Пухавіцкі раён
Пухавіцкі раён | |||||
---|---|---|---|---|---|
|
|||||
Краіна | Беларусь | ||||
Уваходзіць у | Мінская вобласць | ||||
Адміністрацыйны цэнтр | Мар’іна Горка | ||||
Дата ўтварэння | 17 чэрвеня 1924 | ||||
Кіраўнік | Віктар Міхайлавіч Каляда[d] | ||||
Афіцыйныя мовы |
Родная мова: беларуская 60,2 %, руская 36,4 % Размаўляюць дома: беларуская 30,92 %, руская 64,47 %[1] |
||||
Насельніцтва (2009) |
69 427 чал.[1] (6-е месца) | ||||
Шчыльнасць | 28,44 чал./км² (10-е месца) | ||||
Нацыянальны склад |
беларусы — 84,66 %, рускія — 11,05 %, украінцы — 2,56 %, іншыя — 1,73 %[1] |
||||
Плошча |
2 442,23[2] (4-е месца) |
||||
Вышыня над узроўнем мора • Найвышэйшы пункт |
236 м |
||||
Часавы пояс | UTC+03:00 | ||||
Афіцыйны сайт | |||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Пухавіцкі раён (трансліт.: Puchavicki rajon) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Мінскай вобласці. З 29 ліпеня 1925 года раённы цэнтр — Мар’іна Горка. З 17 чэрвеня 1924 года да 29 ліпеня 1925 года цэнтрам раёна была вёска Пухавічы.
Тэрыторыя раёна 2 442,23 км² (4-е месца ў вобласці). Колькасць насельніцтва — 65,7 тысячы чалавек (6-е месца ў вобласці). У раёне 13 сельсаветаў, 1 горад, 4 пасёлкі гарадскога тыпу, 304 сельскія населеныя пункты. Прадстаўнічым органам мясцовага самакіравання на тэрыторыі раёна з’яўляецца Пухавіцкі раённы Савет дэпутатаў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]17 ліпеня 1924 года быў утвораны Пухавіцкі раён у складзе Мінскай акругі БССР з цэнтрам у мястэчку Пухавічы. 20 жніўня 1924 года падзелены на 12 сельсаветаў: Балоцкі (Балачанскі, Балачоўскі), Блонскі, Блужскі, Дрычынскі, Кнорынскі, Навасёлкаўскі, Пудзецкаслабодскі, Сінчанскі, Слабадскі, Суцінскі, Талькаўскі, Турынскі. 29 ліпеня 1925 года цэнтр раёна перанесены ў пасёлак Мар’іна Горка.
29 ліпеня 1925 г. адбыўся 1-ы раённы з’езд Саветаў, які прыняў рашэнне перанесці раённы цэнтр у Мар’іну Горку. Першым сакратаром райкама партыі тады працаваў Башко, старшынёй райвыканкома — Маркоўскі, сакратаром райкама камсамола — Садоўскі.
18 снежня 1925 года ўтвораны Пухавіцкі сельсавет і скасаваны Слабадскі сельсавет. 4 жніўня 1927 года да раёна далучаны Гарэлецкі, Сяргеевіцкі, Цітвянскі і Шацкі сельсаветы скасаванага Шацкага раёна. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 18 студзеня 1931 года да раёна далучаны Азярычынскі (Азярышчанскі), Дудзіцкі, Узлянскі сельсаветы скасаванага Самахвалавіцкага раёна; 8 ліпеня 1931 года — Задашчэнскі, Селецкі, Слабадскі сельсаветы скасаванага Грэскага раёна; Абчацкі, Голацкі, Дукорскі, Замастоцкі, Карзуноўскі, Пярэжырскі, Рудзенскі сельсаветы і мястэчка Смілавічы скасаванага Смілавіцкага раёна. 25 ліпеня 1931 года Абчацкі і Замастоцкі сельсаветы ўключаны ў гарадскую рысу горада Мінска. У 1935 годзе скасаваны Талькаўскі сельсавет. 12 лютага 1935 года Задашчэнскі, Селецкі, Слабадскі сельсаветы перададзены адноўленаму Грэскаму раёну; Азярычынскі (Азярышчанскі), Гарэлецкі, Голацкі, Дрычынскі, Дудзіцкі, Дукорскі, Пудзецкаслабодскі, Пярэжырскі, Рудзенскі, Сяргеевіцкі, Узлянскі, Цітвянскі, Шацкі сельсаветы — адноўленаму Рудзенскаму раёну. 12 сакавіка 1935 года Рудзенскаму раёну перададзены таксама Карзуноўскі сельсавет, а Гарэлецкі і Пудзецкаслабодскі сельсаветы вернуты ў склад Пухавіцкага раёна. 15 красавіка 1935 года да раёна далучаны Задашчэнскі і Слабадскі сельсаветы Грэскага раёна. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Мінскай вобласці. 27 верасня 1938 года Мар’іна Горка атрымала статус гарадскога пасёлка. У 1939 годзе Кнорынскі сельсавет перайменаваны ў Варашылаўскі, зноў утвораны Талькаўскі сельсавет.
У Другую сусветную вайну з чэрвеня 1941 года да пачатка ліпеня 1944 года тэрыторыя раёна была акупіравана нямецкімі войскамі. Пухавіччыну вызвалялі войскі 1-га і 2-га Беларускіх франтоў у ходзе праведзенай на другім этапе аперацыі «Баграціён», якая праходзіла з 29 чэрвеня да 4 ліпеня 1944 года.
У цэлым, па афіцыйных падліках, Пухавіцкі раён (у сённяшніх межах) страціў у Другой сусветнай вайне — 11 238 чалавек, з якіх 5895 чалавек мірнага насельніцтва, 4141 чалавек загінулі на франтах, 1192 чалавекі — у партызанскіх атрадах.
16 ліпеня 1954 года Пудзецкаслабодскі сельсавет перайменаваны ў Ананіцкі, Задашчэнскі сельсавет скасаваны. 17 снежня 1956 года да раёна далучаны Селецкі сельсавет Грэскага раёна, 20 студзеня 1960 года — гарадскі пасёлак Рудзенск, Голацкі, Дрычынскі, Дукорскі, Пярэжырскі, Сяргеевіцкі, Цітвянскі сельсаветы скасаванага Рудзенскага раёна, 1 красавіка 1960 года — Шацкі сельсавет Уздзенскага раёна. 5 мая 1962 года скасаваны Варашылаўскі сельсавет. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны Любяцкі і Навапольскі сельсаветы скасаванага Уздзенскага раёна. 4 студзеня 1964 года Слабадскі сельсавет перайменаваны ў Вецярэвіцкі, скасаваны Селецкі сельсавет. 30 ліпеня 1966 года Любяцкі сельсавет перададзены ў склад адноўленага Уздзенскага раёна. 16 мая 1968 года ўтвораны Селецкі сельсавет. 15 чэрвеня 1972 года Сінчанскі сельсавет перайменаваны ў Амяльнянскі, 16 жніўня 1973 года Балоцкі сельсавет — у Краснаакцябрскі. 31 сакавіка 1977 года Цітвянскі сельсавет перайменаваны ва Узлянскі. 29 снежня 1977 года пасёлак Праўдзінскі рэарганізаваны ў рабочы пасёлак. 23 ліпеня 1984 года Амяльнянскі сельсавет перайменаваны ў Дубраўскі. 24 студзеня 1986 года рабочы пасёлак Свіслач аднесены да катэгорыі гарадскіх пасёлкаў з утварэннем асобнага пассавета. 20 кастрычніка 1995 года горад Мар’іна Горка і Пухавіцкі раён былі аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 4 ліпеня 2002 года зацверджаны герб і сцяг Мар’інай Горкі і Пухавіцкага раёна. 29 верасня 2006 года скасаваны Гарэлецкі, Краснаакцябрскі, Селецкі і Сяргеевіцкі сельсаветы[3]. 30 кастрычніка 2009 года скасаваны Талькаўскі сельсавет[4]. 28 мая 2013 года скасаваны Ананіцкі, Вецярэвіцкі, Дрычынскі, Суцінскі, Узлянскі сельсаветы, Праўдзінскі пассавет, Рудзенскі і Свіслацкі пассаветы рэарганізаваны ў Рудзенскі і Свіслацкі сельсаветы адпаведна[5].
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Раён размешчаны ў цэнтральнай частцы Рэспублікі Беларусь (менавіта ў Пухавіцкім раёне знаходзіцца геаграфічны цэнтр Беларусі) ў паўднёва-ўсходняй частцы Мінскай вобласці. Мяжуе з Мінскім, Слуцкім, Старадарожскім, Уздзенскім, Чэрвеньскім раёнамі Мінскай вобласці, Асіповіцкім раёнам Магілёўскай вобласці.
Раён знаходзіцца ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня плоскахвалістая, 90 % яе на вышыні 160—200 м, 7 % — вышэй за 200 м над узроўнем мора. Найвышэйшы пункт 236 м (на поўдзень ад вёскі Сяргеевічы).
У Пухавіцкім раёне здабываюць торф, бузы, пяскова-жвіровыя матэрыялы, будаўнічыя пяскі, гліну і суглінкі. Пераважаюць глебы: сельскагаспадарчых угоддзяў, дзярновападзолістыя забалочаныя (33 %), дзярнова-падзолістыя (31,8 %), тарфяныя-балотныя (23,8 %). Пад лесам (39,9 %) тэрыторыі раёна, пад балотам — 4,4 %.
Агульная плошча сельскагаспадарчых угоддзяў — 112 тыс. га, з іх асушаных — каля 38 тыс. га.
Сярэдняя тэмпература студзеня −6,9 °C, ліпеня +17,9 °C. Ападкаў выпадае 592 мм у год. Вегетацыйны перыяд 188 сутак.
Праз тэрыторыю раёна працякаюць рэкі Пціч, у якую ўпадаюць Асачанка (з прытокам Цепленька), Асінаўка, Вуж (Вушанка), Грэбенка, Шаць (з прытокам Кавалёўка), і Свіслач з прытокамі Балачанка, Волма, Жалязянка, Сіняўка, Талька (з прытокам Суцінка), Цітаўка. Азёры: Сяргееўскае, Мацярынскае, Свяценскае, Глухое, Беліцкае, Сіняе, Доўгае, Круглае, Сіняя Града, Зужава, Грымячае. Вадасховішчы: Земснарад, Кавалёўка, Чырвонагвардзейскае.
Сімволіка
[правіць | правіць зыходнік]Сцяг Пухавіцкага Раёна ўзяты з гербу г. Мар’іна Горка. Сцяг: прастакутнае палатно блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры якога выява Багародзіцы ў чырвона-блакітных, адзеннях з белым покрывам. Сцяг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 22 ліпеня 2000 года № 42.
Герб раёна супадае з гербам горада Мар’іна Горка. Паходжанне назвы горада Мар’іна Горка сыходзіць у дахрысціянскія часы. Па легендзе, на ўзвышшы, калісьці размешчаным на месцы сучаснага горада, стаяла паганская бажніца. Тут ушаноўвалі нарачонай Сонца, багіні-мацюкай, заступніцы дзіцянараджэння Мары. Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 22 ліпеня 2000 г. № 42.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
[правіць | правіць зыходнік]Станам на 28 мая 2013 года ў склад Пухавіцкага раёна ўваходзілі наступныя сельсаветы:[6]
№ | Сельсавет | Адм. цэнтр | Уключае | Насельніцтва |
---|---|---|---|---|
1 | Блонскі сельсавет | Блонь | 13 населеных пунктаў | |
2 | Блужскі сельсавет | Блужа | 32 населеных пунктаў | 907(2009) |
3 | Голацкі сельсавет | Голацк | 15 населеных пунктаў | |
4 | Дубраўскі сельсавет | Дубраўка | 15 населеных пунктаў | 2 000 (2011) |
5 | Дукорскі сельсавет | Дукора | 37 населеных пунктаў | |
6 | Навапольскі сельсавет | Наваполле | 35 населеных пунктаў | |
7 | Навасёлкаўскі сельсавет | Навасёлкі | 28 населеных пунктаў | |
8 | Пухавіцкі сельсавет | Пухавічы | 31 населеных пунктаў | |
9 | Пярэжырскі сельсавет | Пярэжыр | 19 населеных пунктаў | |
10 | Рудзенскі сельсавет | Рудзенск | 14 населеных пунктаў | |
11 | Свіслацкі сельсавет | Свіслач | 2 населеных пункта | 11 959 (2016) |
12 | Турынскі сельсавет | Турын | 29 населеных пунктаў | |
13 | Шацкі сельсавет | Шацк | 37 вёсак |
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1 студзеня 1933 год — 100,778 тыс.[7]
- 1959 год — 76 719.
- 1970 год — 75 150.
- 1979 год — 72 253.
- 1989 год — 77,1 тыс.
- 1994 год — 81,1 тыс. чал.[8]
- 1999 год — 79 тыс.
- 1 студзеня 2002 года — 76,8 тыс. чал., гарадскога — 43,6 %.
- 2008 год — 70,7 тыс.
- 2009 год — 69 427 чалавек[9]
- 1 студзеня 2016 год — 65,7 тысячы чалавек (з іх гарадскога — 30,2 тыс.чал., сельскага — 35,4 тыс.чал. і горада Мар’іна Горка — 21,3 тыс.чал.).
- 2017 год — 65 310 чалавек.
- 2018 год — 64 665 чалавек[10].
- 1 студзеня 2019 год — 64 889 чалавек (гарадское насельніцтва — 30 020 чалавек, сельскае — 34 869 чалавек)[11].
Гарадскія паселішчы: Мар’іна Горка, Рудзенск, Свіслач, Праўдзінскі, Дружны
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]На 1 студзеня 2017 года ў Пухавіцкім раёне налічвалася 33 рэлігійныя грамады, якія зарэгістраваны ў Мінскім абласным выканаўчым камітэце і пастаўлены на ўлік у Пухавіцкім райвыканкаме. З іх 20 праваслаўных грамадаў, 3 каталіцкія грамады, 5 рэлігійных грамадаў хрысціянаў веры евангельскай, 5 грамадаў евангельскіх хрысціянаў баптыстаў. Рэлігійную дзейнасць на тэрыторыі Пухавіцкага раёна ажыццяўляюць 23 святары, з іх: 14 — прадстаўнікі праваслаўнай канфесіі, 1 — каталіцкай, 4 пастара хрысціянаў веры евангельскай, 4 пастара рэлігійных грамадаў евангельскіх хрысціянаў баптыстаў.
-
Дружны. Царква Святло Евангелля
-
Мар’іна Горка. Царква
-
Рудзенск. Дом малітвы евангельскiх хрысцiян баптыстаў
-
Рудзенск. Царква Благадаць (ХВЕ)
-
Рудзенск. Касцёл
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Сельская гаспадарка
[правіць | правіць зыходнік]Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі. У раёне пасевы зерневых культур, ільну, бульбы. Прадпрыемствы харчовай, паліўнай, хімічнай прамысловасці.
На 1 студзеня 2016 года пагалоўе кароў дойнага статка ў сельскагаспадарчых арганізацыях складае 16980 галоў. Вытворчасць малака за 2015 год склала 62,6 тыс. тон.
Сельскагаспадарчыя арганізацыі:
- СУП «Дукора-Агра»
- ААТ "Племянны завод «Індустрыя»
- ААТ «Зазерка»
- ААТ «Агра-Абярэг»
- ААТ «Аграсімвал»
- СГФ ААТ «Чырвоны май»
- СГФ ААТ «Мінскі малочны завод № 1» «Дрычын»
- ААТ «Голацк»
- ААТ «Вецярэвічы»
- ААТ «Ражджэственскае-Агра»
- ПСУ «Рудзенскае»
Прамысловая вытворчасць
[правіць | правіць зыходнік]Свіслацкі сельсавет з’яўляецца прамысловы цэнтр Пухавіцкага раёна, яго паступленні ў бюджэт складаюць каля 40 % ад усіх паступленняў Пухавіцкага раёна. Тымчасова, у пасялковым Савеце пражывае толькі каля 17 % ад колькасці насельніцтва Пухавіцкага раёна.
Прадпрыемствы:
- ААТ «Пухавіцкі доследна-эксперыментальны завод»
- Торфабрыкетнае прадпрыемства УП «Сяргеевіцкае» — найбуйны ў Беларусі торфаперапрацоўчы завод,
- Прадпрыемства металаапрацоўкі УП «Зеленаборскае»,
- Прадпрыемства па вытворчасці ўгнаенняў, харчавальных грунтоў і інш. ТАА «Флорабел»,
- ААТ «Завод горнага воску»,
- ААТ «Рудзенск»,
- РУП «Эксперыментальная база „Свіслач“»,
- ЗАТ «Аўгуст-Бел»,
- Філіял «Белэнэргабудіндустрыя»,
- ТАА «Строй мантаж» — будаванне і грузаперавозкі,
- ААТ «Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў»,
- ААТ «Машхарчпрад»,
- ААТ «Пухавіцкі харчкамбинат»,
- ААТ «Пухавічы-лён»,
- РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі Беларусі па харчы»,
- КП ДУП «Мар’інагорскі завод жалезабетонных вырабаў»,
- ТАА «Мароз Прадукт»,
Энергетыка
[правіць | правіць зыходнік]У раёне абслугоўваннем электрычных сетак, па якіх сёння ажыццяўляецца электразабеспячэнне больш за 1500 прадпрыемстваў і арганізацый і больш за 43 тысячы спажыўцоў (па дамовах з фізічнымі асобамі), займаецца Пухавіцкі раён электрасетак філіяла «Мінскія электрычныя сеткі» РУП «Мінскэнэрга».
У сярэдзіне шасцідзясятых гадоў у рэспубліцы пачалося буйное ператварэнне энергетычных падраздзяленняў пад адзіную сістэму кіраўніцтва. У выніку ў студзені 1968 года ў Пухавіцкім адміністрацыйным раёне былі створаны Мар’інагорскі і Рудзенскі РЭСы, на базе якіх у 1987 годзе і быў утвораны адзіны Пухавіцкі раён электрасетак.
Электрападстанцыя «Мар’іна Горка» (35/10КВ) была збудавана ў 1959 годзе. Потым у раёне з’явіліся падстанцыі «Талька», «Рудзенск», «Шацк». Сёння Пухавіцкі раён электраэнергіяй забяспечваюць 7 падстанцый 35/10 КВ і 4 падстанцыі 110/10 КВ. Працягласць электрычных сетак перавышае 2800 кіламетраў, з іх больш за 500 кіламетраў — кабельныя лініі.
Прадпрыемства абслугоўвае электрычныя сеткі мястэчак Дружны, Рудзенск, Праўдзінскі, мікрараёна Засвятое гарадскога пасёлка Свіслач, электрычныя сеткі ўсіх аграмястэчкаў і вёсак Пухавіцкага раёна, а таксама шэрага населеных пунктаў Уздзенскага раёна[12].
На тэрыторыі раёна знаходзіцца Мінская ЦЭЦ-5. Размешчана 40 км ад сталіцы рэспублікі, паблізу пасёлка Дружны. З’яўляецца самай маладой электрастанцыя Беларускай энергасістэмы і першая вялікая цеплавая электрастанцыя ў СНД. Электрычная магутнасць складае 729 МВт.
Унікальнасць станцыі заключаецца ў тым, што задумвалася яна як атамная ЦЭЦ. Аднак, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе, будаўніцтва было прыпынена. Атамная станцыя была перапрафіліравана ў цеплаэлектрацэнтраль.
Транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Чыгуначны
[правіць | правіць зыходнік]Праз тэрыторыю раёна праходзіць Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі Мінск — Гомель.
Чыгуначныя станцыі і платформы Пухавіцкага раёна: Блужа (прыпыначны пункт), Весялоўскі (прыпыначны пункт), Вяленскі (прыпыначны пункт), Вяндзеж (прыпыначны пункт), Дрычын (прыпыначны пункт), Зазерка (прыпыначны пункт), Майскі (прыпыначны пункт), Новае Сяло (прыпыначны пункт), Пухавічы (станцыя), Раўнаполле (прыпыначны пункт), Рудзенск (станцыя), Рыбцы (прыпыначны пункт), Седча (прыпыначны пункт), Талька (станцыя), Тэхнікум (прыпыначны пункт).
Аўтамабільны
[правіць | правіць зыходнік]Раён абслуговывае філіял ААТ «Мінаблаўтатранс» аўтапарк № 19 [13].
Праз раён праходзяць:
- Дарога М-5 рэспубліканскага значэння Мінск — Гомель.
- Дарога Р59, Лагойск — Мар’іна Горка.
- Дарога Р68, Пухавічы — Негарэлае.
- Дарога Р69, Смалявічы — Шацк.
- Дарога Р92, Мар’іна Горка — Старыя Дарогі.
Сувязь і камунікацыі
[правіць | правіць зыходнік]Паслугі электрасувязі на тэрыторыі Пухавіцкага раёна забяспечвае Пухавіцкі вузел электрасувязі. На сённяшні дзень прадпрыемства падае больш 70 відаў паслуг, асноўнымі з якіх з’яўляюцца: тэлефанія, Інтэрнэт, тэлебачанне.
У склад прадпрыемства ўваходзяць:
- 3 лінейна-кабельныя ўчасткі;
- 1 станцыйная ўчастак;
- участак продажаў паслуг;
- група тэхнічнай пашпартызацыі
- транспартная група
- група гаспадарчага забеспячэння
Культура і грамадства
[правіць | правіць зыходнік]Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Пухавіцкага раёна
Каля Талькі праводзіцца штогадовы беларускі музычны фестываль «Талькаўскі фэст».
У Мар’інай Горцы праводзіцца штогадовы рэгіянальны фестываль песні і музыкі «Майскі вальс» на прыз народнага артыста Беларусі Ігара Лучанка.
Музеі
[правіць | правіць зыходнік]- Дудуткі — музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій.
- Пухавіцкі раённы краязнаўчы музей — комплекс музеяў гісторыі Пухавіцкага раёна.
- Дукорскі маёнтак — музейны комплекс.
Спорт
[правіць | правіць зыходнік]На тэрыторыі Пухавіцкага раёна знаходзіцца 39 устаноў фізічнай культуры і спорту.
У раёне маецца футбольная каманда, якая ўваходзіць у Другую лігу чэмпіянату Беларусі — ФК Вікторыя. З 2018 года ў чэмпіянаце Мінскай вобласці бярэ ўдзел клуб «Энергія» (Пухавіцкі р-н)[14]. Раней у Першай лізе Беларусі ўдзельнічаў прафесійныя футбольныя каманды ФК Рудзенск. Матчы праходзяць на Гарадскім стадыёне ў г. Мар’іна Горка.
Памятныя мясціны
[правіць | правіць зыходнік]Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Дудзічы. Сядзіба Ельскіх (XVIII ст.)
- Дудзічы. Царква Покрыва Багародзіцы (1776, грэка-каталіцкая)
- Мар’іна Горка. Царква Нараджэння Божай Маці (1874)
- Мар’іна Горка. Царква Св. Аляксандра Неўскага (1871)
- Дукора. Царква ў імя святых Пятра і Паўла (1845 г. — ?).
- Дукора. Палац Оштарпаў (XVIII ст.) Узарваны савецкімі партызанамі пад час Другой сусветнай вайны. Ваеннай патрэбы знішчэння палаца не было (каля 10 ахоўнікаў-паліцаяў адразу разбегліся пасля нападу партызан i супраціву не аказалі).
- Дукора. Царква Узвышэння Святога Крыжа (XVIII ст.; грэка-каталіцкая)
- Мар’іна Горка. Царква Успення маці Божай (1871—1940)
- Русаковічы. Сядзіба Вейсенгофаў.
СМІ
[правіць | правіць зыходнік]Пухавіцкія навіны — раённая газета Пухавіцкага раёна. Выдаецца з 1930 года ў г. Мар’іна Горка.
-
Будынак рэдакцыі газеты «Пухавіцкія навіны»
-
Таблічка рэдакцыі газеты «Пухавіцкія навіны»
Сацыяльная сфера
[правіць | правіць зыходнік]Адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]У 2017/2018 навучальным годзе сетка адукацыйных устаноў раёна складае 51 установай адукацыі (26 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 18 устаноў дашкольнай адукацыі, 3 установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, 1 дапаможная школа-інтэрнат, 1 цэнтр карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі, 1 сацыяльна-педагагічны цэнтр, 1 аздараўленчы летнік «Лясная казка»), а таксама ДУ «Пухавіцкая спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая спартовая школа алімпійскага рэзерву», ДУ "Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр «Вікторыя», ДУ "Фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Энергія»[15].
- Праўдзінскі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй
- Мар’інагорскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя У. Е. Лабанка
Ахова здароўя
[правіць | правіць зыходнік]На 2018 год установа аховы здароўя «Мар’інагорская цэнтральная раённая бальніца» складася з 43 лекава-прафілактычных устаноў:
- Цэнтральная раённая бальніца.
- 1 участковая бальніца.
- 3 гарадскія лякарні.
- 1 бальніца сястрынскага догляду.
- 3 паліклінікі.
- 7 медычных амбулаторый.
- 25 фельчарска-акушэрскіх пунктаў.
- 3 здраўпункты.[16]
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Андрэй Піліпавіч Луцэвіч (1919, Зазерка — 1944)— Герой Савецкага Саюза (1944).
- Аляксандр Сяргеевіч Лабуш (31.10.1945, в. Пухавічы (Пухавіцкі раён)) — акцёр тэатра і кіно.
- Уладзімір Бабук (1897, Навасёлкі — 1977) — беларускі савецкі хірург.
- Мікалай Баркун (1937, Лешніца) — Герой Сацыялістычнай Працы.
- Васіль Сцяпанавіч Барташэвіч (15.10.1915, Узляны — 2009) — жывапісец, чалец Саюза мастакоў СССР.
- Захар Якаўлевіч Бірала (15.02.1906, Раўнаполле) — беларускі паэт, сатырык.
- Андрэй Агеевіч Блажко (1895, Харэвічы (цяпер у межах в. Дукора)) — арганізатар і кіраўнік дукорскіх партызан
- Таіса Бондар (20 лютага 1945 Рудзенск — 19 снежня 2005) — беларуская пісьменніца, перакладчыца.
- Глеб Анатолевіч Бонч-Асмалоўскі (03.11.1890 (22.10), маёнтак Блонь (цяпер вёска Блонь — савецкі антраполаг і археолаг (спецыяліст па ранняму палеаліту); этнограф (народы Крыма і Каўказа); геолаг, доктар гістарычных навук.
- Радзівон Анатолевіч Бонч-Асмалоўскі (1884, Блонь — 1938) — эканаміст, публіцыст.
- Ванда Антонаўна Буцэвіч
- Анатоль Вольны (1902, Пухавічы (Пухавіцкі раён)) — беларускі паэт, празаік, кінадраматург, журналіст.
- Васіль Гарбацэвіч (19.04.1893, вёска Дукарка (цяпер Дукора) — беларускі драматург, мемуарыст, педагог. Заслужаны настаўнік БССР (1947).
- Міхаіл Львовіч Гебелеў (15.10.1905, Узляны — 15.08.1942, Мінск) — адзін з кіраўнікоў падполля ў Мінску ў 1941 — 1942 гадах.
- Таісія Іванаўна Доўнар (15.10.1944, Шацк) — беларускі юрыст, доктар юрыдычных навук, прафесар БДУ.
- Уладзімір Дудзіцкі (сапр. Уладзімір Гуцька; 1910, в. Дудзічы — пасля 1976) — рэпрэсаваны беларускі паэт, празаік, публіцыст.
- Аляксандр Каралевіч Ельскі (10.09.1916 Замосце) — беларускі гісторык, краязнавец, публіцыст, адзін з першых гісторыкаў беларускай літаратуры і збіральнікаў беларускіх рукапісаў.
- Міхал Ельскі (08.10.1831, в. Дудзічы — 1904) — скрыпач, кампазітар, музычны пісьменнік.
- Марыя Андрэеўна Жыдовіч (Дукора) — мовазнавец.
- Іосіф Іосіфавіч Жыновіч (14.05.1907, вёска Арэшкавічы) — прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.
- Яфрэм Іванавіч Карнейчык (17.03.1900, Турын — 18.1.1972) — беларускі гісторык.
- Валерый Юр’евіч Каршакевіч (15.02.1988, Мар’іна Горка) — беларускі футбаліст.
- Мікалай Каспяровіч (1900, в. Ізабалёва — 1937) — рэпрэсаваны беларускі этнограф, краязнавец, лексікаграф, мастацтвазнавец і літаратуразнавец.
- Генадзь Якаўлевіч Кляўко (1931, в. Варонічы — 1979) — беларускі паэт, перакладчык, дзіцячы празаік, журналіст.
- Іван Фадзеевіч Кудзелька (12.12.1891, Рудзенск) — партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР.
- Алесь Лабанок (1944, Мар’іна Горка — 2005) — беларускі акцёр.
- Юджын Лаянс (01.07.1898, Узляны — 07.01.1985)— амерыканскі журналіст і пісьменнік, стрыечны брат Давіда Сарнова.
- Іван Сцяпанавіч Лупіновіч (06.06.1900, Шацк) — беларускі вучоны, заснавальнік Беларускага геаграфічнага таварыства, доктар сельскагаспадарчых навук.
- Іван Леапольдавіч Лысакоўскі (1921, Талька) — савецкі разведчык, генерал-маёр (1971), беларускі ваенны і дзяржаўны дзеяч, намеснік старшыні КДБ БССР (1966—1979).
- Уладзімір Аляксандравіч Мацкевіч (нар. 1947, Мар’іна Горка) — беларускі ваенны і дзяржаўны дзеяч, старшыня КДБ РБ (1995—2000).
- Аляксандр Андрэевіч Мікульчык (2 (14).8.1882, Шацк) — беларускі паэт.
- Аркадзь Андрэевіч Моркаўка (26.1.1900, в. Зазер’е) — беларускі паэт.
- Ганна Піліпаўна Назарава — Герой Сацыялістычнай Працы.
- Якуб Наркевіч-Ёдка (1848, Турын — 1905) — беларускі фізік, медык, біёлаг.
- Шмуэль Вольфавіч Нігер (21.06.1883, Дукора) — літаратурны крытык і публіцыст.
- Валянцін Мыслівец (1937, Хазянінкі) — пісьменнік.
- Макар Трафімавіч Паслядовіч (1906—1984, в. Караваева) — беларускі пісьменнік і перакладчык.
- Давід Сарноў (27.02.1891, Узляны — 12.12.1971, Вальхала, шт. Нью-Ёрк, ЗША) — амерыканскі сувязіст і бізнесмен, адзін з заснавальнікаў радыё і тэлевяшчання ў ЗША.
- Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў (08.03.1892, Дукора) — беларускі і савецкі дзяржаўны дзеяч, партыйны дзеяч РКП(б) і КП(б)Б.
- Міхась Чарот (1896, Рудзенск ) — пісьменнік і грамадскі дзеяч.
- Валерый Паўлавіч Ярашэўскі (Дукора) — дзяржаўны дзеяч.
- Фарух Шарыпаў — беларускі футбаліст.
- Сяргей Лізуноў — беларускі футбаліст.
- Васіль Далідовіч — беларускі футбаліст.
- Дзмітрый Куняўскі — беларускі футбаліст.
- Вадзім Мігаленя — беларускі футбаліст.
- Ала Васільеўна Ралькевіч — беларускі палітык.
- Уладзімір Аляксандравіч Андросік (1934, в. Бор) — Заслужаны будаўнік БССР (1976).
Ганаровыя грамадзяне Пухавіцкага раёна
[правіць | правіць зыходнік]- Арнольд Фёдаравіч Смеяновіч — беларускі вучоны ў галіне нейрахірургіі.
- Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч — міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь (з 2017), беларускі краязнаўца, літаратуразнаўца, журналіст. Старшыня Саюза пісьменнкаў Беларусі.
- Ігар Міхайлавіч Лучанок — беларускі кампазітар і педагог.
- Яўген Васілевіч Мікульчык — беларускі грамадскі дзеяч, генерал-лейтэнант.
- Валерый Уладзіміравіч Бабук — беларускі спартсмен, трэнер.
- Сяргей Пятровіч Семяняка — беларускі спартсмен.
- Анатоль Іванавіч Усенка — беларускі спартсмен, трэнер[17].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Ігуменскі павет
- Рудзенскі раён
- Шацкі раён, Беларусь
- Бакштанская воласць
- Дзіцячае сяло Скобраўка
- Свіслацкае княства
- Менскае княства
- Паўстанне 1863 года ў Ігуменскім павеце
- Спіс дэпутатаў Пухавіцкага раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ Решение Минского областного Совета депутатов от 29 июня 2006 г. № 222 Об упразднении Горелецкого, Краснооктябрьского, Селецкого, Сергеевичского сельсоветов и изменении границ Новоселковского, Пуховичского, Ветеревичского сельсоветов и Правдинского поссовета Пуховичского района Архівавана 22 кастрычніка 2020.
- ↑ Решение Минского областного Совета депутатов от 30 октября 2009 г. № 219 Об изменении административно-территориального устройства Минской области Архівавана 28 чэрвеня 2021.
- ↑ Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области
- ↑ Рашэнне Мінскага абласнога Савета дэпутатаў ад 28 мая 2013 Архівавана 11 снежня 2013.
- ↑ http://www.pukhovichi.minsk-region.by/ru/region/istoriya.html Архівавана 1 лютага 2018.
- ↑ Беларусь 1995.
- ↑ Перепись населения — 2009. Минская область Архівавана 30 кастрычніка 2010. (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ http://www.gorka.by/?p=51984
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2019. Праверана 17 ліпеня 2019.
- ↑ http://www.gorka.by/?p=41580
- ↑ http://www.gorka.by/?p=46369
- ↑ http://www.ffmo.by/sorevnovaniya/chempionat-minskoy-oblasti Архівавана 15 жніўня 2019.
- ↑ http://pukhovichi.minsk-region.by/ru/cotsialnaya-sfera/obrazovanie.html Архівавана 5 кастрычніка 2018.
- ↑ http://mgorka-crb.by/o-bolnice/
- ↑ http://www.pukhovichi.gov.by/be/regijon/ganarovyya-gramadzyane-pukhavitskaga-rajona.html Архівавана 3 мая 2019.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Памяць : Пухавіцкі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [укладальнік А. А. Прановіч; рэдкалегія: А. М. Карлюкевіч і інш.]. — Мінск : Беларусь, 2003. — 748 с. — 3000 экз. — ISBN 985-01-0251-9
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
- Алесь Карлюкевіч. Літаратурная карта Пухаўчыны. Краяўзнаўчы нарыс. — Мн., Тэхнапрынт, 1999. С. 47
- Алесь Карлюкевіч. Літаратурна-краязнаўчае падарожжа па Пухавіччане: Мар’іна Горка і блізкія ваколіцы // Полымя, № 9, 2010
- Алесь Карлюкевіч. Ад зямлі, якая нарадзіла ці натхняла. — Мн., Пйто, 2001. С. 22
- Алесь Карлюкевіч. Пухавіцкія сустрэчы // Маладосць, № 6, 2010
- Алесь Карлюкевіч. І марам волю дам: літаратурная карта Пухавіччыны. — Мн., БелЭн, 2011. С. 303
- Алесь Карлюкевіч. Літаратурна-краязнаўчае падарожжа па Беларусі: Пухавіцкі край // Роднае слова, № 3,4,6,7, 2017
- Алесь Карлюкевіч. Пухавіччына: літаратурнае гняздо Беларусі. — Мн., Адукацыя і выхаванне, 2020. С. 318
- Пухавіцкі раён // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 608—609. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Пухавіцкі раён
- Геаграфічныя звесткі па тэме Пухавіцкі раён на OpenStreetMap
- Пухавіцкі раённы выканаўчы камітэт Архівавана 12 лістапада 2013. (руск.)
- Пухавіцкі раён на сайце Мінскага аблвыканкама Архівавана 17 ліпеня 2017. (руск.)
- Сайт Мар’інай Горкі
- Краязнаўчы праект «Пухавіцкіраён.info»*
- Образование района