Пятніцкая царква (Чарнігаў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Пятніцкая царква, Чарнігаў)
Славутасць
Пятніцкая царква
51°29′33″ пн. ш. 31°18′03″ у. д.HGЯO
Краіна  Украіна
Горад Чарнігаў
Канфесія УПЦ КП
Епархія Чарнігаўская епархія
Архітэктурны стыль Старажытнаруская архітэктура і украінскае барока[d]
Архітэктар Пётр Міланег
Першае згадванне 1670
Будаўніцтва кан. XII — пач. XIII ст.
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Пятніцкая (Св. Параскевы) царква ў Чарнігаве — праваслаўны храм (УПЦ КП: Чарнігаўская епархія), размешчаны ў абласным горадзе Чарнігаве.

Ад іншых цэркваў Чарнігава адрознівалася завершаным аздабленнем фасада ўсімі відамі архітэктурнай арнаментыкі і кампазіцыяй скляпенняў пад барабанам.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пабудавана ў канцы 12 — пачатку 13 ст. на чарнігаўскім пасадзе каля рынку; чатырохслупная, трохнефная, аднакупальная, у агульнай масе квадратная. Вядома, што ў той час на гістарычную арэну выходзілі старажытнарускія гарады, у іх бурна развіваліся рамесніцтва і гандаль, складаліся рамеснай-гандлёвыя карпарацыі, гэта значыць адбываўся той сацыяльна-эканамічны працэс, які абумовіў развіццё ў Еўропе гатычнага архітэктурнага стылю.

Была адрэстаўравана ў 1670 і 1690-х гг. на сродкі чарнігаўскага палкоўніка В. Дуніна-Баркоўскага. Пасля рэстаўрацыі яна набывае выгляд сямікупальнага храма з барочнымі франтонамі, на ўсходнім з якіх знаходзіўся герб гетмана Івана Мазепы. Высокі купал, шматлікая ляпная аздоба, дасканалыя прапорцыі царквы — усе гэтыя рысы, несумненна, давалі падставу аднесці збудаванне да стылю ўкраінскага барока XVII—XVIII стст. Незвычайнай была толькі яе цэнтрысцкая ступенчатая кампазіцыя. Даследчыкі сцвярджалі, што пад барочным адзеннем схаваліся формы старажытнарускага будынка.

У 17-18 стст. пры царкве дзейнічаў жаночы манастыр, які згарэў 1750 годзе. У 1820-х гг. пабудавана двух’ярусная званіца (архітэктар А. Карташэўскі).

У 1943 годзе царква разбурана савецкай бомбай. У студзені 1943 г. у Чарнігаў прыехаў выдатны савецкі даследчык старажытнарускага дойлідства П. Д. Бараноўскі. Даследаванні помніка далі нечаканыя вынікі. Царква зусім не была падобная на вядомыя старажытнарускія збудаванні. Усё сведчыла, што гэта помнік новага архітэктурнага стылю, які сфарміраваўся на Русі ў канцы XII ст., у часы «Слова пра паход Ігараў». Адрэстаўравана 1962 годзе па праекце Пятра Дзмітрыевіча Бараноўскага, у некалькі змененым стылі, па падабенству з расійскімі цэрквамі (у прыватнасці, купал), таксама была разабрана званіца. На працягу 10 гадоў П. Д. Бараноўскі старанна рэстаўраваў Пятніцкую царкву, дзякуючы чаму атрымалася з вялікай дакладнасцю аднавіць усе формы збудавання, адной з славутасцей старажытнарускай архітэктуры. Наступныя даследаванні адкрылі шмат іншых збудаванняў гэтага архітэктурнага стылю.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Прыбраная Пятніцкая царква стаіць у цэнтры старажытнага ўкраінскага горада Чарнігава за гарадскім тэатрам, пасярод жывапіснага сквера, дзе калісьці быў чарнігаўскі рынак.

Царква невялікая па памерах (16 X 11,5 м у плане), з чатырма васьміграннымі слупамі ўнутры, трыма апсідамі, высокім купалам, выключна стройная па прапорцыях, з незвычайна вытанчанай і гарманічнай кампазіцыяй. У адрозненне ад статычных форм збудаванняў папярэдніх часоў кампазіцыя Пятніцкай царквы з’яўляецца дынамічнай, яе сцены імкліва нарастаюць уверх трыма радамі арак над асноўным аб’ёмам. Вертыкальнасць збудавання падкрэсліваецца прафіляванымі пілястрамі. Вертыкальныя і крывалінейныя элементы, якія дамінуюць у кампазіцыі, ураўнаважваюцца гарызантальнымі ярусамі акон другога паверха, паясамі дэкаратыўных ніш рознай формы і маштабу, меандравым фрызам, які нагадвае архітэктуру XI ст., сеткаватым арнаментам на апсідах. Вертыкальныя прафіляваныя пілястры на розных вышынях завяршаюцца кароткімі, але энергічнымі рыскамі карнізаў. Ружовы колер сцен спалучаецца з белымі атынкаванымі палямі дэкаратыўных ніш і рознакаляровымі арнаментамі на парталах.

Унутры царква нагадвае вежу. Мастацкі эфект фрэскавага роспісу ўзмацняецца рознакаляровай падлогай з жоўтай, зялёнай і цёмна-вішнёвай паліванай кафлі. У адрозненне ад Кіеўскай Сафіі, дзе кампазіцыйная тэма развіта ў цэлую сімфонію, у Пятніцкай царквы ўсё пабудавана на адной, так бы мовіць, мелодыі. Гэта — радасная песня пра прыгажосць, дзе інжынерны геній будаўніка спалучаўся з паэзіяй народнай творчасці. Пятніцкую царква ў Чарнігаве часам называюць «Словам пра паход Ігараў» у архітэктуры. І сапраўды, славутасць старажытнарускай архітэктуры з’яўляецца не толькі сучасніцай геніяльнай паэмы, але і блізкай да «Слова» па характары сваёй паэтыкі, па дасканаласці формы, па народным духу і ідэйнай скіраванасці.

Галерея[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]


Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]