Прэмія імя акадэміка А. В. Лыкава

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Прэмія імя акадэміка А. В. Лыкава
Тып узнагарода
Заснаванне 2003
Краіна Flag of Belarus.svg Беларусь

Прэмія імя акадэміка А. В. Лыкава — узнагарода Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Прэміі названыя ў гонар вучонага, заснавальніка сусветна вядомай беларускай навуковай школы ў галіне цепла- і масаабмену акадэміка Аляксея Васільевіча Лыкава (1910—1974).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Прэміі заснаваны Прэзідыумам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2003 годзе (пастанова ад 30 мая 2003 г. № 52) і прысуджаюцца адзін раз у два гады за навуковыя працы, якія ўносяць буйны ўклад у развіццё тэарэтычных і эксперыментальных даследаванняў па праблемах пераносу энергіі і рэчыва, адкрыццё і апісанне заканамернасцяў з’яў і працэсаў цепла- і масапераносу ў прыродных і тэхнічных аб’ектах, асяроддзях рознага агрэгатнага стану пры наяўнасці фазавых і хімічных ператварэнняў, разнастайных знешніх уздзеяннях, якія складаюць аснову новых высокаэфектыўных цепламасаабменных тэхналогій і абсталявання для народнай гаспадаркі.

Па выніках конкурснага адбору прысуджаюцца дзве прэміі (адна айчынным навукоўцам і адна міжнароднаму калектыву аўтараў). Прэмія айчынным навукоўцам прысуджаецца асобным асобам або групе супрацоўнікаў (не больш за тры), якія працуюць у навуковых, навукова-вытворчых арганізацыях і ВНУ Рэспублікі Беларусь і якія ўнеслі вызначальны ўклад пры выкананні вылучаемай працы. Прэмія міжнароднаму калектыву аўтараў прысуджаюцца калектывам навукоўцаў замежных краін і Рэспублікі Беларусь (таксама не больш за тры) за ўклад у развіццё творчай спадчыны А. В. Лыкава, сумесныя асноватворныя работы па праблемах цепла- і масапераносу[1].

Вылучэнне[правіць | правіць зыходнік]

Права вылучэння работ на саісканне Прэміі прадастаўляецца:

  • акадэмікам і членам-карэспандэнтам НАН Беларусі;
  • вучоным (навукова-тэхнічным) саветам навуковых арганізацый і вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь і замежных краін.

Арганізацыі і асобы, якія вылучаюць кандыдатаў на саісканне Прэміі імя акадэміка А. В. Лыкава, павінны прадставіць наступныя матэрыялы:

  • матываванае прадстаўленне, якое ўключае навуковую характарыстыку вылучаемай работы і паказвае яе навуковае і прыкладное значэнне;
  • копіі апублікаваных навуковых артыкулаў, экзэмпляры кніг;
  • звесткі пра аўтараў, якія ўключаюць даныя аб іх месцы працы і раскрываюць іх асабісты ўклад у прадстаўленыя працы[2].

Зноскі