Пышнагорскае ўзвышша
Пышнагорскае ўзвышша — частка Ушацка-Лепельскага ўзвышша: размешчана на поўначы Беларусі, у паўднёвай частцы Віцебскай вобласці. У цэнтры знаходзіцца Лепельскае возера.
Геалогія[правіць | правіць зыходнік]
У тэктанічным плане прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Крышталічны фундамент перакрыты асадкамі верхнявендска-ніжнекембрыйскага, сярэднедэвонскага і антрапагенавага комплексаў, паверхня яго знаходзіцца на глыбіні 400—550 м. Даантрапагенавыя пароды прадстаўлены глінамі, даламітамі, алеўрытамі сярэдняга дэвону.
Для антрапагенавай тоўшчы, магутнасцю 100—120 м, характэрны адклады нараўскага, бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Сучасны ледавікова-акумулятыўны рэльеф створаны паазерскім зледзяненнем.
Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]
Паверхня Пышнагорскага ўзвышша дробнаўзгорыстая, участкамі сярэднеўзгорыстая і платопадобная. Вышыня 175—200 м, найбольшая 228 м; над суседнімі нізінамі прыўзнята на 50—60 м, над Лепельскім возерам больш чым на 80 м.
Геамарфалагічна ўяўляе лёдападзельную зону дзісенскай і полацкай ледніковых лопасцяў паазерскага зледзянення, якая характарызуецца значнай глыбінёй расчлянення (больш 30 м/км) і гушчынёй, якая дасягае 0,2—0,3 км/км. Ва ўсходняй частцы ўзвышша шырока развіты камы (усходнія схілы іх больш стромкія, паўночныя і заходнія спадзістыя і нізкія). Характэрны лагчыны сцёку.
Пароды прадстаўлены марэннымі валуннымі суглінкамі і супескамі, флювіягляцыяльнымі і азёрнымі пяскамі. Прыкметную ролю ў рэльефе маюць азёры. Сучасныя рэльефаўтваральныя працэсы прадстаўлены забалочваннем, плоскаснай эрозіяй, тэхнагенным морфагенезам.
Глебы і расліннасць[правіць | правіць зыходнік]
Пераважаюць дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя глебы, сустракаюцца дзярнова-палева-падзолістыя на лёсападобных суглінках. Невялікімі ўчасткамі на марэнных узгорках захаваліся яловыя, на камах — хваёвыя лясы. Слабадрэнажаваныя платопадобныя ўчасткі заняты злакавымі сухадольнымі лугамі. Урадлівыя глебы разараныя.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Кліцунова Н. К. Пышнагорскае ўзвышша // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
- Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 т. / Редкол.: В. Ю. Александров и др.; Гл. ред. Т. В. Белова. — Том 1. Земля и недра. — Мн.: БелЭн, 2009. — 464 с. — ISBN 9789851104723