Пётр Іванавіч Кёпен
| Пётр Іванавіч Кёпен | |
|---|---|
| | |
| Дата нараджэння | 19 лютага (2 сакавіка) 1793[1] |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 23 мая (4 чэрвеня) 1864[1] (71 год) |
| Месца смерці | |
| Грамадзянства | |
| Бацька | Johann Friedrich Köppen[d] |
| Жонка | Alexandra Fedorovna Adelung[d] |
| Дзеці | Фёдар Пятровіч Кёпен[d], Уладзімір Пятровіч Кёпен, Q136440659? і Nikolai Köppen[d] |
| Род дзейнасці | географ |
| Навуковая сфера | геаграфія і геалогія |
| Месца працы | |
| Альма-матар | |
| Член у | |
| Узнагароды | |
| Подпіс |
|
Пётр Іва́навіч Кё́пен (ням.: Peter von Köppen, руск. дарэф. Петръ Ивановичъ Кеппенъ; 19 лютага (2 сакавіка) 1793[1], Харкаў, Расійская імперыя[1][2] — 23 мая (4 чэрвеня) 1864[1], Карабах[2]) — расійскі навуковец нямецкага паходжання. Выдаваў працы па гісторыі, геаграфіі, этнаграфіі, дэмаграфіі і статыстыцы. Член-карэспандэнт (1826), ад’юнкт па статыстыцы (1837), экстраардынарны акадэмік (1839), ардынарны акадэмік (1843) Пецярбургскай акадэміі навук. Правадзейны стацкі саветнік (1849).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сям’і ўрача, немца з Каселя, доктара Магдэбургскага ўніверсітэта, які ў 1786 годзе быў запрошаны ў Расію імператрыцай Кацярынай II і атрымаў пасаду загадчыка бальніцы ў Харкаве і ўсіх медыцынскіх установы Харкаўскай губерні.
У 1814 годзе П. І. Кёпен скончыў Харкаўскі ўніверсітэт са ступенню магістра правазнаўства і пераехаў у Санкт-Пецярбург. З 1814 па 1819 год служыў у Паштовым дэпартаменце Міністэрства ўнутраных спраў, куды ўладкаваўся з пратэкцыі сваяка (мужа роднай цёткі), стацкага саветніка М. М. Яноўскага, на пасаду малодшага памочніка столаначальнікаў Другога Аддзялення. У 1819 годзе працаваў чыноўнікам для асобых даручэнняў пры Міністэрстве ўнутраных спраў, таксама быў сакратаром Камітэта па вучонай частцы Імператарскага чалавекалюбнага таварыства (1817—1821)[4]. З 1820-х гадоў быў членам Вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці, а да 1830 года — Санкт-Пецярбургскага мінералагічнага таварыства.
Быў у замежным падарожжы з 1822 па 1824 год, пасля вяртання служыў чыноўнікам для асобых даручэнняў пры Дэпартаменце народнай асветы (1825—1826). У 1825 годзе Цюбінгенскі ўніверсітэт надаў П. І. Кёпену ступень доктара філасофіі, у наступным годзе Пецярбургская акадэмія навук абрала яго членам-карэспандэнтам.
У 1829—1834 гадах даследчык пражываў у Таўрычаскай губерні, займаўся зборам матэрыялаў аб геаграфіі і гісторыі Крыма. У выніку гэтых даследаванняў у 1836 годзе ў Санкт-Пецярбургу ім была апублікаваная ўдакладненая карта поўдня Крымскага паўвострава і падрабязнае апісанне да яе, якое да гэтага часу служыць важнай крыніцай пра гісторыю і тапанімію Крыма. Асаблівай заслугай П. І. Кёпена стала выяўленне былых імён гарадоў і населеных пунктаў. Напрыклад, толькі для горада Стары Крым ім было сабрана 22 найменні, ад сумнеўнай назвы старажытнай Карэі да Леўкопаля. Гэтыя матэрыялы ўвайшлі ў яго «Крымскі зборнік» (1837), які стаў складовай часткай вялікай этнаграфічнай працы[5].
Акрамя дзейнасці ў Акадэміі навук, кар’ера П. І. Кёпена была цесна звязана з сельскай гаспадаркай і статыстыкай. Ён працаваў памочнікам галоўнага інспектара па шаўкаводстве Міністэрства ўнутраных спраў (1827—1837), начальнікам аддзялення ў Міністэрстве дзяржаўных маёмасцяў (1838—1841), а з 1841 года стаў членам Вучонага камітэта гэтага міністэрства.
У 1845 годзе навуковец стаў адным з членаў-заснавальнікаў Рускага геаграфічнага таварыства, з таго ж года кіраваў аддзяленнем статыстыкі. Браў удзел у шматлікіх выданнях таварыства.
З 1852 года праз стан здароўя праводзіў большую частку часу (1852—1853, 1858—1859, 1860—1864) у Крыме ў сваім любімым маёнтку Карабаг (цяпер пасёлак Бандаранкава ля Алушты), дзе і нарадзіліся некаторыя з яго дзяцей. Там жа П. І. Кёпен памёр 23 мая (4 чэрвеня) 1864 года. У гонар навукоўца названа вуліца на тэрыторыі яго былога маёнтка.
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Бацька навукоўца, Іван Іванавіч Кёпен (1752—1808), быў адным з 24 замежных дактароў, выкліканых у Расію Кацярынай II у 1786 годзе. Ён працаваў загадчыкам медыцынскай часткі ў Харкаўскай губерні. Маці, Караліна Іванаўна, у дзявоцтве Шульц (1772—1851), паходзіла з Гамбурга.
У П. І. Кёпена было тры дачкі і чатыры сыны. Малодшая дачка памерла ў маленстве. Старэйшая дачка Аляксандра Пятроўна выйшла замуж за Васіля Фёдаравіча Келера, які пазней стаў дырэктарам Імператарскага Нікіцкага саду і Магарачскага вучылішча вінаробства. Іх унукамі ёсць вядомыя геолагі Барыс Максімавіч Келер і Міхаіл Міхайлавіч Масквін, а таксама спецыяліст у галіне тэхналогіі бетону Уладзімір Міхайлавіч Масквін. Другая дачка, Наталля Пятроўна Кёпен (1832—1904), стала вядомым фенолагам. Сыны — Фёдар, Мікалай, Аляксей і Уладзімір — таксама пакінулі свой след у гісторыі.
Навуковая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Этнаграфічная і статыстычная дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]У 1827 годзе П. І. Кёпен пачаў маштабны збор статыстычных і моўных звестак у паўночна-заходніх губернях Расійскай імперыі. Яго мэтай было высвятленне прыблізнай колькасці і межаў рассялення балтаў (якіх ён называў «літоўскім племем»), а таксама іх этналінгвістычнае размежаванне з суседнімі беларусамі[6]. Сутыкнуўшыся з праблемай этнічнай ідэнтыфікацыі, бо экзаэтнонімы «літва» або «літвіны» ўжываліся як да літоўцаў, так і да беларусаў, навуковец звярнуўся да наватарскага лінгвістычнага крытэрыю, які значна апярэдзіў свой час. Праз каталіцкіх і ўніяцкіх святароў ён сабраў канкрэтныя «ўзоры маўлення» (образчики речи) мясцовых жыхароў Віленскай, Ковенскай, Мінскай і Курляндскай губерняў[7]. Сабраныя ім у 1827 годзе матэрыялы пазней былі выкарыстаны П. Ё. Шафарыкам пры складанні знакамітай карты «Славянскія землі» (1842)[8].


У 1846 годзе па даручэнні Геаграфічнага таварыства П. І. Кёпен пачаў працу над этнаграфічнай картай Еўрапейскай Расіі, выдадзенай у 1851 годзе, над распрацоўкай якой працаваў многія гады. За гэты фундаментальны праект таварыства прысудзіла яму Поўную Жукоўскую прэмію (1852) і залаты Канстанцінаўскі медаль (1854). Пазней, у 1857 годзе, П. І. Кёпен выступіў ініцыятарам яшчэ адной шырокамаштабнай кампаніі па зборы статыстычных звестак аб этнічным і канфесійным складзе насельніцтва імперыі праз мясцовых святароў. Атрыманыя даныя ўвайшлі ў гісторыю як «прыходскія спісы» (приходские списки) і сталі каштоўнай крыніцай для наступных этнографаў (напрыклад, Р. Ф. Эркерта і А. Ф. Рыціха), нягледзячы на шэраг метадалагічных недакладнасцей[8].
Акрамя таго, з 1825 года ён выдаваў часопіс «Бібліяграфічныя лісты» на рускай мове[9], у якім друкаваўся «Храналагічны роспіс першадрукаваным славянскім кнігам». Гэты роспіс змяшчаў звесткі не толькі пра кірылічныя выданні, але і пра кнігі, надрукаваныя глаголіцай, а таксама пра польскія і чэшскія выданні лацінкай. Асаблівая каштоўнасць гэтага даведніка заключалася ў тым, што Кёпен указваў месцазнаходжанне кніг і крыніцы сваіх звестак, упершыню забяспечыўшы апісанні дэталёвымі бібліяграфічнымі даведкамі[10]. У 1827 годзе П. І. Кёпен таксама ўпершыню выдаў Фрайзінгенскія ўрыўкі — найстаражытнейшы тэкст на славянскай мове, запісаны лацінкай[11].
У беларусістыцы
[правіць | правіць зыходнік]У рэцэнзіі на «Грунтоўнае апісанне…» Калайдовіча і Строева Пётр Кёпен адмоўна паставіўся да шматкроць ужытага аўтарамі паняцця «беларускі». Пішучы пра мову перакладаў Францішка Скарыны, Кёпен, які ўласна даследаваў у Беларусі гутарковую беларускую мову[12], сцвярджаў, што адносна літаратурных форм мовы твораў Францішка Скарыны выраз «беларускі пераклад» — няслушны. Напэўна, Кёпен зыходзіў з вызначанага Калайдовічам арэалу пашырэння «беларускай мовы» і гэты абшар у яго ўяўленні не адпавядаў мове, пра якую ішла гаворка. Кёпен прапанаваў для наймення літаратурных форм мовы твораў Францішка Скарыны лінгвонім «літоўска-руская мова», бо маларасіяне называлі літаратурную «рускую мову» ВКЛ (старабеларускую/ стараўкраінскую) як «літоўская мова» і гэты лінгвонім ужыты да яе ў катэхізісе XVII ст. Лаўрэнція Зізанія. На думку С. Запрудскага, паказальна, што праблемы з найменнем гутарковай беларуская мова ўзніклі ў асоб, якія паходзілі з Украіны (Кёпен і Качаноўскі), Польшчы (Лялевель) або польска-беларускага памежжа (Даніловіч)[13].
Даследаванні П. І. Кёпена 1827 года ўнеслі значны ўклад у беларускае мовазнаўства і гістарычную дыялекталогію. У выніку апытання святароў ён сабраў 234 рукапісныя тэксты з узорамі гутарковай мовы сялян беларуска-літоўскага памежжа. Амаль усе яны былі напісаны па-беларуску лацінскай графікай і адлюстроўвалі разнастайнасць мясцовых гаворак, якія святары часцей за ўсё называлі «руска-польскай», «простай» або «беларускай» мовай[14]. Дзякуючы гэтаму ўнікальнаму матэрыялу даследчык змог аб’ектыўна вызначыць лінгвістычную мяжу паміж усходнімі славянамі і балтамі, абышоўшы блытаніну з тагачаснымі канфесійнымі і саслоўнымі стэрэатыпамі[15].
Узнагароды і прэміі
[правіць | правіць зыходнік]- Поўная Жукоўская прэмія Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства (1852) за этнаграфічную карту Еўрапейскай Расіі.
- Залаты Канстанцінаўскі медаль Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства (1854).
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- Кёппен П. И. Историческое исследование о Югорской земле, в Российско-Императорском титуле упоминаемой. 1818.
- Кеппен П. И. Список русским памятникам, служащим к составлению истории художеств и отечественной палеографии. — М., 1822. — С. 45—49.
- Кёппен П. И. О происхождении, языке и литературе литовских народов // Материалы для Истории просвещения в России. 1827. Ч. 3. С. 3—106.
- Кёппен П. И. О виноделии и винной торговле в России. 1832.
- Кёппен П. И. Указатель к карте Южного Крыма, принадлежащей к Крымскому сборнику Петра Кеппена. СПб.: В Имп. Академии наук, 1836.
- Кёппен П. И. Крымский Сборник. СПб., 1837.
- Кеппен П. И. О рогволодовом камне и двинских надписях // Ученые записки Императорской Академии Наук по первому и третьему отделениям. — СПб.: 1855. — Т. 3. — С. 59—70.
- Кёппен П. И. Города и селения Тульской губернии в 1857 г. Издано Императорской Академией наук на основании приходских списков Тульской епархии. СПб., 1858.
- Кёппен П. И. Главные озёра и лиманы Российской империи. 1859.
- Кёппен П. И. О народных переписях в России. 1889.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е Кеппен, Петр Иванович // Русский биографический словарь — СПб.: 1897. — Т. 8. — С. 616–619.
- ↑ а б в г А. Б—о Кеппен, Петр Иванович // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1895. — Т. XIVа. — С. 946–948.
- ↑ Гончаров Н. П. Государственная организация аграрной науки в России (К 175-летию РАСХН), State Agrarian Science in Russia (On the 175th anniversary of the Russian Academy of Agricultural Sciences) // Историко-биологические исследования — 2012. — Т. 4, вып. 3. — С. 10–33. — ISSN 2076-8176; 2500-1221
- ↑ Расмус Раск. Заметки о России. — Москва: Новое литературное обозрение, 2018. — С. 228—229. — ISBN 978-5-4448-0776-7.
- ↑ Фирсов Л. В. Исары: Очерки истории средневековых крепостей Южного берега Крыма. — Новосибирск: Наука. Сибирское отделение, 1990. — С. 89—92. — 472 с. — ISBN 5-02-029013-0.
- ↑ Внуковіч 2025, с. 84—85.
- ↑ Внуковіч 2025, с. 84—86.
- ↑ а б Насытко 2014, с. 201—212.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн
- ↑ Немировский Е. Л. Славянские издания кирилловского (церковнославянского) шрифта 1491-2000. Инвентарь сохранившихся экземпляров и указатель литературы. — М.: Знак, 2011. — Т. II кн. 1 1551–1592. — С. 13—14. — 576 с. — ISBN 978-5-9551-0511-6.
- ↑ Кеппен П. И. Собрание словенских памятников, находящихся вне России. — СПб.: Тип. имп. Воспитательного дома, 1827. — 94 с.
- ↑ Насытка 1994, с. 11.
- ↑ Запрудскі 2013.
- ↑ Внуковіч 2025, с. 88—90.
- ↑ Внуковіч 2025, с. 84.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Запрудскі С. М. Аб навуковай рэцэпцыі беларускай мовы ў Расіі ў першай палове ХІХ стагоддзя // Мовазнаўства. Літаратуразнаўства. Фалькларыстыка. XV Міжнародны з'езд славістаў (Мінск, 20-27 жніўня 2013 г.): Даклады беларускай дэлегацыі. — Мн.: Беларуская навука, 2013. — С. 37—52.
- Запрудскі С. Аб «харкаўскім следзе» вывучэння беларускай мовы ў першай чвэрці ХІХ стагоддзя // Studien zu Sprache, Literatur und Kultur bei den Slaven. Gedenkschrift für George Y. Shevelov aus Anlass seines 100. Geburtstages und 10. Todestages. — München-Berlin. — P. 280—286.
- Куник А. А. Литературные труды П. И. Кеппена // Записки АН. — 1868. — № 12. — С. 107—142.
- Григорьев С. В. Биографический словарь. Естествознание и техника в Карелии. — Петрозаводск: Карелия, 1973. — С. 255. — 269 с. — 1 000 экз.
- Насытка Я. «Тыя ж беларусы…»: Этнічныя межы беларусаў у XIX — пачатку XX ст. // Беларуская мінуўшчына. — 1994. — № 4. — С. 11—15.
- Птуха М. В. Очерки по истории статистики в СССР. — М.: 1959. — Т. 2. — С. 410—421.
- Внуковіч Ю. І. Этнічная ідэнтыфікацыя беларусаў і літоўцаў на падставе «образчиков речи», сабраных П.І. Кёпенам у 1827 г. // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А. Гуманитарные науки. — 2025. — № 3 (75). — С. 84—99.
- Насытко Е. Этнические границы беларусов в XIX - начале XX вв. // Деды : дайджест публикаций о беларуской истории. — Минск: 2014. — № 13. — С. 201—212.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Назарчук B. И.. Ольвийский сборник П.И. Кеппена (руск.). Летопись Причерноморья №3. Праверана 9 сакавіка 2026.
- Пётр Іванавіч Кёпен на сайце Рускага геаграфічнага таварыства.
- Кеппен, Петр Иванович // Русский биографический словарь: В 25 т. / под наблюдением А. А. Половцова. 1896—1918.
- Нарадзіліся 2 сакавіка
- Нарадзіліся ў 1793 годзе
- Нарадзіліся ў Харкаве
- Памерлі 4 чэрвеня
- Памерлі ў 1864 годзе
- Памерлі ў Ялцінскім павеце
- Выпускнікі Харкаўскага ўніверсітэта
- Выпускнікі Цюбінгенскага ўніверсітэта
- Члены РАН
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Правадзейныя члены Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук
- Географы Расійскай імперыі
- Этнографы Расійскай імперыі
- Дэмаграфы Расійскай імперыі
- Картографы Расійскай імперыі
- Гісторыкі Расійскай імперыі
- Сапраўдныя стацкія саветнікі
- Узнагароджаныя Канстанцінаўскім медалём