Пілага

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пілага
(pit´laxá)
Агульная колькасць 6000 (2021 г.)
Рэгіёны пражывання Аргенціна, Парагвай
Мова пілага
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы абіпон, макаві, тоба

Пілага́ (саманазва pit´laxá) — індзейскі народ рэгіёна Гран-Чака ў Паўднёвай Амерыцы. Жывуць на мяжы Аргенціны і Парагвая. Агульная колькасць (2021 г.) — 6 000 чалавек[1].

Пілага з'яўляюцца адным з народаў групы гуайкуру, абарыгенамі ўсходняй часткі Гран-Чака. З XVII ст. іспанцы ўзгадвалі плямёны вандроўных паляўнічых Yapitalaguá і Zapitalagá, якія маглі быць пілага. Іх часта блыталі з блізкімі па мове і культуры тоба. У 1884 г. большасць тэрыторый пілага былі далучаны да Аргенціны. Да 1911 г. рэгулярныя ўзброеныя сілы задушылі супраціўленне індзейцаў, а іх землі па нізкіх коштах прапаноўваліся перасяленцам. Пілага былі вымушаны ператварыцца ў наёмных рабочых. У 1947 г. пратэст рабочых аднога з цукровых прадпрыемстваў у Фармосе прывёў да масавых забойстваў пратэстантаў з боку аргенцінскай паліцыі.

Пілага традыцыйна займалі багністы раён, дзе найбольш паспяховым заняткам было рыбалоўства. Увесну, калі пачынаўся разліў рэк, яны мігрыравалі на ўзвышшы, займаліся паляваннем і збіральніцтвам, а ўвосень зноў вярталіся да рэк. Паселішчы мелі часовы характар, звычайна ствараліся ў месцах, прыдатных да абароны, падчас сезонных міграцый спальваліся. Галоўнай сацыяльнай адзінкай з'яўлялася вялікая пашыраная сям'я на чале дарослага мужчыны. Аднак жанчыны ў ёй таксама адыгрывалі важную ролю. Шлюб быў матрылакальным. Пасля жаніцьбы муж далучаўся да сям'і жонкі. Шлюбны ўзрост для дзяўчат пачынаўся з 10 гадоў, што стварала пэўную пагрозу для маладых маці пры нараджэнні дзяцей. Сем'і заключалі паміж сабою ваенна-палітычныя і гаспадарчыя саюзы.

У нашы дні пілага актыўна ўдзельнічаюць у руху карэнных народаў за свае правы, дамагаюцца прызнання рэпрэсій злачынствам супраць чалавечнасьці. Асноўнай формай аб'яднанняў з'яўляюцца культурныя і палітычныя арганізацыі.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]