Пятровічы (Бабруйскі раён)
Вёска
Пятровічы
| ||||||||||||||||||||||||||
Пятро́вічы[1] (трансліт.: Piatrovičy, руск.: Петровичи) — вёска ў Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Гарбацэвіцкага сельсавета.
Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]
Вёска месціцца за 18 км на паўднёвы захад ад Бабруйска, 128 км на паўднёвы захад ад Магілёва, 9 км ад чыгуначнай станцыі Чырвоны Брод на лініі Бабруйск—Рабкор, пры аўтамабільнай дарозе Н10087 Пятровічы—Емяльянаў Мост, у 6 км на поўнач ад вёскі аўтамабільная дарога Р-55 Бабруйск—Любань. На поўдзень ад вёскі выток ракі Брожка, правы прыток ракі Бярэзіны (басейн Дняпра).
Ландшафт мясцовасці плоскі з хваёвымі і шыракаліста-хваёвымі лясамі. Тэрыторыя знаходзіцца ў межах Бабруйскай раўніны ўсходняй Перадпалескай правінцыі. Клімат цёплы, умерана вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня −6,5 °C, ліпеня +18 °C. Сярэднегадавая норма ападкаў складае каля 600 мм, у сярэднім выпадае 586 мм ападкаў у год. Вегетацыйны перыяд доўжыцца 193 дні. Пераважаюць вятры заходніх і паўднёва-заходніх напрамкаў. Прыпяцкі артэзіянскі басейн.
Планіроўка[правіць | правіць зыходнік]
Планіровачна вёска мае плаўна выгнутую вуліцу мерыдыянальнай арыентацыі, забудаваную двухбакова пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. Мураванае жыллёвае будаўніцтва вядзецца вакол грамадскага цэнтра на заходняй ускраіне вёскі.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
У пісьмовых крыніцах вядома з 1560 года. Паводле Бабруйскай уставы 1560 года сяло несла 6 падаткавых служб, якасць грунту вызначана як сярэдняя. З 1566 года сяло Пятровічы (іншая назва Ляхавічы) ў складзе Бабруйскага староства Рэчыцкага павета Менскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. У 1639 годзе ў Пятровічах 12 гаспадарак, 30 жыхароў мужчынскага полу, сяло — дзяржаўная ўласнасць.
Паводле інветару 1639 года сельскагаспадарчыя землі сяла падзелены на 17 валок, з якіх 12 пустыя, 26 засценкаў, 10 сенажацей агульнай плошчай 104 і 70 маргі адпаведна. Ва ўласнасці сялян 7 валоў і 23 кані. Лоўля рыбы дазвалялася на рэчках Сулеўцы і Дружцы. Бабровыя гоны супольна з сялом Казловічы. Штогод на карысць Бабруйскага каралеўскага замка сяляне агулам аддавалі: 10 коп грошай, па 5 бочак жыта і аўса, 5 гусей, 10 курэй, 40 яек, 50 гарцоў лёну, 5 вазоў сена, 50 вазоў дрэў, 16 камянёў мёду. Падвода на 60 міль раз на год з кожнай валокі зямлі. З кожнай валокі трэба было адпрацаваць на карысць замка 2 дні ў тыдзень.
Спіс землекарыстальнікаў станам на 1639 год
- Іван Атрашковіч
- Цішка Кубаковіч
- Сцяпан Хацяновіч
- Грышка Рэзцэвіч
- Восіп Келеповіч
- Алехно Васілевіч
- Атрошка Сабан
- Іван, Хведзька і Грышка Драбышэвічы
- Макей, Алісій і Панкрат Кусковічы
У 1765 годзе ў Пятровічах працавала карчма. З 1793 года пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай вёска ў складзе Расійскай імперыі. З 1795 года ў Бабруйскім павеце Мінскай губерні. У 1844 годзе вёска ў складзе дзяржаўнага маёнтка Пятровічы, вотчына памешчыкаў Абрамовічаў. У 1858 годзе 13 зямельных участкаў і сяло далучаны да казённага маёнтка Брожа Бабруйскага павета Мінскай губерні. У 1888 годзе адкрыта школа царкоўнай граматы, у якой навучаліся 19 хлопчыкаў (1890 год). Паводле перапісу 1897 года — сяло Пятровічы Гарбацэвіцкай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні, дзейнічаў хлебазапасны магазін, млын, лесапільны завод. У 1907 годзе адкрыта аднакласнае народнае вучылішча, настаўнікам працуе Апанас Драка. У 1913 годзе для вучылішча пабудавана новае памяшканне, настаўніца Лізавета Таўкачова. Пасля Рэвалюцыі 1917 года на базе народнага вучылішча створана працоўная школа 1-й ступені. У 1925 годзе ў школе было 108 вучняў, дзейнічалі драматычны і харавы гурткі. Непадалёк ад вёскі ў лесе працавала смалакурня (1925 год). У 1930 годзе створаны калгас «Імя Н. К. Крупскай», у 1933 годзе адкрыта бандарная арцель «Чырвоны бондар». У верасні 1943 года нямецкія карныя атрады абрабавалі і спалілі вёску — забілі 11 жыхароў, спалілі 46 двароў. На фронце і ў партызанскай барацьбе загінулі 108 жыхароў вёскі.
Да 20 снежня 1982 года вёска ўваходзіла ў склад Гарбацэвіцкага сельсавета[2], да 20 лістапада 2013 года — у склад Гарохаўскага сельсавета[3]. У 1997 годзе ў вёсцы сядзіба саўгаса «Пятровічы», майстэрні па рамонце тэхнікі, ферма буйной рагатай жывёлы, зернедрабільня, лясніцтва, ветэрынарны пункт. Працуюць васьмігадовая школа, бібліятэка, Дом культуры, дзіцячы яслі-сад, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленні сувязі і «Беларусбанка», магазін, стадыён, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва.
Школа садаводства і хмеляводства[правіць | правіць зыходнік]
Пятровіцкая школа садаводства і хмеляводства другога разраду была адкрыта ў 1884 годзе ў маёнтку Пятровічы на аснове «Нармальнага палажэння аб ніжэйшых сельскагаспадарчых школах» ад 27 снежня 1883 года. Школа рыхтавала спецыялістаў па садаводстве з ніжэйшай сельскагаспадарчай адукацыяй. Яна знаходзілася ў распараджэнні Міністэрства Дзяржаўнай маёмасці па Дэпартаменту земляробства і сельскай прамысловасці. Курс навучання ў школе быў тры гады. Вучыцца ў ёй мелі права тыя, хто скончыў пачатковыя народныя вучылішчы.
У 1893 годзе папячыцелем школы быў Мікалай Канстанцінавіч Мышанкоў, кіраўнік школы Сяргей Мацвеевіч Машнёў. Настаўнікамі працуюць: агульнаадукацыйных прадметаў Іван Зянонанавіч Будзіловіч, спецыяльных прадметаў Пятро Сцяпанавіч Андрэеў, падрыхтоўчага класа Якаў Андрэевіч Вераксіч.
20 мая 1896 года школа з маёнтка Пятровічы была пераведзена ў Бабруйск.
Славутасці[правіць | правіць зыходнік]
Помнікі гісторыі і археалогіі[правіць | правіць зыходнік]
Археалагічныя помнікі сведчаць аб засяленні чалавекам тутэйшых мясцін у далёкай старажытнасці.
- Гарадзішча-1
Гарадзішча знаходзіцца за 2 км на ўсход ад вёскі, на карэнным правым беразе ракі Брожка, ва ўрочышчы Падкаленца. З паўночнага і ўсходняга бакоў гарадзішча забалочаная нізіна, з заходняга і паўднёвага — роў глыбінёй 0,4 м. Плошча 0,7 га. Вядома з 1924 года, абследавалі ў 1964 годзе Л. Д. Побаль, у 1978 годзе П. Ф. Лысенка. Культурны пласт 0,5 м насычаны перапаленым вуголлем, у ім знойдзены рэшткі ляпнога гладкасценнага посуду. Адносіцца да ранняга жалезнага веку. Матэрыялы абследавання знаходзяцца ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі.
- Гарадзішча-2
Гарадзішча знаходзіцца за 1 км на ўсход ад вёскі, у лесе. З паўднёва-заходняга боку захаваліся рэшткі вала вышынёй 0,5-0,7 м і рова глыбінёй 0,6 м плошча 0,8 га. Вядома з 1924 года, абследавалі ў 1964 годзе Л. Д. Побаль, у 1978 годзе П. Ф. Лысенка.
Помнікі[правіць | правіць зыходнік]
Помнік землякам знаходзіцца каля будынка школы. На ўшанаванне памяці 108 аднавяскоўцаў, якія загінулі ў Другую сусветную вайну. У 1976 годзе пастаўлены абеліск.
Дынаміка развіцця[правіць | правіць зыходнік]
Паказчык | 1857 | 1897 | 1917 | 1926 | 1940 | 1959 | 1970 | 1986 | 1997 | 2007 | 2014 |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Колькасць двароў, адзінак | няма звестак | 40 | 71 | 85 | 100 | няма звестак | няма звестак | 145 | 152 | 110 | 91 |
Колькасць насельніцтва, чалавек | 155 | 354 | 439 | 468 | 368 | 500 | 514 | 300 | 319 | 225 | 179 |
Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]
- Іван Васільевіч Гайшун (1946—2018) — беларускі матэматык. Доктар фізіка-матэматычных навук (1984), прафесар (1992), акадэмік (1991) НАН Беларусі.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- ↑ Рашэнне выканкома Магілёўскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 20 снежня 1982 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1983, № 3 (1737)
- ↑ Решение Могилевского областного Совета депутатов от 20 ноября 2013 г. № 23-1 Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области(недаступная спасылка)
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 2. — 760 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0310-1. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 2).
- Гарады і вёскі Беларусі. Магілёўская вобласць. кніга 1. — Мн. Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 2008
- Памяць. Бабруйскі раён. — Мн. Беларуская Энцыклапедыя. 1998
- Памяць. Бабруйск. — Мн. Вышэйшая школа. 1995
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць. — Мн. Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 1986
- Списки населенных мест Минской губернии. 1857.
- Памятныя кніжкі Мінскай губерні на 1894, 1912. Выданні Мінскага губернскага статыстычнага камітэта
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Пятровічы (Бабруйскі раён)