Пілад
Пілад | |
---|---|
стар.-грэч.: Πυλάδης | |
| |
Міфалогія | старажытнагрэчаская |
Грэчаскае напісанне | Πυλάδης |
Пол | мужчынскі пол |
Бацька | Строфій |
Маці | Анаксібія, Кідрагора або Астыёха |
Брат | Арэст (стрыечны) |
Сястра | Астыдамія |
Жонка | Электра |
Дзеці | Медонт, Строфій |
Звязаныя персанажы | Арэст, Іфігенія |
У іншых культурах | Pylade[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Піла́д (стар.-грэч.: Πυλάδης) — персанаж старажытнагрэчаскай міфалогіі траянскага цыклу[1]; факідскі царэвіч, сын цара Строфія[2] і Анаксібіі, дачкі Атрэя і сястры Агамемнана і Менелая[3][4]. Ён найбольш вядомы сваім моцным сяброўствам са дваюрадным братам Арэстам, сынам Агамемнана.
Пілад — дзеючая асоба трагедый Эсхіла «Хаэфоры», Сафокла «Электра» і «Хрыс», Пакувія «Хрыс», Сенекі «Агамемнан» і эўрыпідавых «Электра», «Арэст» і «Іфігенія ў Таўрыдзе».
Паводле адной з версій, Пілад усталяваў дэльфійскую амфіктыёнію[5].
Міфалогія
[правіць | правіць зыходнік]Юныя Арэст і Пілад
[правіць | правіць зыходнік]Падчас свайго таемнага рамана з Эгісфам мікенская царыца Клітэмнестра адправіла свайго сына Арэста ў Факіду. Там царэвіч выхоўваўся разам са сваім дваюрадным братам Піладам, які стаў яго найбліжэйшым сябрам. У гэты ж час, пакуль Арэст знаходзіўся ўдалечыні ад дома, Клітэмнестра забіла свайго мужа, бацьку Арэста — цара Агамемнана.
Смерць Эгісфа і Клітэмнестры
[правіць | правіць зыходнік]Праз гады, дарослы Арэст вяртаецца ў Мікены, каб адпомсціць за забойства Агамемнана. З дапамогай свайго вернага сябра Пілада ён забівае сваю маці Клітэмнестру і яе палюбоўніка Эгісфа. У гэтым ім дапамагае таксама арэстава сястра Электра. Хоць Пілад здаецца другарадным дзеячам, ён, мабыць, найважнейшая частка плана Арэста па помсце за бацьку. У «Хаэфорах», другой п’есе трылогіі Эсхіла «Арэстэя», Пілад прамаўляе рэпліку толькі раз. Ён загаворвае тады, калі Арэст пачынае вагацца і сумнявацца ў сваім рашэнні забіць сваю маці. Менавіта Пілад пераконвае Арэста прытрымлівацца помсты і ўчыніць забойства. Значэнне слоў Пілада спарадзіла мноства здагадак, ці магчыма, што ён увасабляе нешта большае, чым проста чалавека побач з Арэстам. Магчыма, ён выконвае ролю боскага заахвочвання або ўвасабляе лёс[6].
У іншых трактоўках міфа пра помсту Арэста і Электры (у «Электры» Сафокла і «Электры» Эўрыпіда) Пілад суправаджае Арэста, але не кажа ні слова. У п’есе Сафокла Арэст прыкідваецца мёртвым, а Пілад нясе Клітэмнестры ўрну, нібы з прахам свайго сябра.
Паводле Паўсанія, Пілад забіў двух сыноў Наўплія (Оякса і Наўсімедона), якія прыйшлі на дапамогу Эгісфу[7].
Замах на Алену і Герміёну
[правіць | правіць зыходнік]Пілад вяртаецца на радзіму, але яго выганяе бацька за саўдзел у злачынстве. Ён зноў далучаецца да Арэста і дапамагае яму распрацаваць план, каб пазбегнуць пакарання смерцю. Пасля таго, як дзядзька Арэста, Менелай, адмаўляецца абараніць яго, яны робяць спробу забіць жонку Менелая — Алену. Аднак дзякуючы ўмяшанню багоў іхняя задума правальваецца. Затым яны бяруць у заложніцы Герміёну, дачку Алены і Менелая. Урэшце, з’яўляецца Апалон, бог-заступнік Арэста, каб вырашыць сітуацыю. Ён дае ўсім указанні, у тым ліку загадвае Піладу ажаніцца на Электры, сястры Арэста. Многія з гэтых падзей апісаны ў п’есе Эўрыпіда «Арэст».
Падарожжа ў Таўрыду
[правіць | правіць зыходнік]Пілад адыгрывае важную ролю ў іншай п’есе Эўрыпіда — «Іфігенія ў Таўрыдзе». Каб пазбегнуць пераследаў багінь помсты эрыній, Апалон загадвае Арэсту адправіцца ў Таўрыду (старажытнагрэчаская назва Крыму) забраць статую Артэміды, што ўпала з неба, і даставіць яе ў Афіны. Арэст адпраўляецца ў Таўрыду разам з Піладам, і абодва тут жа аказваюцца ў палоне мясцовых таўраў, у якіх існуе звычай прыносіць у ахвяру Артэмідзе ўсіх чужакоў. Арэста ахоплівае вар’яцтва праз страх перад варварамі; Пілад клапоціцца пра яго, паводзячы сябе, як апісвае Лукіян у сваім творы «Два віды любові», «не толькі як любімы друг, але і як бацька». Таўрыдская жрыца Артэміды, якой даручана здзейсніць ахвярапрынашэнне, прапануе вызваліць Арэста, калі той даставіць у Грэцыю яе ліст. Арэст адмаўляецца сыходзіць і просіць Пілада ўзяць ліст, у той час як сам застанецца на разарванне. Урэшце, Пілад згаджаецца, і дзякуючы лісту Арэст пазнае ў жрыцы сваю страчаную ў раннім дзяцінстве сястру — Іфігенію, пасля чаго раскрывае ёй сваю асобу. Усе трое разам збягаюць, захапіўшы з сабой статую Артэміды.
-
Іфігенія вітае палонных, сярод якіх Арэст і Пілад (на страчанай частцы), рымская фрэска з Пампей,
I стагоддзе н. э. -
Арэст і Пілад спрачаюцца ля алтара (злева), пакуль Іфігенія пазнае іх (справа), Пітэр Ластман, 1614.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Мифы народов мира. М., 1991-92. В 2 т. Т.2. С.312-313; Псеўда-Апаладор. Міфалагічная бібліятэка Э VI 24.25.27-28
- ↑ Эўрыпід, Іфігенія ў Таўрыдзе 917
- ↑ Robin Hard, The Routledge Encyclopedia of Greek Mythology, 2008, p. 708
- ↑ Hard, Robin (2004). The Routledge Handbook of Greek Mythology. New York: Taylor & Francis Group. pp. 510, 566, 705, 708. ISBN 0-203-44633-X.
- ↑ Схолии к Софоклу. Трахинянки 639 // Кулишова О. В. Дельфийский оракул в системе античных межгосударственных отношений. СПб, 2001. С.171
- ↑ Aeschylus. The Oresteia. Trans. Hugh Lloyd-Jones. Los Angeles: University of California Press, 1979. Print.
- ↑ Паўсаній, Апісанне Элады I 22, 6
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Пілад