходная для рэгістрацыі кандыдатам.

Некаторыя лічбы разыходзяцца з названымі самімі патэнцыйнымі кандыдатамі. Раней прэс-сакратар А. Чэрачня пацвердзіў, што подпісаў здалі менш, чым зарэгістравала ЦВК: каля 106 тысяч. Г. Канапацкая, заяўляла пры падачы дакумэнтаў, што яе каманда сабрала «крыху больш за 110 тысяч подпісаў». А. Дзмітрыеў казаў, што яго каманда сабрала болей за 107 тысяч подпісаў, пра якія ён паведаміў журналістам[33].

Штаб В. Бабарыкі, у якога забракавалі амаль 200 тысяч подпісаў, падаў скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію. У адказ ЦВК патлумачыла, што Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь не прадугледжвае механізма абскарджвання пратаколаў аб устанаўленні колькасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах і азнаямлення з матэрыяламі праверкі падпісных лістоў у тэрытарыальных камісіях[34].

14 ліпеня на пасяджэнні ЦВК афіцыйна было зарэгістравана пяць кандыдатаў: Андрэй Дзмітрыеў, Ганна Канапацкая, Аляксандр Лукашэнка, Святлана Ціханоўская, Сяргей Чэрачань.

Адмоўлена ў рэгістрацыі Віктару Бабарыку з-за неадпаведнасці прадстаўленай дэкларацыі аб даходах і маёмасці, а таксама з-за таго, што ў яго выбарчай кампаніі ўдзельнічала замежная арганізацыя (меўся на ўвазе «Белгазпрамбанк»). Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына агалосіла звесткі з ліста Камітэта дзяржкантролю, якія не дазваляюць, на яе думку, зарэгістраваць Віктара Бабарыку. Пры гэтым прэзумпцыя невінаватасці былога кіраўніка «Белгазпрамбанка» была праігнараваная[35].

Не зарэгістравала ЦВК і Валерыя Цапкалу, паколькі яму не былі залічаныя патрэбныя для вылучэння больш за 100 тыс. дакладных подпісаў выбаршчыкаў. Іншай прычынай названа тое, што ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці яго жонкі былі недакладныя звесткі, якія маюць істотнае значэнне[36].

Еўрапейскі Саюз асудзіў рашэнне Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі адмовіць у рэгістрацыі альтэрнатыўным кандыдатам. Пра гэта было сказана ў заяве кіраўніка дыпламатычнага ведамства ЕС Жазэпа Барэля[37][38].

Перадвыбарная агітацыя[правіць | правіць зыходнік]

Мітынг у падтрымку Святланы Ціханоўскай у Мінску 30 ліпеня 2020 г.

16 ліпеня было дамоўлена пра аб’яднанне штабаў кандыдатаў Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы і Святланы Ціханоўскай. Тысячы людзей сабралі перадвыбарчыя мітынгі Святланы Ціханоўскай у Мінску, Барысаве, Бабруйску, Магілёве, Гомелі, Баранавічах, Гродне, Брэсце і іншых гарадах. У шэрагу гарадоў (Пінск, Стоўбцы, Слуцк, Салігорск і інш.) улады арганізаваць сустрэчы з выбарцамі Святлане Ціханоўскай не дазволілі.

Аляксандр Лукашэнка ў перадвыбарчы перыяд наведваў часці сілавых ведамстваў: 8-ю дэсантна-штурмавую і 103-ю паветрана-дэсантную брыгады, 5-ю асобную брыгаду спецыяльнага прызначэння, вайсковую часць 3214 унутраных войск МУС[39].

Сацыялагічныя даследаванні[правіць | правіць зыходнік]

Незалежныя сацыялагічныя даследаванні, якія дазволілі б аб’ектыўна ацаніць рэйтынг патэнцыйных кандыдатаў, у Рэспубліцы Беларусь не праводзяцца[40] пасля разгрому НІСЭПІ ў 2016 годзе.

Інтэрнэт-апытанні

Зялёным і тлустым — кандыдат, які заняў першае месца;

Жоўтым і тлустым курсівам — кандыдат, які заняў другое месца;

Чырвоным — вынік дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Апытанне TUT.by Наша Ніва Telegraf.by Onliner.by Svaboda.org
Дата правядзення 20.05.2020 20.05.2020 22.05.2020 26.05.2020 26.05.2020
Прынялі ўдзел 70 029 16 526 35 775 32 128 9 705
Бабарыка 54,91 % 49,7 % 52,43 % 56 % 32 %
Ганцэвіч 0,34 % 0,62 % 0 %
Дзмітрыеў 0,58 % 0,32 % 0,33 % 0,29 % 0 %
Канапацкая 4,14 % 2,5 % 1,7 % 1,4 % 1 %
Лукашэнка 6,24 % 2,96 % 3,90 % 3 % 1 %
Ціханоўская 12,71 % 18,39 % 17,37 % 12 % 51 %
Цапкала 15,22 % 7,5 % 9,8 % 17 % 7 %
Чэрачэнь 0,72 % 0,28 % 0,16 % 0 %
Тых, хто заявіў пра намер не ўдзельнічаць у выбарах[41][42][43]
Гайдукевіч 1,28 % 0,65 % 3,93 % 0,4 %
Губарэвіч 0,45 % 0,23 % 0 %
Кісель 0,63 % 0,22 % 0 %
Кавалькова 0,37 % 0,21 % 0 %
Казлоў 0,64 % 0,61 % 0,32 % 1 %
Няпомняшчых 0,4 % 0,4 % 0 %
Таболіч 1,37 % 2,3 % 0,25 % 0,9 % 2 %
Супраць усіх 15,37 % 7,8 % 7,7 % 4 %

Як заўважыў журналіст Юрый Дракахруст, аўдыторыя СМІ, якія праводзяць інтэрнэт-апытанні, — гэта не ўсё грамадства. Да таго ж у інтэрнэт-апытаннях удзельнічаюць тыя, хто хоча ў іх удзельнічаць. А гэта часцей людзі, якія хочуць зменаў, людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй[44].

Маштабнае падзенне рэйтынгу дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнка шырока абмяркоўвалася, а палітык атрымаў мянушку «Саша тры працэнты»[45][46][47][48]. Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман адзначыў, што палітычны мем пра «3 %» стаў мабыць адным з самых паспяховых у сучаснай гісторыі краіны[49]

Прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі паведаміў, што ў канцы мая прадстаўнікоў шэрагу недзяржаўных СМІ выклікалі ў Міністэрства інфармацыі і настойліва рэкамендавалі ім больш не публікаваць падобныя апытанні[40].

Паводле звестак Акадэміі навук, у красавіку ў Мінску прэзідэнту давяралі 22 %, агульнанацыянальны электаральны рэйтынг ацэньваўся на ўзроўні каля 30 %. Але гэта было да посткавіднага запаволення эканомікі, параду падчас пандэміі і з’яўлення папулярных альтэрнатыўных кандыдатаў. Мяркуецца, што з таго часу лічбы відавочна не выраслі[49].

Экзіт-полы[правіць | правіць зыходнік]

На правядзенне экзіт-полаў у Беларусі патрабуецца спецыяльны дазвол[50]. Дазвол на правядзенне нацыянальнага экзіт-полу атрымала моладзевая лабараторыя сацыялагічных даследаванняў пры рэспубліканскім Саюзе грамадскіх аб’яднанняў «Беларускі камітэт моладзевых арганізацый», а яго ініцыятарам выступае прадстаўніцтва тэлерадыёкампаніі «Мір» у Беларусі[51].

Пры гэтым у большасці еўрапейскіх і іншых дэмакратычных краінах на экзіт-полы не трэба ніякіх дазволаў — іх можа праводзіць любая арганізацыя ці група людзей. Прэзідэнцкія выбары на ўчастках у пасольствах або консульствах Беларусі за мяжой будуць праходзіць у 34 краінах[50]. Беларусы замежжа прынамсі ў 19 краінах стварылі ініцыятывы па правядзенні апытанняў каля выбарчых участкаў. Каб застацца ў прававым полі і не парушыць заканадаўства Беларусі і краіны, дзе праводзіцца пэўнае апытанне, мяркуецца ладзіць экзіт-полы не на тэрыторыі пасольстваў ці консульстваў, а на невялікай адлегласці ад іх. Галоўнай мэтай экзіт-полаў арганізатары абвяшчаюць збор статыстыкі аб выніках галасавання і яе адкрытае распаўсюджанне ўсім зацікаўленым[50].

Спіс краін, дзе плануецца праводзіць незалежныя экзіт-полы[50]:

Рэпрэсіі[правіць | правіць зыходнік]

Як адзначылі беларускія праваабаронцы, хваля рэпрэсій распачаліся ў краіне з моманту абвяшчэння парламентам прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Да заканчэння збору подпісаў за прэтэндэнтаў сотні грамадзян падвергліся розным відам рэпрэсій і пераследу: звальненням з працы, адміністрацыйным арыштам і штрафам. Асабліва жорсткім рэпрэсіям былі падвергнутыя члены ініцыятыўных груп па вылучэнні ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай і Віктара Бабарыкі[52].

29 мая 2020 года падчас правядзення пікету па зборы подпісаў грамадзян у падтрымку вылучэння ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Святланы Ціханоўскай, які адбываўся ў г. Гродна, супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы, блогер YouTube канала «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі і яшчэ як мінімум 15 грамадзян, якія прымалі ўдзел у дадзеным пікеце. Паводле інфармацыі журналістаў, якія прысутнічалі там, пікет адбываўся мірна, без парушэнняў грамадскага парадку. Затрыманне адбылося пасля яўна незаконнага ўмяшальніцтва супрацоўнікаў міліцыі ў камунікацыю грамадзян з кіраўніком ініцыятыўнай групы С. Ціханоўскім. 30 мая стала вядома аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, удзел якім нібыта прымаў С. Ціханоўскі і іншыя затрыманыя. Ціханоўскі і яшчэ сямёра затрыманых былі змешчаны ў ІЧУ г. Мінска.

Падзеі, якія папярэднічалі затрыманню — заявы дзеючага кіраўніка дзяржавы А. Лукашэнкі на адрас С. Ціханоўскага, спроба перашкодзіць і стварыць канфліктную сітуацыю на пікеце з боку некалькіх жанчын, умяшальніцтва і затрыманне С. Ціханоўскага супрацоўнікамі міліцыі, дэманстратыўнае падзенне на зямлю міліцыянера і наступная рэакцыя на інцыдэнт дзяржаўных СМІ, дазволілі праваабаронцам зрабіць выснову аб тым, што ў дачыненні да С. Ціханоўскага магла быць здзейсненая правакацыя і прызнаць яго палітычным зняволеным[53].

31 мая па ўсёй Беларусі адбываліся новыя затрыманні актывістаў і блогераў[54], у іх ліку былі зборшчыкі подпісаў, а таксама палітык Мікалай Статкевіч[55].

6 чэрвеня эксперты ААН выказалі занепакоенасць арыштамі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі падчас прэзідэнцкай кампаніі і заклікалі ўлады спыніць пераслед. Было сказана, што ў маі не менш за 195 чалавек — праваабаронцы, журналісты, блогеры, медыкі і іншыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці — былі арыштаваныя за тое, што выказалі сваю думку, за ўдзел у мірных акцыях пратэсту і пікетах для збору подпісаў і вылучэння кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары. Спецдакладчык ААН у правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марын выказала заклапочанасць тым, што гэтыя арышты негатыўна паўплываюць на грамадзянскую супольнасць, незалежныя медыя і выказванне сваёй думкі без перашкод[56][57].

10 чэрвеня на нарадзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў праверыць прыватныя кампаніі, якія ў апошнія тры месяцы звольнілі працаўнікоў, у тым ліку тых, «хто не аддаў подпіс за альтэрнатыўных так званых кандыдатаў». Ён таксама даручыў выпрацаваць схему з генеральным пракурорам, падключыць Камітэт дзяржаўнага кантролю, следчыя органы і «прашарсціць гэтых пузатых буржуяў[58], каб яны неслі адказнасць за людзей»[59].

11 чэрвеня прэс-служба Камітэта дзяржкантролю паведаміла, што заведзена крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 «Ухіленне ад выплаты сум падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры», ч. 2 арт. 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры»[60]. У той жа дзень адбыліся ператрусы ў офісе «Белгазпрамбанка», які раней узначальваў прэтэндэнт у кандыдаты Віктар Бабарыка, а таксама ў прыватных кампаніях «Кентаўр», «Кампары», «ПрыватЛізінг», якія з’яўляліся кліентамі банка[61]. На экстранай прэс-канферэнцыі ў Мінску Віктар Бабарыка заявіў, што гэтыя дзеянні носяць замоўны характар[62].

Як заявілі ААТ «Газпрамбанк» і ААТ «Газпрам» (акцыянеры «Белгазпрамбанка»), 11 чэрвеня 2020 года з парушэннем заканадаўства Рэспублікі Беларусь праўленнем Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь былі ажыццёўлены незаконныя дзеянні па прызначэнні в.а. старшыні праўлення і в.а. намесніка старшыні праўлення ААТ «Белгазпрамбанк». Гэтыя прызначэнні суправаджаліся затрыманнем паўнамоцных членаў праўлення «Белгазпрамбанка» праваахоўнымі органамі Рэспублікі Беларусь[63].

12 чэрвеня стала вядома, што ў Магілёве быў затрыманы каардынатар ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі па Магілёўскай вобласці Уладзімір Дудараў і член ініцыятыўнай групы — кіраўнік Магілёўскага філіяла Белгазпрамбанка Сяргей Кармызаў. Увечар таго ж дня новыпразначаны глава КДК Іван Церцель паведаміў пра затрыманне 15 чалавек: топ-менеджараў Белгазпрамбанка з ліку кіраўнікоў першага звяна, а таксама былых супрацоўнікаў банка, якія цяпер працуюць у розных камерцыйных структурах. Узбуджаны крымінальных па артыкулах 235 (Легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і ст. 243 КК (Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) КК Беларусі. Акрамя таго, у час следчых мерапрыемстваў забрана звыш 4 мільёнаў долараў, а таксама каштоўныя паперы на суму звыш 500 тысяч долараў[64]. На затрыманага Сяргея Кармызава была ўзбуджана крымінальная справа, яго вінавацяць у крадзяжы ў асабліва буйным памеры[64].

Павел Дарохін. «Ева», якую пад рукі вядуць АМАПаўцы

Як паведаміў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант 14 чэрвеня, паўтары сотні карцін працы Шагала, Суціна, Бакста, Царфіна, Любіча і іншых агульным коштам каля 20 млн долараў з калекцыі Белгазпрамбанка «далучаны да справы». Карціны па-ранейшаму знаходзяцца ў галерэі «Арт-Беларусь» у Палацы мастацтва, аднак гледачы іх цяпер не ўбачаць[64]. Карціна «Ева», якая была напісаная Хаімам Суціным у 1928 годзе і належала да калекцыі банка, стала асновай для палітычных карыкатур[65].

15 чэрвеня Нацбанк Беларусі ўвёў у Белгазпрамбанк часовую адміністрацыю, главой якой стала Надзея Ермакова[64].

Па дадзеных Праваабарончага цэнтра «Вясна» па стане на 16 чэрвеня, у перыяд з 6 мая ў Беларусі па адміністрацыйных артыкулах, якія выкарыстоўваюцца ў мэтах палітычнага пераследу за выказванне меркавання, 97 чалавек былі прыцягнутыя судамі да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе арышту, па такіх жа артыкулах 105 чалавек атрымалі штрафы. У дачыненні да некаторых актывістаў вынесена некалькі судовых пастаноў аб арышце за ўдзел у розных мерапрыемствах, такім чынам, яны будуць знаходзіцца пад арыштам больш за 15 сутак (так Паўлу Севярынцу прызначылі 75 сутак, Мікалаю Статкевічу — 30 сутак). Адзначана, што ўмовы адбывання пакарання ў мінскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе знаходзіцца большасць арыштаваных, можна кваліфікаваць як жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць абыходжанне[66].

18 чэрвеня Віктар Бабарыка, адзін з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, і яго сын Эдуард, кіраўнік ініцыятыўнай групы, былі затрыманыя па крымінальнай справе. На наступны дзень Еўрасаюз заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць іх ад папярэдняга ўтрымання пад вартай і гарантаваць поўнае захаванне законнасці, у тым ліку сумленнае і празрыстае расследаванне і права на доступ да адваката. Беларускія ўлады абавязаны ўстрымлівацца ад любых абмежаванняў правоў патэнцыяльных кандыдатаў, пазбягаць затрыманняў мірных удзельнікаў акцый і неадкладна вызваліць усіх адвольна затрыманых актывістаў. Звернута ўвага на выпадкі жорсткага абыходжання з асобамі, затрыманымі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, у тым ліку Паўлам Севярынцам, што выклікала вялікую трывогу ў ЕС[67].

19 чэрвеня Генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк заявіў, што дзеянні фігурантаў «справы Белгазпрамбанка» стварылі рэальную пагрозу інтарэсам нацыянальнай бяспецы Беларусі. Узбуджана крымінальная справа па чч. 2 і 3 арт. 285 (Стварэнне злачыннай арганізацыі або ўдзел у ёй) Крымінальнага кодэкса Беларусі. За гэта можа пагражаць да 15 гадоў пазбаўлення свабоды[68].

Пад ціскам праверак крама нацыянальнай атрыбутыкі Symbal.by, у якой 12 чэрвеня канфіскавалі 419 маек з надпісам «Псіхо3 %», 23 чэрвеня абвясціла пра закрыццё. Пасля абвесткі пра закрыццё крамы, каля яе ўтварылася чарга з 50 пакупнікоў. Да крамы прыехалі тры машыны міліцыі, у тым ліку аўтазак з АМАПам, куды без разбору пачалі кідаць людзей. Было затрымана больш за 10 чалавек[69][70].

25 чэрвеня затрыманы адміністратар буйной палітычнай суполкі «РБ головного мозга» Ігар Лосік, на якога завялі крымінальную справу па артыкуле 342 КК РБ «Арганізацыя масавых беспарадкаў»[71].

Пераслед публічных асоб[правіць | правіць зыходнік]

На канале АНТ без папярэджання была прыпынена штотыднёвая рубрыка з трэніроўкамі, якую вяла гімнастка Меліціна Станюта. За некалькі дзён да гэтага Станюта выказалася ў сваім інстаграме ў падтрымку крамы «Symbal.by»[72].

Вядучы Антон Мартыненка быў вымушаны сысці з канала СТБ пасля таго як у сваіх сацсетках наконт затрыманняў каля крамы Symbal.by[73].

Шоумэн Дзмітрый Кахно, нязменны вядоўца праекта АНТ і «Эўраопта» «Удача ў прыдачу», быў заменены ў эфіры іншым вядоўцам і ў апошні момант адхілены ад вядзення адкрыцця фантана на Свіслачы. Раней ён апублікаваў Інстаграме пост «Так нельга», дзе абурыўся жорсткім разгонам чаргі каля крамы Symbal.by[74].

Дзяніс Дудзінскі, вядоўца перадачы «Добрай раніцы Беларусь», пасля допісу пра затрыманні каля крамы Symbal.by быў зняты з эфіру, а таксама разам Кацярынай Раецкай адхілены ад вядзення «Славянскага базара» ў Віцебску[75].

АНТ без тлумачэння прычын спыніла супрацоўніцтва з Дзмітрыем Урангелем і не пусціла ў эфір чарговы выпуск праграмы «Прыгоды капітана Урангеля». Напярэдадні шоўмэн выступіў з крытыкай з нагоды сітуацыі ў краіне[76].

Кацярыну Пытлеву, тэлявядоўцу перадачы «Дзень у вялікім горадзе» на «Беларусь 1», знялі з эфіраў, бо ў канцы чэрвеня яна напісала абураны пост у Фэйсбуку з нагоды беззаконня, якое адбываецца ў Беларусі, і змясціла свой фатаздымак у майцы з надпісам «Поўны гамон». Рашэнне кіраўніцтва Белдзяржтэлерадыёкампаніі яна патлумачыла так: «Калі ты ў кадры і выказваешся — ты вораг дзяржавы»[77].

Спявак Аляксей Грос, які апублікаваў некалькі крытычных допісаў пра сітуацыю ў краіне, пра неабходнасць сумленных і справядлівых выбараў у Беларусі, быў пазбаўлены права выступіць на Рэспубліканскім балі выпускнікоў[78].

Гурт Litesound пазбавілі канцэртаў за крытыку ўладаў. Гурт адказаў гімнам «Мы героі», беларускамоўнай версіяй песні, з якой яны выступалі на Еўрабачанні[79].

З Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі звольніўся адзін з найлепшых экскурсаводаў Мікіта Моніч, які 17 чэрвеня на ўласнай старонцы ў Фэйсбуку апублікаваў антылукашэнкаўскі верш[80].

Як адзначыла «Беларуская асацыяцыя журналістаў», на працягу ўсяго двух дзён — 19 і 20 чэрвеня — у Беларусі былі затрыманыя падчас выканання прафесійных абавязкаў як мінімум 14 журналістаў. Прычым большасць з затрыманых мелі пасведчанні журналістаў, як таго патрабуе заканадаўства аб СМІ, і гатовыя былі прад’явіць іх па патрабаванні, а таксама былі абазначаныя як супрацоўнікі СМІ адпаведнымі камізэлькамі і бэйджамі. Некаторыя з затрыманых журналістаў былі збітыя падчас затрымання. Дзеянні супрацоўнікаў міліцыі пры тым часцяком адбываліся ў прамым эфіры, і парушэнні правоў журналістаў былі відавочнымі[81].

Выканаўца абавязкаў прэзідэнта Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода Дэйзі Сіндэлар 17 ліпеня заявіла, што беларускія ўлады перад выбарамі спрабуюць спыніць іх журналісцкую працу і перашкодзіць аўдыторыі атрымліваць доступ да навінаў[82].

Пратэсты[правіць | правіць зыходнік]

Пасля затрымання Віктара Бабарыкі, на заканчэнне збору подпісаў 19-20 чэрвеня прайшлі пікеты і «ланцугі салідарнасці» ў розных гарадах Беларусі, сярод іх Мінск, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Магілёў, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Ганцавічы, Жлобін, Жодзіна, Ліда, Маладзечна, Навагрудак, Наваполацк, Орша, Пінск, Пружаны, Рэчыца, Салігорск, Светлагорск, Стоўбцы[83][84]. У многіх месцах адбываліся затрыманні грамадзян.

З 22 чэрвеня ў сацсетках сталі з’яўляцца фотаздымкі людзей у форме, або службовыя пасведчанні, або іншы індэнтыфікатар належнасці да сілавой структуры з прыкладзеным лістком з палітычнай рэмаркай супраць дзеючага прэзідэнта. Людзі, якія дасылалі гэтыя здымкі, часта прылічалі сябе да 97 % (у супрацьвагу 3 %, якія паводле вынікаў інтэрнэт-галасаванак набраў Лукашэнка). Да гэтага флэшмоба далучыліся прадстаўнікі бадай што ўсіх сілавых структур: КДБ, ААЦ, войска, Следчы камітэт, Пракуратура, Служба бяспекі Прэзідэнта, розныя падраздзяленні МУС — ад ДАІ да ГУБАЗіК[85].

25 чэрвеня міністр унутраных спраў Беларусі Юрый Караеў заявіў, што незаконныя вулічныя акцыі добра арганізаваныя, кіруюцца праз Telegram-каналы, а таксама ў якасці прыкладу прывёў анлайн-трансляцыю Радыё Свабода з «Пікета салідарнасці»[86].

Арышт канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі на выбарах — Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі, а таксама парушэнні свабоды сходу і слова ў Беларусі выклікалі хвалю салідарнасці. Пад канец чэрвеня 2020 акцыі падтрымкі сабралі беларусаў у Варшаве, Вільні, Берліне, Кіеве, Парыжы, Празе, Нью-Ёрку, Лос-Анджэлесе, Сан-Францыска, Маямі, Бостане, а таксама ў Лімасоле (Кіпр), Ізміры (Турцыя), Барселоне, Малазе (Іспанія) і іншых месцах, дзе раней беларусы не арганізоўвалі палітычных акцый. Прайшоў «Ланцуг салідарнасці» ў Беластоку, дзе жывуць беларусы Падляшша, а таксама працуюць шматлікія грамадзяне Беларусі[87][88].

Увечары 14 ліпеня ў розных гарадах Беларусі людзі выйшлі на акцыі салідарнасці на знак нязгоды з адмовай ЦВК зарэгістраваць Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу. Неўзабаве пачаліся затрыманні, месцамі адбываліся сутычкі з міліцыяй. Паведамлялася аб затрыманні звыш 300 чалавек[89].

На наступны дзень людзі ўтварылі чаргу да ЦВК, каб паскардзіцца на парушэнні выбарчага заканадаўства і нерэгістрацыю В. Бабарыкі і В. Цапкалы (скаргу асабіста можна было падаць толькі ў гэты дзень). Чарга выцягнулася ад Дома ўрада да праспекта Незалежнасці і гатэля «Мінск», а пасля — каля музея кіно і вуліцы Берсана да вуліцы Мяснікова ў бок Нямігі[90]. Цэнтрвыбаркам быў няздольны апрацаваць такую колькасць скаргаў і не прыняў усіх да закрыцця. Тады людзі мелі намер адправіцца на Мінскі паштамт, каб выслаць свае скаргі поштай. У адказ паштамт атрымаў загад закрыцца. Да Цэнтрвыбаркама падагналі аўтазакі, прывезлі салдат Унутраных войскаў. Пасля 19 гадзін пачаліся першыя затрыманні. Людзей адціскалі з пляцоўкі перад Музычным тэатрам па вуліцы Мяснікова, плошчы Багушэвіча, дзе стаяў канец чаргі[91]. Былі закрыты станцыі метро «Плошча Перамогі», «Купалаўская» і «Кастрычніцкая», перакрыты праспект Незалежнасці каля паштамта. Частка людзей вырашыла ісці на Прывакзальную плошчу, каб адправіць свае скаргі ў ЦВК. Тут аддзяленне пошты працуе кругласутачна, але людзей не ўпусцілі, заяўлялася, што нібыты прыйшло паведамленне аб мініраванні[92]. Паралельна адбываліся затрыманні. З сотняў людзей, што стаялі 15 ліпеня ў чарзе ў Цэнтрвыбаркам, толькі 148 чалавек паспелі падаць скаргі на адмову ў рэгістрацыі двум патэнцыйным кандыдатам. Усяго ж камісія атрымала больш за 5000 падобных зваротаў[93].

Як сказала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, колькасць скаргаў, што паступілі ў наступныя дні «не падлягае ўліку». Яны паступалі ў вялікай колькасці і прыцягваліся нават работнікі іншых арганізацый, каб ускрываць канверты. Пры тым старшыня ЦВК адзначыла, што агульны адказ на пераважную частку скаргаў быў ужо апублікаваны на сайце ЦВК 16 ліпеня, і іншага не будзе[94].

Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека 17 ліпеня заклікала ўлады Беларусі выконваць правы грамадзян на свабоду слова і сходаў, а таксама вызваліць затрыманых на пратэстных акцыях людзей і праводзіць сумленныя судовыя працэсы над абвінавачанымі[95].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь са змяненнямі і дапаўненнямі ад 24.11.1996 г. і 17.10.2004
  2. spring96.org
  3. svaboda.org
  4. svaboda.org
  5. zviazda.by
  6. pen-centre.by
  7. elections2020.spring96.org
  8. naviny.by
  9. 9,0 9,1 Песков опроверг заявления Лукашенко о причастности России к вмешательству в выборы
  10. ria.ru
  11. /tass.ru
  12. nn.by
  13. Выбары Прэзідэнта Беларусі. Каляндарны план.
  14. Апазіцыя прыдумала складаную схему абрання адзінага кандыдата. Наша Ніва (27 студзеня 2020). Праверана 28 студзеня 2020.
  15. Спіс кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі 2020. Репортёр (28 мая 2020). Праверана 28 мая 2020.
  16. Севярынец зьняўся з праймэрыз апазыцыі , Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода (16 сакавік 2020). Праверана 18 красавіка 2020.
  17. Севярынец зняўся з праймерыз , Наша Ніва (16.03.2020). Праверана 18 красавіка 2020.
  18. На праймерыз у Баранавічах перамог Губарэвіч , Наша Ніва (17.03.2020). Праверана 18 красавіка 2020.
  19. Губаревич, Юрий. Як я далучаў «вертыкаль» Лукашэнкі да праймерыз , Белорусский партизан (16.04.20). Праверана 18 красавіка 2020.
  20. Без «адзінага» ад апазіцыі. Удзельнікі праймерыз адмовіліся ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах (руск.) . TUT.BY (10 мая 2020). Праверана 11 мая 2020.
  21. svaboda.org
  22. svaboda.org
  23. svaboda.org
  24. svaboda.org
  25. news.tut.by
  26. svaboda.org
  27. nashaniva.by
  28. Юрась Губарэвіч таксама зняўся з выбараў
  29. interfax.by
  30. Чуццё на «Сумленных людзей»: як валанцёраў не пускаюць лічыць галасы на выбарах
  31. «У выканкаме інструктавалі, як хутчэй выдаліць назіральнікаў ад апазіцыі». У выбарчыя камісіі прайшлі двое «сумленных людзей». Як?
  32. 32,0 32,1 Ермошина о заседаниях по образованию участковых комиссий: В чужой монастырь со своим уставом не ходят
  33. svaboda.org
  34. news.tut.by
  35. naviny.by
  36. ЦВК зарэгістравала пяць кандыдатаў у Прэзідэнты Беларусі. БелТА (14 ліпеня 2020). Праверана 14 ліпеня 2020.
  37. eeas.europa.eu
  38. nashaniva.by
  39. naviny.by
  40. 40,0 40,1 Андрэй Шынгароў. Канкурэнт Аляксандра Лукашэнка на выбарах — жонка арыштаванага блогера. Яе кампанія праходзіць пад лозунгам «Стоп таракан», прычым з поспехам (2020-06-02).
  41. Алег Гайдукевіч здымаецца з выбараў.
  42. Ад 10 тысяч да 200 тысяч. Колькі подпісаў за тыдзень сабралі за будучых кандыдатаў у прэзідэнты.
  43. Наталля Кісель, якая нібыта сабрала 108 тысяч подпісаў, знялася з выбараў. І зірніце, каму яна «перадае» подпісы (бел.)  (15 чэрвеня 2020).
  44. svaboda.org
  45. Саша тры працэнта
  46. «Усе стаміліся, Саш, нават ты»: Як сацыяльныя сеткі смяюцца з вельмі нізкага рэйтынга Лукашэнкі
  47. «Трохпрацэнтны таракан»: як у Беларусі спее Майдан і канец эпохі Лукашэнкі
  48. Мельнічук Т. Крымінал і ніякай палітыкі? // "Зразумеў, што да яго прыйдуць і надзенуць наручнікі". Беларускі банк Газпрама патрапіў пад перадвыбарны гнеў Лукашэнкі. BBC (12 чэрвеня 2020). Архівавана з першакрыніцы 13 чэрвеня 2020. Праверана 13 чэрвеня 2020.
  49. 49,0 49,1 news.tut.by
  50. 50,0 50,1 50,2 50,3 Беларусы правядуць экзіт-полы на большасьці ўчасткаў у замежжы. Як гэта будзе адбывацца
  51. Зяць экс-кіраўніка «Белай Русі» анансаваў «экзіт-пол» на выбарах 9 жніўня
  52. spring96.org
  53. spring96.org
  54. svaboda.org
  55. ria.ru
  56. interfax.by
  57. svaboda.org
  58. Магчымы намёк на Віктара Бабарыку, які мае лішак вагі
  59. Лукашенко пригрозил «прошерстить пузатых буржуев»
  60. КДК: Заведзеныя крымінальныя справы за ўхіленне ад падаткаў і легалізацыю злачынных грошай
  61. «Кентаўр», «Кампары», «ПрыватЛізінг». У Менску прайшлі ператрусы ў прыватных кампаніях
  62. Бабарыка: Дзеянні сённяшняга дня носяць замоўны палітычны характар
  63. ria.ru
  64. 64,0 64,1 64,2 64,3 Подруга семьи Бабарико и член его инициативной группы — в СИЗО КГБ, у нее дома описывают имущество
  65. Ева за кратамі, Ева з амапаўцамі… — рэакцыя інтэрнэту на арышт карціны Суціна ФОТЫ
  66. spring96.org
  67. eeas.europa.eu
  68. Дело Белгазпромбанка: Конюк заявил об угрозе национальной безопасности и «утяжелил» обвинение
  69. Чарговы хапун у Мінску. Міліцыя затрымала людзей, якія стаялі ў чарзе да крамы Symbal.by. МУС тлумачыць чаму
  70. Пад ціскам праверак Symbal.by абвясьціў пра закрыцьцё. Пасьля гэтага каля крамы ўтварылася чарга і адбыліся затрыманьні
  71. На блогера Ігара Лосіка завялі крымінальную справу за арганізацыю масавых беспарадкаў
  72. АНТ зняла з эфіру праграму Меліціны Станюты. Усе ўсё разумеюць
  73. Вядучы СТБ звольніўся з канала, раней ён асудзіў затрыманні людзей у сталіцы
  74. «Пайшла хваля павагі, бо не пакінуў гвалту і беззаконьня без увагі». Як тэлевядоўцу Дзьмітрыя Кахно зьнялі з эфіраў
  75. Дудзінскі і Раецкая не будуць весці «Славянскі базар». Вядучы стаяў у чарзе ў Symbal.by
  76. АНТ спыніла супрацоўніцтва з Дзмітрыем Урангелем, які раскрытыкаваў дзеянні АМАПа каля Symbal.by
  77. Вядоўцу Кацярыну Пытлеву адхілілі ад тэлеэфіру пасьля допісу ў ФБ пра «поўны гамон» у Беларусі
  78. Пераможца «Славянскага базару»: Баста, годзе! Мне сорамна, што я быў часткай гэтага механізма
  79. Litesound пазбавілі канцэртаў за крытыку дыктатуры. Гурт адказаў гімнам «Мы героі»
  80. Аднаго з найлепшых экскурсаводаў Мастацкага музея звольнілі за верш
  81. baj.by
  82. svaboda.org
  83. nashaniva.by
  84. nashaniva.by
  85. Ва ўпраўленнях уласнай бяспекі шок: работнікі міліцыі, СК, КДБ выступаюць праз сацсеткі супраць Лукашэнкі
  86. Караеў: незаконныя вулічныя акцыі добра арганізаваныя, імі кіруюць праз Telegram-каналы і стрым Радыё Свабода
  87. nashaniva.by
  88. svaboda.org
  89. nashaniva.by
  90. nashaniva.by
  91. nashaniva.by
  92. news.tut.by
  93. news.tut.by
  94. news.tut.by
  95. ohchr.org

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]