Птушыны грып
Птушыны грып — заразная хвароба органаў дыхання, страўнікава-кішачнага тракта і цэнтральнай нервовай сістэмы птушак, выкліканая вірусам грыпу А. Прыроднымі вірусаносьбітамі звычайна з’яўляюцца дзікія пералётныя качкі. Працякае ў выглядзе эпізаотыі, чым выклікае пагалоўную смяротнасць сярод курэй і індыкоў. Пры дотыку да птушкі-вірусаносьбіта, яе крыві і мяса заразіцца могуць як чалавек, гэтак і жывёлы (млекакормячыя)[1].
Папярэджанне[правіць | правіць зыходнік]
Прадухіленню заражэння спрыяе размяшчэнне свойскіх птушак у закрытых выгулах і памяшканнях, дзе выключаецца сустрэча з дзікімі птушкамі. Пры доглядзе за птушкамі варта карыстацца ахоўным адзеннем, пасля чаго ўмывацца з мылам[1].
Праявы[правіць | правіць зыходнік]

У курэй хвароба праяўляецца праз павышаную тэмпературу, прыгнечаны стан, рэзкае зніжэнне вытворчасці яек, ускудлачанасць апярэння, адмову ад корму, сінюшнасць скуры ў вобласці вачэй і жывата, апуханне і пачарненне грэбня і каташкоў, ацёк падсківічнай вобласці, падскурныя кровазліцці на канцавінах і дыярэя жоўта-зялёнага адцення. У гусей адзначаюцца манёжныя рухі, выцяканні з носавых адтулінаў, памутненне рагавіцы вока, слепата і панос. Агулам у дзікіх і свойскіх вадаплаўных птушак немач выяўляецца праз парушэнне ўзгодненасці рухаў, адкідванне галавы, вярчальны рух галавой з патрэсваннем, скрыўленне шыі, адсутнасць рэакцыі на знешнія раздражняльнікі, адмову ад вады і корму, прыгнечаны стан[1].
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1878 годзе італьянскі ветэрынар Эдуарда Перанчыта (1847—1936) упершыню апісаў захворванне пад назвай курыны тыф, якое паразіла курэй на фермах у ваколіцах Турына. У 1901 годзе захворванне сталі называць класічнай чумой птушак, калі выявілі яго віруснае паходжанне. У 1925 годзе адбылася першая ўспышка захворвання ў Паўночнай Амерыцы, пасля чаго яго сталі называць еўрапейскай чумой птушак. У 1971 годзе захворванне атрымала сучасную назву. У другой палове XX стагоддзя адбылося прынамсі 18 буйных успышак птушынага грыпу.
За 2006 год у краінах Паўночна-Усходняй Азіі спалілі 150 млн куранят, каб прадухіліць далейшы распаўсюд птушынага грыпу.
Зноскі
- ↑ а б в А.Зямчонак. Птушыны грып небяспечны і для людзей , Газета «Нарачанская зара» (Мядзел) (10 лютага 2017). Праверана 1 ліпеня 2017.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
![]() |
Птушыны грып на Вікісховішчы |
---|
- Птушыны грып , Газета «Звязда (газета)» (30 лістапада 2016). Праверана 1 ліпеня 2017.
- Птушыны грып , Газета «Новы час» (18 лютага 2017). Праверана 1 ліпеня 2017.