Перайсці да зместу

Пікавая дама

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пікавая дама
Пиковая дама
Ілюстрацыя А. Краўчанкі
Ілюстрацыя А. Краўчанкі
Жанр аповесць
Аўтар Аляксандр Сяргеевіч Пушкін
Мова арыгінала руская
Дата напісання 1833
Дата першай публікацыі 1834[1]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Пі́кавая да́ма» — аповесць Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна з містычнымі элементамі. У жанравых адносінах аповесць прымыкае да такіх (няскончаных) задум Пушкіна, як «Егіпецкія ночы», «Зацішны дамок на Васільеўскім» і знакаміты ўрывак «Госці з'язджаліся на лецішча…». Аповесць неаднаразова экранізавана.

Праца над аповесцю

[правіць | правіць зыходнік]

Сюжэт «Пікавай дамы» быў падказаны Пушкіну маладым князем Галіцыным, які, прайграўшыся, вярнуў сабе прайгранае, паставіўшы грошы па парадзе бабкі на тры карты, некалі падказаныя ёй Сен-Жэрменам. Гэтая бабка — вядомая ў Маскве «вусатая княгіня» Наталля Галіцына (народжаная Чарнышова), маці маскоўскага губернатара Дзмітрыя Галіцына.

Аповесць у манеры Гофмана і Надзье пісалася Пушкіным, відаць, увосень 1833 года ў Болдзіне. Рукапісны тэкст не захаваўся. Апублікавана ў 2-м нумары «Библиотеки для чтения» за 1834 год і, паводле дзённікавага запісу аўтара, мела незвычайны поспех у чытацкай публікі: «Мая „Пікавая дама“ ў вялікай модзе. Гульцы панціруюць на тройку, сямёрку, туза» (красавік 1834).

Уплыў і алюзіі

[правіць | правіць зыходнік]

«Пікавая дама» адкрывае сабой чараду твораў рускіх класікаў на тэму «злачынства і пакарання»: беспрынцыпны малады чалавек — рускі Расціньяк — дзеля матэрыяльнага поспеху рухаецца «па нахіленай» (спакушэнне Лізы, запалохванне старой), аднак замест чаканага поспеху па ракавым збегу падзей траціць не толькі дабрабыт, але і здаровы розум (што асабліва палохала Пушкіна: «Не дай мне божа страціць глузд...»).

Другі, таксама папулярны ў рускай класіцы тэматычны слой звязаны з Напалеоном. Эпіграф да IV главы — «Чалавек, у якога няма ніякіх маральных правіл і нічога святога!» — узяты з нейкай «асабістай перапіскі», з датай 7 мая 18** (Напалеон памёр 5 мая 1821). Далей у той жа главе Томскі згадвае, што ў Германа «профіль Напалеона».

Імя галоўнага героя

[правіць | правіць зыходнік]

У тэксце аповесці галоўны герой названы Германн, без указання на тое, імя гэта ці прозвішча. Згодна з распаўсюджаным меркаваннем, гэта менавіта прозвішча[2], нягледзячы на тое, што ў нямецкай мове імя Hermann сустракаецца нашмат часцей за прозвішча. На карысць гэтага прыводзяцца наступныя аргументы:

  1. У рускай мове нямецкае імя Hermann звычайна транскрыбіруецца як Герман.
  2. Астатнія ўдзельнікі гульні ў аповесці названы толькі па прозвішчы і звяртаюцца адзін да аднаго па прозвішчы.
  3. Пушкін згадвае, што Герман «сын абруселага немца»; у такіх выпадках нярэдка замежнае імя (ці этнонім) станавілася рускім прозвішчам.

Аднак І. А. Балашова даказвае, што гэта менавіта імя[3]:

  1. У рукапісных чарнавіках герой названы Герман; магчыма, другое «н» было дададзена выдаўцамі пад уплывам нямецкага напісання.
  2. Фраза «яго завуць Германам» уключае ў сябе канструкцыю «зваць + Т. скл.», якая ў рускай мове таго часу ўжывалася толькі з імем; у іншых творах Пушкін таксама следуе гэтаму правілу.
  3. Вільгельм Кюхельбекер, які быў немцам і вольна валодаў нямецкай мовай, у сваім дзённіку называе героя аповесці Герман, то-бок наяўнасць падвойнага «н» не адыгрывала для яго вызначальнай ролі.

Як заўважыў Анатоль Андрэеў, прозвішча Германн утрымлівае «германскую семантику Herr Mann („Спадар чалавек“)»[4][5].

Меркаванні і ацэнкі

[правіць | правіць зыходнік]
  • Уладзіслаў Хадасевіч збліжаў «Пікавую даму» з іншымі пушкінскімі творамі пра «сутыкненне чалавечай асобы з цёмнымі сіламі»:
Да размовы з графіняй Герман сам ішоў насустрач чорнай сіле. Калі ж графіня памерла, ён падумаў, што задума яго руйнуецца, што ўсё скончана і жыццё цяпер пойдзе па-старому, з тым жа капітальцам і некранутымі працэнтамі. Але тут ролі перамясціліся: з нападніка ён ператварыўся ў аб'ект нападу. Мёртвая старая з'явілася да яго. «Я прыйшла да цябе супраць сваёй волі, — сказала яна цвёрдым голасам, — але мне загадана выканаць тваю просьбу» і г. д. Аднак тыя, з чыёй волі яна прыйшла выканаць волю Германа, пасмяяліся з яго: ці то назвалі яму дзве верныя карты і адну, апошнюю, найважнейшую — няверную, ці то ў апошні, вырашальны міг падштурхнулі яго руку і вымусілі прайграць усё. Як бы ні было, узвялі амаль на крайнюю вышыню — і сапхнулі ўніз. І ў рэшце рэшт — лёс Германа літаральна той жа, што і лёс Паўла з Яўгеніем: ён вар'яцее.
  • Д. Мірскі вылучаў «Пікавую даму» з твораў Пушкіна як «найлепшы і найхарактэрнейшы для яго твор у прозе»:
Пераказаць яе каротка немагчыма: гэта шэдэўр сцісласці. Як і «Аповесці Белкіна», гэта твор чыстага мастацтва, займальны толькі як цэлае. Па сіле ўяўлення яна пераўзыходзіць усё, што напісаў Пушкін у прозе: па напружанасці яна падобная да сціснутай спружыны. Па ўтрапёным сваім рамантызме яна блізкая да «Гімна Чуме» і да верша «Не дай мне божа страціць глузд». Але фантастычны рамантычны сюжэт уліты ў бездакорную класічную форму, такую эканомную і сціслую ў сваёй высакароднай галізне, што нават Праспер Мерымэ, найбольш абвострана-эканомны з французскіх пісьменнікаў, не рашыўся перакласці яе дакладна і прымацаваў да свайго французскага перакладу ўсякія аздобы і тлумачэнні, думаючы, верагодна, што нарошчвае мяса на сухім шкілеце.
  1. Пушкин, А. С. Пиковая дама // Библиотека для чтения. — 1834. — Т. 2. — С. 109—140. за подпісам «Р.»
  2. Пиковая дама. Германн. Тайны Пушкина. www.abc-people.com. Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 3 лістапада 2015.
  3. Балашова, И. А. Как звали героя повести А. С. Пушкина «Пиковая дама»?(руск.) // Русская речь. — 2005. — № 1. — С. 14—17. Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016.
  4. Андреев, А. Н. Лишний Пушкин. — М.: DirectMEDIA, 2014.
  5. Ён жа. Персоноцентризм в классической русской литературе XIX в. Диалектика художественного сознания. — М.: DirectMEDIA, 2014.